Жабінкаўскі цукровы завод
харчовае прадпрыемства Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
«Жабінкаўскі цукровы завод» («ЖЦЗ») — дзяржаўнае харчовае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў сьнежні 1963 году ў Жабінцы (Берасьцейская вобласьць).
На 2022 год вырабляў цукар, патаку і жамерыны[5]. Заводу належала 66 % паёў гуртовага ААТ «Сталічны праспэкт» у Жабінцы, а таксама 25 % ТАА «Беларуская цукровая кампанія» ў Расеі (Масква) для збыту за мяжой і 20 % ТАА «Белагралінія» ў Менску[4]. Завод прымаў на перапрацоўку цукровыя буракі ад 76 земляробчых прадпрыемстваў ва ўсіх 13 раёнах Берасьцейскай вобласьці, а таксама ў Астравецкім і Ашмянскім раёнах на поўначы Гарадзенскай вобласьці. Для выбракоўваньня і ўзважваньня сыравіны выкарыстоўвалі 7 буракапрыёмачных пунктаў з буртовымі палямі: у Жабінцы пры заводзе і 6 у іншых раёнах Берасьцейскай вобласьці — Баранавіцкі і Бярозаўскі, Высокаўскі і Дарагічынскі, Івацэвіцкі і Пінскі[6]. Для гуртовага продажу цукру ў Беларусі выкарыстоўвалі 4 склады ў Баранавічах і Берасьці, Воршы (Віцебская вобласьць) і Койданаве (Менская вобласьць)[7]. У складзе прадпрыемства дзейнічалі: сыравінная служба і галоўная бухгальтэрыя, сэктар кадраў і вытворчая лябараторыя, а таксама 2 аддзелы — 1) вонкаваэканамічнай дзейнасьці і маркетынгу, 2) забесьпячэньня[2]. Прадпрыемства было горадаўтваральным для Жабінкі[8].
Remove ads
Мінуўшчына
У 1959 годзе ўрад Беларускай ССР ухваліў абгрунтаваньне будаўніцтва цукровага заводу ў Жабінцы (Берасьцейская вобласьць). У кастрычніку 1960 году заключылі дамову на будаўніцтва заводу з Польскай Народнай Рэспублікай. У 1961 годзе падраднікам выступіў Берасьцейскі будаўнічы трэст № 8 Міністэрства будаўніцтва БССР, які стаў усталёўваць абсталяваньне і ўзводзіць жылы пасёлак. 23 сьнежня 1963 году «Жабінкаўскі цукровы завод» запусьцілі, а 26 сьнежня яго прыняў у дзеяньне ягоны кіраўнік Мікалай Сарачынскі. Праектная магутнасьць заводу склала 3000 тонаў цукровых буракоў за содні, што складала 30 % вытворчасьці цукру ў Беларусі. Завод налічваў 1163 супрацоўнікі, зь іх 63 інжынэры і 36 службоўцаў. У 1965 годзе пачалі перапрацоўваць трысьняговы цукар-сырэц. У траўні 1979 году выпусьцілі мільённую тону цукру[9]. 30 сьнежня 1995 году Берасьцейскі абласны камітэт па кіраваньні дзяржаўнай маёмасьцю і прыватызацыі зацьвердзіў Загад № 139 аб пераўтварэньні прадпрыемства ў адкрытае акцыйнае таварыства. Яго заснавальнікам выступіла Міністэрства па кіраваньні дзяржаўнай маёмасьцю і прыватызацыі Беларусі[10]. У 1997-м узьвялі будынак цеплаэлектрацэнтралі (ЦЭЦ). Прадпрыемства мела найбольшую ў Беларусі вытворчасьць цукру з цукровых буракоў, а таксама завазнога цукру-сырцу з Бразыліі і Кубы. Асноўнымі вырабамі былі цукар-пясок, патака-мелес і бурачныя жамерыны[11].

У 2000 годзе магутнасьць заводу давялі да 4500 тонаў цукровых буракоў за содні. У 2005 годзе ўвялі ў дзеяньне 1-ю лінію расфасоўкі цукру-пяску ў папяровыя пакеты па кіляграме[10]. У 2006 годзе адчынілі гандлёвыя прадстаўніцтвы ў Кыргыстане і Расеі[9]. У чэрвені 2007 году пачалі выпускаць жэлявальны цукар «Клясык» ў кіляграмовых пакетах. У 2008 годзе магутнасьць заводу павялічылі да 7000 тонаў цукровых буракоў за содні. У 2009-м скончылі будаўніцтва жамерынасушыльнага аддзяленьня з грануляцыяй[10]. 27 верасьня 2010 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 1387, які дазволіў толькі «Жабінкаўскаму цукроваму заводу» і 3-м іншым цукраперапрацоўчым прадпрыемствам Беларусі[12]. У 2010 годзе ўзьвялі склад бястарнага захоўваньня цукру на 50 000 тонаў, а таксама стварылі таварны знак «Салодкая лінія» і 2 замежныя прадстаўніцтвы ў Грузіі і Ўкраіне. У 2011-м стварылі прадстаўніцтва ў Казахстане[9]. 3 чэрвеня 2013 году запусьцілі фабрыку фасаванага цукру па 900 грамаў і 2 кг[10]. У 2016 годзе вытворчасьць цукру вырасла са 140 174 да 188 415 тонаў, зь якіх 31 % (58 784 т) вырабілі з сырцу[6]. У 2016-м сталі выпускаць цукар у папяровай упакоўцы па 5 і 10 кг. У 2017 годзе магутнасьць заводу дасягнула 8500 тонаў цукровых буракоў за содні[10]. У выніку прыём цукровых буракоў падала з 158 042 да 118 085 тонаў праз скарачэньне вытворчасьці з сырца да 29 410 тонаў у 2017 годзе і далейшую адмову ад яго выкарыстаньня[13]. У 2018—2020 гадох прыём цукровых буракоў павялічылі з 1188 тыс. тонаў да 1320 тыс. тонаў[6].
На 2020 год «Жабінкаўскі цукровы завод» налічваў звыш 900 супрацоўнікаў, зь якіх 83 % складалі работнікі. Найвышэйшую асьвету мела 19 % працаўнікоў, пры гэтым 17 % былі адмыслоўцамі і кіраўнікамі. Працаўнікі ў веку ад 23-х да 49 гадоў складалі 52 %, а да 31-го году — 25 %. Сярэдні ўзрост працаўнікоў складаў 42 гады. Звыш 70 % працаўнікоў мелі звыш 5 гадоў стажу на сваіх пасадах. Асноўнымі заказчыкамі цукру ў Беларусі былі «Белбакалея» і Белкаапсаюз, «Савачкаў прадукт» і «Санта Брэмар», «Берасьцехлебпрам» і фабрыка «Спартак» (Гомель), сталічныя фабрыкі «Слодыч» і «Камунарка», Рагачоўскі (Гомельская вобласьць) і Глыбоцкі (Віцебская вобласьць) малочнакансэрвавыя камбінаты. За мяжу цукар пастаўлялі ў 7 краінаў Азіі — Грузію, Ізраіль, Казахстан, Кыргыстан, Таджыкістан, Туркмэністан і Ўзбэкістан, а таксама ў 5 краінаў Эўропы — суседнія Латвію, Польшчу, Расею і Ўкраіну, а таксама ў Грэцыю. Сярод іншага, выпускалі цукар, узбагачаны ёдам і сэленам, вітамінамі С і Е, фоліевай кісьляй, а таксама вапну[9]. У 2021 годзе сярод 174 млн рублёў (68,3 млн даляраў ЗША) выручкі 87 % (151,8 млн руб.) прыпала на цукар, 8 % (13,7 млн руб.) — на спадарожныя вырабы (патаку і жамярыны) і 3 % (4,8 млн руб.) — гандаль насеньнем. Збыт на 58 % (101,1 млн руб.) накіравалі на ўнутраны рынак Беларусі, 27 % (46,9 млн руб.) — у Расею, 9 % (15,6 млн руб.) — у краіны Сярэдняй Азіі і Каўказу, 6 % (10,3 млн руб.) — у іншыя краіны[4].
Кіраўнікі
- Мікалай Сарачынскі (1963—1964)
- Яўген Карвіга (1964—1967)
- Рыгор Страчывус (1967—1972)
- Генадзь Вялько (6 верасьня 1972 — 21 студзеня 2002)
- Анатоль Турок (2002—2003)
- Андрэй Гладкі (19 жніўня 2003 — 9 красавіка 2008)
- Віктар Міронаў (10 красавіка 2008 — 2020)
- Ігар Баўтрамяюк (ад 4 красавіка 2020 году)[9]
Remove ads
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads