Паселічы

вёска ў Хвойніцкім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia

Паселічы
Remove ads

Пасе́лічы[1] — вёска ў Беларусі, цэнтар сельсавету Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці. Знаходзяцца за 7 км на паўднёвы ўсход ад места і чыгуначнай станцыі Хвойнікаў, каля аўтамабільнай дарогі Хвойнікі — Брагін.

Хуткія факты
Remove ads

Гісторыя

Карона Каралеўства Польскага

Thumb
Герб Боньча роду Харлінскіх

Вёска ці не ўпершыню згадана ў падатковым рэестры Кіеўскай зямлі на 1581 год[a] як слабада Паселічы (Poselnicze) Астраглядаўскага маёнтку пана падкаморага кіеўскага Шчаснага Харлінскага. Зь яе пяці дымоў асадных сялян выбіралася па 15 грошаў, з двух агароднікаў, у залежнасьці ад акалічнасьцяў, — па 4-6 грошаў, з аднаго каморніка — 2 грошы падатку[3]. Ад гэтага часу і да рэформавага ўжо ў Расейскай імпэрыі пэрыяду Паселічы належалі тым самым уладальнікам, што і Астраглядавічы з Хвойнікамі, г. зн. пасьля Харлінскіх — Мікалаю Абрамовічу (Абрагамовічу), Максыміліяну Бжазоўскаму, князям Шуйскім, сямейству Прозараў[4].

27 сьнежня 1586 г. Шчасны Харлінскі выступіў з судовым пратэстам да ўдавы княгіні Аляксандравай Вішнявецкай за гвалтоўнае насланьне людзей на добра Астраглядавічы, Хвойнікі, Багушы, Паселічы, а падданых тамтэйшых дзедзічных з жонкамі і дзецьмі, з усімі хатнімі рэчамі забраньне і ў добрах сваіх Брагінскіх пасяленьне[5]. 12 ліпеня 1594 г. пан падкаморы Ш. Харлінскі падаў скаргу ў суд на князя Вішнявецкага за напад узброеных людзей яго Брагінскай воласьці на grunt własny Posielicki, за жорсткае зьбіцьцё пастуха пры статку быўшага, забраньне да колькіх соцень галоў быдла і сена зь сенажацяў[6].

26 чэрвеня 1600 г. пан падкаморы нарэшце адпісаў Астраглядаўскі двор з прыселкамі, 13 сёлаў, сярод якіх Паселічы (Poseliczy), 1 слабаду, частку пляцаў у Кіеве свайму сыну Мікалаю. 12 чэрвеня 1618 году пан Мікалай Харлінскі паклікаў у суд панства Гальшку з Гулевічаў і Міхала Лозкаў за тое што іх падданыя з маёнтку Загалле забралі валоў з грунту Азярышча, што да вёскі Паселічы належаў, ды ўвялі іх да добраў Рожава. 7 чэрвеня 1623 году ўдава Гальшка Харлінская судзілася з панамі Станіславам, Юрыем і астатнімі Харлінскімі, родзічамі мужа Мікалая, за гвалтоўны наезд на замак і вёску Астраглядавічы, мястэчка Новы Харленж (Хвойнікі), вёскі Хвойнікі, Стралічаў, Паселічы, Малішаў (яшчэ названыя 18 паселішчаў, акрамя «іншых вёсак і прыселкаў»)[7].

Thumb
Герб Ястрабец зьменены паноў Абрамовічаў.

У 1627 годзе пані Гальшка (Гэлена) Харлінская склала тэстамэнт, паводле якога добра Астраглядавічы пераходзілі да ваяводзіча смаленскага Мікалая Абрагамовіча[8], жанатага зь яе дачкой Евай. У 1628 годзе пан Мікалай Абрагамовіч z Posielicz, з шасці дымоў (×6 — каля 36 жыхароў) мусіў плаціць па тры злотыя[9].

Thumb
Герб Сьвяты Юры (Георгі Пераможац) князёў Шуйскіх. Фота Анатоля Бензярука[b].

Іншая сытуацыя склалася да канца XVII стагодзьдзя. Вельмі верагодна, што і жыхары Паселічаў былі ў ліку тых 77 дымоў (прыкладна 462 чалавекі) Хвойніцкага маёнтку князя Канстанціна Яна Шуйскага, якія паводле зьвестак на восень 1686 году з-за гвалту як ад казакоў, так і ад жаўнераў урадавых войскаў, адыйшлі ў іншыя, больш спакойныя мясьціны. Таму на 1698 год у былой вёсцы Паселічы існаваў адзін толькі двор; гаспадар яго, прыгонны Wasila Siniaka syn выплачваў дзедзічнаму ўладальніку князю Дамініку, сыну Канстанціна, Шуйскаму ў асобе адміністратара пана Зыгмунта Шукшты чынш у 5 злотых і дзякла. Паводле рэвізіі 1716 г. і інвентару 1721 г., калі добра вярталіся ад пасэсара (арандатара) ксяндза-біскупа Юзафата Парышэвіча сыну нябожчыка князя Дамініка князю Мікалаю Шуйскаму, зямлю на хутары Паселічы мелі пакуль яшчэ вольны селянін Лукіян і пан Віслаух, якія z gruntu плацілі ў тыя гады адпаведна па 20 і 25 злотых[10]. Тарыф падымнага падатку Оўруцкага павета Кіеўскага ваяводзтва на 1734 год засьведчыў прыналежнасьць Паселічаў да маёнтку Хвойнікі князя Ігнацыя, сына Дамініка, Шуйскага[11].

Паводле зьвестак на 1748 год ксяндза Караля Непамуцэна Арлоўскага, Паселічы былі сярод вёсак, частка жыхароў якіх (зь ліку шляхты і яе службы) належала да Астраглядавіцкай парафіі Оўруцкага дэканату Кіеўскай дыяцэзіі[12]. У 1754 годзе з 15 двароў (каля 90 жыхароў) вёскі Паселічы Хвойніцкага маёнтку «do grodu» (Оўруцкага замку) выплачваліся 2 злотыя і 9 з паловай грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 9 злотых і 8 грошаў[13]. Працягваліся памежныя канфлікты. 14 ліпеня 1763 года пасэсар паселіцкі і рашаўскі пан Рафальскі засьведчыў у Оўруцкім гродзкім судзе, што людзі пана Міхала Ракіцкага, уладальніка маёнтку Брагін, і яго сваяка маршалка мазырскага Рафала Аскеркі зьбілі ды ўсяляк мардавалі падданага ўладальнікаў Хвойніцкага маёнтку князёў Шуйскіх, які высякаў дрэвы «na wlasnym gruncie y lesie Posielickiem»[14].

Паводле перапісаў габрэйскга насельніцтва 1765, 1778 і 1784 гадоў у Паселічах налічвалася адпаведна 7, 2 і 4 чалавекі (głowy), плацельшчыкі пагалоўшчыны, якія належалі да Хвойніцкага кагалу[15]. Пэўна, на колькасць габрэяў у вёсцы не магла не паўплываць Каліеўшчына 1768 году, што была апошнім і наймацнейшым уздымам гайдамацкага руху ва Ўкраіне.

Расейская імпэрыя

Thumb
Герб уласны роду Прозараў

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Паселічы апынуліся ў межах Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 годзе ў складзе адноўленага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[16]. У 1796 годзе вёска Паселічы згаданая сярод уладаньняў пана Людвіка[c] Прозара, якія былі перайшлі «в казну», але потым «по высочайшему повелению» вернутыя пані Луізе (з князёў Шуйскіх) Прозаравай, спадчыннай іх уладальніцы[17]. 2 лютага 1807 году фальварак Паселічы зь вёскамі Паселічы і Малішаў аддадзены ў пажыцьцёвую арэнду пані Караліне Крушэўскай за штогадовую выплату 9 800 польскіх злотых пры ўмове, што ў выпадку сьмерці пані Людвікі Прозар тая арэнда будзе спынена[18].

Thumb
Паселічы на мапе Ф. Ф. Шубэрта сярэдзіны XIX ст.

Паводле інвентару, складзенага 10 сьнежня 1844 году, вёска і фальварак Паселічы былі ў складзе маёнтку Хвойнікі пана Уладыслава, сына Караля, Прозара[19]. Згодна з энцыкляпэдыяй «Гарады і вёскі Беларусі», на 1850 год тут налічвалася 22 двары[2]. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 154 жыхары абодвух полаў зь вёскі Паселічы былі прыхаджанамі Хвойніцкай Сьвята-Пакроўскай царквы, 2 асобы з фальварку зьяўляліся парафіянамі Астраглядаўскага касьцёлу Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі[20].

У парэформавы час Паселічы ў Хвойніцкай воласьці. На пачатак 1870 году тут налічвалася 91 мужчынская душа зь сялян-уласьнікаў, прыпісаных да Паселіцкага сельскага таварыства, трое аднадворцаў, прыпісаных да воласьці[21]. У ведамасьці Пакроўскай царквы ў Хвойніках на 1875 год сказана, што да яе прыходу належалі 118 асобаў мужчынскага і 125 асобаў жаночага полу, якія жылі ў 29 дварах вёскі Паселічы[22]. Са сьнежня 1887 году тут працавала «школа грамотности», дзеля чаго сельскае таварыства пастанавіла ахвяраваць 30 рублёў і забясьпечыць ацяпленьне і асьвятленьне будынку[23]. Перапіс 1897 году засьведчыў наяўнасьць 60 двароў, 396 жыхароў, капліцы, школы граматы, хлебазапаснай крамы. Працягваў існаваць і фальварак[2]. У 1909 годзе ў вёсцы Паселічы налічвалася 58 двароў, 386 жыхароў, побач аднаіменны хутар (фальварак) з адным дваром і 32 жыхарамі[24].

Найноўшы час

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскаqкага мірнаq дамовы з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Паселічы ў складзе Хвойніцкай воласьці Рэчыцкага павету, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[25].

1 студзеня 1919 году, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР. Згодна з дакумэнтам «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», на 15 красавіка 1921 году ў Паселічах працавала школа першай ступені (г. зн. пачатковая) з 85 вучнямі[26].

Thumb
Паселічы і Лісьцьвін на мапе 1924-26 гг.

З 8 сьнежня 1926 году вёска — цэнтр Паселіцкага сельсавету Хвойніцкага раёну Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 году Гомельскай акругі БССР. У 1929 годзе арганізаваны калгас «3-ці год пяцігодкі», працавала кузьня. У 1930 годзе 119 двароў, 651 жыхар[2]. З 20 лютага 1938 году — у Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.

60 вяскоўцаў загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны, двое жыхароў расстраляныя акупантамі[27].

З 8 студзеня 1954 году Паселічы — у складзе Гомельскай вобласьці. На 1955/56 навучальны год (відавочна, ужо і раней) існавала беларускамоўная сярэдняя школа[28]. Паводле перапісу 1959 году, у вёсцы налічвалася 559 жыхароў. Цэнтральная сядзіба калгаса «Сьвітаньне»[2].

Remove ads

Забудова

Забудова Паселічаў двухбаковая, пераважна драўляная, сядзібнага тыпу. У 1986—1987 гадох у вёсцы збудавалі цагляныя дамы на 50 кватэраў, у якіх разьмясьціліся перасяленцы з забруджаных радыяцыяй месцаў у выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС[29].

Заўвагі

  1. Не з XIX ст., як пісаў С. В. Марцэлеў[2]
  2. Выява з надмагільля Віталіса Шуйскага (†1. VI. 1849) у в. Чыжэўшчына (былыя Крупчыцы) Жабінкаўскага р-ну Берасьцейшчыны.
  3. Тут, напэўна, дапушчана памылка прачытаньня тэксту рэвізіі, бо ў ёй згаданая Людвіка з князёў Шуйскіх Прозарава, жонка абознага Караля.

Крыніцы

Літаратура

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads