Замах на Дональда Трампа
замах на Дональда Трампа 13 ліпеня 2024 году From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
На Дональда Трампа, 45-га прэзыдэнта ЗША і меркаванага кандыдата ад Рэспубліканскай партыі на прэзыдэнцкіх выбарах 2024 году, быў зьдзейсьнены напад 13 ліпеня 2024 году падчас перадвыбарчага мітынгу[8] каля Батлера, штат Пэнсыльванія, ЗША[9][10][11].

Стралком быў 20-гадовы Томас Мэт’ю Крукс з Бэтэль-Парку, Пэнсыльванія[14]. Супрацоўнікі праваахоўных органаў і відавочцы сказалі, што Крукс выпаўз на дах каля месца правядзеньня мітынгу і выпусьціў восем патронаў з паўаўтаматычнай вінтоўкі тыпу AR-15, перш чым быў забіты снайпэрам групы контрнападу Сакрэтнай службы[15].
Пасьля стрэлу Трамп хіліўся на зямлю і быў хутка акружаны супрацоўнікамі сакрэтнай службы. Неўзабаве ён падняўся на ногі, з ягонага правага вуха цякла кроў і ён папрасіў абутак. Затым ён падняў кулак у паветра і закрычаў «змагайцеся, змагайцеся» (па-ангельску: fight, fight), перш чым агенты Сакрэтнай службы даставілі яго да аўтамабіля[16][17]. Затым Трамп быў адпраўлены ў лякарню й адпушчаны ў стабільным стане, адляцеўшы на самалёце ў Нью-Джэрзі[18][19]. Удзельнік мітынгу быў забіты, двое іншых удзельнікаў атрымалі цяжкія траўмы[20].
Стральба расьсьледуецца як замах на забойства. Гэта першы выпадак, калі былы або цяперашні прэзыдэнт ЗША быў паранены пры спробе забойства пасьля таго, як тагачасны прэзыдэнт Роналд Рэйган быў застрэлены ў 1981 годзе, і першы раз для кандыдата ў прэзыдэнты пасьля спробы забойства Джорджа Ўолеса ў 1972 годзе[21].
Remove ads
Перадгісторыя
На момант здарэньня нападу былы прэзыдэнт Дональд Трамп зьяўляўся меркаваным кандыдатам ад Рэспубліканскай партыі на прэзыдэнцкіх выбарах 2024 году[22]. Мітынг 13 ліпеня 2024 году праводзіўся ў рамках перадвыбарнай кампаніі з мэтай павялічыць галасы выбарнікаў у вагальным штаце Пэнсыльванія.
Страляніна адбылася праз два тыдні пасьля посьпеху Трампа на дэбатах з Джо Байдэнам і за два дні да пачатку Нацыянальнага зьезда Рэспубліканскай партыі, на якім павінны абраць кандыдата ад партыі для ўдзелу ў лістападаўскіх выбарах[23].
На мітынгу Трампа наведвальнікі правяраліся на наяўнасьць зброі і забароненых прадметаў[24]. Паводле старшыні Рэспубліканскага камітэта акругі Батлер Джэймза Э. Хʼюлінгса, на мерапрыемстве прысутнічала каля 50 000 чалавек[25].
Remove ads
Стральба
13 ліпеня ў 18:11 па паўночнаамэрыканскім усходнім часе, праз шэсьць хвілін пасьля таго, як Трамп пачаў сваю прамову[26], было выраблена некалькі стрэлаў[27][28]. Паводле фатографа New York Times Дуга Мілза, які знаходзіўся на месцы здарэньня, было чуваць тры—чатыры стрэлы[29]. Паводле паведамленьня рэпартэркі ABC News Кацярыны Фолдэрз, было зроблена 8 стрэлаў зь вінтоўкі тыпу AR-15. Стралок разьмяшчаўся на даху найблізкага будынка і выкарыстаў вінтоўку[30][31]. Баявік не прайшоў надгляду, бо знаходзіўся за межамі перымэтра бясьпекі мітынгу[32] на адлегласьці прыкладна 60—90 мэтраў[30][33]. Трое іншых удзельнікаў мітынгу атрымалі раненьні, у выніку чаго адзін чалавек загінуў, яшчэ два апынуліся ў крытычным стане. На левых трыбунах стадыёна была бачная кроў. Сьведкі паведамлялі, што бачылі, як Сакрэтная служба перасьледвала кагосьці зьлева ад трыбун[34][35].
Пасьля стрэлаў снайпэра Трамп схапіўся за вуха, а затым прысеў, схаваўшыся за трыбунай. Куля прайшла ў мілімэтрах па датычнай ад твару. Да яго кінуліся аґенты Сакрэтнай службы і закрылі палітыка сваімі целамі. Праз 25 сэкунд ён падняўся, на ягоным вуху й шчацэ была бачная кроў. Пасьля гэтага кандыдата ў прэзыдэнты ў шчыльным коле агентаў Сакрэтнай службы павезьлі зь мітынгу; сыходзячы, ён падняў уверх руку са сьціснутым кулаком, што выклікала радасьць натоўпу[36][37][38].
Remove ads
Наступствы
Трампа даставілі ў мэмарыяльную бальніцу Батлера для абсьледаваньня. Прадстаўнік Сакрэтнай службы заявіў, што Трамп у бясьпецы[39]. Паводле прадстаўніка перадвыбарчага штаба Стывена Чэнга, з палітыкам «усё ў парадку»[40].
Пракурор акругі Батлер заявіў, што стралок і адзін з удзельнікаў мітынгу былі забітыя[41].
Сябра Палаты прадстаўнікоў ЗША Роні Джэксан пазьней распавёў Fox News, што ягоны пляменьнік быў паранены ў шыю[42].
Неадкладна была разгорнута экстраная эвакуацыя 50 000 гледачоў, якая была апісана відавочцамі як «лягістычны кашмар»[43].
Прадстаўнік мэра Нью-Ёрку Эрыка Адамза заявіў, што прысутнасьць паліцыі будзе павялічана па ўсім месьце «зь меркаваньняў засьцярогі»[44].
Расьсьледаваньне
Сакрэтная служба ЗША пачала расьсьледаваньне сумесна зь Міністэрствам юстыцыі, Фэдэральным бюро расьсьледаваньняў і Бюро па кантролі за алькаголем, тытунём, агнястрэльнай зброяй і выбуховымі рэчывамі[45]. Злачынства расьсьледуецца як замах на забойства[46].
Фэдэральныя сьледчыя папярэдне апазналі асобу стралка, ім аказаўся 20-гадовы белы мужчына з Пэнсыльваніі[47]. Паводле зьвестак New York Post, яго імем можа быць Томас Мэт’ю Крукс[48].
Remove ads
Рэакцыя
Пасьля стральбы Трамп зрабіў заяву ў сацыяльнай сетцы Truth Social[49]:
Я хачу падзякаваць Сакрэтнай службе ЗША і ўсім праваахоўным органам за хуткую рэакцыю на стральбу, якая толькі што адбылася ў Батлеры, штат Пэнсыльванія. Самае галоўнае, я хачу выказаць спачуваньні сямʼі загінулага на мітынгу чалавека, а таксама сямʼі яшчэ аднаго чалавека, які атрымаў цяжкія раненьні. Неверагодна, што такое можа здарыцца ў нашай краіне. На дадзены момант пра стрэлку, які зараз мёртвы, анічога не вядома. У мяне стрэлілі куляй, якая прабіла верхнюю частку правага вуха. Я адразу зразумеў, што нешта ня так, пачуў сьвіст, стрэлы і адразу адчуў, як куля разьдзірае скуру. Пачаўся моцны крывацёк і тады я зразумеў, што здарылася. БОЖА, ЗАХОЎВАЙ АМЭРЫКУ!
Дзейны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн і віцэ-прэзыдэнтка Камала Гарыс былі апавешчаныя аб злачынстве[50]. Пазьней Байдэн выступіў з афіцыйнай заявай з нагоды стральбы, асудзіўшы напад і падзякаваўшы супрацоўнікам Сакрэтнай службы:[51][52][53][54].
Мы правялі брыфінг наконт стральбы на мітынгу Дональда Трампа ў Пэнсыльваніі. Я ўдзячны за тое, што ён у бяспэцы і адчувае сябе добра. Я малюся за яго, яго сямʼю і ўсіх, хто быў на мітынгу, пакуль мы чакаем далейшую інфармацыю. Джыл і я ўдзячныя Сакрэтнай службе за тое, што яны забясьпечылі яго бясьпеку. У Амэрыцы няма месца такому ґвалту. Уся нацыя павінна абʼяднацца ў яго асуджэньні.
Незалежны кандыдат у прэзыдэнты Робэрт Ф. Кэнэдзі — малодшы заявіў, што надышоў час адкласьці рознагалосьсі і памаліцца за прэзыдэнта Трампа і яго сямʼю[55]. Былы прэзыдэнт ЗША Джордж Буш-малодшы назваў стральбу «баязьлівай» і пахваліў Сакрэтную службу за іхную рэакцыю[56].
Былы прэзыдэнт Барак Абама[57], губэрнатар Мічыгану Грэтхен Ўітмэр, лідар меншасьці Палаты прадстаўнікоў Гакім Джэфрыс, лідар большасьці ў Сэнаце Чак Шумэр, міністар транспарту Пітэр Бутыджыч, губэрнатар Пэнсыльваніі Джошуа Шапіра і былая сьпікерка Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі[58] асудзілі палітычны ґвалт.
Міжнародная рэакцыя
Многія палітычныя лідэры асудзілі страляніну, у тым ліку Хавіер Мілей з Аргентыны[59], Энтані Альбанэзэ з Аўстраліі[60], Ільхам Аліеў з Азэрбайджану[61], Джастын Трудо з Канады[62], Габрыель Борык з Чылі[63], Нікас Хрыстадулідэс з Кіпру[64], Даніель Набоа з Эквадору[65], Наіб Букеле з Сальвадору[66], Эманюэль Макрон з Францыі[65], Кірыякас Міцатакіс з Грэцыі[67], Віктар Орбан з Вугоршчыны[68], Нарэндра Модзі з Індыі[68], Сайман Гарыс з Рэспублікі Ірляндыя[69], Бэньямін Нэтаньягу з Ізраіля[70], Джорджа Мэлёні з Італіі[68][63], Фуміё Кісіда зь Японіі[71], Касым-Жамарт Такаеў з Казахстану[72], Андрэс Мануэль Лёпэс Абрадор з Мэксыкі[73], Магамэд Муізу з Мальдываў[74], Шэгбаз Шарыф з Пакістану[75], Бонгбонг Маркас зь Філіпінаў[76], Анджэй Дуда і Дональд Туск з Польшчы[77], Юн Сук Ёль з Паўднёвай Карэі[78], Ульф Крыстэрсан са Швэцыі[79], Лай Чынг-тэ з Тайваня[75] Рэджэп Таіп Эрдаган з Турэччыны[80], Уладзімер Зяленскі з Украіны[68], Кір Стармэр зь Вялікабрытаніі[81], Мая Санду з Малдовы[82], Шаўкат Мірзіяеў з Узбэкістану[82], Дзьмітры Пяскоў з Расеі[82] й Нікаляс Мадура з Вэнэсуэлы[83]. Прэмʼер-міністар Грузіі Іраклі Кабахідзэ выказаў салідарнасьць з Дональдам Трампам і абвінаваціў «Партыю глябальнай вайны» ў адказнасьці за напад у дадатак да іншых актаў палітычнага ґвалту, такіх як спроба забойства і сьмерці Робэрта Фіцо, пагрозы супраць яго[84][85][86]. Былы прэзыдэнт Бразыліі Жаір Балсанару выказаў сваю салідарнасьць з Трампам пасьля стральбы.
Remove ads
Крыніцы
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads