Чамкоў
былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Чамкоў[1] — адселеная вёска ў Стралічаўскім сельсавеце Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці. Найбліжэйшае да Чарнобыльскай АЭС паселішча Беларусі.
Remove ads
Гісторыя
Карона Каралеўства Польскага

Найраней Востраў Чамкоўскі згаданы 1 верасьня 1749 году ў пратэсьце, заяўленым у Оўруцкім гродзкім судзе ўпаўнаважаным князя Ігнацыя Шуйскага, харунжыча берасьцейскага, панам Пятром Загароўскім да ксяндзоў цыстэрцыянаў Кімбараўскага канвэнту. Апошнія нібыта наслалі сваіх малочкаўскіх падданых[a] на ўгодзьдзі вёскі Краснасельле, а тыя забралі ў названым востраве[b] з сотню коп жыта ды ўчынілі іншыя розныя гвалты[2]. Як і Краснасельле з Малочкамі, Чамкоў месьціўся на тэрыторыі Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва Кароны Польскай.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Чамкоў мусіў апынуцца ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году ў складзе ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[3].


На тапаграфічнай мапе Менскай губэрні, складзенай са здымкі генэрала-маёра А. К. Фіцінгофа ў 1846 годзе, Чамкоў пазначаны як засьценак. На вайскова-тапаграфічнай мапе Расейскай імпэрыі 1846 — 1863 гг. паказаны хутар Чамкоў.
У парэформавы пэрыяд Чамкоў адміністрацыйна належаў жа Дзёрнавіцкай воласьці Рэчыцкага павету. На 1876 год маёнткам Чамкоў у 100 дзесяцін угодзьдзяў валодаў пан Юзаф, сын Рафала, Васілеўскі[4]. У 1889 годзе ўласьнікам 85 дз. зямлі ў Чамкове названы сялянін Рыгор Гарбуноў. Ёсьць у сьпісе чамкоўскіх землеўладальнікаў імёны братоў Трафіма і Івана Навумавых, але без указаньня колькасьці дзесяцін[5]. У 1911 (1913) годзе 450 дз. зямлі меў у Чамкове Мікалай Каліноўскі[6].
Найноўшы час
9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Чамкоў у складзе Рэчыцкага павету, аднак, апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[7].

1 студзеня 1919, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.
Remove ads
Заўвагі
- Ня мусіць зьдзіўляць яго значная аддаленасьць ад Краснасельля, бо бліжэй месьцілася вёска Ўласы, таксама прыналежная хвойніцкім Шуйскім.
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads