Ігнат Цярэнцьевіч Буйніцкі

From Wikipedia, the free encyclopedia

Ігнат Цярэнцьевіч Буйніцкі
Remove ads

Ігна́т Цярэ́нцьевіч Буйні́цкі (10 (22) жніўня 1861, в. Палівачы Празароцкай воласці, цяпер Глыбоцкі раён — 9 (22) верасня 1917) — беларускі акцёр, рэжысёр, тэатральны дзеяч, стваральнік нацыянальнага прафесійнага тэатра, удзельнік літаратурнага жыцця.

Хуткія факты Ігнат Цярэнцьевіч Буйніцкі, Род дзейнасці ...

Яшчэ пры жыцці яго называлі бацькам беларускага тэатра[1]. Ігнат Буйніцкі ўпершыню вывеў «мужыцкі» танец на сцэну, як выканаўца і пастаноўшчык паказаў невычарпальныя магчымасці і прыгажосць беларускіх народных танцаў. Як драматычны акцёр выступаў пераважна ў характарных ролях, умела выяўляў гумар і тонкую іронію. У сваёй музычна-тэатральнай дзейнасці ён працягваў развіваць на больш высокім прафесійным узроўні традыцыі тэатра В. Дуніна-Марцінкевіча[1].

Remove ads

Біяграфія

Належаў да шляхецкага каталіцкага роду Буйніцкіх гербу «Лебедзь», які яшчэ ў XVIII — пачатку XIX ст. адносіўся да сярэднезаможных у Полацкім ваяводстве ВКЛ і Віцебскай губерні Расійскай імперыі. Аднак бацька Ігната — Тарквіній-Тэафіл Буйніцкі — ужо быў збяднелым шляхціцам[2]. Бацькам Тарквінія Буйніцкага і дзедам Ігната Буйніцкага быў Зігфрыд-Гіяцынт Буйніцкі. Маці Ігната — Клацільда Гласка — таксама была збяднелай шляхцянкай і адносілася да шляхецкага каталіцкага роду Гласкаў[2], які яшчэ ў XVIII — пачатку XIX ст. адносіўся да сярэднезаможных у Полацкім ваяводстве ВКЛ і Віцебскай губерні Расійскай імперыі. І Буйніцкія, і Гласкі сустракаюцца сярод шляхты Полацкага ваяводства ВКЛ яшчэ з XVI ст., дзе займалі земскія пасады і мелі маёнткі. Імя па бацьку будзе пісацца ў афіцыйных дакументах Расійскай імперыі на праваслаўны манер як «Цярэнцьевіч».

Пасля заканчэння чатырохкласнага рэальнага вучылішча ва Улацлаўку Варшаўскай губерні[3], Ігнат Буйніцкі скончыў Рыжскае землямернае вучылішча (паводле звестак Язэпа Дылы — Віленскае землямерна-таксатарскае вучылішча[4]), вучыўся ў прыватнай драматычнай студыі ў Вільні[5]. Працаваў каморнікам на Навагрудчыне, Магілёўшчыне, Полаччыне, Ашмяншчыне: вырашаў пытанні продажу зямлі сялянам[6]. Пасля працы Буйніцкі ішоў на вячоркі, адкуль вяртаўся з запісамі песень, замалёўкамі народных строяў і арнаментаў[7].

Зямлю ў Палівачах Буйніцкі набыў, узяўшы крэдыт у банку[6]. У Празароках ён арганізаваў крэдытнае таварыства, дзе сяляне пад невялікі працэнт маглі атрымаць пазыку[8].

Thumb
І. Буйніцкі з дочкамі Вандай (злева) і Аленай
Thumb
І. Буйніцкі з дачкой Вандай у час выступлення на Першай беларускай вечарынцы ў Вільні. 1910 г.
Thumb
Станіслаў-Ян Грушэцкі і жонка Анатолія-Іаланта (малодшая дачка Ігната Буйніцкага)

Ажаніўся Ігнат Буйніцкі зусім маладым са збяднелай шляхцянкай Францішкай Бжазоўскай (1869—1899), ад гэтага шлюбу ў яго было чатыры дачкі: Ванда-Ігнаціна (нар. 13 красавіка 1890), Гелена-Герменгільда (нар. 16 сакавіка 1892), Людвіга (нар. 19 сакавіка 1894), Леанціна-Эміліана (нар. 1898). У 1899 годзе жонка Буйніцкага памерла і ён ажаніўся зноў — са збяднелай шляхцянкай з Магілёва Марыяй Аношка (1863—1937). Ад гэтага шлюбу нарадзіліся яшчэ дзве дачкі: Яўгенія (нар. 20 снежня 1900) і Анатолія-Іаланта (нар. 1903)[9]. Другая жонка кінула Ігната Буйніцкага, сказаўшы: «Здурнеў пан Ігнат, я не магу глядзець на тыя мужыцкія танцы»[10]. Дачка ад другога шлюбу Анатолія-Іаланта была шлюбам за Станіславам-Янам Грушэцкім (капітан Войска Польскага, адзначаны Крыжам Храбрых)[11][12].

У час Першай сусветнай вайны ў 1917 адправіўся на Заходні фронт[13], быў на вайсковай службе ў Маладзечне. Па сведчанні музыкі трупы Яна Голера, Буйніцкі памёр на сцэне ў час рэпетыцыі (з роту пайшла кроў), займаючыся салдацкай мастацкай самадзейнасцю[13]. Быў пахаваны на мясцовых могілках[13].

Паводле іншай, не пацверджанай версіі, ён заразіўся тыфам і памёр у гарачцы ў шпіталі каля мястэчка Гарадок, быў пахаваны на салдацкіх могілках ля вёскі Палачаны, а потым дачка Алена перавезла яго прах у родныя Палівачы[10]. «Антон Луцкевіч ва ўспамінах піша, што калі дочкі Ванда і Гэля прывезлі астанкі бацькі ў 1918 годзе ў Палевачы на цягніку, каб пахаваць яго ў трох соснах, як гэтага хацеў сам дзядзька Ігнат, то на станцыю не прыйшоў ні адзін жыхар. Магчыма, час тады быў такі, цьмяны»[14].

У 1975 годзе, між іншым дзякуючы намаганням Уладзіміра Караткевіча, перазахаваны ў Празароках на цэнтральнай плошчы[13], на магіле ўстаноўлены помнік (скульптар І. Міско, архітэктар М. Бурдзін)[15].

Сядзіба Ігната Буйніцкага, якая знаходзілася за чыгуначным пераездам Палівачы, не захавалася[16].

Remove ads

Уласная трупа

Thumb
Афіша Першай беларускай трупы
Thumb
Абвестка аб спектаклі «Модны шляхцюк» (1910 г.)
Thumb
Сцэна са спектаклю «Па рэвізіі» М. Крапіўніцкага
Thumb
Абвестка аб спектаклі «Па рэвізіі» (1911 г.)

У 1907 г. у сваёй сядзібе ў Палівачах (каля Празарокаў) заснаваў самадзейны тэатр, дзе спачатку прымалі ўдзел яго сваякі. У ім удзельнічала 8 акцёраў, і чалавек прыблізна 16 танцораў. Перад канцэртамі былі рэпетыцыі, якія праводзіў сам Буйніцкі[17]. Тэатр даваў канцэрты і спектаклі ў Палівачах, Празароках і навакольных вёсках. Вывучаў беларускія песні, танцы, народнае адзенне.

У Вільні 12 лютага 1910 г. тэатр Буйніцкага па адмысловым запрашэнні рэдакцыі «Нашай Нівы» прыняў удзел у прадстаўленні, якое ўвайшло ў гісторыю пад назвай «Першая беларуская вечарынка ў Вільні». Выступленне танцавальнай трупы Буйніцкага мела на гэтай вечарыне каласальны поспех. Разам з новымі драматычнымі акцёрамі і спевакамі трупа стала прафесійнай і атрымала назву «Першая беларуская трупа» або «Тэатр Ігната Буйніцкага».

Другое выступленне трупы Ігната Буйніцкага адбылося 22 лютага 1910 года на этнаграфічным вечары, прысвечаным культурам народаў Паўночна-Заходняга краю. У вечары прымалі ўдзел хоры, якія выконвалі расійскія, украінскія, літоўскія, польскія і яўрэйскія песні. Польскі кампазітар Людамір Міхал Рагоўскі адмыслова для беларускай часткі выступлення напісаў музыку на словы верша Янкі Купалы «А хто там ідзе?», які пазней стаў неафіцыйным гімнам трупы[4]. Апрача песень на вечары паказвалі і народныя танцы ў выкананні трупы Ігната Буйніцкага.

Пасля неаднаразовых поспехаў беларускіх спектакляў Ігнат Буйніцкі ў канцы лета 1910 года нарэшце атрымлівае ад губернскіх уладаў дазвол на гастрольную паездку. Перад адпраўкай у падарожжа, рэжысёр са значнай часткай акцёраў прыязджае да сябе ў Палівачы, каб па-сур’ёзнаму падрыхтаваць гастрольны рэпертуар[4]. У 1910—1913 г. тэатр гастраляваў па Беларусі (Мінск, Слуцк, Полацк, Дзісна, Свянцяны, Паставы, Нясвіж, Ляхавічы), двойчы выступаў у Пецярбургу (1911, 1912), а таксама ў Варшаве (1913)[7][8].

Большасць спектакляў Буйніцкі ставіў самастойна. У рэпертуары групы налічвалася больш за дзясятак танцаў («Лявоніха», «Юрка», «Верабей», «Мяцеліца», «Гняваш», «Мельнік», «Антошка», «Чобат», «Качан», «Чабор», «Полька» і інш.)[18]. Музычнае суправаджэнне ладзіў традыцыйны «траісты ансамбль» — цымбалы, скрыпка, дуда. Вядомы імёны выканаўцаў-музыкантаў, якія выступалі ў гастролях трупы — І. Голер, І. Маскаленка (цымбалы), А. Шульга (дуда), Франак Голер (скрыпка) [19].

Адначасова І. Буйніцкі старанна адбіраў для сваіх выступаў народныя песні. У гэтым яму дапамагаў кампазітар Л. Рагоўскі і хормайстар трупы Я. Феакцістаў. Напрыклад, хорам выконваліся такія песні, як «Дуда-весялуха», «Ах ты дзьмі», «Падушачка», «За гарамі, за лясамі», «Ох ты дуб», «Прыляцелі гусі», «Ды куды ж ты, дуб зялёны» і іншыя[1][19].

І. Буйніцкі падтрымліваў свой тэатр уласнымі сродкамі. У рэпертуары тэатра акрамя танцаў і песень былі невялікія сцэнкі, пастаноўкі п’ес «Па рэвізіі»[1] і «Пашыліся ў дурні»[1] Маркі Крапіўніцкага, «Хам»[1] і «У зімовы вечар»[1] паводле Элізы Ажэшка, «Міхалка» братоў Далецкіх, «Сватанне» Антона Чэхава, «Модны шляхцюк»[1] Каруся Каганца, Янкі Купалы, Альберта Паўловіча і інш. У большасці гэта былі пастаноўкі І. Буйніцкага, таксама ён іграў у ролях[20].

І. Буйніцкі меў сяброўскія і творчыя кантакты з Янкам Купалам, Якубам Коласам, Элізай Ажэшкай, Змітраком Бядулем, Цёткай (якая сама ўдзельнічала ў спектаклях трупы як актрыса).

Тэатру ўвесь час даводзілася пераадольваць прыдзіркі цэнзуры і ўсялякія перашкоды мясцовых уладаў, якія бачылі ў дзейнасці трупы пагрозу вялікадзяржаўнай палітыцы царызму. У сваёй кнізе заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь А. П. Цыхун піша, што з-за выкарыстання беларускай мовы на афішах вечароў з удзелам трупы Буйніцкага артысты мелі праблемы з царскай паліцыяй[21]. Царскія ўлады непрыхільна ставіліся да паказу са сцэны твораў на беларускай мове, асабліва на вострыя сацыяльныя тэмы і часта забаранялі спектаклі[1].

З-за матэрыяльных цяжкасцей і ўціску царскіх уладаў у 1913 г. дзейнасць трупы была спыненая[13].

Remove ads

Прафесійны тэатр

У 1914 г. Буйніцкі паспрабаваў стварыць новую трупу, аднак 1-я сусветная вайна перашкодзіла здзейсніць гэту задуму. У пачатку 1917 г. Буйніцкі з’явіўся ініцыятарам арганізацыі прафесійнага тэатра ў Мінску — Першага беларускага таварыства драмы і камедыі, з якога пачаўся Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа. Сённяшні Купалаўскі тэатр быў заснаваны на базе Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. Ствараў таварыства Ігнат Буйніцкі. Прыязджаў у Мінск ужо ў ваеннай форме. На працягу многіх гадоў у тэатры існаваў артэфакт — світка Буйніцкага, у якой ён выступаў. Яе перадавалі акцёру, які лепш за ўсіх выконваў ролі, якія граў сам Ігнат. Пазней світка знікла.

Буйніцкі-выканаўца

Thumb
Першая беларуская вечарынка ў Вільні. 1910 год.

Буйніцкі быў узорам добрага артыста для сваіх калег, выходзіў на сцэну ў драматургічных творах, дэкламаваў вершы, танцаваў, спяваў сола і ў хоры (меў лёгкі бас-барытон)[7]. Буйніцкі адрозніваўся тэмпераментным выкананнем беларускіх народных танцаў.

Выступаў у ролях бытавога і характарнага плану: Антон, Мірановіч («Пашыліся ў дурні», «Па рэвізіі» Крапіўніцкага), Ігнась («Модны шляхцюк» Каганца), Аляксей («У зімовы вечар» Ажэшкі)[20]. Відавочна, што ён быў сінтэтычным акцёрам. Любіў асабліва дэкламаваць. І паэзію, і прозу. Але перавагу аддаваў гумарыстычным творам[22]. Ігра Буйніцкага вызначалася жыццёвай і бытавой дакладнасцю, глыбокай самабытнасцю, тонкім гумарам[23].

Паводле ўспамінаў Ядзвігі Іванаўны Радзевіч, удзельніцы трупы, Буйніцкі быў ветлівы, прывабны, росту сярэдняга і сярэдняй паўнаты, голас яго быў бліжэй да барытону, размаўляў з калегамі па-беларуску[17]. Яшчэ адзін удзельнік трупы, І. Голер адзначаў[17], што «Ігнат Буйніцкі быў сярэдняга росту, чорнавалосы, з сівымі скронямі. Танцаваў заўсёды „з сэрцам“. Акцёрам танцы паказваў сам, музыкам мелодыі таксама напяваў сам. Займаўся з трупай стала і ўзімку, і ўлетку.»

Remove ads

Значэнне працы Буйніцкага

Thumb

Дзейнасць Буйніцкага ажыццяўлялася ў складаны і супярэчлівы перыяд беларускага адраджэння, калі грамадскае жыццё Беларусі бурліла, утвараючы магутны стваральны струмень, які падхапляў створаную народам спадчыну: музычную, літаратурную, тэатральную і перамолваў усё гэта, надаючы выніку стройную форму, скончанасць і цэласнасць.

І. Буйніцкі быў яскравым прадстаўніком свайго часу, яго асабісты талент і выдатныя здольнасці яго паплечнікаў дапамаглі вывесці аматарскую трупу на высокі прафесійны ўзровень. Яго творчасць сведчыць пра з’яўленне новай тэндэнцыі — прафесіяналізацыі народных традыцый[19]. І. Буйніцкі збіраў фальклорны матэрыял, пераймаў сялянскія песні і танцы. У нескладаным сцэнічным афармленні выкарыстоўваліся элементы беларускага народнага выяўленчага мастацтва, акцёры выступалі ў беларускіх нацыянальных касцюмах. Буйніцкі беражліва ставіўся да захавання вытокавай харэаграфіі, імкнуўся не мяняць узор танцу.

З. Абрамовіч так апісвае выступленне танцавальнай групы ў спектаклі[19]:

" Дуда і скрыпка падаюць тэмп… Мелодыя нарастае, а Буйніцкі, узяўшыся ўбокі і злёгку сагнуўшыся, вядзе нас за сабой без усялякай рысоўкі, «запальвае» нас танцам, у якім няма нават намёку на якую-небудзь стылізацыю "

З. Бядуля ў адным з артыкулаў адзначаў, што Буйніцкі, надаючы танцам асаблівую жвавасць і бойкасць, свядома не мадэрнізуе іх ніякімі новымі рыскамі, пакідаючы іх сырым этнаграфічным матэрыялам[24].

Імкненне да этнаграфічнай рэгіянальнай дакладнасці праяўлялася ў выбары касцюмаў, тыпу арнаменту, колеравых спалучэнняў, у роспісах заднікаў, куліс, харэаграфічнай лексіцы[19]. Пры гэтым разнастайнасць творчых форм, якія аб’ядноўвала трупа ў адным выступленні: п’еса, танцы, дэкламацыя вершаў і харавыя спевы — не выглядалі стракатым калейдаскопам дзякуючы таму, што звязальнай тэмай кожнага вечара была народная, фальклорная аснова творчага матэрыялу[19]. Буйніцкі стварыў выдатны сімбіёз народнай і прафесійнай творчасці[19].

Творчая назіральнасць, цудоўныя музычныя даныя дазволілі І. Буйніцкаму этнаграфічна дакладна фіксаваць стылістыку народнага танца і ствараць яркія, дынамічныя, фальклорна-праўдзівыя танцавальныя сюіты-дывертысменты, якія сталі вытокамі нацыянальнага балетнага мастацтва[19]. Ён шырока прапагандаваў музычную творчасць народа, яго песні і танцы, імкнуўся да стварэння сінтэтычнага тэатра, у якім, акрамя драматычнага мастацтва, былі б прадстаўлены харавыя спевы і народная харэаграфія[1]. Важным значэннем яго дзейнасці стала магчымасць азнаёміць з беларускай нацыянальнай культурай шырокае кола людзей самых розных сацыяльных груп[19].

І. Буйніцкі нястомна прапагандаваў беларускі тэатр, арганізоўваў аматарскія гурткі[20]. Акрамя тэатральнай дзейнасці, ён прымаў удзел і ў іншых формах грамадскага жыцця, напрыклад, уваходзіў у склад праўлення Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны[25].

Thumb
Трупа Ігната Буйніцкага пасля выступу ў Спортынг-Палацы ў Пецярбургу, у 1912 годзе.
Remove ads

Ігнат Буйніцкі і беларуская дуда

Буйніцкі быў родам з аднаго з найбольш дударскіх рэгіёнаў Паазер’я. Па ўспамінах аднавяскоўцаў, мясцовыя музыкі (з цымбаламі, скрыпкай і дудой) заўжды віншавалі Буйніцкага на Вялікдзень[26]. Дуда была знакавым інструментам Глыбоцкага краю, а адным з моцных цэнтраў яе бытавання былі Палівачы.

Ігнат Буйніцкі ўпершыню ў гісторыі вывеў беларускую дуду на тэатральную сцэну і зрабіў яе візітоўкай свайго тэатра. Пра скокі пад дуду пісалі на плакатах-анонсах трупы. Дудар Адам Шульга прымаў актыўны ўдзел у гастролях тэатра ў Вільні, Варшаве і Пецярбургу.

Для Буйніцкага дуда была не проста адным з трох інструментаў у традыцыйнай капэлі, але сімвалам беларускай культуры ў цэлым, сінонімам беларускай даўніны і народнасці. У публікацыі «Нашай Нівы» з 1910 года (3 снежня, № 49) чытаем, што пасля заканчэння сімфанічнага канцэрта кампазітара і дырыжора Людаміра Міхала Рагоўскага ў Вільні (12 лістапада) у знак падзякі «яму былі дадзены на ўспамін…. ад арганізатараў беларускага тэатру — беларуская дуда»[27]. Па словах даследчыцы Ірыны Шумскай, калі ў 1911 годзе Міхал Рагоўскі пераязджаў з Вільні ў Парыж, то пакінуў падораныя інструменты ў фонды калекцыі Івана Луцкевіча, якія сталі асновай для створанага пазней беларускага музея. Пасля ліквідацыі музея ў 1944 годзе дуда трапіла ў фонд літоўскага музея, дзе захоўваецца па сённяшні дзень. Паходжанне дуды з беларускага музея пацвярджае надпіс на мяху дуды.

Thumb
Копія дуды Ігната Буйніцкага. Майстар Сяргей Чубрык. 2023 год.

Ігнат Буйніцкі зрабіў важкі ўнёсак у захаванне і развіццё традыцыі беларускай дуды. Гэты ўнёсак заўважалі і ягоныя сучаснікі. Янка Купала ў прысвечаным Ігнату Буйніцкаму вершы напісаў: «Важна рэй Ігнат Буйніцкі/Ў танцах нашых водзіць… Пад дуду і пад цымбалы/Топне, прысьпявае…/Сьцеражыцеся, ўсе людзі:/Беларус гуляе!»[28][29].

Remove ads

Памяць і прызнанне землякоў

Буйніцкаму прысвячалі вершы Янка Купала[30], Змітрок Бядуля, Віталь Гарановіч, Алесь Жыгуноў, Уладзімір Караткевіч[31], Антон Бялевіч, Пятрусь Макаль, Навум Гальпяровіч, аповесць «Апошняя дзея» прысвяціла яму Ірына Жарнасек[8][32]. Мастак Я. М. Ціхановіч у 1983 годзе намаляваў партрэт Буйніцкага, збоку прыпісаўшы радкі купалаўскага верша[33].

Thumb
Помнік на магіле І. Ц. Буйніцкага ў в. Празарокі
Thumb
Экспазіцыя, прысвечаная дзейнасці трупы Ігната Буйніцкага і мясцовай музычнай традыцыі

У в. Празарокі ў будынку сярэдняй школы створаны музей заснавальніка беларускага тэатра (адкрыты ў 1982 г.), дзе прадстаўленыя афішы спектакляў, здымкі трупы, лісты Зоські Верас і Зыгмунта Абрамовіча, успаміны празароцкіх старажылаў. У скверы — магіла Ігната Буйніцкага і помнік яму (устаноўлены ў 1976 г.; скульптар І. Міско, архітэктар М. Бурдзін)[20][34]. Вялікую ролю ў перапахаванні і ўшанаванні памяці пра Ігната Буйніцкага адыграў пісьменнік Уладзімір Караткевіч. Менавіта Уладзімір Караткевіч разам з тэатразнаўцам Уладзімірам Няфёдам адшукалі занядбаную магілу Буйніцкага ў 1975 годзе і паспрыялі яе перанясенню ў Празарокі, дзе тады ж адкрылі помнік[29].  

Насупраць помніка Ігнату Буйніцкаму ў 1994 годзе пачалі ўзводзіць будынак музея-сядзібы. У 1998 годзе будаўніцтва прыпынілі, да гэтага часу паспелі закласці фундамент і часткова ўзвесці сцены. З таго часу даўгабуд плошчай амаль 400 квадратных метраў муляе вочы чыноўнікам. Прадаць незавершаны будынак спрабавалі яшчэ ў 2009 годзе, таксама за адну базавую велічыню (35000 рублёў), аднак пакупнікоў не знайшлося. Было прынята рашэнне разабраць спаруду, калі недабудаваны музей-сядзібу не выкупяць да 2012 года[35].

У Мінску ў гонар Буйніцкага названы вуліца і завулак, у Маладзечне — вуліца, у Глыбокім — вуліца і глядзельная зала гарадскога цэнтра культуры[8].

З 1992 года прысуджаецца прэмія імя І. Ц. Буйніцкага ў галіне тэатральнага мастацтва[6].

У 2007 годзе быў выпушчаны канверт з арыгінальнай паштовай маркай у гонар стагоддзя з часу стварэння першага тэатра ў Беларусі пад кіраўніцтвам Ігната Буйніцкага. 16 жніўня 2011 года Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь увёў у абарачэнне памятныя манеты «І. Буйніцкі. 150 гадоў».

У 2018 годзе Ігнату Буйніцкаму быў прысвечаны міжнародны фэст дударскіх рэгіёнаў Дударскі рэй, які праходзіў на Глыбоччыне. Удзельнікі фэсту ўсклалі кветкі на магіле Ігната Буйніцкага ў Празароках. У трупе Ігната Буйніцкага быў дудар Адам Шульга[36].

У Глыбокім дзейнічае народны тэатр фальклору «Цярэшка», праграмы якога заснаваны на імкненні захаваць пераемнасць традыцый  першага  беларускага тэатра  І. Ц. Буйніцкага. Кіруе гуртом Наталля Нікіфаровіч[37].

Remove ads

Цікавыя факты

Стрыечны прапраўнук Ігната Буйніцкага Максім Буйніцкі  (руск.) вядомы як кінарэжысёр[38].

Зноскі

  1. Няфёд, У. Ігнат Буйніцкі — бацька беларускага тэатра : вачыма сучаснікаў і ў памяці нашчадкаў… С. 22.
  2. Дыла Я. Першы прафесійны тэатр // Творы. — Мн.: Маст. літ., 1981. — С. 299. — 351 с.
  3. Ігнат Буйніцкі // Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі: У 3 т. Т. 1: Ад вытокаў — да пачатку XX стагоддзя / Бел. ун-т культуры; Уклад., рэд. тэкстаў, уступ. арт. і камент. А. В. Сабалеўскага. — 2-е выд., пашыр. і ўдаклад.. — Мн.: Беларуская навука, 1997. — С. 417. — 444 с. — ISBN 985-08-0064-X
  4. Няфёд, У. Ігнат Буйніцкі — бацька беларускага тэатра : вачыма сучаснікаў і ў памяці нашчадкаў… С. 23.
  5. Людвика Оношко. Оношко: воспоминания, фотографии (руск.)(недаступная спасылка). onoszko-ludwika (1 жніўня 2012). Архівавана з першакрыніцы 23 кастрычніка 2021. Праверана 23 кастрычніка 2021.
  6. Stanisław Jan Gruszecki (польск.)(недаступная спасылка). Timenote.info. Архівавана з першакрыніцы 23 кастрычніка 2021. Праверана 23 кастрычніка 2021.
  7. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. Мн.: БелСЭ, 1985.  Віцебская вобласць.  496 с., іл.
  8. «Беларуская вечарына ў стылі Ігната Буйніцкага», прысвечаная 150-годдзю з дня нараджэння акцёра і тэатральнага дзеяча, адбудзецца 15 верасня ў Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры (Музычны зав., 5) у Мінску
  9. Алексютович Л. К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Под ред. М. Я. Гринблата. Мн., «Вышейш. школа», 1978. 528 с. с ил.
  10. Э. Алейнікава. Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага. Мастацтва: вучэб. дапам.-хрэстаматыя па сусв. маст. культуры для 10 кл. агульнаадукац. шк. з бел. мовай навучэння / Аўт.-укл. Г. В. Наполава — Мн.:Піан, 1998. — 360 с.: іл.
  11. т. 5. Биографический справочник. Мн: Издательство «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. 29 с.
  12. Цыхун, А. П. Акадэмік з вёскі Лаша Я. Ф. Карскі: краязнаўча-біяграфічны нарыс/рэд. канд. гіст. нав. А. У. Богуш, канд. філал. нав. І. І. Крамко.-Гродна, 1992.-76 с.
  13. Бацька беларускага тэатра(недаступная спасылка)
  14. БУЙНІЦКІ ІГНАТ ЦЯРЭНЦЬЕВІЧ(недаступная спасылка)
  15. З. Бядуля. Як стварыць беларускі балет? — «Савецкая Беларусь», 1922, 24 лістапада
  16. Туронак Ю. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі. — Мн., 2006. ISBN 985-6530-40-7
  17. «Дудары Глыбоцкага краю» В. Воранаў
Remove ads

Літаратура

Спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads