Сурынам
сувэрэнная дзяржава ў Паўночнай Амэрыцы From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Сурына́м (па-нідэрляндзку: Suriname), афіцыйна Рэспу́бліка Сурына́му (нід. Republiek Suriname) — краіна ў паўднёва-ўсходняй частцы Паўднёвай Амэрыкі. На поўначы мае выхад да Атлянтычнага акіяну, на ўсходзе мяжуе з Францускай Гвіянай, на захадзе з Гаянай, на поўдні — з Бразыліяй. Найменшая сувэрэнная дзяржава Паўднёвай Амэрыкі плошчай меней за 165 тыс. км²[a]. Насельніцтва — 576 тыс. чал. (2018). Найбуйнейшы горад — сталіца Парамарыба.
Тэрыторыя Сурынаму была населеная ўжо ў IV тысячагодзьдзі да Н. Хр. У XVI стагодзьдзі сюды прыбылі эўрапейцы, большасьць тэрыторыі краіны да канца XVII стагодзьдзя перайшла пад кантроль Галяндыі. Да 15 сьнежня 1954 року была нідэрляндзкай калёніяй з назвай Галяндзкая Гвіяна, пасьля чаго стала адной з краінаў каралеўства. 25 лістапада 1975 году атрымала незалежнасьць, але працягвае захоўваць шчыльныя эканамічныя, дыпляматычныя і культурніцкія сувязі. Сурынам — адзіная неэўрапейская дзяржава, дзе дзяржаўнай мовай зьяўляецца нідэрляндзкая.
Remove ads
Гісторыя
Абарыгенныя паселішчы на тэрыторыі Сурынаму вядомыя з IV тысячагодзьдзя да Н. Хр. Найбуйнейшымі плянёмамі зьяўляліся аравакі ды карыбы.
Тэрыторыя сучаснага Сурынаму была заселеная галяндцамі ўжо ў канцы XVI стагодзьдзя, што прывяло да некалькіх узброеных канфліктаў з ангельскімі і францускімі калянізатарамі. У 1667 годзе пасьля мірнай дамовы Сурынам быў канчаткова прызнаны галяндзкай калёніяй. На плянтацыях па вырошчваньні кавы, какавы, цукровага трысьнягу і бавоўны шырока выкарыстоўвалася рабская праца. Рабства было скасаванае ў 1863 року. Замест вызваленых рабоў(d) плянтатары набіралі пазыкавых работнікаў(d) з Ост-Індыі (сучасныя Інданэзія ды Індыя). Акрамя таго, у XIX—XX стагодзьдзях частка работнікаў прыбыла з Кітаю і Сярэдняга Ўсходу. Гэтым тлумачыцца цяперашняя нацыянальная разнастайнасьць жыхароў Сурынаму.
У 1954 годзе гэтая тэрыторыя атрымала статус паўнапраўнай часткі Нідэрляндаў на правах аўтаноміі з уласнай адміністрацыяй. Незалежнасьць Сурынам атрымаў у 1975 годзе, але ўсе грамадзяне новай краіны захавалі нідэрляндзкае грамадзянства, і ў наступныя гады трэць насельніцтва выехала ў Эўропу. У 1980 годзе да ўлады прыйшла вайсковая дыктатура пад кіраўніцтвам Дэсі Баўтэрсэ. У 1986 року пачалася крывавая грамадзянская вайна. Урэшце ў 1991 року Баўтэрсэ адышоў ад улады. Ён ня быў асуджаны і ў 2010 року зноў абраны на прэзыдэнта, а ў 2015 пераабраны на другі тэрмін. За ягоным кіраваньнем стасункі зь Нідэрляндамі пагоршыліся. У 2019 Дэсі Баўтэрсэ атрымаў 20 гадоў зьняволеньня за ўдзел у забойствах у 1982 року.
Remove ads
Палітыка
Сурынам — прадстаўнічая дэмакратычная рэспубліка. Парлямэнт аднапалатны, складаецца з 51 дэпутата, выбіраных на 5-гадовы тэрмін.
Прэзыдэнт Сурынаму абіраецца на 5-гадовы тэрмін двума трэцямі дэпутатаў парлямэнту. Калі большасьці ў парлямэнце дасягнуць не атрымалася, склікаецца Народны сход з усіх дэпутатаў Нацыянальнага сходу і мясцовых прадстаўнікоў, абраных на ўсеагульных выбарах. Прэзыдэнт прызначае шаснаццаць міністраў.
Вяршыня судовай улады — Вярхоўны суд юстыцыі. Ягоныя судзьдзі прызначаюцца на пажыцьцёвы тэрмін прэзыдэнтам у кансультацыях з Нацыянальным сходам, Дзяржаўнай кансультацыйнай радай і Нацыянальным ордэнам прыватных юрыстаў.
Remove ads
Адміністрацыйны падзел

Сурынам дзеліцца на 10 акругаў (distrikt):
- Бракапонда
- Камэвійнэ
- Кароніе
- Маровійнэ
- Нікерые
- Пара
- Парамарыба
- Сарамака
- Сыпалівіні
- Ваніка
Камісараў акругаў прызначае і здымае прэзыдэнт. Акругі падзяляюцца на 63 грамады (нід. ressorten).
Геаграфія
Сурынам — найменшая сувэрэнная дзяржава Паўднёвай Амэрыкі. Большая частка насельніцтва жыве ў паўночнай, нізіннай частцы краіны. Паўднёвая частка тэрыторыі краіны (каля 80%) пакрытая трапічнымі лясамі і рэдканаселенымі саваннамі. Паказьнік лясістасьці — 90,2% — найвышэйшы ў сьвеце.
Даўжыня мяжы краіны складае 1707 км, зь якой з Бразыліяй — 597 км, з Францускай Гвіянай — 510 км, з Гаянай — 600 км, марская мяжа — 386 км. Найвышэйшы пункт краіны — гара Юліяна Топ вышынёй 1286 м. Асноўнымі рэкамі зьяўляюцца: Карантынэ, Мароні, Сурынам, Сарамака, Літані і Тапанахоні.
Клімат вельмі гарачы і вільготны трапічны, тэмпэратура мала мяняецца ў залежнасьці ад пораў году. Сярэдняя адносная вільготнасьць — паміж 80% and 90%, сярэдняя тэмпэратура — паміж 29 і 34 °C. У красавіку — жніўні і лістападзе — лютым цягнуцца сэзоны дажджоў, у жніўні — лістападзе і лютым — красавіку — засушлівыя сэзоны.
Remove ads
Эканоміка
Сурынам зьяўляецца самым значным у сьвеце вытворцам баксытаў. Адначасова здабываецца невялікая колькасьць золата, нафты, нікелю, медзі, плятыны і жалезнай руды. Прамысловасьць канцэнтруецца вакол пераапрацоўкі здабываючай галіны. Баксыты, алюміній і каалін складаюць 70% экспартнага прыбытку краіны.
Сельская гаспадарка прадстаўленая вытворчасьцю цукру, тытуню, цытрусаў, бананаў, рыбнай лоўляй.
Дэмаграфія
Этнічны склад насельніцтва выглядае наступным чынам: індусы — 37%, крэолы — 31%, яванцы — 15%, мурыны — 10%, індзейцы — 2%, кітайцы — 2%, астатнія — 3%.
Асноўнай рэлігіяй краіны зьяўляецца індуізм (27,4%), пратэстанты складаюць 25,2%, каталікі — 22,8%, мусульмане — 19,6%, мясцовыя веравызнаньні — 5%.
Афіцыйнай мовай зьяўляецца нідэрляндзкая, але часта ўжываецца і ангельская. Значная колькасьць навучальных установаў карыстаецца крэольскай мовай. Часта ўжываецца і сурынамі гіндустані (дыялект гіндзі) і яванская.
Remove ads
Заўвагі
- Француская Гвіяна і Фолклэндзкія астравы ня ўлічваюцца, паколькі не зьяўляюцца сувэрэннымі.
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads