Цэнтральная выбарчая камісія Рэспублікі Беларусь
найвышэйшая дзяржаўная ўстанова Беларусі, якая займаецца правядзеньнем выбараў From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Цэнтра́льная выба́рчая камі́сія Рэспу́блікі Бела́русь — найвышэйшая дзяржаўная ўстанова Рэспублікі Беларусь, якая займаецца правядзеньнем выбараў у Беларусі і кантролем за іх хадой.
Remove ads
Утварэньне і дзейнасьць
Складаецца з 12 асобаў зь ліку грамадзянаў Беларусі, першая палова якіх прызначаецца прэзыдэнтам, а другая — Радаю Рэспублікі. Тэрмін паўнамоцтваў складае 5 год ад вызначэньня 8 чальцоў камісіі, бо пасяджэньні зьяўляюцца правамоцнымі пры наяўнасьці прынамсі 2/3 ад агульнага складу. Са згоды Рады Рэспублікі прэзыдэнт прызначае старшыню камісіі, што ў сваю чаргу прапануе вылучэнцаў на пасады свайго намесьніка й сакратара. Таксама прэзыдэнт можа адзінаасобна здымаць чальцоў камісіі з пасадаў ды вызначае колькасьць яе супрацоўнікаў. Пасяджэньні склікаюцца старшынёю камісіі ды на патрабаваньне траціны іншых чальцоў. Пастановы ўхваляюцца большасьцю галасоў, а пры іх роўнасьці перавагу мае голас старшыні.
На 2020 год апарат Цэнтральнай камісіі ўлучаў 7 супрацоўнікаў у 2 аддзелах: 1) прававой, аналітычнай і мэтадычнай працы — 4; 2) арганізацыйнай, фінансавай працы і міжнароднай супрацы — 3[3].
Remove ads
Паўнамоцтвы
Паводле артыкулу 33 Выбарчага кодэксу ЦВК мае паўнамоцтвы на:
- ладжаньне выбараў ды агульнадзяржаўных рэфэрэндумаў;
- нагляд за выкананьнем заканадаўства аб выбарах, рэфэрэндуме, адкліканьні дэпутата й чальца Рады Рэспублікі;
- тлумачэньне выбарчага заканадаўства;
- зварот да заканадаўцаў з прапановаю аб зьмене й тлумачэньні выбарчага заканадаўства;
- кіраваньне дзейнасьцю выбарчых камісіяў;
- разгляд справаў ніжэйшых камісіяў;
- утварэньне выбарчых акругаў на выбарах у Палату прадстаўнікоў і вызначэньне сярэдняй колькасьці выбарцаў у тых акругах;
- утварэньне ўчасткаў для галасаваньня за мяжою зь іх прыпіскаю на прапанову Міністэрства замежных справаў да выбарчых акругаў у Беларусі;
- улік вылучэнцаў на пасады чальцоў Рады Рэспублікі й прэзыдэнта ды ініцыятыўных групаў па зборы подпісаў за іх вылучэньне ды адкліканьне дэпутата Палаты прадстаўнікоў;
- забесьпячэньне роўных прававых умоваў перадвыбарчай дзейнасьці вылучэнцаў;
- вызначэньне парадку выкарыстаньня сродкаў масавай інфармацыі напярэдадні выбараў;
- вызначэньне й разьмеркаваньне выдаткаў на правядзеньне выбараў, рэфэрэндуму ды адкліканьня дэпутата Палаты прадстаўнікоў;
- нагляд за выдаткоўваньнем на выбары грошай ураду й вылучэнцаў ды апавяшчэньне аб тым Палаты прадстаўнікоў, як і выданьне адпаведнай справаздачы;
- вызначэньне сьпісу выбаршчыкаў, выгляду бюлетэняў ды скрыняў для галасаваньня, пячатак камісіяў ды парадку іх захоўваньня,
- выраб бюлетэняў для прэзыдэнцкіх выбараў ды рэфэрэндуму й забесьпячэньне імі камісіяў вобласьцяў ды Менску;
- прыём паведамленьняў ад урадавых ды грамадзкіх установаў аб ладжаньні выбараў ды рэфэрэндуму;
- нагляд за забесьпячэньнем камісіяў памяшканьнямі, транспартам ды сувязьзю;
- стварэньне агульнага сьпісу выбаршчыкаў для некалькіх адначасных выбараў ды рэфэрэндуму;
- улік абраных дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і чальцоў Рады Рэспублікі, выданьне іх сьпісаў ды скліканьне першых іх пасяджэньняў;
- падвядзеньне вынікаў выбараў і рэфэрэндумаў;
- выдачу абранаму прэзыдэнту й чальцам Рады Рэспублікі пасьведчаньняў аб выбраньні;
- прызначэньне выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў замест выбылых;
- разгляд скаргаў на пастановы выбарчых камісіяў;
- разгляд зваротаў грамадзянаў ды ўстановаў наконт выбараў, рэфэрэндуму, адкліканьня дэпутатаў ды чальцоў Рады Рэспублікі;
- абагульненьне ўжытку выбарчага заканадаўства;
- стварэньне дапаможных установаў для правядзеньня выбараў ды рэфэрэндуму;
- вызначэньне ўзнагародаў для супрацоўнікаў выбарчых камісіяў;
- ажыцьцяўленьне сувязяў з выбарчымі ўстановамі іншых дзяржаваў ды адпаведнымі міжнароднымі арганізацыямі[6].
Remove ads
Гісторыя
Паводле 83-га Канстытуцыі Беларусі 1994 году, «Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь утварае Цэнтральную камісію па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў». Згодна з 82-м артыкулам «першае пасяджэньне Вярхоўнага Савета склікаецца Цэнтральнай камісіяй Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў не пазьней чым праз 30 дзён пасьля выбараў»[7]. Пасьля рэфэрэндуму ў Беларусі 1996 году ў Канстытуцыю ўнесьлі зьмяненьні і дапаўненьні, паводле якіх «прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь: 1) прызначае 6 сябраў Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў; 2) са згоды Савета Рэспублікі прызначае на пасаду старшыню Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў; 3) вызваляе ад пасады старшыню і сябраў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў». Згодна з 93-м артыкулам зьмененай Канстытуцыі «першая пасьля выбараў сэсія палатаў Парлямэнта склікаецца Цэнтральнай камісіяй па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў». У адпаведнасьці з 98-м артыкулам «Савет Рэспублікі: 1) дае згоду на прызначэньне прэзыдэнтам старшыні Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў; 2) выбірае 6 сябраў Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў»[8].
У 1998 годзе Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў стала сябрам Асацыяцыі арганізатараў выбараў краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы (ААВКЦУЭ)[9]. Паводле 26-га артыкула Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь ад 11 лютага 2000 году № 370-З, «Цэнтральная камісія зьяўляецца дзяржаўным органам, які арганізуе ў межах сваіх паўнамоцтваў падрыхтоўку і правядзеньне выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, сябраў Савета Рэспублікі, дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў, рэспубліканскіх рэфэрэндумаў. Цэнтральная камісія вырашае пытаньні, зьвязаныя з арганізацыяй адкліканьня дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і сябраў Савета Рэспублікі. Цэнтральная камісія ўзначальвае сыстэму дзейных у пэрыяд падрыхтоўкі і правядзеньня выбараў і рэспубліканскіх рэфэрэндумаў выбарчых камісіяў і камісіяў па рэфэрэндуме»[10]. 14 кастрычніка 2013 году Цэнтральная камісія стала адной з заснавальніцаў Сусьветнай асацыяцыі выбарчых органаў (САВО)[9].
Паводле рэфэрэндуму 2022 году, Цэнтральная камісія па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў Рэспублікі Беларусь атрымала назву Цэнтральная выбарчая камісія (ЦВК). Паводле 71-га артыкула Канстытуцыі Беларусі, ЦВК атрымала паўнамоцтвы ладзіць выбары дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу, Пры гэтым, старшыня і сябры Цэнтральнай выбарчай камісіі мелі выбірацца на 5 гадоў і вызваляцца ад пасады Ўсебеларускім народным сходам[11].
Старшыні
- Міхаіл Лагір[12] (ад 25 жніўня 1991 да 18 верасьня 1991)
- Сямён Маховікаў (в. а. ад 19 верасьня 1991 да 11 сакавіка 1992)
- Аляксандар Абрамовіч (12 сакавіка 1992 — 31 студзеня 1996)
- Аляксандар Жук (в. а. ад 1 лютага 1996 да 4 верасьня 1996)
- Віктар Ганчар (ад 5 верасьня 1996 да 13 лістапада 1996)
- Лідзія Ярмошына (выканаўца абавязкаў з 14 лістапада 1996-га; 6 сьнежня 1996 — 13 сьнежня 2021)
- Ігар Карпенка (з 13 сьнежня 2021 году)[13]
Remove ads
Склад камісіі
2016 – 2021
- Лідзія Ярмошына, старшыня
- Вадзім Іпатаў(ru), намесьнік старшыні
- Алена Дмухайла, сакратар
- Андрэй Гуржы
- Вольга Дарашэнка
- Сяргей Каліноўскі
- Сьвятлана Кацуба
- Аляксандар Ласякін
- Ігар Плышэўскі
- Марына Рахманава
- Алег Сьліжэўскі
- Ірына Цэлікавец[14].
Міжнародныя санкцыі
10 красавіка 2006 году па выніках прэзыдэнцкіх выбараў Лідзія Ярмошына была ўлучаная ў Чорны сьпіс Эўразьвязу і ў сьпіс спэцыяльна вызначаных грамадзянаў і заблякаваных асобаў ЗША па падазрэньні ў падтасоўцы вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў[15][16][17]. У 2007 годзе ў амэрыканскі санкцыйны сьпіс быў дададзены й чалец ЦВК Алег Сьліжэўскі[18].
У лютым 2011 году Ярмошына разам зь іншымі чальцамі ЦВК была зноў унесеная ў чорны сьпіс Эўразьвязу па выніках прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году за парушэньні міжнародных выбарчых стандартаў[19][20]. Гэтыя эўрапейскія санкцыі былі зьнятыя 15 лютага 2016 году[21].
2 кастрычніка 2020 году Эўрапейскі Зьвяз увёў санкцыі ў дачыненьні да ўсіх 12 чальцоў камісіі за парушэньні на жнівеньскіх выбарах[22][23]. Восеньню 2020 году Вялікабрытанія[24], Канада[25][26] ды Швайцарыя[27] таксама ўвялі санкцыі супраць усіх чальцоў ЦВК. ЗША ўвялі санкцыі супраць намесьніка старшыні ЦВК Вадзіма Іпатава(ru) й сакратаркі ЦВК Алены Дмухайла 2 кастрычніка 2020 году[28], а 21 чэрвеня 2021 году пашырылі іх на астатніх чальцоў камісіі[29]. Акрамя таго, 23 сьнежня 2020 году ў сьпіс спэцыяльна вызначаных грамадзянаў і заблякаваных асобаў ЗША трапіла сама Цэнтральная выбарчая камісія як установа, што падрывае дэмакратычныя працэсы або інстытуты ў Беларусі, за кіраўніцтва фальшывымі прэзыдэнцкімі выбарамі 9 жніўня, якія ўключалі мноства парушэньняў, у тым ліку нядопуск кандыдатаў ад апазыцыі(be), адмову ў доступе назіральнікам і засьведчаньне недакладных вынікаў галасаваньня[30][31].
У сакавіку 2022 году Канада ўвяла санкцыі супраць новага кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі[32]. У чэрвені таго ж году Карпенка трапіў пад персанальныя санкцыі ЭЗ[33]; да гэтых санкцый далучылася і Швейцарыя[34].
У сакавіку 2023 году Карпенка і іншых чальцоў беларускага ЦВК, якія ўвайшлі ў склад камісіі пасьля 2020 году, унеслі ў амэрыканскі сьпіс спэцыяльна вызначаных грамадзянаў і заблякаваных асобаў[35].
У студзені 2025 года Ігар Карпенка трапіў пад санкцыі Вялікабрытаніі[36].
Remove ads
Крыніцы і заўвагі
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads