мястэчка ў Літве From Wikipedia, the free encyclopedia
Кярнаве (літ.: Kernavė), традыцыйная беларуская назва Кернаў — мястэчка ў Літве на Віліі. Цэнтр сянюніі Шырвінтаскага раёна Вільнюскага павета. Насельніцтва 350 чал. (2009). Знаходзіцца за 18 км на паўднёвы захад ад Шырвінтаса, за 35 на паўночны захад ад Вільнюса.
Мястэчка
| ||||||||||||||||||||||
Каля паселішча размяшчаецца гістарычна-археалагічны комплекс, уключаны ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Назва Кернаў (літ. «Кярнаве») ад назвы ракі Kernavė, якая ад літоўскага kernavė «топкае месца ў лугах, у лясах». Такога ж паходжання літоўскія рачныя назвы Kernavas, Kerniava, Kernavė[1], назва ракі Кернава (прыток вілейскай Ашмянкі).
Хроніка Быхаўца падае міфалагізаваную версію паходжання кернаўскай назвы — ад імя легендарнага князя Кернуса, які нібыта заснаваў Кернаў. Так жа сама утварылася і імя Швінтарог (ад мясціны *Šventaragis «Святы рог» пасярод цяперашняга Вільнюса).
Варыянты назвы ў гістарычных крыніцах: Kernow (1365), Керново (XVI стагоддзе), Керновъ (1689); у беларускіх тэкстах таксама ўжываюцца формы Кернова[2] і Кернава.
Першы пісьмовы ўспамін пра Кернаў датуецца 1279 годам («Старэйшая рыфмаваная хроніка», «Хроніка Германа Вартберга») у сувязі з рэйдам крыжакоў. Абарончую сістэму паселішча ў XIII—XIV стагоддзях утваралі 5 замкаў, размешчаных на правым беразе Віліі, ад якіх засталіся гарадзішчы, цяперашнія іх назвы — Замкавая Гара (вышыня 30 м, плошча 5,82 га); Гара Ахвярніка (або Святая Гара; вышыня 13—18 м, плошча 1,3 га); Гара Ліздзейкі (або Крывейтэ; вышыня 25—30 м, плошча 0,4 га); «Сталец Міндоўга» (вышыня 22 м, плошча 1,08 га); Гара Кернава (стаіць асобна ад асноўнай групы, разам з могільнікам займае 1,48 га).
У Кернаве, мяркуецца, размяшчалася рэзідэнцыя вялікага князя літоўскага Трайдзеня і першапачаткова вялікага князя Гедзіміна. Іх лакалізуюць на г.зв. Гары Ахвярніка. Гандлёва-рамесны пасад размяшчаўся вакол замкаў, прадмесці — на Замкавай Гары. Забудова была драўлянай[3]. Пахавальны абрад на могільніку сведчыць пра суіснаванне ў XIII—XIV стагоддзях паганскіх і хрысціянскіх традыцый. У 1365 годзе Кернаў значна пацярпеў у часе рэйду тэўтонскіх рыцараў. У 1390 годзе атрад крыжакоў на чале з маршалам Энгельгартам фон Рабэ знішчыў драўляныя замкі, пасля чаго яны не змаглі адрадзіцца і не мелі былой сілы.
У XV стагоддзі ў даліне Паяты (каля 25 га) на беразе Віліі з’явілася новае паселішча, што ўваходзіла ў склад Віленскага павета. Каля 1420 года вялікі князь Вітаўт заснаваў у Кернаве касцёл. У 1571 годзе кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст надаў мястэчку магдэбургскае права, якое ў 1792 годзе пацвердзіў кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. У XVI—XVII стагоддзях аўтары тагачасных гістарыяграфічных твораў («Хроніка» М. Стрыйкоўскага, Густынскі летапіс, «Гісторыя» А. Каяловіча) называлі Кернаў адным з найважнейшых палітычна-адміністрацыйных цэнтраў Вялікага Княства Літоўскага ў XIII—XIV стагоддзях.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Кернаў апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, у Віленскім павеце. У канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў у мястэчку дзейнічалі касцёл і капліца.
Паводле Рыжскага мірнага дагавора (1921) Кернаў апынуўся ў складзе Літвы. У 1960 годзе тэрыторыю старажытнага паселішча і замкаў абвясцілі запаведнікам. У 2004 годзе Кярнаве занеслі ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Дзейнічае Кернаўскі археалагічны і гістарычны музей-запаведнік.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.