From Wikipedia, the free encyclopedia
«Тры ко́леры: Бе́лы» (фр.: Trois couleurs: Blanc, польск.: Trzy kolory: Biały) — мастацкі фільм 1994 года, пастаўлены польскім кінарэжысёрам Кшыштафам Кеслёўскім. Галоўныя ролі выканалі Збігнеў Замахоўскі і Жулі Дэльпі[10].
«Белы» з’яўляецца другой часткай трылогіі «Тры колеры». Паводле задумы аўтараў сцэнарыя Кшыштафа Кеслёўскага і Кшыштафа Пясевіча кожны фільм трылогіі тым ці іншым чынам акцэнтуе ўвагу на адным з ідэалаў Вялікай французскай рэвалюцыі, адлюстраваных у дэвізе «Свабода, роўнасць, братэрства». Тэма фільма «Тры колеры: Белы» — роўнасць.
Прэм’ера фільма адбылася 26 студзеня 1994 года ў Францыі[11]. 15 лютага «Белы» быў паказаны ў межах конкурснай праграмы 44-га Берлінскага кінафестывалю , дзе быў адзначаны «Сярэбраным мядзведзем» за найлепшую рэжысуру[12]. Апроч таго фільм быў удастоены намінацыі на Еўрапейскую кінапрэмію за найлепшы фільм.
Пасля разводу са сваёй жонкай-францужанкай Дамінік (Жулі Дэльпі) польскі цырульнік Караль (Збігнеў Замахоўскі) аказваецца адзін на парыжскіх вуліцах — без грошай і пашпарта. Дзякуючы выпадковай сустрэчы з суайчыннікам яму ўдаецца вярнуцца ў Польшчу. Там Караль разумее, што не можа забыцца на жонку, і ў яго нараджаецца ідэя. Ён праварачвае некалькі паспяховых аперацый на чорным рынку , і атрымлівае дастаткова грошай для таго, каб прыступіць да ажыццяўлення свайго плана. Паставіўшы на кон усё, што ў яго ёсць, Караль яшчэ не ведае, чым усё гэта скончыцца…
Збігнеў Замахоўскі | – Караль Караль |
Жулі Дэльпі | – Дамінік Відаль |
Януш Гаяс | – Мікалай |
Ежы Штур | – Юрэк, брат Караля |
Цэзары Пазура | – гаспадар канторы |
Гжэгаж Вархал | – «Элегант», партнёр гаспадара канторы |
Ежы Трэля | – пан Бронэк, кіроўца Караля |
Ежы Новак | – стары фермер |
Аляксандр Бардзіні | – натарыус |
Цэзары Гарасімовіч | – інспектар паліцыі |
Бартломей Топа | – Яцак, супрацоўнік фірмы Караля |
Барбара Дзекан | – пані Эва, касірка ў канторы |
Мажэна Трыбала | – супрацоўніца гатэля «Марыёт» |
Пётр Махаліца | – чалавек ля канторы |
Фільмы трылогіі здымаліся паслядоўна. Так, здымкі «Белага» пачаліся 9 лістапада 1992 года, адразу па завяршэнні здымак «Сіняга», і працягваліся да 1 лютага 1993 года[13]. Кеслёўскі ў сваёй аўтабіяграфіі прыгадвае: «У першую чаргу мы знялі ўсё, што тычылася „Сіняга“. Адразу затым, практычна на наступны дзень, мы пачалі здымаць французскія эпізоды „Белага“. У нас было дзесяць-дванаццаць здымачных дзён у Парыжы, а затым мы паехалі ў Польшчу, дзе працавалі ўжо з новай групай»[14].
Мантаж апынуўся самым важным этапам стварэння фільма — як і ў выпадку з «Сінім», канчатковы выгляд «Белага» склаўся пасля таго, як Кеслёўскі і рэжысёр мантажу Урсула Лесіяк прапрацавалі розныя версіі. На сустрэчы ў Парыжы ў 1997 годзе, мантажор прыгадала, што існавала 13 версій карціны, і дадала, што апошняя амаль цалкам адрознівалася ад першапачатковага сцэнарыя[15].
Саўндтрэк да фільма «Тры колеры: Белы» напісаў польскі кампазітар Збігнеў Прайснер. У якасці музычнага альбома саўндтрэк быў выдадзены 7 лютага 1994 года[16]. Пазней неаднойчы перавыдаваўся[17].
Вядомы амерыканскі кінакрытык Роджэр Эберт у сваім першапачатковым аглядзе 17 чэрвеня 1994 года адзначыў фільм 3,5 зоркамі з 4[18]. Аднак пазней, 9 сакавіка 2003 года выпусціў новую рэцэнзію, у якой удастоіў усю трылогію «Тры колеры» 4 зорак і змясціў яе ў свой спіс «Выдатных фільмаў»[19].
Паводле рэсурса «Internet Movie Database» фільм меў 2 узнагароды і 7 намінацый[12]:
Кінафестываль / Кінапрэмія | Дата | Прэмія / Катэгорыя | Намінант(ы) | Вынік | Сп. |
---|---|---|---|---|---|
Берлінскі кінафестываль | 10-21.02.1994 | «Залаты мядзведзь» | «Тры колеры: Белы» | Намінацыя | [20] |
«Сярэбраны мядзведзь» за найлепшую рэжысуру | Кшыштаф Кеслёўскі | Перамога | |||
Фелікс | 27.11.1994 | Найлепшы еўрапейскі фільм | «Тры колеры: Белы» | Намінацыя | [21] |
Кінафестываль на Фарэрскіх астравах | 1994 | «Залаты месяц» за найлепшы фільм | «Тры колеры: Белы» | Намінацыя | |
«Залаты месяц» за найлепшы сцэнарый | Кшыштаф Кеслёўскі, Кшыштаф Пясевіч, Агнешка Холанд, Эдвард Жэброўскі, Эдвард Класіньскі, Марцін Лятала | Перамога | |||
Супольнасць ланцуга прэмій | 1994 | Найлепшы фільм на замежнай мове | «Тры колеры: Белы» | Намінацыя | [22] |
Асацыяцыя кінакрытыкаў Чыкага | 13.03.1995 | Найлепшы фільм на замежнай мове | «Тры колеры: Белы» | Намінацыя | [23] |
Асацыяцыя кінакрытыкаў Турцыі | 1995 | Найлепшы замежны фільм | «Тры колеры: Белы» | 9-е месца | |
20/20 | 19.02.2015 | Найлепшы фільм на замежнай мове | «Тры колеры: Белы» | Намінацыя | [24] |
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.