Нью-Ёрк
горад у штаце Нью-Ёрк, ЗША From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Нью-Ёрк (па-ангельску: New York City) — горад у ЗША, адзін з найбуйнейшых мэгаполісаў сьвету[2][3]. Разьмешчаны ў паўднёва-ўсходняй частцы штату Нью-Ёрк на беразе Атлянтычнага акіяна. Адміністрацыйна падзелены на 5 раёнаў: Мангэтан, Бронкс, Бруклін, Кўінз, Стэйтэн-Айлэнд. Нью-Ёрк быў заснаваны ў пачатку XVII стагодзьдзя галяндзкімі асаднікамі, першапачатковы назоў — Новы Амстэрдам[4].
Асноўныя славутасьці разьмешчаныя ў Мангэтане. Сярод іх: вядомыя небасягі (Эмпайр-Стэйт-Білдынг, Крайсьлер-Білдынг), будынак чыгуначнага вакзалу Гранд Цэнтрал, Ракфэлер-Цэнтар, Музэй Гугенгайма (жывапіс), Амэрыканскі музэй прыродазнаўства, штаб-кватэра ААН. Нью-Ёрк ёсьць сусьветным горадам, а таксама культурным, фінансавым, высокатэхналягічны[5], забаўляльным і мэдыйным цэнтрам. Ён мае значны ўплыў на міжнародны гандаль, сыстэму ахову здароўя, навуковую прадукцыю, дасьледаваньні, разьвіцьцё тэхналёгіяў, адукацыю, палітыку, турызм, мастацтва, моду і спорт. Нью-Ёрк ёсьць важным цэнтрам міжнароднай дыпляматыі, бо тут месьціцца штаб-кватэра ААН[6][7], і часам згадваецца як найважнейшым горадам плянэты[8] і сталіцай сьвету[9][10]. З больш чым 20,1 мільёнамі чалавек у сталічным статыстычным арэале і 23,5 мільёнамі ў камбінаваным статыстычным арэале паводле стану на 2020 год, Нью-Ёрк ёсьць адным з самых населеных мэгаполісаў сьвету[11]. У Нью-Ёрку размаўляюць на 800 мовах, што робіць яго самым лінгвістычна разнастайным горадам сьвету. Горад выконвае закон аб правах, які гарантуе прытулак для тых, хто мае патрэбу ў ім, незалежна ад іхнага іміграцыйнага статусу[12].
Remove ads
Гісторыя
Раньняя гісторыя
На тэрыторыі, якую сёньня займае горад Нью-Ёрк[a], задоўга да зьяўленьня тут эўрапейцаў, жылі такія індзейскія плямёны, як манахатоў і канарсі. Гэта пацьвярджаюць знаходкі наканечнікаў стрэлаў і іншых артэфактаў у раёнах гораду, не забудаваных будынкамі, як, напрыклад, Інўуд-Гіл-Парк і Рывэрсайд-Парк.
Першы дакумэнтальна пацьверджаны візыт эўрапейцаў у гавань Нью-Ёрку адбыўся ў 1524 годзе дасьледнікам Джаваньні да Вэраццана[13]. Ён агалосіў гэтую тэрыторыю ўласнасьцю Францыі і назваў яе Новы Ангулем (франц. Nouvelle Angoulême)[14]. Гішпанская экспэдыцыя, ачоленая партугальскім капітанам Эштэванам Гомішам і накіраваная імпэратарам Карлам V, прыбыла ў гавань Нью-Ёрку ў студзені 1525 году. Вусьце ракі Гудзон было нанесеная на мапу, а гішпанцы далі рацэ назву Рыё-дэ-Сан-Антоніё[15]. У 1609 годзе ангельскі дасьленік Гэнры Гадсан наноў адкрыў гавань Нью-Ёрку падчас пошуку Паўночна-Заходняга праходу на ўсход на замову Галяндзкай Ост-Індзкай кампаніі[16]. Ён пракрочыў па рацэ, якую галяндцы называлі Паўночнай ракой (цяпер рака Гудзон), названай Гадсанам як Маўрыцыюс у гонар прынца Морыца Аранскага[17].
Галяндзкае панаваньне

Эўрапейскія селішчы зьявіліся ў 1626 годзе з галяндзкага селішча Новы Амстэрдам (нід. Nieuw Amsterdam) на паўднёвым ускрайку Мангэтану, аднак рост паселішча быў кволым[18]. Каб прыцягнуць новых засельнікаў, у 1628 годзе галяндцы ўладкавалі сыстэму патронаў, паводле якой заможныя галяндцы, званыя патронамі, якія прывезьлі як наймней 50 каляністаў, атрымлівалі зямлю, мясцовую палітычную аўтаномію і права браць удзел у прыбытковым гандлі футрам. Не зважаючы на такія прапановы, праграма не дала плёну[19]. З 1621 году Галяндзкая Вэст-Індзкая кампанія рабіла як манаполія ў Новых Нідэрляндах на падставе паўнамоцтваў, прадастаўленых Генэральнымі штатамі Нідэрляндаў. У 1639—1640 гадах, імкнучыся падштурхнуць эканамічны рост, кампанія адмовілася ад манаполіі на гандаль футрам, што прывяло да росту вытворчасьці і пашырэньню гандля прадуктамі харчаваньня, драўнінай, тытунем і рабамі[18][20].
У 1647 годзе Пітэр Стойвэсант стаў апошнім генэральным дырэктарам Новых Нідэрляндаў. Падчас ягонага кіраваньня насельніцтва рэгіёну павялічылася з 2 тысяч да 8 тысяч чалавек[21][22]. Стайвэсанту прыпісваюць паляпшэньне правапарадку, аднак ён заслужыў рэпутацыю дэспатычнага лідэра. Ён увёў правілы продажу сьпіртных напояў, спрабаваў усталяваць кантроль над Нідэрляндзкай рэфармацкай царквой і забараніў іншым рэлігійным групам адкрываць малітоўныя дамы[23].
Ангельскае панаваньне
У 1664 годзе ангельскія караблі захапілі горад, не сустрэўшы супраціву, і ён быў пераназваны ў Нью-Ёрк, у гонар герцага Ёрскага[24][25]. Умовы капітуляцыі дазвалялі галяндцам заставацца ў калёніі і карыстацца свабодай веравызнаньня[26]. У канцы Другой ангельска-галяндзкай вайны ў 1667 годзе галяндцы афіцыйна перадалі Нью-Ёрк ангельцам і наўзамен атрымалі калёнію Сурынам[27]. За часам Трэцяй ангельска-галяндзкай вайны 24 жніўня 1673 году галяндзкі флёт захапіў горад, але ўжо праз год паводле ўмоваў Ўэстмінстэркага міру вярнуў яго ангельцамі[28][29].
Некалькі міжплемянных войнаў сярод карэнных амэрыканцаў і эпідэміі, выкліканай кантактам з эўрапейцамі, прывялі да значнага зьмяншэньня насельніцтва індзейцаў ленапэ паміж 1660 і 1670 гадамі[30]. Да 1700 году колькасьць прадстаўнікоў гэтага племені скарацілася да 200 чалавек. Сам Нью-Ёрк перажыў некалькі эпідэміяў жоўтай ліхаманкі ў XVIII стагодзьдзі, страціўшы 10% свайго насельніцтва толькі ў 1702 годзе[31]. У пачатку XVIII стагодзьдзя Нью-Ёрк набыў значэньне як гандлёвы порт, будучы часткай калёніі Нью-Ёрк[32]. Горад быў цэнтрам рабства, гэтак да 1730 году 42% сем’яў гораду трымалі рабоў-афрыканцаў[33], іншых прывезеных афрыканцаў наймалі ў якасьці рабочай сілы, асабліва ў порце. Рабства стала неад’емнай часткай эканомікі гораду нароўні з банкаўскай і суднаходзкай справамі.
У 1735 годзе адбылося судовае паседжаньне ў Мангэтане, дзе Джона Пітэра Зэнгера абвінавачвалі ў нагаворы пасьля крытыкі ў бок губэрнатара калёніі Ўільяма Косьбі. Апраўдальны вырак у гэтай справе дапамог усталяваць свабоду прэсы ў Паўночнай Амэрыцы[34]. У 1754 годзе быў заснаваны Калюмбійскі ўнівэрсытэт[35].
Здабыцьцё незалежнасьці

У пачатку Вайны за незалежнасьць сучасная тэрыторыя гораду была арэнай важных бітваў. У выніку Бруклінскай бітвы ў Брукліне пачаўся вялікі пажар, у якім вялікая частка гораду згарэла, і ён да канца вайны патрапіў у рукі Вялікабрытаніі, пакуль амэрыканцы ізноў не завалодалі ім у 1783 годзе. Гэты дзень, пад назовам «Дзень эвакуацыі» (ангельцаў), доўга сьвяткаваўся ў Нью-Ёрку.
У студзені 1785 году асамблея Кангрэса Канфэдэрацыі зрабіла Нью-Ёрк сталіцай краіны[36]. Горад стаў першай сталіцай ЗША паводле канстытуцыі краіны[37]. Тут ладзілі інаўгурацыю першага прэзыдэнта дзяржавы Джорджа Вашынгтона, а Кангрэс ЗША сваё першае паседжаньне зладзіў у Фэдэрал-холе на Ўол-стрыт. Менавіта ў гэтым месьце Кангрэс распрацаваў Біль аб правах[37]. Вярхоўны суд правёў свае першыя арганізацыйныя пасяджэньні таксама ў Нью-Ёрку ў 1790 годзе. У 1790 годзе Нью-Ёрк упершыню абышоў Філадэлфію паводле колькасьці насельніцтва, стаўшы найвялікшым у краіне, аднак гэта не перашкодзіла ў канцы году перанесьці сталіцу ў Філадэлфію[38][39].

Цягам XIX стагодзьдзя насельніцтва гораду імкліва расло дзякуючы бурліваму прытоку вялікай колькасьці імігрантаў[40]. У 1811 годзе быў распрацаваны дальнабачны генэральны плян разьвіцьця гораду, паводле якога сетка вуліцаў была пашыраная, ахапіўшы ўвесь Мангэтан. Падчас Грамадзянскай вайны трывалыя гандлёвыя сувязі гораду з Поўднем, а таксама рост ягонага імігранцкага насельніцтва, прывялі да расколу паміж прыхільнікамі Зьвязу і прыхільнікамі Канфэдэрацыі, які дасягнуў найвышэйшай ступені ў «Заклічных мецяжах», найгоршых грамадзянскіх гармідараў у амэрыканскай гісторыі[41]. Большасьць удзельнікаў, якія чынілі бязладзьдзе, паходзілі з ірляндзкае працоўнае клясы[42]. Мяцежнікі нападалі на гарадзкую эліту, а таксама на мурынаў і іхную маёмасьць, бо паміж ірляндцамі і мурынамі дзесяцігодзьдзе існавала жорсткая канкурэнцыя за працу.
Пасьля вайны тэмп іміграцыі з Эўропы стромка ўзрос, і Нью-Ёрк стаў першым прыпынкам для мільёнаў людзей, якія прыбывалі ў Злучаныя Штаты ў пошуках новага і лепшага жыцьця. У 1886 годзе ў гавані Нью-Ёрку была ўсталяваная падораная Францыяй статуя Свабоды, якая хутка стала сымбалем ЗША і амэрыканскіх ідэалаў свабоды і міру[43].
Зьяднаньне гораду

У 1898 годзе горад Нью-Ёрк набыў сёньняшнія межы: перш ён складаўся з Мангэтану і Бронксу, далучанага да гораду з поўдня, ад акругі Ўэстчэстэр (заходні Бронкс у 1874 годзе, астатняя тэрыторыя — у 1895 годзе). У 1898, паводле новага законапраекту, была створаная новая муніцыпальная адзінка, першапачаткова названая Вялікі Нью-Ёрк. Новы горад быў падзелены на пяць раёнаў. Раёны Мангэтан і Бронкс пашырылі свае межы і пакрывалі цяпер тэрыторыю першапачатковага гораду і ўсю астатнюю частку Нью-Ёрскай акругі. Раён Бруклін складаўся з гораду Бруклін і некалькіх муніцыпалітэтаў ва ўсходняй частцы акругі Кінгс. Раён Кўінз быў заснаваны ў заходняй частцы акругі Кўінз і пакрываў некалькі невялікіх мястэчкаў і пасёлкаў, уключаючы Лонг-Айлэнд Сіці, Асторыю і Флашынг. Раён Стэйтэн-Айлэнд цалкам зьмясьціў акругу Рычманд. Усе былыя гарадзкія органы кіраваньня гэтых раёнаў былі скасаваныя. Праз год тэрыторыя акругі Кўінз, якая ня трапіла ў межы раёну Кўінз, стала акругай Наса (анг. Nassau)[b]. Адкрыцьцё Нью-Ёрскага мэтрапалітэну ў 1904 годзе, спачатку пабудаванага як асобныя прыватныя сыстэмы, дапамагло зьвязаць паміж сабой часткі новага гораду[44]. У 1914 годзе заканадаўчыя ўлады штату стварылі акругу Бронкс, а Нью-Ёрская акруга паменшылася да памераў аднаго Мангэтану. Сёньня пяць раёнаў Нью-Ёрку ў асноўным супадаюць межамі з адпаведнымі акругамі.
У першай палове XX стагодзьдзя горад стаў сусьветным цэнтрам прамысловасьці, гандлю і сувязі[45]. Нью-Ёрк стаў самай густанаселенай урбанізаванай зонай у сьвеце ў пачатку 1920-х гадоў, апярэдзіўшы Лёндан. У пачатку 1930-х гадоў колькасьць насельніцтва гораду з прадмесьцямі пераўвысіла 10 мільёнаў жыхароў, што зрабіла места першым мэгаполісам[46].

У 1930-х гадах абрысы Нью-Ёрку ўзьняліся ў вышыню з пабудоваю некалькіх найвышэйшых небасягаў сьвету[47]. Пасьля Другой сусьветнай вайны Нью-Ёрк стаў бясспрэчным сусьветным горадам-лідэрам. Пабудова штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку сымбалізавала ўнікальнае палітычнае значэньне гораду. Нью-Ёрк таксама замяніў Парыж у якасьці цэнтру сусьветнага мастацтва[48]. Адначасова з гэтым адбываліся працэсы пераезду часткі насельніцтва ў прадмесьці, што прывяло да павольнага памяншэньня колькасьці насельніцтва. Пасьля, зьмены ў прамысловасьці і гандлю і рост злачыннасьці залучылі ў 1970-х гадах Нью-Ёрк у сацыяльны і эканамічны крызіс[49]. Рост бюджэтнага дэфіцыту ў 1975 годзе прывёў да таго, што горад зьвярнуўся да фэдэральнага ўраду па фінансавую дапамогу, але запыт быў адхілены[50]. Зважаючы на тое, што адраджэньне фінансавай галіны значна палепшыла эканамічны стан Нью-Ёрку ў 1980-х гадах, узровень злачыннасьці працягваў расьці цягам гэтага дзесяцігодзьдзя і ў пачатку 1990-х гадоў[51].
XXI стагодзьдзе

Тэракты 11 верасьня 2001 году закранулі і Вашынгтон, але менавіта Нью-Ёрк пацярпеў больш за ўсё, з прычыны атак на Сусьветны гандлёвы цэнтар і шчыльнага зьедлівага дыму, які працягваў валіць зь яго развалін на працягу некалькіх месяцаў пасьля падзеньня веж-двайнят у пажары. Нягледзячы на гэта, расчыстка эпіцэнтра выбуху была скончаная хутчэй, чым плянавалася. Новы Сусьветны гандлёвы цэнтар 1, які быў пабудаваны на месцы былых вежаў-блізьнюкоў Сусьветнага гандлёвага цэнтру, зьяўляецца самым высокім небасягам ў Заходнім паўшар’і[52] і чацьвертым самым высокім будынкам у сьвеце. Шпіль новага будынку дасягае сымбалічнай вышыні ў 1776 футаў (541,3 м), якая спасылаецца на год атрыманьня ЗША незалежнасьці[53][54].
Пратэставы рух Захапі Ўол-стрыт, які меў месца ў парку Зукоці ў фінансавым раёне Ніжняга Мангэтану, пачаўся 17 верасьня 2011 году, атрымаўшы ўсеагульную ўвагу і пашырэньне руху супраць сацыяльнай і эканамічнай няроўнасьці ва ўсім сьвеце[55]. У канцы кастрычніка 2012 году горад моцна пацярпеў ад урагану Сэндзі. Праз паводкі была затопленая сыстэма мэтро, а таксама разбурэньні зьведалі і прадмесьці. Ян наймней 43 чалавекі загінулі ў Нью-Ёрку ў выніку ўрагану, а эканамічныя страты былі ацэненыя прыкладна ў 19 мільярдаў даляраў[56]. У сакавіку 2020 году быў пацьверджаны першы выпадак каранавірусу ў горадзе[57]. Праз сваю шчыльнасьць насельніцтва і вялікай колькасьці турыстаў, горад хутка замяніў Ухань як сусьветны асяродак пандэміі на раньняй фазе, што нагрузіла гарадзкую інфраструктуру аховы здароўя[58][59].
Remove ads
Геаграфія

Горад Нью-Ёрк ўключае востраў Мангэтан, востраў Стэйтэн-Айлэнд, заходнюю частку вострава Лонг-Айлэнд, частка паўночнаамэрыканскага мацерыка — Бронкс, і некалькі невялікіх выспаў у нью-ёрскай гавані. Нью-Ёрк знаходзіцца прыкладна на 40° паўночнай шыраты і 74° заходняй даўгаты. Самым высокім пунктам Нью-Ёрку зьяўляецца пагорак Тот-Гіл, вышынёй 125 мэтраў, які знаходзіцца на Стэйтэн-Айлэндзе, які зьяўляецца самым узгорыстым, прасторным і найменей заселеным раёнам гораду. У густанаселеным Мангэтане, наадварот, зямля абмежаваная і дарагая, што тлумачыць гэткую вялікая колькасьць высокіх будынкаў і хмарачосаў. Згодна зь Бюро перапісу ЗША, горад мае плошчу 1214,4 км², зь якіх 785,6 км² — суша і 428,8 км² (35,31%) — вада.
Паводле апошніх геалягічных дасьледаваньняў амэрыканскіх навукоўцаў, праведзеных у 2008 годзе, за 40 кілямэтраў на поўнач ад гораду перасякаюцца два геалягічныя разломы, што робіць верагоднымі землятрусы магнітудай да 7 балаў. Прычым месца перасячэньня разьмяшчаецца побач з АЭС. Таму будуць распрацаваны дадатковыя меры абароны будынкаў і атамнай электрастанцыі.
Клімат
Нью-Ёрк знаходзіцца на параўнальна нізкіх шыротах: так, Нью-Ёрк ляжыць прыкладна на адной шыраце з Стамбулам, Мадрыдам, Ташкентам, Баку і Пэкінам. Паводле клясыфікацыі клімату Кёпэна, Нью-Ёрк знаходзіцца на мяжы паміж вільготным кантынэнтальным і вільготным субтрапічным кліматам. Ападкі разьмеркаваныя параўнальна аднамерна на працягу году. Сярэднегадавая колькасьць гадзін сонечнага зьзяньня — 2680 гадзін. Не зважаючы на тое, што горад месьціцца на ўзьбярэжжы акіяна, розьніца ў тэмпэратуры паміж летам і зімой досыць вялікая, бо пераважны рух паветраных масаў праходзіць з боку мацерыка. Уплыў акіяна другарадны, але ўсё ж некалькі зьмякчае ваганьні тэмпэратураў. Яшчэ адным фактарам ёсьць шчыльная гарадзкая забудова, якая робіць горад некалькі цяплей, чым навакольле.
Узімку ў Нью-Ёрку тэмпэратура ў сярэднім вагаецца паміж −2 °C і +5 °C, зь нярэдкімі адхіленьнямі ад нормы. Амаль кожнай зімой выпадае сьнег, у сярэднім 60 см на год. Вясна мяккая, з тэмпэратурай ад 7 °C да 16 °C. Летам у Нью-Ёрку параўнальна горача, сярэдняя тэмпэратура вагаецца ад 19 °C да 28 °C, маюцца пэрыяды высокай вільготнасьці паветра. Часта тэмпэратура перавышае 32 °C, а зрэдку дасягае 38 °C сьпякоты і вышэй. Восень у Нью-Ёрку прыемная, з тэмпэратурай ад 10 °C да 18 °C. Аднак нью-ёрскае надвор’е вельмі непрадказальнае і час ад часу зьдзіўляе нью-ёркцаў мяккай, амаль бясьсьнежнай зімой або даволі адчувальнай прахалодай летам. Бывала, што яшчэ ў красавіку здаралася моцная мяцеліца, якая пакрывала Нью-Ёрк тоўстым пластом сьнегу. Часам тэмпэратура можа рэзка вагацца ад дня да дня. Вандроўцам рэкамэндуецца сачыць за прагнозам надвор’я і мець некалькі відаў адзеньня позьняй восеньню і раньняй вясной.
Раёны

1. Мангэтан
2. Бруклін
3. Кўінз
4. Бронкс
5. Стэйтэн-Айлэнд
Нью-Ёрк часам падзяляюць на пяць раёнаў[60]. Кожны раён супадае з адпаведным акругай штату Нью-Ёрк, што робіць горад адным з муніцыпалітэтаў ЗША, які мае ў сваім складзе некалькі акругаў.

Мангэтан фармуе акругу Нью-Ёрк у рамках штату. Гэта геаграфічна самым маленькі, але самы густанаселены раён места. Тут месьціцца Цэнтральны парк і большасьць гарадзкіх хмарачосаў[61]. Шчыльнасьць насельніцтва Мангэтана ў 2022 годзе складала 27 201,2 км², што рабіла яго самай густанаселанай акругай ЗША, перавышаючы таксама шчыльнасьць любога асобнага амэрыканскага гораду[62]. Мангэтан уважаецца культурным, адміністрацыйным і фінансавым цэнтрам Нью-Ёрку і зьмяшчае штаб-кватэры многіх буйных транснацыянальных карпарацыяў, тут можна знайсьці сядзібу ААН, Ўол-стрыт і шэраг важных унівэрсытэтаў. Раён часта называюць фінансавай і культурнай сталіцай сьвету[63][64].
Бруклін фармуе акругу Кінгс у рамках штату. Ён месьціцца на заходнім ускрайку Лонг-Айлэнду і ёсьць самым населеным раёнам гораду. Бруклін вядомы сваёй культурнай, сацыяльнай і этнічнай разнастайнасьцю, незалежнай мастацкай сцэнай, асобнымі кварталамі і адметнай архітэктурнай спадчынай. Раён мае доўгую берагавую лінію, улучна з Коні-Айлэндам, які паўстаў у 1870-х гадах як адзін з самых раньніх забаўляльных цэнтраў у ЗША[65]. Марын-парк і Праспэкт-парк уважаюцца двума найбуйнейшымі паркамі ў Брукліне[66]. З 2010 году раён ператварыўся ў квітнеючы цэнтар прадпрымальніцтва і высокатэхналягічных стартапаў[67][68], а таксама постмадэрнісцкага мастацтва і дызайну[68][69]. У Брукліне таксама знаходзіцца Форт Гамільтан, адзіная дзейная база арміі ЗША ў Нью-Ёрку[70], калі ня браць ва ўлік Берагавую ахову. Гэтая крэпасьць была пабудаваная ў 1825 годзе на месцы разьмяшчэньня колішняй артылерыйскай батарэі, якая выкарыстоўвалася за часам Амэрыканскай рэвалюцыі, і на сёньня ёсьць адным з самых даўгавечных вайсковых фортаў краіны[71].

Кўінз фармуе аднайменную акругу штату. Раён месьціцца на востраве Лонг-Айлэнд на паўночным усходзе ад Брукліну. Гэта геаграфічна найбуйнейшы раён гораду, а таксама этнічна самая разнастайная акруга Ў ЗША[72] і самым этнічна разнастайным гарадзкім раёнам у сьвеце[73][74]. У Кўінзе месьціцца стадыён Сіці-філд, дзе свае хатнія матчы ладзіць бэйсбольны клюб «Нью-Ёрк Мэтс». Тут жа праводзяцца матчы штогадовага адкрытага чэмпіянату ЗША па тэнісе ў Нацыянальным тэнісным цэнтры ў Флашынг-Мэдаўз-Карона-Парку, з плянамі пабудовы адмысловага футбольнага стадыёна дзеля клюбу «Нью-Ёрк Сіці»[75]. Акрамя таго, два з трох аэрапортаў гораду і мэтрапольнай тэрыторыі, як то Міжнародны аэрапорт імя Джона Кенэдзі і аэрапорт Ла-Гуардыя, месьцяцца менавіта ў Кўінзе[76].
Бронкс фармуе аднайменную акругу штату. Гэта адначасова самы паўночны раёна Нью-Ёрку і адзіны, які знаходзіцца пераважна на мацерыковай частцы ЗША. Тут можна знайсьці Янкі-стэдыюм, то бок хатнюю арэну бэйсбольнага клюбу «Нью-Ёрк Янкіз». У гэтым раёне функцыянуе найбуйнейшы ў краіне жыльлёвы каапэратыў, вядомы як Кооп-Сіці[77]. Працуе ў гэтай частцы гораду і Бронскі заапарк, які лічыцца найбуйнейшым у сьвеце гарадзкім заапаркам[78], займаючы тэрыторыю ў 1,07 км² і ўтрымліваючы больш за 6 тысячаў жывёлаў[79]. Бронкс уважаецца радзімай гіп-гоп музыкі і зьвязанай зь ёй культурай[80]. На паўночным усходзе Бронксу знаходзіцца найвялікшы ў Нью-Ёрку Пэлэм-Бэй-парк, які займае тэрыторыю ў 1122 га[81].
Стэйтэн-Айлэнд фармуе акругу Рычманд у рамках штату. Ён злучаны з Бруклінам мостам Вэразана-Нэраўз, а з Мангэтанам — бясплатным паромам Стэйтэн-Айлэнд. У цэнтры Стэйтэн-Айлэнду месьціцца вялікі парк, які займае тэрыторыю ў 10 км² і мае сьцежкі даўжынёю ў 45 км[82].
Паркі

Горад Нью-Ёрк мае складаную паркавую сыстэму, у якую ўваходзяць розныя паркі і зоны, якія кіруюцца Нацыянальнай паркавай службай, Управай паркаў, рэкрэацыі і гістарычнага захаваньня штату Нью-Ёрк, а таксама Дэпартамэнтам паркаў і рэкрэацыі Нью-Ёрку. У 2018 годзе ў адмысловым рэйтынгу ParkScore паркавая сыстэма гораду заняла дзявяты радок сярод пяцідзесяці самых заселеных гарадоў ЗША[83].
Нацыянальная зона адпачынку Гэйтўэй мае плошчу ў больш за 110 км², пры гэтым большая частка зоны належыць Нью-Ёрку[84]. У Брукліне і Кўінзе гэты парк зьмяшчае больш за 36 км² салёных балотаў, забалочаных участкаў і астравоў. Там жа ў Кўінзе да парку належыць значная заходняя частка паўвострава Рокаўэй. У Стэйтэн-Айлэндзе парк улучае ў сябе шэраг фортаў ды Грэйт-Кілз парк. У межах Нью-Ёрку ёсьць сем дзяржаўных паркаў, сярод якіх ёсьць нацыянальны парк Рывэрбанк. Гарадзкія паркі займаюць плошчу ў 110 км², а даўжыня пляжаў складае 23 км[85]. Найбуйнейшым гарадзкім паркам ёсьць Пэлэм-Бэй парк у Бронксе, плошча якога складае 1122 гектараў[86], а самым вядомым і наведваным ёсьць Цэнтральны парк, які штогод наведваюць 40 мільёнаў чалавек[87].
Remove ads
Адміністрацыя
Урад

Горад Нью-Ёрк кіруецца радай і мэрам[88]. Гарадзкія ўлады адказваюць за адукацыю, дзейнасьць папраўчых установаў, грамадзкую бясьпеку, рэкрэацыйныя ўстановы, санітарыю, водазабесьпячэньне і сацыяльнае забесьпячэньне.
Аднапалатная гарадзкая рада складаецца з 51 сябра[89]. Кожны тэрмін мэра і дэпутатаў рады доўжыцца чатыры гады і мае ліміт у два пасьлядоўныя тэрміны[90], але пасьля чатырохгадовага перапынку можна зноў балятавацца на гэтыя пасады. Адміністрацыйны кодэкс гораду, законы Нью-Ёрку і гарадзкі пратакол ёсьць зводам мясцовых законаў, зборнікам правілаў і афіцыйным часопісам адпаведна[91][92]. Кожны раён супадае з судовай акругай адзінай судовай сыстэмы штату, то бок у кожным зь іх маецца ўласны крымінальны суд і цывільны суд. У гэты ж час Вярхоўны суд Нью-Ёрку разглядае галоўныя судовыя працэсы гораду і апэляцыі. На Мангэтане знаходзіцца Першы дэпартамэнт Вярхоўнага суда, апэляцыйны аддзел, а ў Брукліне — Другі дэпартамэнт. Ёсьць некалькі пазасудовых адміністрацыйных судоў, якія зьяўляюцца органамі выканаўчай улады і не ўваходзяць у адзіную судовую сыстэму штату.
У Нью-Ёрку маецца два Фэдэральныя акруговыя суды ЗША. Адзін зь іх акруговы суд Паўднёвай акругі Нью-Ёрку месьціцца ў Мангэтане, а ягоная юрысдыкцыя ўлучае Мангэтан і Бронкс. Акруговы суд Усходняй акругі Нью-Ёрку, галоўны будынак якога знаходзіцца ў Брукліне, а юрысдыкцыя ўлучае ў сябе Бруклін, Кўінз і Стэйтэн-Айлэнд. Апэляцыйны суд другой акругі ЗША і суд міжнароднага гандлю ЗША таксама месьцяцца ў Нью-Ёрку на пляцы Фолі на Мангэтане[93].
Палітыка

Эрык Адамз быў абраны мэрам гораду ў 2021 годзе[94]. Прадстаўнікі Дэмакратычнай партыі займаюць большасьць дзяржаўных пасадаў. На лістапад 2023 году 67% актыўных зарэгістраваных выбарнікаў у горадзе ёсьць дэмакратамі і 10,2% — рэспубліканцамі[95]. Нью-Ёрк не галасаваў большасьцю за кандыдатаў у прэзыдэнты ад Рэспубліканскай партыі з 1924 году, і аніводны кандыдат ад Рэспубліканскай партыі на пасады ўнутры штату не перемагаў ува ўсіх пяці раёнах з моманту ўтварэньня гораду ў 1898 годзе.
Нью-Ёрк ёсьць значнай крыніцай фармаваньня палітычных выбарчых фондаў[96]. Горад мае моцны дысбалянс плацяжоў з нацыянальным і дзяржаўным урадамі. Горад атрымлівае 83 цэнты за кожны даляр, які Нью-Ёрк адпраўляе фэдэральнаму ўраду ў выглядзе падаткаў, то бок штогод адпраўляе на 11,4 мільярдаў даляраў больш, чым атрымлівае з фэдэральнага ўзроўню. У 2009—2010 фінансавы год жыхары і прадпрыемствы гораду таксама накіравалі штату Нью-Ёрк дадатковыя 4,1 мільярды даляраў, чым горад атрымаў наўзамен[97].
Грамадзкая бясьпека

Дэпартамэнт паліцыі Нью-Ёрку ёсьць найбуйнейшым сярод дэпартамэнтаў усіх гарадоў у ЗША, маючы ў сваёй арганізацыі больш за 36 тысячаў афіцэраў паліцыі, што на больш чым утрая перавышае памер дэпартамэнту паліцыі Чыкага[98].
Паміж 1970-х і 1990-х гадоў у горадзе назіраўся ўсплёск злачыннасьці[99]. Агульная тэндэнцыя зьніжэньня ўзроўню злачыннасьці пачалася толькі з 1990-х гадоў[100]. З 1993 па 2005 гады колькасьць гвалтоўных злачынстваў зьнізілася больш чым на 75% і працягвала зьніжацца ў пэрыяды, калі ў краіне агулам назіраўся іхны рост[101]. У 2013 годзе праграма паліцыі Нью-Ёрку «спыні-і-зрабі-агляд» была абвешчаная неканстытуцыйнай, бо зважался як палітыка ўскоснага расавага прафіляваньня мурынаў і гішпанамоўных жыхароў[102], але прэтэнзіі да паліцыі ў гэты бок працягваліся ў наступныя гады[103]. Лічылася, што праграма «спыні-і-зрабі-агляд» была прычынай зьніжэньня злачыннасьці, але паказьнікі працягвалі падаць у гады пасьля заканчэньня праграмы[104][105].
У 1990 годзе ў горадзе быў зафіксаваны рэкорд у 2245 забойстваў, а ўжо ў 2018 годзе колькасьць забойстаў была зьведзеная да мінімуму за амаль 70 гадоў, апусьціўшыся да 289 чалавек[106]. Колькасьць забойстваў і паказьнік у 3,3 чалавекі на 100 тысяч жыхароў у 2017 годзе быў самым найніжэйшым з 1951 году[107]. У 2023 годзе ў Нью-Ёрку было зарэгістравана 386 забойстваў, што на 12% менш, чым у папярэднім годзе[108][109]. У Нью-Ёрку дзеяць больш строгія законы аб зброі, чым у большасьці іншых гарадоў ЗША. Гэтак у месцы патрабуецца ліцэнзія на валоданьне любой пальнай зброі, а Закон штату Нью-Ёрку аб бясьпецы 2013 году забараніў валодаць аўтаматычнай зброяй[110].
Remove ads
Дэмаграфія
У 2000 годзе ў Нью-Ёрку пражывала 8 008 278 чалавек, 3 021 588 хатніх гаспадарак і 1 852 233 сям’і. Шчыльнасьць насельніцтва 10 194,2/км². У горадзе 3 200 912 жыльлёвых адзінак, зь сярэдняй шчыльнасьцю 4074,6/км². Расавы склад гораду: 44,66% белых, 26,59% афраамэрыканцаў, 0,52% карэнных амэрыканцаў (індзейцаў), 9,83% aзіятаў, 0,07% ціхаакіянцаў, 13,42% іншых расаў, і 4,92% людзей, якія далучаюць сябе да двух або больш расаў. 26,98% насельніцтва — лацінаамэрыканцы, незалежна ад расы.
Сярэдні, а дакладней мэдыянны прыбытак хатніх гаспадарак у горадзе $38 293, сем’яў — $41 887. Сярэдні прыбытак у мужчын $37 435, у жанчын $32 949. Прыбытак на душу насельніцтва $22 402. 21,2% насельніцтва і 18,5% сем’яў находзяцца ніжэй за мяжу беднаты. З усіх людзей якія жывуць у беднаце, 30,0% маладзей за 18 гадоў, і 17,8% ва ўзросьце 65 гадоў і старэй.
Сярод 3 021 588 хатніх гаспадарак, у 29,7% ёсьць дзеці маладзей 18 гадоў; 37,2% складаюцца з шлюбных пар, якія жывуць разам; у 19,1% разьдзел хатняй гаспадаркі — жанчына без мужа; 38,7% хатніх гаспадарак — ня сем’і. 31,9% усіх хатніх гаспадарак складаюцца з самастойных асоб, і ў 9,9% жыве адзін чалавек узростам 65 гадоў або старэй. Сярэдні памер хатняй гаспадаркі 2,59, а сярэдні памер сям’і 3,32.
Па ўзросьце, насельніцтва гораду разьбіваецца наступным чынам: 24,2% маладзей 18 гадоў, 10,0% ад 18 да 24, 32,9% ад 25 да 44, 21,2% ад 45 да 64, і 11,7% узростам 65 гадоў і старэй. Мэдыянны ўзрост 34 гады. На кожныя 100 жанчын прыходзіцца 90,0 мужчын. На кожныя 100 жанчын узростам 18 гадоў і больш, прыходзіцца 85,9 мужчын.
Remove ads
Эканоміка

Нью-Ёрк ёсьць цэнтарам міжнароднага бізнэсу і гандлю ў сьвеце, у сувязі з гэтым яго часам называюць сталіцай сьвету[111]. Памер эканомікі Вялікага Нью-Ёрку ацэньваўся ў 2022 годзе ў 2,16 трыльёны даляраў ЗША[112]. Горад таксама ўважаецца цэнтрам шматлікіх галінаў прамысловасьці ў ЗША. Гэта таксама і фінансавы цэнтар краіны, бо ў ім знаходзяцца такія біржы, як то Нью-Ёрская фондавая біржа, NASDAQ, American Stock Exchange, New York Mercantile Exchange і New York Board of Trade. Нью-Ёркская фондавая біржа на Ўол-стрыт лічыцца найбуйнейшай у сьвеце біржай паводле агульнай рынкавай капіталізацыі публічных кампаніяў[113]. Фінансавая галіна засяроджаная на Ўол-стрыт у ніжнім Мангэтане. Места ёсьць буйным цэнтрам банкаўскай справы і фінансаў, сусьветнага гандлю, транспарту, турызму, рынку нерухомасьці, новых сродкаў масавай інфармацыі, а таксама традыцыйных сродкаў масавай інфармацыі, рэклямы, юрыдычных паслуг, бухгальтарскага ўліку, страхаваньня, моды і мастацтва ў краіне. Порты Нью-Ёрку і Нью-Джэрзі ёсьць галоўным эканамічным рухавіком рэгіёну, атрымаўшы дадатковы пажытак ад пашырэньня Панамскага канала[114][115][116].

Многія карпарацыі з сьпісу Fortune 500 маюць свае сядзібы ў Нью-Ёрку[117], як і вялікая колькасьць транснацыянальных карпарацыяў. Нью-Ёрк займае першы радок сярод гарадоў сьвету паводле прыцягненьня капіталу, бізнэсу і турыстаў[118][119]. Роля Нью-Ёрку як галоўнага сусьветнага цэнтра рэклямнай індустрыі добра адлюстраваная на прыкладзе Мэдысан-авэню[120]. Гарадзкая індустрыя моды забясьпечвае занятасьць блізу 180 тысяч супрацоўнікаў з гадавым фондам заробкаў у 11 мільярдаў даляраў[121]. Вялікі ўплыў маюць іншыя сэктары эканомікі, улучна з працай унівэрсытэтаў і некамерцыйных арганізацыяў. Вытворчасьць значна скарацілася цягам XX стагодзьдзя, але яна ўсё яшчэ забясьпечвае пэўную занятасьць. Гарадзкая швачная прамысловасьць, гістарычна засяроджаная ў Мангэтане, дасягнула свайго піку ў 1950 годзе, калі ў гэтай галіне Нью-Ёрку працавала больш за 323 тысяч работнікаў. У 2015 годзе ў гэтай індустрыі было занята менш за 23 тысяч чалавек, не зважаючы на захады па адраджэньні галіны[122].
Нью-Ёрк быў першапачатковым цэнтрам амэрыканскай кінэматаграфіі, пакуль яна не перамясьцілася ў Галівуд, але і цяпер у Нью-Ёрку працягваюць вырабляць некаторыя фільмы і тэлеперадачы. У Нью-Ёрку находзіцца мноства выдавецтваў, і тут часта ўпершыню друкуюцца новыя кнігі. Іншыя важныя сэктары ўключаюць мэдычныя дасьледаваньні і тэхналёгіі, некамэрцыйныя ўстановы і ўнівэрсытэты. На 2013 год сусьветныя рэклямныя агенцыі Omnicom Group і Interpublic Group, якія базуюцца ў Мангэтане, разам мелі гадавы прыбытак каля $ 21 млрд, што адлюстроўвае ролю Нью-Ёрку ў якасьці вядучага сусьветнага цэнтра рэклямнай індустрыі.
Ўол-стрыт

Найважнейшым эканамічным сэктарам Нью-Ёрку лічыцца фінансавая індустрыя, якая абслуговае фактычна ўсю краіну і вядомая як Ўол-стрыт. Гэтая назва павязаная з тым, што будынак Нью-Ёрскай фондавай біржы ў Ніжнім Мангэтане месьціцца па адрасе Ўол-стрыт, 11. NASDAQ разьмешчаны па адрасе Брадўэй, 165. Гэтыя дзьве біржы ўважаюцца найвялікшымі ў сьвеце як паводле агульным пасярэднім штодзённым аб’ёме таргоў, гэтак і паводле рынкавай капіталізацыі зарэгістраваных на іх кампаніяў[123][124]. У 2013—2014 фінансавым годзе індустрыя каштоўных папераў Ўол-стрыт прынесла 19% падатковых прыбыткаў штата[125].
Нью-Ёрк застаецца найбуйнейшым сусьветным цэнтрам гандлю на рынках публічнага і пазыковага капіталу, што часткова абумоўлена памерам і фінансавым разьвіцьцём эканомікі ЗША[126][127]. Горад таксама займае першы радок у кіраваньні хэдж-фондамі, прыватным капіталам і грашовымі аб’ёмамі зьліцьцяў і паглынаньняў. Некалькі інвэстыцыйных банкаў і інвэстыцыйных кампаніяў з штаб-кватэрамі на Мангэтане ёсьць важнымі ўдзельнікамі іншых сусьветных фінансавых цэнтраў[126]. Нью-Ёрк уважаецца галоўным камэрцыйным банкаўскім цэнтрам краіны[128].
У 2018 годзе на Мангэтане мелася больш за 46,5 млн м² офісных плошчаў[129], што зрабіла горад найбуйнейшым рынкам офісных плошчаў у сьвеце[130][131]. У той час Цэнтральны Мангэтан з 37,2 млн м² офісных памяшканьняў у 2018 годзе[129] быў найбуйнейшым бізнэсовым раёнам у сьвеце[132].
Нерухомасьць
Нерухомасьць Нью-Ёрку часта лічыцца надзейным прытулкам для інвэстараў з усяго сьвету[133]. Агульны кошт усёй маёмасьці гораду ў 2017 фінансавым годзе быў ацэнены ў 1,479 трыльёна даляраў ЗША, павялічыўшыся на 6,1% у параўнаньні з папярэднім годам. Пры гэтым агульны рынкавы кошт на сямейныя дамы складаў 765 мільярдаў даляраў (51,7%), на кандамініюмы, каапэратывы і шматкватэрныя дамы прыпадаў 351 мільярд даляраў (23,7%), а камэрцыйная нерухомасьць ацэньвалася ў 317 мільярдаў даляраў (21,4%)[134][135]. На Пятай авэню ў цэнтры Мангэтана ў 2023 годзе была найвышэйшая ў сьвеце арэндная плата ў 22 тысячы даляраў за квадратны мэтар[136].
Нью-Ёрк мае адзін з найвышэйшых коштаў на жыльлё ў сьвеце, што пагаршаецца зь ягоным недахопам[137][138]. У 2023 годзе аднапакаёвыя кватэры на Мангэтане здаваліся зь сярэднямесячнай аплатай у 4443 даляры ЗША[139]. На 2023 год сярэдняя цана дома ў горадзе складала больш за 1 мільён даляраў[140]. З 33 тысяч адзінак арэндных кватэраў, дасяжных у 2023 годзе, колькасьць вакантных зь іх складаў усяго толькі 1,4%, што было найніжэйшым паказьнікам з 1968 году. Адвечна высокі попыт з боку маладых людзей падштурхнуў сярэднямесячную арэндную плату аднапакаёвых кватэраў у Нью-Ёрку да звыш 4 тысяч даляраў ЗША і двухпакаёвых кватэраў да 5 тысячаў даляраў ЗША, што стала найвышэйшым паказьнікам у ЗША[141].
Турызм

Турызм ёсьць жыцьцёва важнай галіной для Нью-Ёрку[142]. Вялікая колькасьць турыстаў наведваюць горад, гэтак паводле зьвестак 2019 году Нью-Ёрк прывабіў 66,6 мільёнаў наведвальнікаў, зь якіх 13,5 мільёнаў былі замежнікамі. Найбольшая колькасьць турыстаў па-за межаў ЗША былі зь Вялікабрытаніі, Канады, Бразыліі і Кітая[143]. Шматлікія крыніцы назвалі Нью-Ёрк самым фатаграфаваным горадам у сьвеце[144][145][146]. Слёган, лягатып і песьня I Love New York прасоўвае горад у турыстычным пляне з 1977 году.
Колькасьць наведвальнікаў скарацілася на дзьве траціны ў 2020 годзе падчас пандэміі, аднавіўшы паказьнік у 2023 годзе, калі колькасьць турыстаў дасягнула 63,3 мільёнаў чалавек[143] [147]. Галоўнымі славутасьцямі Нью-Ёрку ўважаюцца Мэтраполітэн-музэй, статуя Свабоды, Эмпайр-Стэйт-Білдынг і Цэнтральны парк[148]. Таймз-сквэр ёсьць яскрава асьветленым цэнтрам Брадўэйскага тэатральнага раёну[149] і галоўным цэнтрам сусьветнай індустрыі забаваў[150], прыцягваючы 50 мільёнаў наведвальнікаў штогод. Гэты пляц ёсьць адным з найбольш ажыўленых пешаходных скрыжаваньняў у сьвеце[151]. Паводле зьвестак Брадўэйскай лігі, у сэзонах 2022—2023 і 2023—2024 гадах было прададзена квіткоў на брадўэскія выступы блізу 1,54 мільярдаў даляраў ЗША. Абодва сэзоны мелі наведвальнасьць блізу па 12,3 мільёнаў чалавек кожны.
Remove ads
Культура

Нью-Ёрк часта робіцца месцам дзеі ў раманах, фільмах і тэлевізійных праграмах, і яго часам называюць культурнай сталіцай сьвету[152][153][154][155]. Горад ёсьць радзімай многіх культурных рухаў, у тым ліку Гарлемскага адраджэньня ў літаратуры і выяўленчым мастацтве[156][157], абстрактнага экспрэсіянізму ў жывапісе, вядомага як Нью-Ёркская школа, і гіп-гопу[80][158], панку[159], гардкору[160], сальсы, фрыстайлу, некаторых формаў джазу[161] і разам зь Філадэлфіяй дыска ў музыцы. Нью-Ёрк уважаецца танцавальнай сталіцай сьвету[162][163]. Адной з найбольш распаўсюджаных рысаў Нью-Ёрку ёсьць ягоны хуткі тэмп[164][165][166], што спарадзіла тэрмін Нью-ёркская хвіліна.
Тэатар

Цэнтральным местам амэрыканскай тэатральнай сцэны ёсьць Тэатральны квартал, які месьціцца ў Мангэтане. У ягоны склад уваходзіць Брадўэйскі тэатар, а таксама тэатры Оф-Брадўэй і Оф-Оф-Брадўэй[167]. Многія зоркі кіно і тэлебачаньня, робячы перапынак у кар’ерах на вялікіх экранах, часам працавалі ў памянёных нью-ёркскіх тэатрах і бралі ўдзел у іхных пастаноўках[168]. Брадўэйскі тэатар, які лічаць адным з галоўных ангельскамоўных тэатраў у сьвеце, быў названы ў гонар галоўнай магістралі Браўвэй, якая перасякае Таймз-сквэр[169], якую часам называюць «Вялікім белым шляхам»[170][171][172].
Агулам 41 пляцоўка, якія пераважна сканцэнтраваныя ў тэатральным квартале Цэнтральнага Мангэтана, кожная зь якіх мае мінімум 500 глядацкіх месцаў, клясыфікуюцца як брадўэйскія тэатры[173]. Брадўэйскі тэатральны сэзон 2018—2019 гадоў усталяваў рэкорды з агульнай наведвальнасьцю ў 14,8 мільёнаў і прыбыткам у 1,83 мільярдаў даляраў[174]. Аднаўляючыся пасьля вымушанага закрыцьця праз пандэмію каранавірусу, прыбыткі тэатраў у сэзоне 2022—2023 гадоў аднавіліся да 1,58 мільярдаў даляраў пры агульнай наведвальнасьці 12,3 мільёнаў чалавек[175][176]. Узнагарода Тоні надаецца за дасканаласьць у жывым брадўэйскім тэатры і ўручаецца на штогадовай цырымоніі ў Мангэтане[177].
Архітэктура

Нью-Ёрк мае вартыя ўвагі будынкі з пункту гледжаньня архітэктуры, бо тут маецца шырокая разнастайнасьць стыляў і рознага часу, ад галяндзкага каляніяльнага дома Пітэра Клясэна Вікафа ў Брукліне, які датуецца сярэдзінай XVII стагодзьдзя, да сучаснага Сусьветнага гандлёвага цэнтра 1, хмарачоса ў Ніжнім Мангэтане і найдаражэйшая офісная вежа ў сьвеце паводле кошту будаўніцтва[178]. Відарысы Мангэтана зь ягонымі шматлікімі хмарачосамі быў прызнаны знакавым сымбалем гораду[179][180][181]. На 2019 год у Нью-Ёрку было 6455 вышынных будынкаў, што ставіла места на трэці радок па гэтым паказьніку ў сьвеце пасьля Ганконгу і Сэула.
Характар буйных жылых раёнаў Нью-Ёрку часта вызначаецца элегантнымі дамамі з карычневага каменьня, таўнгаўсамі і пашарпанымі шматкватэрнымі дамамі, якія былі пабудаваныя ў час хуткага пашырэньня гораду з 1870 па 1930 гады[182]. Камень і цэгла былі асноўнымі будаўнічымі матэрыяламі ў горадзе пасьля таго, як будаўніцтва драўляных дамоў было абмежавана пасьля Вялікага пажару 1835 году[183]. Аднак, у Нью-Ёрку таксама ёсьць менш густанаселеныя раёны, якія маюць асобныя жылыя дамы. У такіх раёнах, як то Рывэрдэйл у Бронксе, Дытмас-Парк у Брукліне і Дугластан у Кўінзе, маюць распаўсюд вялікія аднасямейныя дамы ў розных архітэктурных стылях, такіх як т’юдараўскае адраджэньне і віктарыянскі стыль[184][185][186].
Мастацтва

Лінкальн-цэнтар, разьмешчаны на пляцу Лінкальна на Верхнім Ўэст-Сайдзе Мангэтана, ёсьць вялікіх мастацкім комплексам, дзе месьцяцца шматлікія уплывовыя мастацкія ўстановы, у тым ліку Мэтраполітэн-опэра, Нью-Ёркская опэра, Нью-Ёркская філярмонія і Нью-Ёркскі балет, а таксама Тэатар Вівіян Бамонт, Джульярдзкая школа, Джаз у Лінкальн-цэнтры і Эліс-Талі Хол. Інстытут тэатра і кіно Лі Страсбэрга знаходзіцца на Юніян-сквэр, а Школа мастацтваў Тыша знаходзіцца пры Нью-Ёркскім унівэрсытэце, а Фундацыя гарадзкіх паркаў ладзіць бясплатныя музычныя канцэрты ў Цэнтральным парку[187].

У Нью-Ёрку налічваюцца больш за 2 тысячы мастацкіх і культурных арганізацыяў і больш за 500 мастацкіх галерэяў[188]. Гарадзкія ўлады фінансуюць мастацтва большым гадавым бюджэтам, чым мае Нацыянальны фонд мастацтваў[188]. У горадзе таксама разьмешчаныя сотні культурных установаў і гістарычных месцаў. Музэйная міля — назва вучастка Пятай авэню паміж 82-й да 105-й вуліцамі на Верхнім Іст-Сайдзе Мангэтана, у верхняй частцы Карнэгі-Гілу[189]. Дзевяць музэяў займаюць плошчу гэтага вучастка Пятай авэню, што робіць яго адным з найбольш канцэнтравым культурніцкім месцам у сьвеце[190]. Да ліку гэтых мастацкіх музэяў улучаюць Музэй Гугенгайма, Мэтраполітэн-музэй, Новую галерэю Нью-Ёрку і Афрыканскі цэнтар. У дадатак да музэйных экспазыцыяў, музэі маюць супрацу ў штогадовым фэстывалі Музэйная міля, якая ладзіцца штогод у чэрвені, каб прасоўваць музэі і павялічваць наведвальнасьць[191]. Многія з самых прыбытковых аўкцыёнаў мастацтва ў сьвеце ладзяцца ў Нью-Ёрку[192][193].
Мэтраполітэн-музэй уважаецца найбуйнейшым мастацкім музэем у Амэрыцы. У 2022 годзе яго наведала 3,2 мільёнаў наведвальнікаў, што паставіла яго на трэці радок у рэйтынгу найбольш наведвальных музэяў ЗША і на восьмае месца ў сьпісе самых наведвальных мастацкіх музэяў у сьвеце. Ягоная сталая калекцыя зьмяшчае больш за два мільёны твораў, падзеленых паміж 17-і куратарскімі аддзеламі[194], і ўлучае творы мастацтва Антычнасьці і Старажытнага Эгіпту, а таксама карціны і скульптуры практычна ўсіх эўрапейскіх майстроў і шырокую калекцую амэрыканскага і сучаснага мастацтва. Музэй захоўвае шырокія фонды мастацтва Афрыкі, Азіі, Акіяніі, Бізантыйскай імпэрыі і ісламу[195].
Кухня

Нью-Ёрк адметны тым, што тут спалучылася мноства міжнародных кухняў праз доўгую гісторыю мігранцыі да гораду. Імігранты з Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, асабліва габрэі з гэтых рэгіёнаў, прывезьлі ў горад бэйглы, сырны пірог, хот-догі і кнышы. Дзякуючы італьянскім імігрантам ў Нью-Ёрку зьвявілася піцца ў нью-ёркскім стылі ды іншыя італьянскія стравы, з габрэямі і ірляндцамі зьявілася пастрама[196] і саланіна[197] адпаведна. Кітайскія і іншыя азіяцкія рэстараны, бутэрбродныя, траторыі, закусачныя і кавярні паўсюдна раскіданыя ва ўсім горадзе.
Як вулічная ежа ў Нью-Ёрку прадаюцца фаляфэль і кебабы[198]. У горадзе знаходзіцца амаль адна тысяча найлепшых і самых разнастайных рэстаранаў высокай кухні ў сьвеце, паводле зьвестак Michelin[199]. Дэпартамэнт аховы здароўя і псыхічнай гігіены Нью-Ёрку прысвойвае літарныя адзнакі гарадзкім рэстаранам на аснове вынікаў праверкі[200]. На 2019 год у горадзе было 27 тысяч рэстаранаў[201]. Начны рынак Кўінз у Флашынг-Мэдаўз-Карона-Парку прыцягвае больш за дзесяць тысяч чалавек кожную ноч, каб пакаштаваць ежу з больш чым 85 краінаў сьвету[202].
Remove ads
Транспарт
Да грамадзкага транспарта Нью-Ёрку ставяцца мэтрапалітэн, аўтобусы, таксі, гарадзкі цягнік Стэйтэн-Айлэнду, лінная дарога на востраве Рузвэлта, цягнік-аэраэкспрэс і паром на Стэйтэн-Айлэнд. Амаль усе з гэтых сыстэмаў, а таксама прыгарадныя цягнікі й аўтобусы эксплюатуюцца адной кампаніяй (MTA) і маюць адзіную сыстэму аплаты праезду па магнітных квітках. У адрозьненьне ад іншых буйных гарадоў ЗША, грамадзкі транспарт самы папулярны спосаб перамяшчэньня. Так, у 2005 годзе 54,6% жыхароў Нью-Ёрку дабіраліся да працы, выкарыстоўваючы грамадзкі транспарт[203]. Прыкладна кожны трэці карыстач грамадзкага транспарту ў ЗША й дзьве траціны карыстачоў чыгункі жыве ў Нью-Ёрку й ягоных прадмесьцях[204][205]. Гэта моцна адрозьнівае яго ад астатняй частцы краіны, дзе каля 90% жыхароў прадмесьцяў выкарыстоўваюць ўласныя аўтамабілі дзеля перамяшчэньня да працоўнага месца. Нью-Ёрк — адзіны горад у Злучаных Штатах, дзе больш чым у палове хатніх гаспадарак няма аўтамабіля, пры гэтым у Мангэтане аналягічны паказьнік перавышае 75%, а ў цэлым па краіне адсотак падобных хатніх гаспадарак складае ўсяго 8%. Згодна зь Бюро перапісу ЗША, жыхары Нью-Ёрку ў сярэднім трацяць 38,4 хвіліны ў дзень дзеля таго, каб дабрацца да сваёй працы.
Мэтрапалітэн

Мэтрапалітэн Нью-Ёрку ўключае ў сябе 472 станцыяў на 36 маршрутах, мае агульную даўжыню ў 1370 км і зьяўляецца самым працяглым у сьвеце паводле агульнай даўжыні маршрутаў (самае доўгае па лініях — шанхайскі). Мэтро ахоплівае 4-ы з 5-ці гарадзкіх раёнаў (Мангэтан, Бруклін, Кўінз і Бронкс). Яно традыцыйна называецца «subway» (падземка), аднак 40% шляхоў[206] і траціна станцыяў знаходзяцца на паверхні й разьмешчаныя на роўні зямлі альбо на эстакадзе.

Першая лінія мэтрапалітэна ў Нью-Ёрку была адкрытая ў 1868 годзе прыватнай кампаніяй BRT. Да 1932 году мэтрапалітэн знаходзіўся ўва прыватным валоданьні й належыў дзьвюм кампаніям: BRT і IRT. Затым да іх дадалася муніцыпальная кампанія, якая ў 1940 годзе выкупіла абедзьве прыватныя й аб’яднала гарадзкі мэтрапалітэн у адзіны гаспадарчы комплекс. У цяперашні час кіроўная мэтрапалітэнам кампанія МТА таксама кіруе й сеткай гарадзкіх аўтобусных маршрутаў.
За выключэньнем некаторых маршрутаў, мэтрапалітэн працуе 24 гадзіны ў дзень[207]. У 2023 годзе мэтро перавезла 2 027 286 000 пасажыраў[208]. Штодзённая колькасьць пасажыраў разьлічваецца з 1985 году. Рэкордны паказьнік быў зафіксаваны 29 кастрычніка 2015 году калі мэтрапалітэнам скарысталіся больш за 6,2 мільёнаў пасажыраў[209].
У цяперашні час пачалася распрацоўка праекту па перакладзе нью-ёрцкага мэтрапалітэна на аўтаматычнае кіраваньне. Кошт праезду па стане на жнівень 2023 году наступны: аднаразовая паездка — $ 2,90. MTA прапануе 7-дзённыя і 30-дзённыя праязныя білеты, якія могуць значна зьнізіць кошт аднаразовай паездкі[210]. Таксама дасяжныя ільготныя тарыфы для людзей сталага веку і людзей з абмежаванымі магчымасьцямі[211]. Пры гэтым шматдзённы праязны білет дае права на неаднаразовы без абмежаваньняў праезд у мэтрапалітэне на працягу тэрміну ягонага дзеяньня. Адлік пачатку тэрміну дзеяньня праязнога (гэта значыць фіксацыя першых содняў выкарыстаньня квітка) робіцца з моманту першага праходу праз турнікет мэтрапалітэна альбо аўтобуса па-за залежнасьці ад часу праходу й заканчваецца ў 24 гадзінаў апошніх содняў дзеяньня.
Аўтобус

Нью-Ёрк мае разьвітую сетку аўтобусных маршрутаў, якая штодня перавозіць больш за 2 мільёны пасажыраў. Парк грамадзкіх аўтобусаў працуе 24/7 і ёсьць найвялікшым у Паўночнай Амэрыцы[212]. Аўтобусная сетка Нью-Ёрку ўключае больш за 200 мясцовых, якія курсуюць выключна ў сваім раёне, і 30 хуткасных міжраённых маршрутаў, на якіх працуе больш за 5900 аўтобусаў. Кожны мясцовы маршрут мае нумар і літарны прэфікс, які пазначае раён, які ён абслугоўвае (B — Бруклін, Bx — Бронкс, M — Мангэтан, Q — Кўінз, S — Стэйтэн-Айлэнд), а хуткасныя маршруты пазначаныя прэфіксам X.
Кошт праезду па стане на жнівень 2023 году — $ 2,90[213][214], які можна аплаціць манэтамі пры ўваходзе ў пярэднія дзьверы аўтобуса ў аўтамаце, разьмешчаным перад кіроўцам. Пры гэтым у кіроўцы можна папрасіць «трансфэр», вядомы як SingleRide. Гэты дакумэнт дазваляе на працягу дьвюх гадзін зрабіць адну перасадку і без аплаты працягнуць рух на іншым аўтобусе[215], аднак перасадка паміж аўтобусамі і мэтро пры гэтым забараняецца[216], то бок пасажыр вымушаны набыць іншы квіток.
Аўтобусны тэрмінал партовай управы лічыцца галоўным міжгароднім аўтавакзалам гораду і самым загружаным аўтавакзалам у сьвеце, абслугоўваючы 250 тысяч пасажыраў і 7 тысяч аўтобусаў кожны працоўны дзень у будынку, адкрытым у 1950 годзе, які быў спраектаваны дзеля разьмяшчэньня 60 тысч пасажыраў штодня. У 2024 годзе адміністрацыя порта абвесьціла аб плянах будаўніцтва новага тэрмінала, які будзе мець шкляны атрыюм ля новага галоўнага ўваходу на 41-й вуліцы[217][218].
Гарадзкі цягнік
Не зьвязаная з мэтро і прыгараднымі цягнікамі, лінія гарадзкога цягніка на Стэйтэн-Айлэндзе мае цягнікі, якія ёсьць аналягічнымі да мэтрапалітэнаўскіх, і дзейнічае пад кіраваньнем той жа кампаніі MTA. Разглядаюцца праекты па пераўтварэньню дзеючых і закінутых чыгуначных лініяў вострава ў дзьве лініі лёгкага мэтрапалітэну.
Remove ads
Спорт
У Нью-Ёрку месьцяцца штаб-кватэры Нацыянальнай футбольнай лігі[219], Галоўнай лігі бэйсболу[220], Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі[221], Нацыянальнай хакейнай лігі[222] і Галоўнай лігі футболу[223]. Нью-Ёрк ладзіў летнія Паралімпійскія гульні 1984 году[224] і Гульні добрай волі 1998 году[225]. Заяўка Нью-Ёрку на правядзеньне летніх Алімпійскіх гульняў 2012 году была сярод пяці фіналістаў, аднак у выніку права на гульні атрымаў Лёндан[226]. У горадзе ў розны час існавала больш за 40 буйных прафэсійных клюбаў у пяці відах спорту. Чатыры зь дзесяці найдаражэйшых спартовых стадыёнаў, калі-небудзь пабудаваных ў сьвеце, месьцяцца ў Нью-Ёрку. Да іхняга ліку адносяцца стадыёны MetLife, Янкі-стэдыюм, Мэдысан-Сквэр-Гардэн і Сіці-філд[227].
У лізе амэрыканскага футболу горад прадстаўлены камандамі «Нью-Ёрк Джаянтс» і «Нью-Ёрк Джэтс», не зважаючы на тое, што каманды абодвух клюбаў гуляюць свае хатнія матчы на стадыёне MetLife у суседнім Іст-Ратэрфардзе ў штаце Нью-Джэрзі[228].

Двума гарадзкімі камандамі з Галоўнай лігі бэйсболу ёсьць «Нью-Ёрк Мэтс» і «Нью-Ёрк Янкіз». Першая каманда ладзіць хатнія матчы на арэне Сіці-філд у Кўінзе. Гэтая пляцоўка здольная зьмясьціць 41 800 чалавек. Іхныя супернікі зь «Нью-Ёрк Янкіз» гуляюць на Янкі-стэдыюм у Бронксе, які зьмяшчае 47 400 глядацкіх месцаў[229]. Два суперніка падчас кожнага сэзону гуляюць паміж сабою як наймней чатыры гульні[230]. «Янкіз» маюць на сваім рахунку большую колькасьці перамогаў у рэгулярных сэзонах[231], але «Мэтс» двойчы здабываў перамогу ў Сусьветнай сэрыі[232]. У горадзе калісьці базаваліся клюбы «Бруклін Доджэрз» (цяпер «Лос-Анджэлес Доджэрз»), якія аднойчы здабываў перамогу ў Сусьветнай сэрыі[233], і «Нью-Ёрк Джаянтс» (цяпер «Сан-Францыска Джаянтс»), які пяць разоў быў пераможцам Сусьветнай сэрыі. Абедзьве каманды пераехалі ў Каліфорнію ў 1958 годзе[234]. У Нью-Ёрку ёсьць яшчэ шэраг бэйсбольных клюбаў, але яны бяруць удзел у розыгрышых невялікіх лігах.

У Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі (НБА) горад мае прадстаўніцтва ў абліччы клюбаў «Нью-Ёрк Нікс», які ладзіць матчы на Мэдысан-Сквэр-Гардэн, і «Бруклін Нэтс», які гуляе ў Барклайс-цэнтры. У жаночнай НБА гуляе каманда «Нью-Ёрк Лібэрці». Першы нацыянальны чэмпіянат па баскетболе сярод студэнтаў быў згуляны ў Нью-Ёрку ў 1938 годзе і дасюль ён ладзіцца ў гэтым месьце[235]. Мэтрапольная тэрыторыя Нью-Ёрку, якая ахоплівае большую тэрыторыю чым сам горад, утрымлівае тры каманды Нацыянальнай хакейнай лігі. Гэтак клюб з пачатковай шасьцёркі «Нью-Ёрк Рэйнджарз» гуляе свае хатнія матчы ў Мэдысан-Сквэр-Гардэн на Мангэтане. «Нью-Ёрк Айлэндэрз» традыцыйна прадстаўляе Лонг-Айлэнд і свае матчы ладзіць на UBS-арэне ў Элманце, штат Нью-Ёрк, але пэўны час з 2015 па 2020 гады каманда гуляла ў бруклінскім Барклайс-цэнтры. «Нью-Джэрзі Дэвілз» базуецца і спаборнічае ў суседнім Ньюарку, які належыць да штату Нью-Джэрзі.
У футболе Нью-Ёрк прадстаўлены ў МЛС мужчынскімі клюбамі «Нью-Ёрк Сіці», які гуляе на Янкі-стэдыюм, і «Нью-Ёрк Рэд Булз», якія ладзіць свае матчы на Рэд-Бул-арэне ў суседнім Гарысане, штат Нью-Джэрзі[236]. Жаночы клюб «Готэм» гуляе на стадыёне «Нью-Ёрк Рэд Булз» і прадстаўляе горад у Нацыянальнай жаночай футбольнай лізе. Нью-Ёрк быў адным з горадам-арганізатарам чэмпіянату сьвету па футболе 1994 году, матчы якога ладзіліся на стадыёне Джаянтс у суседнім Іст-Ратэрфардзе[237]. Таксама Нью-Ёрк будзе ладзіць матчы чэмпіянату сьвету па футболе 2026 году. Менавіта тут на стадыёне MetLife мусіць быць згуляны фінальны матч сусьветнага першынства[238][239].
Штогадовы адкрыты чэмпіянат ЗША па тэнісе ёсьць адным з чатырох сусьветных тэнісных турніраў Вялікага шлема. Ён ладзіцца ў Нацыянальным тэнісным цэнтры ў Флашынг-Мэдаўз-Карона-Парку ў раёне Кўінз[240]. Нью-Ёрскі маратон, у час якога бегуны і бягухі перасякаюць усе пяць раёнаў места, уважаецца найбуйнейшым маратонам у сьвеце. У 2023 годзе на ім фінішавалі 51 402 чалавекі, якія прадстаўлялі ня толькі ўсе 50 штатаў, але і 148 краінаў сьвету[241]. Бокс таксама ёсьць прыкметнай часткай гарадзкога спартовага жыцьця, бо кожны год у Мэдысан-Сквэр-Гардэн ладзяцца розныя імпрэзы і спаборніцтвы ў гэтым відзе спорту[242].
Remove ads
Гарады-сябры
- Токіё, Японія
- Пэкін, Кітай
- Каір, Эгіпет
- Мадрыд, Гішпанія
- Санта-Дамінга, Дамініканская Рэспубліка
- Будапэшт, Вугоршчына
- Рым, Італія (горад-партнэр)
- Ерусалім, Ізраіль
- Тэль-Авіў, Ізраіль
- Лёндан, Вялікабрытанія
- Яганэсбург, ПАР
- Бразылія, Бразылія
Асобы
- Ўільям Блэцьці — амэрыканскі пісьменьнік, сцэнарыст і рэжысэр
- Сяржук Сокалаў-Воюш — беларускі бард, журналіст, пісьменьнік
- Чарлі Шын — амэрыканскі кінаактор
Заўвагі
- Гаворачы аб гісторыі гораду Нью-Ёрку, трэба мець на ўвазе, што ў сучаснай тэрыторыі ён існуе толькі з 1898 году. Да гэтага існавала некалькі самастойных тэрыторыяў і толькі адна зь іх звалася горад Нью-Ёрк. Крыніцы не заўсёды надаюць гэтаму значэньне. Адны пры апісаньні гісторыі Нью-Ёрку да 1898 году распавядаюць толькі аб падзеях у гістарычным Нью-Ёрку — Мангэтане, замоўчваючы гісторыю астатніх частак цяперашняга гораду, іншыя, наадварот, завуць Нью-Ёркам месца, якія падчас апісваемых падзеяў так ня зваліся.
- Наса (анг. Nassau) не ўваходзіць у горад Нью-Ёрк
Remove ads
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads