Лубенікі
вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Лубенікі́[2] — вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласьці. Уваходзіць у склад Вуглоўскага сельсавету.
Remove ads
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае ў Рэчы Паспалітай





Найранейшая згадка пра вёску Лубенікі пакуль што сустрэтая ў інвэнтары Рэчыцкага староства 1738 году[a]. Тады ў ёй налічвалася 9 двароў, гаспадарамі якіх выступалі Хведар Сьвірыдзенка, Іван Даніленка, Луцко Даніленка, яшчэ Іван Даніленка, Дзяміян Ласенка, Хвост Луцко, Андрэй Хвасьцёнак, Цярэшка Хвасьцёнак, Івашка Закрушкі (Zakruszki)[4].
Сталыя зьвесткі пра жыхароў Лубенікаў, прынамсі, з 10 студзеня 1749 году ёсьць у мэтрычных кнігах царквы Сялецкага базыльянскага манастыра. У іх запісаныя некаторыя прозьвішчы, ужо вядомыя з інвэнтара Рэчыцкага староства, але ў больш дакладным гучаньні. 28 жніўня 1757 году сьвятар Алексы Валчковіч ахрысьціў Наталію, дачку Цімоха і Хвядоры Закруўскіх, а кумамі выступілі Хведар Хвост і Парасковія Ласіцова, «wszyscy ze wsi Łubienikow». 9 студзеня 1764 году ахрышчаная была Яўгенія, дачка Ярэмія і Ганны Ласіцаў; кумамі — Сьцяпан Сьвірыдзенка і Марта Камарова[5].
У люстрацыі падаткаў Рэчыцкага павету 1773 году пра Лубенікі паведамляецца, што ў паселішчы было 14 двароў, гаспадары якіх Сьвірыдзёнкі, Даніленкі, Ласіцы, Заяц, Сергіенкі, Хвост, Закруцко (Закруцка)[b], Лісіца[c] разам выплачвалі 96 злотых і 18 грошаў[6]. На 1775 год, як засьведчана ў падатковым тарыфе, у вёсцы Лубенікі налічвалася 11 дымоў[7]. Згодна з крыніцай пад назвай «Opisanie osiadłosci starostwa sądowego Rzeczyckiego» 1789 году, жыхары 14 двароў вёскі Лубенікі, якая месьцілася «w oddzielnym obrębie» за 8 міляў ад Рэчыцы, агулам выплачвалі 309 злотых і 29 грошаў[8].
Пад уладай Расейскай імпэрыі


У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Лубенікі – у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 г. у складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету спачатку Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 г. Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[9]. Паводле расейскай рэвізіі 1795 г., Лубенікі ў складзе Рэчыцкага староства дажыцьцёва належалі графу Юзафу Юдыцкаму, генэралу-лейтэнанту Княства Літоўскага, а адміністратарам у яго – шляхціч Фелікс Гедвіла. У 16 дварах вёскі жылі 42 падданых мужчынскага і 45 жаночага полу[10]. Згодна з мэтрычнымі запісамі Брагінскай Сьвята-Траецкай царквы 1797 – 1802 гадоў, Лубенікі працягваў трымаць «господин Юдицкий»[d][12].
На 1811 год, паводле рэвізіі, Лубенікамі часова, як і заўжды, калі вялося пра казённую ўласнасьць, валодаў пан Фларыян Сьвіда[e][13]. У кліравой ведамасьці Брагінскай Траецкай царквы за 1829 год пра вёску Лубенікі, што месьцілася за 11 вёрст, сказана, як аб прыналежнай да Рэчыцкага староства, безь якога прыватнага ўладальніка. Тады ў ёй налічвалася 17 двароў[f] з 68 асобамі мужчынскага і 68 жаночага полу верных[14].
У парэформавы пэрыяд вёска Лубенікі адміністрацыйна належала да Брагінскай воласьці.
Згодна з кліравой ведамасьцю Сялецкай Праабражэнскай царквы, у 1903 годзе яе прыхаджанамі былі 133 асобы мужчынскага і 131 асоба жаночага полу, якія жылі за 12 вёрст у 33 і 1/4 двара[g] вёскі Лубенікі[15]. На 1909 год Лубенікі складалі 53 двары, якія насялялі 403 жыхары[16].
Найноўшы час
9 лютага 1918 годe, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Лубенікі ў складзе Брагінскай воласьці Рэчыцкага павету, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[17].
1 студзеня 1919, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Лубеніках было 120 двароў, 630 жыхароў. У сьнежні 1942 і ў студзені 1943 году акупанты спалілі паселішча і загубілі 11 вяскоўцаў[18]. 22 жыхары загінулі на франтах і ў партызанскай барацьбе[3].
Remove ads
Насельніцтва
- 2004 год — 74 двары, 163 жыхары.
- 2006 год — 71 двор, 164 жыхары, зь якіх 22 ва ўзросьце да 16 гадоў, 63 — у працаздольным і 79 — старэйшым за працаздольны.
- 2023 год — 82 жыхара.
Заўвагі
- Раней запісаныя, як Закрушка, Закруўскі.
- Пэўна, — Ласіца.
- Раней, на тых жа ўмовах часовага трыманьня, імі карыстаўся генэрал-маёр Шаркоў.
- Так запісана ў крыніцы. Але, як засьведчыў іерэй Расьціслаў Бандарэнка, меліся на ўвазе ня ўласна вясковыя сядзібы, а царкоўныя двары, кожны зь якіх мусілі складаць 4 мужчынскія душы.
- Гл. вышэй.
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads