Сэрвалюкс
земляробчае прадпрыемства Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
«Сэрвалю́кс» — земляробчае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў кастрычніку 1999 году ў Магілёве.
На 2023 год налічваў 25 вытворчых пляцовак і 10 800 супрацоўнікаў. За 2022 год вырабілі 600 000 тонаў камбікармоў, 213 900 тонаў мяса птушкі, 67 000 тонаў перапрацаванага мяса і 25 900 малочных вырабаў. За мяжу паставілі 70% мяса птушкі, 60% малочных вырабаў і 12% мясных вырабаў. У асноўным экспартавалі ў Расею і 8 краінаў Азіі — Азэрбайджан, Армэнію, Грузію, Казахстан, Кітай, Кыргыстан, Манголію і Ўзбэкістан[2]. Продажы ладзілі пад 9 уласнымі таварнымі знакамі «Альфур» (халяльная ежа), «Кабандас» (закускі), «Карапузікі» (каўбаса для дзяцей), «Крэм Нуво» (мяккі тварог і тварожны сыр), «Ландэрс» (паўцьвёрды і сычужны сыр), «Ласункавы край» (каўбаса), «Мішутка» (дзіцячае харчаваньне), «Пятруха» (кураціна) і «Сэрвалюкс» (вырабы для страўняў)[3]. Прадстаўніцтвы працавалі ў Менску (прасп. Незалежнасьці, д. 177) і Маскве (Паўночна-Заходняя адміністрацыйная акруга, раён Харашова-Мнёўнікі, вул. Адзіля, д. 2)[1]. Быў найбольшым вытворцам мяса птушкі ў Беларусі.
Remove ads
Будова
На 2023 год «Сэрвалюкс» ажыцьцяўляў:
- расьлінаводзтва на 17 000 га, 13 500 гектарах ворыва і 8500 га для таварных вырабаў і 5000 га для кармоў праз падразьдзяленьне «Смалявічы Дэйрыз» у Кастрычніцкім пасёлку і «Сэрвалюкс Агра» ў Магілёўскім раёне (Мяжысеткі)[4];
- камбікормавую вытворчасьць паводле 240 рэцэптураў на 2000 тонаў за содні пры ёмістасьці элеватара 144 000 тонаў і гадавой магутнасьці 600 000 тонаў праз «Чырванасьцяжны камбікормавы завод» у Смалявіцкім раёне (Кастрычніцкі) і «Экамол Агра» ў Аршанскім раёне (Крашына)[5];
- племянную птушкагадоўлю ў 202 птушніках на 100 млн інкубацыйных яек за год 2-х пародаў з вывадам 85% куранятаў праз «Агралінк» у Быхаве (Магілёўская вобласьць) і падразьдзяленьне «Генэтык» у Слуцкім раёне (Селішча)[6];
- найбольшую ў Беларусі вытворчасьць мяса птушкі пры забоі за гадзіну 26 800 галоваў з гадавым абсягам 213 900 тонаў у жывой вазе і пастаўкай у 10 краінаў праз «Смалявічы Бройлер» у Кастрычніцкім пасёлку, «Сэрвалюкс Агра» і прадстаўніцтва «Сергіеў Пасад» у Расеі[7];
- распрацоўку і дасьледаваньне ў рамках 7 міжнародных праектаў са страўнямі, 20 праграмаў з пастаўнікамі вузлоў і сыравіны, што дазволіла стварыць 67 вырабаў на аснове 300 дэгустацыяў праз Навукова-інавацыйны інжынірынгавы асяродак у Кастрычніцкім пасёлку[8];
- вытворчасьць кулінарных вырабаў і мясных паўфабрыкатаў на плошчы 1 га сіламі 200 супрацоўнікаў пры магутнасьці 1300 тонаў за месяц і 11 200 тонаў за год праз падразьдзяленьне «Юніміт» у Кастрычніцкім пасёлку[9];
- вытворчасьць мясных каўбасаў паводле 170 рэцэптураў магутнасьцю 2500 тонаў за месяц і 17 900 тонаў за год праз падразьдзяленьне «Белміт» у Быхаве і «Юніміт» у Смалявіцкім раёне[10];
- вытворчасьць малочных вырабаў на 60% з уласнай сыравіны пры штодзённай перапрацоўцы 160 тонаў малака і гадавой магутнасьці 25 900 тонаў з экспартам на 13,7 млн даляраў праз «Смалявічы Малако»[11];
- малочна-таварнае фэрмэрства на 4200 галоваў пры содневай вытворчасьці 80 тонаў малака на «Смалявічы Дэйрыз» у Кастрычніцкім пасёлку[12];
- раздробны гандаль са збытам 22 000 тонаў малочных вырабаў і 12 000 тонаў мяса птушкі праз 284 крамы «Задняпроўе» пад таварным знакам «Пятруха»[13];
- прамысловую ачыстку на 70 000 кв.м у 300 заказчыкаў са збытам 700 тонаў 50 сродкаў абеззаражваньня і мыцьця праз «Сэрвіс Салюшнс»[14];
- праектаваньне і забудову, якімі ахапілі за 10 гадоў 150 спраектаваных будынкаў і 78 узьведзеных пабудоваў праз уласную праектна-канструктарскую службу[15];
- інфармацыйна-тэхналягічныя паслугі з апрацоўкай 45 000 заявак за год сіламі 80 супрацоўнікаў «Сэрвалюкс Тэхноладжыс»[16].
Remove ads
Мінуўшчына
21 кастрычніка 1999 году Яўген Баскін заснаваў у Магілёве замежнае прадпрыемства «Сэрвалюкс», што належала аднайменнаму ТАА ў ЗША (Сан-Францыска), утворанаму 17 чэрвеня[17]. Яно месьцілася па Першамайскай вуліцы, д. 77[18].
У 2002 годзе «Сэрвалюкс» пачаў збыт для «Магілёўскай бройлернай птушкафабрыкі» ў Мяжысетках (Дашкаўскі сельсавет), дзе за год вырабілі 5500 тонаў мяса птушкі. 23 сьнежня 2004 году ў Быхаве заснавалі птушкафабрыку бацькоўскага статку «Агралінк», дзе пачалі ўзводзіць інкубатары. 12 кастрычніка 2006 году «Сэрвалюкс» набыў «Магілёўскую бройлерную птушкафабрыку», якую пераўтварылі ў падразьдзяленьне «Сэрвалюкс Агра». У 2006 годзе стварылі раздробную гандлёвую сетку «Квартал смаку», а ў 2007-м — сетку фірмовага гандлю «Пятруха». 23 ліпеня 2007 году «Сэрвалюкс» стаў уласьнікам кантрольнага пакету паёў камбікормавага заводу «Экамол» у Аршанскім раёне (Крашына), чыю магутнасьць да 2014 году павялічылі да 350 000 тонаў. Пры гэтым кармы сталі выпускаць як для птушкі, гэтак і для жывёлы. 17 сакавіка 2008 году «Сэрвалюкс» стаў сумесным ЗАТ. 9 сьнежня 2008 году набылі магілёўскую сетку харчовых крамаў «Задняпроўе». У 2009 годзе пабудавалі сьвінакомплекс «Сэрвалюкс Генэтык» у Віньніцкай вобласьці Ўкраіны (Ражычнае сяло) пры падтрымцы ўраду Нідэрляндаў.
У 2011 годзе ўзьвялі новую вытворчасьць куранятаў «Сэрвалюкс Агра», дзе ў 2012 годзе запусьцілі ачыстныя збудаваньні. У 2013 годзе «Агралінк» павялічыў вытворчую магутнасьць да 40 млн содневых куранятаў за год, што зрабіла яго найбольшым племянным прадпрыемствам Беларусі ў галіне птушкагадоўлі. Яшчэ ў 2013 годзе пабудавалі забойны цэх. 24 ліпеня 2013 году набылі «Смалявіцкую бройлерную птушкафабрыку» ў Кастрычніцкім пасёлку. Ёй таксама належалі 7 фэрмаў на 8000 тыс. галоваў буйной рагатай жывёлы. Сярод іншага, стварылі ўласную праектную службу і будаўнічую арганізацыю, дзе за 2013 год выканалі 85% патрэбных праектавальных і 65% будаўнічых працаў. Пры гэтым давялося ўзводзіць вонкавыя пабудовы энэргазабесьпячэньня для падлучэньня да элекрасетак «Белэнэрга». У 2013 годзе да 40% вырабаў паставілі ў Расею, дзе працавалі гандлёвыя дамы ў Смаленску і Маскве. За 2013 год «Сэрвалюкс» вырабіў 413 000 тонаў кармоў, 113 000 тонаў мяса птушкі, 24 500 тонаў збожжа і 18 600 тонаў малака. На 2014 год «Сэрвалюкс» наймаў сярод замежнікаў некаторых адмыслоўцаў зь Нідэрляндаў і Польшчы ў галіне перавозак, складзкой справы, продажаў і інфармацыйных тэхналёгіяў празь нястачу адпаведных мясцовых кадраў. У 2014 годзе старшыня ўраду Беларусі Міхаіл Мясьніковіч улучыў кіраўніка «Сэрвалюкса» Яўгена Баскіна ў склад міжведамаснай працоўнай групы рэфармаваньня аграпрамысловага комплексу[19].
У 2014 годзе перабудавалі камбікормавы завод і запусьцілі ачыстныя збудаваньні на вытворчасьцях. У 2016 годзе запусьцілі малочна-таварную фэрму на 4200 галоваў і абнавілі перапрацоку малака. Таксама ўкаранілі вузавае ўтрыманьне бацькоўскага статку. 28 лістапада 2017 году набылі «Слуцкі племптушказавод» у Селішчы, дзе ў 2018 годзе стварылі падразьдзяленьне «Генэтык». У 2017 годзе ў Кастрычніцкім пасёлку (Смалявіцкі раён) пачалі будоўлю мясаперапрацоўчага заводу «Юніміт», які запусьцілі ў 2019 годзе. Таксама ў 2017 годзе перайшлі на робатызаванае пакаваньне вырабаў. 11 траўня 2017 году галаўную сядзібу «Сэрвалюкса» перанесьлі ў новы будынак па вуліцы Міронава, д. 4. У 2018 годзе пачалі пастаўкі ў Кітай, а доля «Сэрвалюкса» на беларускім рынку птушкагадоўлі перавысіла 50%[20]. У 2019 годзе набылі пляцоўку ў Маскоўскай вобласьці, дзе ў 2021 годзе запусьцілі вытворчасьць «Сэрвалюкс Пасад» (Туракова). У 2020 годзе стварылі асяродак дасьледаваньня і распрацоўкі харчаваньня, а таксама запусьцілі пляцоўку электроннага гандлю[2].
Remove ads
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads