Пакістан
краіна ў Паўднёвай Азіі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Пакіста́н (на урду: پاکستان) — краіна ў Паўднёвай Азіі. Мае выхад да Арабскага мора на поўдні, мяжуе з Аўганістанам на паўночным захадзе (2430 км), з Іранам на паўднёвым захадзе (909 км), з Кітаем на поўначы (523 км) і Індыяй на ўсходзе (2912 км). Пакістан ёсьць шостай паводле колькасьці насельніцтва краінай у сьвеце, якая мае другое па велічыні мусульманскае насельніцтва ў сьвеце пасьля Інданэзіі.
Тэрыторыя, якая на сёньня ўваходзіць у склад краіны, была домам для некалькіх старажытных культураў і пераплятаецца з гісторыяй індыйскага субкантынэнту. У даўнія часы у рэгіёне панавалі каралеўствы знаснаваныя на розных веравызнаньняз і культурах, у тым ліку індуізму, інда-грэкаў, мусульманаў, цюрка-манголаў, аўганцаў і сыкгаў. Вобласьць уваходзілся ў склад шматлікіх імпэрыяў і дынастыяў, у тым ліку пэрсыдзкай імпэрыі Ахемэнідаў, дзяржавы Аляксандра Македонскага, імпэрыі Сэлеўкідаў, індыйскай імпэрыі Маурыяў, імпэрыі Гупта[1], арабскага халіфату Амэядаў, Дэлійскага султанату, Мангольскай імпэрыі, імпэрыі Маголаў, аўганскай Дуранійскай імпэрыі, часткова імпэрыі сыкгаў, а таксама Брытанскае імпэрыі[2][3]. Пакістан зьяўляецца этнічна і лінгвістычна разнастайнай краінай, з такой жа разнастайнасьцю дзікай прыроды і ляндшафту. Першапачаткова быў утвораны як дамініён Пакістан пад кіраўніцтвам Мугамада Алі Джыны і ачольванай ім мусульманскай лігі, але пасьля прыняцьця канстытуцыі ў 1956 годзе, стаў ісламскай рэспублікай. Этнічная грамадзянская вайна і індыйскае ваеннае ўмяшаньне ў 1971 годзе прывялі да аддзяленьня Ўсходняга Пакістана і стварэньня на ягоным тле новай краіны Банглядэш[4]. У 1973 году Пакістан прыняў новую канстытуцыю, якая прадугледжвае, што ўсе законы павінны адпавядаць прадпісаньням ісламу, выкладзеным у Каране і Сунне[5].
Пакістан клясыфікуецца як рэгіянальная дзяржава[6][7][8] сярэдняй магутнасьці[9]. Мае шостую паводле велічыні колькасьць узброеных сілаў у сьвеце, а таксама мае атамную энэргетыку. Акрамя таго, Пакістан зьяўляецца адзінай краінай мусульманскага сьвету і другой краінай Паўднёвае Азіі, якая мае ядзерную зброю. Пакістан мае паўпрамысловую эканоміку з добра інтэграваным сэктарам сельскай гаспадаркі і сэктарам паслуг, які няўхільна расьце[10][11]. Дзяржава ўваходзіць у лік разьвіваных краінаў і вядучых эканомік сьвету паводле паказчыку росту СУП[12]. Даволі хутка ў Пакістане расьце сярэдняя кляса ў параўненьні з сусьветным паказчыкам[13][14]. Палітычная гісторыя Пакістану пасьля атрыманьня незалежнасьці характарызавалася пэрыядамі вайсковага панаваньня, палітычнай нестабільнасьці і канфліктаў зь Індыяй. Краіна працягвае сутыкацца з складанасьцямі і праблемамі, у ліку якіх перанаселенасьць, тэрарызм, беднасьць, непісьменнасьць і карупцыя[15][16][17]. Пакістан зьяўляецца чальцом Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, Садружнасьці нацыяў, Сусьветнай гандлёвай арганізацыі, назіральнікам Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, чальцом разьвіваных краінаў G33.
Remove ads
Гісторыя
Вэдычны пэрыяд, які ахоплівае час ад 1500 да 500 гадоў да н. э., характарызаваліся індаарыйскай культурай. На працягу гэтага пэрыяду былі складзены Веды, старажытныя індуісцкія пісаньні. Апасьля гэтая культура была добра вядомая ў рэгіёне[18]. Горад Мултан быў важным цэнтрам паломніцтва індуістаў[19]. Ведычная цывілізацыя квітнела ў Панджабе[20]. Сярод імпэрыяў, якія ўключалі ў свой склад тэрыторыю сучаснага Пакістану, вылучаюцца пэрсыдзкая імпэрыя Ахемэнідаў (каля 519 году да н. э.), імпэрыя Аляксандра Македонскага (326 год да н.э.)[21] і імпэрыя Маурыяў, заснаваная Чандрагупта Маурыя і пашыранае за часам Ашокі Вялікага (да 185 году да н. э.)[20]. Інда-грэцкае каралеўства заснаванае Дэмэтрыюсам Бактрам (180—165 гады да н. э.) уключала ў свой склад Гандгара і Панджаб і дасягнула свайго найбольшага памеру пры Мэнандэры, за часам якіх квітнела грэцка-будыйскай культура ў рэгіёне[20]. У канцы VI стагодзьдзя да н. э. у рэгіёне быў створаны цэнтар адукацыі, які лічыцца адным з самых старажытных у сьвеце[22]. Школа складалася зь некалькіх манастыроў зь невялікімі інтэрнатамі або аўдыторыямі, дзе праводзіліся заняткі на індывідуальнай аснове[22]. Гэты старажытны цэнтар адукацыі быў задакумэнтаваны грэкамі падчас уварваньня Аляксандра Вялікага, як месца якое не было падобнае на Грэцыю, а таксама было згадана кітайскімі пілігрымамі ў IV або V стагодзьдзі н. э.[23]

Арабскі заваёўнік Мугамад ібн Касім захапіў Сынд і некаторыя рэгіёны Панджабу ў 711 годзе[25]. Афіцыйная храналёгія пакістанскага ўраду сьцьвярджае, што менавіта ў гэты час былі закладзеныя падмуркі сучаснай краіны[26]. У раньні сярэднявечны час іслам знайшоў свой распаўсюд у рэгіёне[27]. Да прыходу ісламу, які пачаўся ў VIII стагодзьдзі, у рэгіёне Пакістану культавалася мноства розных рэлігіяў, у тым ліку індуізм, будызм, джайнізм і зараастрызм[28]. У гэты час суфійскія місіянэры адыгралі ключавую ролю ў навяртаньні большасьці насельніцтва рэгіёну ў іслам[29]. Пасьля паразы цюркскіх і індуісцкіх дынастыяў шагі, якія кіравалі Кабульскай далінай, Гандгарай і заходнім Панджабам у VII—XI стагодзьдзях, некалькі пасьлядоўных мусульманскіх імпэрыяў кіравалі рэгіёнам, у тым ліку імпэрыя Газнэвідаў у 975—1187 гады, Каралеўства гурыдаў і Дэлійскі султанат у 1206—1526 гады[30]. Дэлійскі султанат саступіў сваё месца Імпэрыі Вялікіх Маголаў[31].
Маголы прынесьлі пэрсыдзкую літаратуру і высокую культуру, заклаўшы карані інда-пэрсыдзкай культуры ў рэгіёне[32]. На тэрыторыі сучаснага Пакістану ключавымі гарадамі таго часу былі Мултан, Лагор, Пэшавар і Тата[33], якія былі абраныя месцамі ўзьвядзеньня ўражлівых будынкаў эпохі Вялікіх Маголаў[34]. У пачатку XVI стагодзьдзя рэгіён заставаўся пад уладай Імпэрыі Вялікіх Маголаў[35]. У XVIII стагодзьдзі павольны распад імпэрыі быў паскораны зьяўленьнем канкуруючых дзяржаваў, як то Імпэрыя маратгаў, а пазьней Імпэрыяй сыкгаў, а таксама ўварваньнямі Надыр-шага з Ірану ў 1739 годзе і Імпэрыі Дурані ў Аўганістан у 1759 годзе[36]. На той час узрослая палітычная ўлада брытанцаў у Бэнгаліі яшчэ не дасягнула тэрыторый сучаснага Пакістану[37].

Аніводная частка сучаснага Пакістану не была пад брытанскай уладай да 1839 году, калі быў захоплены Карачы, на той час невялікая рыбацкая вёска, якой кіравалі талпуры Сынду. Гэтае паселішча было абароненае гліняным фортам, які ахоўваў гавань[38][39], і выкарыстоўвалася як анкляў з портам і вайсковай базай за часам Першай аўганскай вайны, якая рушыла ўсьлед[40]. Астатняя частка Сынду была набытая Ост-Індзкай кампаніяй у 1843 годзе[41], а пасьля, праз сэрыю войнаў і дамоваў, а таксама пасьля паўстаньня сыпаяў, у беспасярэднее кіраваньне каралевы Вікторыі Брытанскай імпэрыі[42]. Ключавыя канфлікты ўлучалі канфлікты супраць дынастыі бэлуджскіх талпураў, якія скончыліся бітвай пры Міяні ў 1843 годзе ў Сындзе[43], ангельска-сыкгскія войны[44] і ангельска-аўганскія войны. Да 1893 году ўвесь сучасны Пакістан уваходзіў у склад Брытанскай імпэрыі і заставаўся там да набыцьця незалежнасьці ў 1947 годзе[45]. Пад брытанскім панаваньнем сучасны Пакістан быў пераважна падзелены на Сынд, Панджаб і Бэлуджыстан. У рэгіён таксама ўваходзілі розныя княствы, найбуйнейшым зь якіх быў Багавалпур[46][47].
Важным паўстаньнем супраць брытанцаў у рэгіёне стала Індыйскае паўстаньне 1857 году, вядомае ў той час як Сыпайскі мяцеж. Рознагалосьсі ў адносінах паміж індуізмам і ісламам прывялі да значнай напружанасьці ў Брытанскай Індыі, што выклікала рэлігійны гвалт. Спрэчкі вакол мовы яшчэ больш пагоршылі напружанасьць паміж індуістамі і мусульманамі[48]. Мусульманскі інтэлектуальны рух, які ачоліў сэр Саед Агмэд Хан, каб супрацьстаяць індуісцкаму адраджэньню, выступаў за тэорыю дзьвюх нацыяў і прывёў да стварэньня Ўсеіндыйскай мусульманскай лігі ў 1906 годзе[49].
У сакавіку 1929 году ў адказ на даклад Нэру Мугамад Алі Джына, заснавальнік Пакістану, апублікаваў свае чатырнаццаць пунктаў, якія ўлучалі прапановы па абароне інтарэсаў мусульманскай меншасьці ў аб’яднанай Індыі. Гэтыя прапановы былі адхіленыя. У сваім звароце ад 29 сьнежня 1930 году Аляма Ікбал выступіў за аб’яднаньне штатаў з мусульманскай большасьцю ў паўночна-заходняй Індыі, у тым ліку Панджаба, паўночна-заходняй памежнай правінцыі, Сынду і Бэлуджыстану. Меркаваньне, што брытанскія правінцыйныя ўрады пад кіраўніцтвам кангрэса ігнаравалі Мусульманскую лігу з 1937 па 1939 гады, матывавала Джыну ды іншых лідэраў Мусульманскай лігі прасунуць тэорыю дзьвюх нацыяў[50][51]. Гэта прывяло да прыняцьця Лагорскай рэзалюцыі 1940 году, прадстаўленай Абулам Касэмам Фазлулам Гакам, таксама вядомай як Пакістанская рэзалюцыя[52].
Імя краіны «Пакістан» азначае «краіна чысьціні» на ўрду і фарсі. Яго прыдумаў у 1934 годзе (спачатку як «Пакстан») Чоўдгуры Рахмат Алі, які і апублікаваў яго ў сваім артыкуле «Цяпер або ніколі»[53]. Імя мусіла абазначаць «трыццаць мільёнаў мусульманаў Пакстану, якія жывуць у пяці Паўночных правінцыях (Брытанскае) Індыі — Панджабе, Аўганіі (вядомай таксама як Паўночна-Заходняя памежная правінцыя), Кашміры, Сындзе і Бэлуджыстане»[54].
Незалежнасьць ад Брытаніі атрыманая ў 1947; датуль Пакістан уваходзіў у склад Індыі; рэспубліка абвешчаная ў 1956. Усходні Пакістан стаў самастойнай краінай Банглядэш у 1971 годзе. Пасьля грамадзянскай вайны ўлада перайшла да Зульфікар Алі Бгута, ён быў скінуты генэралам Зія уль-Гакам у 1977 і пакараны сьмерцю ў 1979. Агітацыя за правядзеньне вольных выбараў была пачатая Бэназір Бгута ў 1986, яна была абраная прэзыдэнтам у 1988 (вызваленая ад улады ў 1990). Пакістан далучыўся да Садружнасьці ў 1989. Урад Ісламскага дэмакратычнага альянсу ўвёў законы шарыяту і пачаў зьдзяйсьняць праграму прыватызацыі ў 1991. У 1993 Фарух Легары быў абраны прэзыдэнтам, абяцаў аднавіць поўную парлямэнцкую палітычную сыстэму. Бэназір Бгута была абраная прэм’ер-міністрам у 1993. Ад 2018[55] да 2024 году прэзыдэнтам Пакістану быў Арыф Алві[56]. Ад 2018 да 2022 году прэм’ер-міністрам Пакістану быў Імран Хан[57].
Remove ads
Геаграфія

З улікам разнастайных геаграфічных і кліматычных умоваў Пакістану тут можна пабачыць шырокі спэктар дзікай прыроды[58]. Пакістан займае плошчу 881 913 км²[59], што параўнальна з памерамі Францыі і Вялікабрытаніі ў сукупнасьці[60]. Паводле агульнай плошчы тэрыторыі краіна займае 33-ы радок[61], але гэтая лічба залежыць ад спрэчнага статусу Кашміру. Пакістан мае берагавую лінію працягласьцю 1046 км уздоўж Арабскага мора і Аманскай затокі[62][63] і мае агульныя сухаземныя межы працягласьцю 6774 км, у тым ліку 2430 км з Аўганістанам, 523 км з Кітаем, 2912 км зь Індыяй і 909 км з Іранам. Пакістан мае марскую мяжу з Аманам[64] і мяжуе з Таджыкістанам праз Ваханскі калідор[65]. Разьмешчаны на скрыжаваньні Паўднёвай Азіі, Блізкага Ўсходу і Цэнтральнай Азіі, што надае яму геапалітычнае значэньне[66]. Геалягічна Пакістан знаходзіцца паміж шоўнай зонаю Інд-Цангпа і Індыйскай тэктанічнай плітою ў Сындзе і Панджабе, у той час як Бэлуджыстан і большая частка Хайбэр-Пахтунхвы месьціцца на Эўразійскай пліце, галоўным чынам на Іранскім узвышшы. Гілгіт-Балтыстан і Азад Кашмір ляжаць уздоўж краю Індыйскай пліты, таму схільныя да магутных землятрусаў.

Краявіды Пакістану вар’ююцца ад прыбярэжных раўнінаў да пакрытых ледавіком гораў, маючы пустэльні, лясы, пагоркі і ўзвышшы[67]. Краіна падзеленая на тры асноўныя геаграфічныя зоны, як то паўночнае нагор’е, раўніну ракі Інд і плята Бэлуджыстан[68]. Паўночнае нагор’е ўлучае горныя хрыбты Каракарум, Гіндукуш і Памір, дзе месьціцца адныя з самых высокіх вяршыняў сьвету, у тым ліку пяць з чатырнаццаці васьмітысячнікаў[69][70]. Плята Бэлуджыстану знаходзіцца на захадзе, а пустэльня Тар месьціцца на ўсходзе краіны[71][72][73]. Рака Інд мае даўжыню ў 1609 км, а ейныя прытокі перасякаюць краіну ад Кашміру да Арабскага мора, а ўздоўж яе раскіданыя алювіяльныя раўніны ў рэгіёнах Панджаб і Сынд[74].
Клімат
На клімат краіны ўплываюць мусоны, на большай частцы Пакістану клімат трапічны, па паўночным захадзе — субтрапічны. У Пакістане сэзон мусонаў з частымі паводкамі праз моцныя ападкі зьмяняецца на сухі сэзон з значна меншай колькасьцю ападкаў або іхным бракам агулам[75]. У Пакістане назіраюцца чатыры выразна акрэсьленыя сэзоны, як то прахалодная і сухая зіма зь сьнежня па люты, гарачая і сухая вясна з сакавіка па травень, летні сэзон дажджоў або пэрыяд паўднёва-заходніх мусонаў з чэрвеня па верасень, пэрыяд адступных мусонаў у кастрычніку і лістападзе[76]. Колькасьць ападкаў моцна розьніцца з году на год, з распаўсюджанымі схемамі чаргаваньня паводак і засушаў[77]. Сярэдняя тэмпэратура студзеня вагаецца ад +12 °C да +16 °C, а тэмпэратура ліпеня знаходзіцца ў межах ад +30 °C да +35 °C. Колькасьць ападкаў на раўніне складае 100—400 мм, у гарах — да 1000 мм.
Флёра і фаўна

Разнастайны ляндшафт і клімат Пакістану спрыяюць шырокай разнастайнасьці дрэваў і расьлінаў[78]. Ад хвойных альпійскіх і субальпійскіх дрэваў, як то яліна, хвоя і гімалайскі кедр у паўночных гарах, да лісьцяных дрэваў, як то дальбэргія сысу ў Сулейманавых гарах[75], і какосавых і фінікавых пальмаў у паўднёвых рэгіёнах[79][80]. Заходнія пагоркі могуць пахваліцца ядлоўцам, тамарыскам, грубымі травамі і хмызьняковымі расьлінамі[81]. Мангравыя лясы дамінуюць у прыбярэжных забалочаных тэрыторыях на поўдні[82]. Хвойныя лясы растуць на вышыні ад 1000 да 4000 мэтраў у большасьці паўночных і паўночна-заходніх нагор’яў[83]. У некаторых рэгіёнах Бэлуджыстану маюць распаўсюд фінікавыя пальмы і эфэдра[79][84]. На раўнінах Інду ў Панджабе і Сындзе квітнеюць трапічныя і субтрапічныя сухія і вільготныя шырокалісьцевыя лясы, а таксама трапічныя і склерафітныя хмызьнякі. У 2021 годзе лясамі было пакрыта прыблізна 4,8% або 36 845,6 км² тэрыторыі Пакістану[85].
Фаўна Пакістану адлюстроўвае ягоны разнастайны клімат. У краіне налічваецца блізу 668 відаў птушак[86], у тым ліку вароны, вераб’і, майны, ястрабы, сокалы і арлы. На раўнінах Палас жыве трагапан чарнагаловы, а таксама шмат пералётных птушак з Эўропы, Цэнтральнай Азіі і Індыі[87]. На паўднёвых раўнінах водзяцца мангусты[88], Viverricula indica[89], зайцы, азіяцкі шакал, індыйскі яшчар, чаротавы[90] ды барханны кот[91]. У Індзе водзяцца кракадзілы[92], а ў навакольных раёнах водзяцца дзікі, алені і іглак індыйскі. Пясчаныя хмызьнякі цэнтральнага Пакістану ёсьць арэалам азіяцкіх шакалаў, паласатых гіенаў[93], дзікіх котак і леапардаў. На гарыстай поўначы водзяцца розныя жывёлы, як то бараны падвіду Ovis ammon polii, муфлён азіяцкі, мархур, белагруды мядзьведзь і гімалайскі мядзьведзь[75].
Адсутнасьць расьліннага покрыва, суворы клімат і выпасы быдла ў пустэльнях паставілі пад пагрозу зьнікненьня дзікіх жывёлаў[94]. Газэль віду Gazella bennettii ёсьць адзінай жывёлай, якая сустракаецца ў значнай колькасьці ў Чалістане[95], як і антылёпа нільгаў уздоўж мяжы паміж Пакістанам і Індыяй ды ў некаторых частках Чалістану[96]. Сярод рэдкіх жывёлаў вылучаюцца сьнежны барс і індзкі дэльфін[75], апошняга зь якіх, як мяркуецца, засталося блізу 1816 асобінаў, таму ён быў узяты пад ахову ў запаведніку дэльфінаў Інду ў Сындзе[97]. Усяго ў Пакістане зарэгістравана 174 віды сысуноў, 177 відаў паўзуноў, 22 віды земнаводных, 198 відаў прэснаводных рыбаў, 668 відаў птушак, больш за 5 тысяч відаў вусякоў і больш за 5700 відаў расьлінаў[86]. Пакістан сутыкаецца з высечкай лясоў, паляваньнем і забруджваньнем навакольнага асяродзьдзя, а сярэдні індэкс цэласнасьці ляснога покрыва за 2019 год склаў 7,42/10, што ставіць яго 41-е месца ў сьвеце ў ліку 172 джяржаваў[98].
Remove ads
Палітыка
Адміністрацыйны падзел

Правінцыі:
Тэрыторыі:
Пакістанскі адміністрацыйны падзел Кашміру:
Дзьве апошнія адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі створаныя на тэрыторыях, занятыя Пакістанам у 1947 годзе ў выніку Кашмірскага канфлікту, які распачаўся праз тэрытарыяльныя прэтэнзіі Пакістану на землі княства Джаму і Кашмір, якое, аднак, неўзабаве падало просьбу аб уваходжаньні ў склад суседняй Індыі. Канфлікт спрычыніўся да шэрагу пазьнейшых узброеных канфліктаў, аднак у Кашміры ў якасьці фактычнае мяжы захоўваецца лінія спыненьня агню на 1949 год. Урад Індыі не прызнае фактычнае заваёвы Пакістану, разглядаючы Азад Кашмір і Гілгіт-Балтыстан як часткі ўласнага штату Джаму і Кашмір. У 1960-х гг. Пакістан перадаў крайнюю поўнач кантраляванай ім часткі Кашміру на карысьць Кітаю (Шаксгамская даліна). Усе адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі, апрача сталічнае тэрыторыі, падзяляюцца на меншыя (акругі, якія ўтрымліваюць тэгсылы), пры гэтым Азад Кашмір фармальна мае статус дзяржавы, асацыяванай з Пакістанам.
Эканоміка
Пакістан — аграрна-індустрыйная краіна. Большая частка насельніцтва працуе ў сельскай гаспадарцы.
Сельская гаспадарка
Сельская гаспадарка — гэта аснова эканомікі краіны. Галоўная сельскагаспадарчая культура — пшаніца (18,2 млн т.). Таксама вырошчваецца рыс (6,3 млн т.), кукуруза (5 млн т.), цукровы трысьнёг (48 млн т.) і бавоўна (5 млн т.). У Пакістане існуе разьвітая арашальная сетка (арашае 6,7 млн га земляў).
Прамысловасьць
У 1952 годзе былі вынайдзены першыя радовішчы прыроднага газу ў Бэлуджыстане, потым таксама знайшлі газ і ў Сіндзе і Пэнджабе. Вынайдзена 7 радовішчаў нафты (запасы ацэньваюцца ў 300 млн барэляў). Зь іншых карысных выкапняў вядзецца здабыча вугля, хромавай руды, мармура, солі, вапняку, урану, фасфатаў, барытаў, серы, каштоўных і паўкаштоўных камянёў.
Самай разьвітай галіной апрацоўваючай прамысловасьці краіны, зьяўляецца тэкстыльная, якая выкарыстоўвае мясцовую сыравіну. Існуюць нафтаперапрацоўчыя заводы, мэталюргічны камбінат, разьвіваецца мелкая вытворчасьць спартовых тавараў і фармацэўтычная прамысловасьць.
У красавіку 2005 году Пакістан пачаў вытворчасьць уласных аўтамабіляў REWO, існуе зборачны завод КАМАЗ у Карачы.
Энэргетыка Пакістану заснавана ў асноўным на гідраэлектрастанцыях. Вытворчасьць электрычнай энэргіі ў 2003 годзе склала 76,92 млрд кВт пры спажываньні 71,54 млрд кВт.
Remove ads
Дэмаграфія
Этнічны склад насельніцтва: пэнджабцы (55%), сындхі (20%), пуштуны і мугаджыры (20%), бэлуджы (5%) і інш.
Культура
Спорт

Самыя распаўсюджаныя віды спорту ў Пакістане — футбол, хакей на траве, вялікі і настольны тэніс, барацьба, бокс, цяжкая атлетыка, гольф, пола, плаваньне, сквош, бэйсбол і крыкет.
Крыкет
Найбольш папулярны від спорту ў краіне — крыкет. Зборная каманда Пакістану па крыкеце зьяўляецца адной з наймацнейшых у сьвеце і змагаецца за лідэрства ў міжнародных спаборніцтвах з сапернікамі зь Вялікабрытаніі, Аўстраліі і Індыі. У 1992 годзе Пакістан здолеў перамагчы ў Кубку сьвету па крыкеце. З мэтай кіраўніцтва і кантролю за разьвіцьцём крыкета ў дзяржаве быў створаны адмысловы нацыянальны камітэт[99].
Хакей на траве
З алімпійскіх відаў спорту хакей на траве зьяўляецца найбольш пасьпяховым для Пакістану. З сваіх 10 алімпійскіх мэдалёў за ўсю гісторыю правядзеньня гульняў пакістанцы 8 зь іх выйгралі менавіта ў мужчынскім хакеі на траве, у тым ліку ўсё золата і срэбра. Тройчы (1960, 1968 і 1984) пакістанцы станавіліся алімпійскімі чэмпіёнамі, тройчы выйгравалі срэбра (1956, 1964, 1972) і двойчы бронзу (1976 і 1992). Такім чынам з 1956 па 1984 гады Пакістан выйграваў узнагароды на ўсіх сямі Алімпіядах, у якіх прымаў удзел (Гульні ў Маскве-1980 Пакістан байкатаваў). Менавіта Пакістан у 1960 годзе ў Рыме здолеў перапыніць пераможную сэрыю Індыі, якая выйгравала золата на шасьці Алімпіядах запар (у фінале Пакістан абыграў Індыю зь лікам 1:0). Бронза хакеістаў на Алімпіядзе-1992 у Барсэлёне застаецца на дадзены момант апошняй алімпійскай узнагародай пакістанцаў. Яшчэ дзьве алімпійскія ўзнагароды прынесьлі Пакістану барацьбіт вольнага стылю Магамад Башыр (бронза ў 1960 годзе) і баксэр Саед Гусэйн Шаг (бронза ў 1988 годзе).
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads