Цюцкі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Цю́цкі — даўняе баярскае сяло, хутар, пазьней вёска зь нібыта інтэрпрэтаванай па-беларуску[a], але сустрэтай выключна ў расейскіх тэкстах, назвай Цюцькі, у сваю чаргу перайменаваная ў 1914 годзе ў Аляксееўку. Месьціцца ў Малажынскім сельсавеце Брагінскага раёну Гомельскай вобласьці Беларусі.
Remove ads
Гісторыя
Карона Каралеўства Польскага ў Рэчы Паспалітай



Найранейшая зьвестка пра паселішча датаваная 18-м кастрычніка 1640 году[b], калі, паводле тарыфу падымнага «dwoiego» Кіеўскага ваяводзтва 1640 году, князь Ярэмі Міхал, сын Міхаіла, Вішнявецкі з 3 дымоў «z sioła bojarow[c] Ciucków» выплачваў 3 злотых[2].
Потым хутар Ciucki згаданы ажно ў 1734 годзе, калі знаходзіўся ў заставе ў айцоў цыстэрцыянаў кімбараўскіх[3], хоць уладальнікам усяго Брагінскага маёнтку на той час быў ужо князь Міхал Сэрвацы Вішнявецкі, бо з 1733 года пачаў звацца яшчэ і «графам на Брагіне»[4].
На 24 студзеня 1740 году ў прыходзе Глухавіцкай Сьвята-Міхайлаўскай царквы згаданы хутар Цюткі[d], у якім было 4 гаспадаркі[5].
31-м ліпеня 1749 году датаваны запіс у мэтрычнай кнізе царквы Сялецкага базыльянскага манастыра аб хросьце немаўпяці Ільлі, сына Ёсіпа і Марыны Рудабельчанкаў зь вёскі Ciudzkow, а сярод кумоў названы Jewstafij C(і)ucka[6].




У 1754 годзе з 8 двароў (×6 — каля 48 жыхароў) брагінскай вёскі Acieki[e], што была ў заставе ў ксяндзоў цыстэрцыянаў кімбараўскіх выплачваліся «do grodu» (Оўруцкага замку) 1 злоты і 6 грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 4 зл. і 24 гр.[7]. У тым жа 1754 г. Брагінскае графства была куплена ў княгіні Эльжбэты Вішнявецкай Міхалавай Замойскай за 550 000 злотых панам Францішкам Антоніем, сынам Мікалая, Ракіцкім, войскім ашмянскім (†1759).
23 жніўня 1761 году ў Сяльцы сьвятаром-базыльянінам Барлаамам (Валаамам) Пяшко ахрышчаны Лаўрэнці, сын шлюбных родзічаў Барыса і Анастасіі Хаменкаў. Кумамі пры тым выступілі Андрэй Буйневіч і Алена Рудэнчынкава (Рудабільчанкава?). У 1762 годзе, калі ахрышчаная Юстына, дачка Грышка і Анастазыі Войцехаў, верных лацінскага абраду, а за кумоў былі Пётар Рудабільчанка і Еўдакія Маручкова, жыхары Цюцкаў нібыта працягвалі заставацца прыхаджанамі царквы манастыра сялецкіх базыльянаў[8].
Згодна зь перапісамі габрэйскага насельніцтва 1765, 1778 і 1784 гадоў, у паселішчы Цюцкі, называным і хутарам, і вёскай, налічвалася адпаведна 5, 3 і 3 гаспадары — плацельшчыкі пагалоўшчыны, якія належалі да Брагінскага кагалу[9].
Хутар Цюцкі прысутны ў эксплікацыі да мапы Брагінскага графства, датаванай 27 днём жніўня 1783 году.

Ці не ўпершыню форма Tiutki ўжытая нават па-польску ў візыце Чарнобыльскага дэканату 1785 году, што да прыходу Брагінскай Сьвята-Мікалаеўскай царквы. Тады ў вёсцы, якая месьцілася за 2 мілі ад царквы, было 9 дымоў (×6 — каля 54 жыхароў)[10].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Цюцкі апынуліся ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 г. у складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету спачатку Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 г. Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[11].
З крыніцы, заснаванай на матэрыялах расейскай рэвізіі 1795 году, даведваемся, што вёскі Цюткі, Крыўча, Зарэчча, Сьцяжарнае, Дублін, Юркавічы, Сьпярыжжа, якія належалі Людвіку і Алаізію Ракіцкім, былі ў арэндзе ў пана Дыяніза Козела[12]. З паваротам у 1795 годзе большасьці цэркваў у рэгіёне да маскоўскага праваслаўя, пры захаваньні Сялецкага манастыра за базыльянамі, жыхары Цюткаў (пазьней Цюцькоў) былі сталымі прыхаджанамі Сьвята-Мікалаеўскай царквы ў Брагіне, што і паказваюць мэтрычныя кнігі[13] ажно да 1845 году. Ад таго часу цюцькоўцы ізноў далучаныя да прыходу ў Сяльцы.

У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 119 жыхароў вёскі Цюцькі абодвух полаў зьяўляліся прыхаджанамі Сялецкай Праабражэнскай царквы[14].

У парэформавы пэрыяд Цюцькі належалі да Брагінскай воласьці. Паводле зьвестак на 1876 і 1879 гады жыхары вёскі заставаліся прыхаджанамі Праабражэнскай царквы ў Сяльцы[15].
На 1909 год у вёсцы Цюцькі налічвалася 56 двароў з 396 жыхарамі[16].
22 сьнежня 1913 году, у сувязі з узьвядзеньнем будынку і асьвячэньнем царквы ў Цюцьках, было арганізавана «всеподданнейшее ходатайство» тутэйшых жыхароў, што да зьмены статусу і назвы паселішча. Гэтак 20 жніўня 1914 году спыніла сваё існаваньне вёска з «позорным именем» Цюцькі, але паўстала сяло, названае Аляксееўкай[f] у гонар 10-годзьдзя сына расейскага імпэратара Мікалая ІІ цэсарэвіча Аляксея[18].
Найноўшы час
9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Аляксееўка ў складзе Брагінскай воласьці Рэчыцкага павету, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[19].

1 студзеня 1919 году, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Брагінская воласьць увайшла ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня Масква далучыла яе разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі да РСФСР.
Ад 8 сьнежня 1926 году вёска — у складзе Крыўчанскага сельсавету Брагінскага раёну Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 году Гомельскай акругі БССР. У 1930 годзе тут арганізаваны калгас «Аляксееўка», працавалі вятрак і кузьня. З 20 лютага 1938 году Аляксееўка — у Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры. З 10 ліпеня 1939 году Аляксееўка стала цэнтрам Крыўчанскага сельсавету[g].
Напярэдадні Другой сусьветнай вайны ў Аляксееўцы было 128 двароў з 513 жыхарамі. У чэрвені 1943 году акупанты разбурылі 26 дамоў, загубіўшы 9 чалавек[21].
З 8 студзеня 1954 году Аляксееўка — у межах Гомельскай вобласьці. Паводле перапісу 1959 году тут налічвалася 548 жыхароў. У складзе калгасу «XVII партзьезд» з цэнтрам у вёсцы Крыўча.
Remove ads
Насельніцтва
Заўвагі
- І канешне з націскам на апошнім складзе — Цюцькі́.
- Баяры служылыя – тое, што і панцырныя баяры, якія ў пер. пал. XV — XVIII ст. на ўмовах бясплатнага карыстаньня зямлёй прысягалі спраўна несьці вайсковую службу.
- Назва пададзена досыць вычварна — «w futorze Zuitkach», — але, бясспрэчна, пад уплывам украінскай мовы, бо — праз «t», а не праз «c». Пачатковая «Z» (расчытаць яго як «T» крыху цяжэй) ды перастаноўка «u» на месца «i» спарадзілі тую вычварнасьць.
- Ва ўкраінскім паказальніку запісана Тютки, у польскім – Tiutki.
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads