Рагвалодаў камень

From Wikipedia, the free encyclopedia

Рагвалодаў камень
Remove ads

Рагвалодаў каменьвалун памерам 3 х 2,4 х 1,8 мэтру з высечаным крыжам і надпісам 1171 г., які да 1936 г. знаходзіўся за паўкілямэтра на паўднёвы захад ад в. Дзятлава Аршанскага раёну (цяпер Віцебская вобл., Беларусь), што за 18 км ад Воршы. Манумэнтальны помнік эпіграфікі 12-га стагодзьдзя, адкрыты і дасьледаваны ў 1792 годзе. Формай нагадваў пляскаты паралелепіпэд са скошанымі закругленымі кутамі, на верхняй грані якога быў высечаны 6-канцовы крыж (вышыня 160 см) на падстаўцы з 2 прыступкамі. Двума колцамі крыж апярэзваў надпіс на старажытнарускай мове: «У год 6679 месяца мая ў 7 дзень закончаны крыж гэны. Госпадзі дапамажы рабу свайму Васілю ў хрышчэньні імем Рагвалоду сыну Барысаву» і манаграма «ІС» «ХР» «НІКА», дзе «ІС» «ХР» — Ісус Хрыстос. Лічбы ў надпісе падаваліся па-стараславянску літарамі, дзе 6679 год паводле Бізантыйскага каляндара абазначаў 1171 год ад нараджэньня Хрыстова. Вышыня літараў складала 15 см. Крыж і надпіс высеклі ў 1171 г. паводле загаду друцкага князя Рагвалода Барысавіча (1158—1180) пасьля галоднай зімы 1170—1171 гг. у спадзяваньні на ўраджай. Камень месьціўся каля сярэднявечнай дарогі з Друцка (цяпер вёска ў Талачынскім раёне, Віцебская вобл.) ў Воршу (Віцебскае княства). Надпіс сьведчыў аб заканчэньні высяканьня крыжа 7 траўня 1171 г. — у дзень знаменьня крыжа, якое адбылося 7 траўня 351 г. у небе над Ерусалімам (правінцыя Палестынская Сырыя(be), Рымская імпэрыя). Таксама надпіс зьмяшчаў малітву да Бога з просьбай аб дапамозе. У 1807 г. над валуном збудавалі капліцу імя сьвятых пакутнікаў Барыса і Глеба, якую разарылі падчас Расейска-францускай вайны 1812 году. У 1830 г. над валуном узнавілі драўляную царкву Барыса і Глеба. Валун меў падабенства да Барысавых камянёў 12 стагодзьдзя[1]. Важыў каля 24 тонаў і меў чырвона-бурае адценьне. Служыў месцам штогадовага паломніцтва з Воршы, Коханава (Талачынскі раён), Шклова (цяпер Магілёўская вобласьць) і ваколічных вёсак на храмавае сьвята Барысаглебскай царквы (2 траўня). Камень быў абнесены невысокай мэталічнай агароджай, якую ўпрыгожвалі ручнікамі. Іншыя назовы: Аршанскі, Барысаглебскі, Барысаў, Пісанік, Уладзімерскі[2].

Помнік
Рагвалодаў камень
Thumb
Здымак 1896 г. (Іван Чысьцякоў)
КраінаБеларусь
вёскаДзятлава (Аршанскі раён, Віцебская вобласьць)
Каардынаты54°27′41″ пн. ш. 30°6′47″ у. д.
КанфэсіяХрысьціянства
ЭпархіяВіцебская 
ЗаснавальнікРагвалод Барысавіч
Першае згадваньне1792
Дата заснаваньня7 траўня 1171 (854 гады таму)
Будаваньне???—7 траўня 1171
Дата скасаваньня10 чэрвеня 1936 (89 гадоў таму)
ПрыбудоўкіЦарква сьвятых Барыса і Глеба (1807)
СтанЗьнішчаны
Рагвалодаў камень на мапе Беларусі
Thumb
Рагвалодаў камень
Рагвалодаў камень
Рагвалодаў камень на Вікісховішчы

Remove ads

Дасьледаваньне

Thumb
Малюнак 1847 г. (Канстантын Тышкевіч)

У 1792 г. расейская газэта «Санкт-Пецярбурскія ведамасьці»(ru), якая тады выдавалася Імпэратарскай акадэміяй навук і мастацтваў, выдала артыкул аб адкрыцьці Рагвалодава каменя 12 стагодзьдзя. 2 верасьня 1818 г. намесьнік рэктара Аршанскага езуіцкага калегіюма Дэзідэры Рышардот напісаў зацікаўленаму расейскаму графу Мікалаю Пятровічу Румянцаву(be) (1754—1826), што Рагвалодаў камень «пастаўлены пасярод капліцы за 24 вярсты ад Воршы на дарозе да Талачына» (Копыскі павет(ru), Магілёўская губэрня, Беларускае генэрал-губэрнатарства). 25 кастрычніка 1818 г. расейскі генэрал Ягор Канкрын(ru) (1774—1845) напісаў графу Румянцаву: «Яшчэ да пабудовы капліцы (у 1807 г.) і з самых старажытных часоў, як запэўніваюць жыхары, штогод у дзень Барыса і Глеба, адпраўляўся малебен на гэтым камені, які для агароджы ад быдла быў абведзены ровам. За часам нябожчыка ген. Зорыча(be) (1743—1799; якому ў 1778 г. імпэратрыца Кацярына II падарыла Шклоў) шклоўскія кадэты абкапалі камень гэты і знайшлі яго ляжачым глыбока ў зямлі з боку прастола, да 2 ½ аршын і больш, з боку дзвярэй ён танчэй, што пацьвердзілася і пры нас пасродкам маца». У 1819 г. расейскі гісторык Мікалай Карамзін (1766—1826) апублікаваў 2-е выданьне сваёй працы «Гісторыя дзяржавы расейскай», у якой вызначыў у якасьці замоўцы надпіса на камені былога полацкага князя Рагвалода Барысавіча (1144—1151, 1159—1162): «Можна заключыць, што камень ляжыць ва ўладаньні друцкім, і што князь Рагвалод-Васіль Барысавіч ёсьць той, аб кім гаворыць надпіс на камені»[3]. У 1822 г. расейскі гісторык Пётар Кёпен(ru) (1793—1864) выдаў у Маскве дасьледаваньне, у якім пісаў пра хадайніцтва 1805 г. аб будаўніцтве царквы над Рагвалодавым каменем з боку мясцовага ляндвойта і сьвятара царквы ў пасёлку Галошаўка (Копыскі павет; цяпер Талачынскі раён). У 1805 г. магілёўска-віцебскі архіяпіскап Анастасі(uk) (1797—1805) паслаў у в. Дзятлава агляднікаў і дабраславіў будаўніцтва.

Remove ads

Зьнішчэньне

Thumb
Здымак у Барысаглебскай царкве (1896 г., в. Дзятлава Аршанскага павета)

5 траўня 1932 г. Саюз ваяўнічых бязбожнікаў СССР абвясьціў 5-годку зьнішчэньня рэлігіі. У сувязі з гэтым у 1935 г. мясцовы чалец Усесаюзнай камуністычнай партыі (бальшавікоў) Макар Казлоўскі разабраў і перавёз будынак Барысаглебскай царквы ў сваю вёску Дзятлава, дзе прыстасаваў пад калгаспны клюб на загад партыйнага начальства. 10 чэрвеня 1936 г. падрыўнікі зь ліку вязьняў аршанскай турмы, якія рыхтавалі друз для пабудовы аўтамагістралі Масква—Менск, падарвалі камень. У 1939 г. пісьменьнік Юрка Віцьбіч (1905—1975) наведаў в. Дзятлава на чале Віцебскай абласной экспэдыцыі па ахове помнікаў рэвалюцыі, гісторыі і маствацтва. Юрка Віцьбіч склаў «Дэфэктны акт» са словаў вяскоўца Рамана Палагоўскага, які быў сябрам Тумініцкага сельсавета: «Па сваіх тэхнічных якасьцях (крокі) Рагвалодаў камень яўна не надаваўся да будаўніцтва і быў падарваны выключна дзеля свавольства. — Паглядзім, як сьвятое паляціць у паветра, — заўважыў адзін з падрыўнікоў». У 1970 г. Юрка Віцьбіч напісаў у сваіх успамінах «Наша спадчына прамаўляе», што ў 1939 г. на плошчы ў 40 м² ляжалі 28 буйных і дробных кавалкаў каменя, зь якіх на 12 былі сьляды крыжа і надпісу. У 1939 г. Віцебская абласная экспэдыцыя па ахове помнікаў рэвалюцыі, гісторыі і мастацтва прапанавала абвясьціць дзяржаўным заказьнікам месцазнаходжаньне рэштак каменя, склеіць яго рэшткі і пабудаваць музэй над узятым пад дзяржаўную ахову каменем. У 1959 г. расейскі археоляг Леанід Васільевіч Аляксееў (1921—2008) напісаў, што рэшткі каменя выкарысталі для будаўніцтва аўтамагістралі. Аршанскія краязнаўцы згадвалі, што жыхары навакольных вёсак выкарысталі некалькі кавалкаў каменя для ўзьвядзеньня падмуркаў свайго жытла і гаспадарчых будынкаў[2].

Remove ads

Памяць

Thumb
Помнік у Воршы (2011 г.)

6 верасьня 1998 г. перад Аршанскім музэем гісторыі і культуры горада ўстанавілі паменшаную копію Рагвалодава каменя з нагоды правядзеньня ў Воршы 5-га Дня беларускага пісьменства. У 2005 г. у Менску перад Музэем гісторыі дарожнай гаспадаркі (вул. Кальварыйская, д. 37) устанавалі 15-тонны сымбаль-копію Рагвалодава каменя аўтарства скульптара Аляксандра Тухты[4]. 28 сьнежня 2011 г. Коханаўскі пасялковы Савет дэпутатаў зацьвердзіў Рашэньне № 43 «Аб праекце герба і сьцяга гарадзкога пасёлка Коханава Талачынскага раёна» з апісаньнем герба: «чырвоны гішпанскі шчыт, у верхняй частцы якога срэбны меч з залатой ручкай уверх, па баках ад ляза мяча дзьве пары залатых паўмесяцаў. Верхнія паўмесяцы рагамі ўніз, ніжнія — рагамі ўверх. У ніжняй частцы шчыта зьмешчаны залаты Рагвалодаў камень». 31 студзеня 2012 г. праект герба і сьцяга атрымаў ухвалу Геральдычнага савета пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь.

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads