абароненасьць зацікаўленасьцяў асобы, грамадзтва і дзяржавы ад вонкавай і ўнутранай пагрозы From Wikipedia, the free encyclopedia
Нацыяна́льная бясьпе́ка — абароненасьць зацікаўленасьцяў асобы, грамадзтва і дзяржавы ад вонкавай і ўнутранай пагрозы ў вайсковай, весткавай, гаспадарчай, гуманітарнай, палітычнай і экалягічнай галінах жыцьцядзейнасьці.
Дзейнікамі і прадметамі ёсьць асоба, грамадзтва і дзяржава. У такіх нарматыўным прававых актах (НПА), як канстытуцыя, закон і вайсковая дактрына вызначаюць жыцьцёва важныя зацікаўленасьці, магчымыя і рэчаісныя пагрозы гэтым зацікаўленасьцям, а таксама пераважныя кірункі іх абароны і забесьпячэньня[1]. Прадугледжвае забесьпячэньне канстытуцыйных правоў і свабодаў ды належную якасьць жыцьця грамадзянаў, а таксама незалежнасьць, тэрытарыяльную цэласнасьць, сувэрэнітэт і ўстойлівае разьвіцьцё дзяржавы[2].
Паводле 79-га артыкула Канстытуцыі Беларусі 1994 году, прэзыдэнт прымае захады аховы нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь. Згодна з 23-м артыкулам абмежаваньне правоў і свабодаў асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бясьпекі[4]. У 1994 годзе Найвышэйшыя курсы Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі пераўтварылі ў Інстытут нацыянальнай бясьпекі Беларусі, які на 1999 год меў 3 факультэты, 11 катэдраў і дактарантуру[5]. У 1995 годзе Рада бясьпекі Беларусі ўхваліла Канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі, у якой акрэсьліла зьмест і будову нацбясьпекі Беларусі як незалежнай дзяржавы, падставы і кірункі ўтварэньня ўстановаў нацбясьпекі, а таксама гаспадарчыя і прававыя акалічнасьці іх існаваньня. Прэзыдэнт Беларусі кіраваў установамі нацбясьпекі, утвараў і ўзначальваў Раду бясьпекі Беларусі, што разглядала адпаведныя справы і ўзгадняла дзейнасьць органаў выканаўчай, заканадаўчай і судовай улады ў галіне яе забесьпячэньня[1]. Крымінальны кодэкс Беларусі 1999 году прадугледжваў пазбаўленьне волі за «прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь» паводле 3-х артыкулаў: 1) «здрада дзяржаве» (артыкул 356) — ад 7 да 15 гадоў, 2) «агентурная дзейнасьць» (арт. 3581) — ад 3-х да 7 гадоў, 3) заклік да абмежавальных захадаў (арт. 461) — да 6 гадоў[6]. Канцэпцыя нацыянальнай бясьпекі Беларусі 2010 году, якая замяніла канцэпцыю 2001 году, вызначала стратэгічныя і асноўныя нацыянальныя зацікаўленасьці, пагрозы і іх крыніцы, мэту і задачы, падставы і напрамкі яе забесьпячэньня, склад і прызначэньне ўстановаў забесьпячэньня нацбясьпекі, а таксама паказьнікі яе стану[2].
18 сакавіка 2019 году Рада бясьпекі Беларусі ўхваліла Пастанову № 1 «Аб Канцэпцыі інфармацыйнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь», якая зьмяшчала ўмовы падрыхтоўкі адмыслоўцаў у гэтай галіне. Таксама прадугледжвалася выкарыстаньне міжнародных рэйтынгаў стану інфабясьпекі. Акрэсьлівалася абарона банкаўскай, камэрцыйнай і прафэсійнай таямніцы. Адказ на інфавыклік і пагрозу меў ажыцьцяўляцца ўсімі без выключэньня дзяржаўнымі ўстановамі ў адпаведнасьці з галіной дзейнасьці як мага поўна і безадкладна. Канцэпцыя зыходзіла з геапалітычных зацікаўленасьцяў Беларусі і грунтавалася на двух- і шматбаковых пагадненьнях аб супрацы ў галіне інфабясьпекі. Таксама ўлічваліся адпаведныя рашэньні Генэральнай асамблеі ААН (ЗША) і парады Арганізацыі бясьпекі і супрацы ў Эўропе (Аўстрыя). У якасьці выклікаў і пагрозаў дзяржаўнаму ладу і жыцьцядзейнасьці дзяржавы прызнаваліся маніпуляваньне масавай сьвядомасьцю, дыскрэдытацыя ідэалаў і каштоўнасьцяў, размываньне дзяржаўнага сувэрэнітэту і няўстойлівасьць інфармацыйнай інфраструктуры[7]. Канцэпцыя складалася са 105 артыкулаў у складзе 7 разьдзелаў: 1) «Агульныя палажэньні», 2) «Стан і разьвіцьцё інфармацыйнай сфэры ў Рэспубліцы Беларусь», 3) «Дзяржаўная палітыка забесьпячэньня інфармацыйнай бясьпекі», 4) «Бясьпека інфармацыйнай прасторы як адна з найважнейшых умоваў разьвіцьця сувэрэннай, дэмакратычнай сацыяльнай дзяржавы», 5) «Забесьпячэньне бясьпекі інфармацыйнай інфраструктуры», 6) «Забесьпячэньне бясьпекі інфармацыйных рэсурсаў», 7) «Мэханізмы рэалізацыі канцэпцыі». Сярод іншага, у 48-м артыкуле згадвалася: «Беларуская мова разам з канстытуцыйна замацаваным у дзяржаве дзьвюхмоўем садзейнічае павышэньню нацыянальнай самасвядомасьці беларускага грамадзтва і фармаваньню яго духоўнасьці. Пашырэнне сацыяльных функцыяў і камунікатыўных магчымасьцяў беларускай мовы, яе паўнавартаснае і ўсебаковае разьвіцьцё разам зь іншымі элемэнтамі нацыянальнай культуры выступаюць гарантам гуманітарнай бясьпекі дзяржавы»[8]. Папярэдне ў ходзе распрацоўкі канцэпцыі Дзяржаўны сакратарыят Рады бясьпекі Беларусі правёў каля 20 аналітычных дасьледаваньняў[9]. Агулам над праектам працавалі адмыслоўцы з 20 дзяржаўных установаў, у тым ліку СМІ, навуковых установаў і Нацыянальнага сходу Беларусі. 3 красавіка 2019 году старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Беларусі па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк адзначыў: «распрацоўнікі канцэпцыі, дэталёва прааналізавалі досьвед усяго сьвету, глядзелі і расейскі, і польскі аналягі. Але Канцэпцыя Вялікабрытаніі аб інфармацыйнай бясьпецы, з нашага пункту гледжаньня, — адна з самых разьвітых. Многія прынцыпы, якія характэрныя для англасаксонскага права і брытанскай традыцыі, выкарыстаныя ў Канцэпцыі інфармацыйнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь». Дэпутат Марзалюк згадаў: «Я непасрэдна прычыніўся да 4-га разьдзелу канцэпцыі, пункты якога зьвязаныя з традыцыйнымі каштоўнасьцямі народу, роляй беларускай мовы і гістарычнай палітыкі»[10].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.