Бяларучы

вёска ў Лагойскім раёне Менскай вобласьці From Wikipedia, the free encyclopedia

Бяларучы
Remove ads

Бяла́ручы[1]вёска ў Лагойскім раёне Менскай вобласьці. Знаходзіцца за 25 км на поўнач ад цэнтру Менску, за 5 км на паўночны ўсход ад павароту на Лускава з аўтамабільнае дарогі Р58 МенскКалачыМядзел, недалёка ад ракі Вяча. Зьяўляецца цэнтрам Бяларуцкага сельсавету. У вёсцы знаходзяцца бібліятэка, сярэдняя школа, дзіцячы сад, царква, аддзяленьне сувязі, крама, піянэрскі лягер «Зорка».

Хуткія факты
Remove ads

Этымалёгія

За ракой Вячай, прыблізна за паўкілямэтру ад вёскі, стаіць высокая круглая гара — Салаўіная. Гэта недаступныя птушыныя ўгодзьдзі, у тым ліку і салаўіныя. Але акрамя гэтага чутны й звонкі пералівісты голас ручая. Ваду яму даюць крыніцы, што б’юць з адхону гары. Ручай цурчыць па каменьнях і ўзьбівае белую пену, што сплывае ўніз. Вось за гэтыя белыя пеністыя «ручнікі», што ўвесь час трымаюцца на вадзе ў паднажжа Салаўінай гары, ручай і назвалі Белым. Упадае ручай у недалёкую Вячу. Пазьней назва «Белы Ручай» пераўтварылася ў Беларучча, а затым ў Бяларучы. На мапах ХVI стагодзьдзя мястэчка так і пазначана — «Бяларуч».[2]

Remove ads

Гісторыя

Гарадзішча

У цэнтры вёскі захавалася гарадзішча пэрыяду раньняга жалезнага веку: простакутная пляцоўка памерам 63×30 м, пашкоджаная траншэямі Вялікай Айчыннай вайны.[2] Вядомае з канца ХІХ стагодзьдзя. Дасьледавалі гарадзішча ў 1897 годзе Г. Г. Ігнацьеў, у 1964 годзе — Ю. І. Драгун., у 1979 годзе — М. І. Лашанкоў. У траншэях і шурфах сабрана кераміка эпохі Кіеўскай Русі. Матэрыялы дасьледаваньняў захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі.[3]

З паўднёвага і паўднёва-заходняга бакоў да гарадзішча прымыкала селішча плошчай каля 1 га, якое належала да часоў Кіеўскай Русі і пазьнейшага часу. На паўднёва-ўсходняй ускраіне вёскі — курганны могільнік (23 насыпы).[2]

Першыя згадкі

Упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1551 годзе. У 1567 годзе маёнтак Бяларучы згадваецца ў попісе войска ВКЛ, у Менскім павеце (Менскае ваяводзтва). У 1582 годзе двор Бяларучы належаў Каленіцкай-Тышкевіч, княгіні Барбары Васільеўне Саламарэцкай.[2]

ХІХ стагодзьдзе

У 1816 годзе маёнтак Бяларучы належаў менскаму памешчыку Фаме Аборскаму. Ён меў пры сабе 29 сялянаў і 5 дваравых. У канцы ХІХ стагодзьдзя Бяларучы заставаліся невялікім, глухім і бедным паселішчам: шынок, млын, і некалькі крамаў, тры дзясяткі хат, невялікі драўляны будынак вучылішча, які стаяў каля рэчкі, блізка ля дарогі. Вёска мела мясцовую ўладу: валасны стараста, пісар, ураднік і поп. У вёсцы было дзьве царквы: Сьвята-Багародзіцкая царква і драўляная праваслаўная Сьвята-Ўсьпенская царква. Паводле перапісу 1861 году ў мястэчку было 15 двароў, 139 жыхароў. У 1870 годзе вёска — цэнтар Бяларуцкай воласьці.

У 1870 годзе ў вёсцы было адкрытае народнае вучылішча. Школа знаходзілася ў падножжа гары, на якой расьлі сосны. Ад вуліцы школа была агароджана частаколам. У школе было чатыры пакоі і тры пакоі-кватэры. У вучылішчы навучаліся толькі хлопчыкі. У школе выкладаліся Закон Божы, арыфмэтыка, чытаньне, чыстапісаньне і сьпевы. Навучаньне йшло толькі на рускай мове. У канцы XIX стагодзьдзя ў вучылішчы было 39 навучэнцаў.[2]

Пачатак ХХ стагодзьдзя

Насельніцтва займалася земляробствам. Нязначная яго частка, выключна габрэі, займаліся гандлем і кустарнымі промысламі. З культурных установаў таго часу вылучаліся два будынкі, што знаходзіліся пры ўваходзе ў вёску Бяларучы з напрамку вёскі Гаяны. Першы будынак зь левага боку ад дарогі — сядзіба Бяларуцкай воласьці, другі — крыху далей, ужо з правага боку вуліцы, супраць габрэйскіх домікаў, што ў сосьніку, — Бяларуцкая школа. Да канцу 1920-х гадоў вуліцу ў Бяларучах выклалі брукам. Брук клалі спэцыялісты, якія наймалі самі жыхары вёскі.

У 1911 годзе на месцы, дзе цяпер разьмяшчаецца крама, быў адкрыты помнік расейскаму імпэратару Аляксандру ІІ. На адкрыцьці прысутнічаў губэрнатар, іграў губэрнскі аркестар, а сялянам выдалі па чарцы гарэлкі. Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі мясцовы каваль падняўся па лесьвіцы и малатком разьбіў галаву «імпэратару-вызваліцелю». Пастамэнт ад помніка прастаяў ажно да пачатку 1980-х гадоў. Пасьля пачатку будаўніцтва крамы, помнік зьнесьлі.

З 20 жніўня 1924 году вёска Бяларучы стала цэнтрам сельсавету Астрашыцка-Гарадоцкага раёну Менскай акругі. У 1930 годзе быў створаны калгас «Іскра», працавала кузьня і вадзяны млын на беразе ракі Вячы. Млын быў аднапавярховы, драўляны на драўляным фундамэнце, 9 аршынаў даўжыні, 9 — шырыні і 6 — вышыні. Дах млына быў гонтавы.

Народнае вучылішча ў Бяларучах у 1907 годзе было пераўтворана ў аднакляснае, а ў 1909 годзе — у двухкляснае. У 1917 годзе вучылішча стала сямігадовай школай, якую наведвалі дзеці з навакольных вёсак. У 1924 годзе ў ёй вывучалася больш за паўтысячы вучняў. У другой палове 1930-х гадоў Бяларуцкая няпоўная сярэдняя школа была даведзена да ўзроўню базавай дзесяцігадовай школы.[2]

Вялікая Айчынная вайна

У 1941 годзе ў вёсцы было 69 двароў і 353 жыхары. У акупаваных Бяларучах разьмяшчаўся паліцэйскі ўчастак. Дзейнічала ў вёсцы і падпольная арганізацыя, якую ўзначальваў І. І. Сьляшынскі. З дапамогай партызанскай сувязной Надзеі Харчанкі партызанам удалося зьнішчыць варожае гняздо. У ліпені 1942 году фашысты спалілі вёску (69 двароў), 13 жыхароў забілі, а 24 жыхароў вывезьлі ў Нямеччыну. За гады вайны 19 жыхароў вёскі загінулі на фронце, а 4 — у партызанскай барацьбе. У навакольлі Бяларучаў дзейнічалі падпольныя партызанскія арганізацыі «Дзіма», «Дзядзя Коля», «За Бацькаўшчыну», брыгады «Штурмовая», Астрашыцка-Гарадоцкае патрыятычнае падпольле і інш. У баях за вызваленьне вёскі загінулі 2 савецкія воіны.[2]

Remove ads

Бяларучы і Янка Купала

Славуты беларускі паэт Янка Купала пятнаццацігадовым хлапчуком вучыўся з восені 1897 году да вясны 1898 году ў Бяларуцкім народным вучылішчы, якім загадваў Мікалай Турчыновіч. Жыў Янка Луцэвіч у інтэрнаце, што месьціўся ў звычайнай хатцы побач са школай. Копія атэстату, які Янка атрымаў пасьля здачы экзамэну, па сёньняшні дзень захоўваецца ў музэі Бяларуцкай школы. Пасьля гэтага ён доўгі час ня мог вучыцца: галеча прымусіла яго шукаць іншага хлебу. У 1898 годзе Луцэвіч пакідае Бяларуцкае вучылішча. Ён сам здабывае сабе веды, шмат чытае.

« Была такая Марыя Яфімаўна Мігай. Яна была дзяўчынкай гадоў дзесяці, у карчму хадзіла. Карчма стаяла, дзе я цяпер жыву. Хадзіла ў карчму на танцы. Расказвала, што Купала прыйдзе, дык ён яе падхопліваў на польку. Ну такі прасьцецкі хлопец быў. Гэта ўжо потым нейкі шляхетны гонар аднекуль узялі. Але ж з той граматай, якую ў Бяларучах узяў, так і пражыў усё жыцьцё. »

З успамінаў жыхаркі Бяларучаў Яўгеніі Баранчык[4]

Цяпер Бяларуцкая школа, адна з найстарэйшых школаў у Лагойскім раёне, носіць імя Янкі Купалы. Яно было прысвоена школе пастановай СНК БССР і ЦК КП(б)Б у жніўні 1945 году.[5] У 1954 годзе тут была адкрытая першая кляса-музэй Янкі Купалы.[2] У 1972 годзе на будынку школы ўсталявана мэмарыяльная дошка.[5] У 1998 годзе была адкрытая новая экспазыцыя музэю «Янка Купала ў Бяларучах», прымеркаваная да 100-годзьдзя з дня заканчэньня Купалам Бяларуцкай школы.[2] Пакуль захаваўся будынак старой школы ў Бяларучах, дзе знаходзілася народнае вучылішча.[4]

Насельніцтва

  • 2010 год — 94 жыхары
  • 2003 год — 78 жыхароў, 39 двароў
  • 1999 год — 86 жыхароў

Страчаная спадчына

  • Сядзіба Аборскіх
  • Царква Сьвятой Багародзіцы. На месцы царквы ў 2004 годзе пабудаваная з чырвонай цэглы Сьвята-Ўсьпенская царква (архітэктар Г. І. Чырван)[6]
  • Царква Ўсьпеньня Прасьвятой Багародзіцы. Пабудаваная ў XVIIIXIX стагодзьдзі. У 1800 годзе царква адзначана як уніяцкая пры маёнтку менскага крайчага Фамы Аборскага. Невялікі вясковы храм быў зроблены ў форме падоўжанага крыжа. Гонтавыя дахі над зрубамі завяршаліся двума глухімі купаламі, у франтоннай частцы ўзвышалася шатровая званіца. Унутры апсыду вылучаў двухярусны іканастас на сем абразоў, які меў блакітную афарбоўку і дэкаратыўную пазалочаную накладную разьбу. Ад вясковай забудовы храм адасабляўся простай агароджай зь бярвеньня. Зруйнаваная ў 1914 годзе.[2]
Remove ads

Крыніцы

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads