Ішчална

From Wikipedia, the free encyclopedia

Ішчалнаmap
Remove ads

І́шчална[1] (трансліт.: Iščalna, руск.: Ищелно) — вёска ў Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці, на рацэ Ішчалнянка. Уваходзіць у склад Мажэйкаўскага сельсавета. Насельніцтва 76 чал. (2001). Знаходзіцца за 12 км на паўночны ўсход ад Шчучына, за 8 км ад чыгуначнай станцыі Скрыбаўцы.

Хуткія факты Краіна, Вобласць ...
Remove ads

Геалогія

За 0,4 км на паўднёвы ўсход ад вёскі знаходзіцца Ішчальнянскае радовішча мелу. Паклад у выглядзе адорвеня залягае ў тоўшчы марэнных адкладаў сожскага зледзянення (пяскі, супескі).

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае

У 1505 годзе каронная маёмасць Ягелонаў «Ішчалнянская і Шчучынская пушча» разам з усім, што ў яе ўваходзіла, нададзена ва ўласнасць і дзедзічнае валоданне падскарбію ВКЛ Якубу Давойну, герба Зарэмба. Першы пісьмовы ўспамін пра Ішчалну датуецца 1515 годам, калі падкаморы надворны, староста эйшышкаўскі Андрэй Давойнавіч заснаваў тут касцёл Найсвяцейшай Тройцы. Мясцовасць уваходзіла ў склад Лідскага павета Віленскага ваяводства. У 1547 годзе Станіслаў Давойнавіч паводле прывілея вялікага князя Жыгімонта Старога заклаў у Iшчалне мястэчка[2]. У 1573 годзе ваявода полацкі Станіслаў Давойна (сын Станіслава Давойнавіча) перадаў касцёлу тры вёскі з 380 прыгоннымі і абавязаў маёнтак аплачваць працу трох святароў.

На працягу XVII ст. маёнткам і мястэчкам валодалі Лімонты, Вішнявецкія, Палупяты, Радзімінскія-Францкевічы, Скарбек-Важынскія. У 1616 годзе маёмасць Лімантаў падзяляецца на дзве роўныя часткі: Ішчалну і Шчучын, гэтыя часткі больш ніколі не аб'яднаюцца. Станам на 1690 год налічвалася 53 двары.

У часы Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у 1708 годзе Ішчалну занялі шведскія войскі, якія паразбівалі касцельныя званы. У 1711 годзе пачалася перабудова касцёла. Да яе заканчэння ў Вільні заказалі сонечны гадзіннік, які захаваўся да нашых дзён.

У 1740 годзе Ішчална перайшла ў валоданне Яна Вала, які збудаваў тут сядзібу. У 1758 годзе яго сын гарадзенскі харунжы Ю. Вал збудаваў мураваны касцёл у барочным стылі, асвечаны ў 1761 годзе ў імя Найсвяцейшай Тройцы (на 1781 лічыў 1255 парафіян). У 1770 годзе адкрыўся шпіталь для нямоглых і калек. У часы паўстання Тадэвуша Касцюшкі (1794) у ваколіцах Ішчалны дзейнічаў аддзел паўстанцаў пад камандай Хлявінскага. На шляху з мястэчка ў Шчучын адбылося некалькі баёў паміж паўстанцамі і царскімі войскамі, у якіх апошнія панеслі значныя страты.

Thumb
Сядзіба Ласковічаў. Н. Орда, XIX ст.

Расійская імперыя

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Ішчална апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Шчучынскай воласці Лідскага павета Віленскай губерні. Існавалі аднайменныя мястэчка і вёска, якімі валодалі Скарбек-Важынскія. Станам на 1863 год тут было 5 жылых будынкаў, на 1885 — касцёл, вінакурны завод, 2 карчмы. Паводле вынікаў перапісу (1897) — 14 двароў, паштовая станцыя. На 1905 існавалі аднайменныя вёска (75 дзесяцін зямлі) і маёнтак (1112 дзесяцін зямлі).

У Першую сусветную вайну ў 1915 годзе Ішчалну занялі кайзераўскія войскі.

Найноўшы час

У 1919—1920 гадах Ішчална знаходзілася пад уладай бальшавікоў, затым польскага войска. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Шчучынскай гміне Лідскага павета Навагрудскага ваяводства.

У гэты час існавалі аднайменныя вёска (7 двароў) і фальварак (16 будынкаў). У 1930 годзе адкрылася пачатковая польская школа і шавецкае вучылішча для дзяўчат, у 1932 годзе — цагельны завод. Апошнімі ўладарамі Ішчалны да 1939 года былі шляхціцы Ласковічы. Пан Ласковіч на старым месцы збудаваў новы палац у класічным стылі, заклаў парк. Вакол палаца было шмат гаспадарчых пабудоў: вінакурня, млыны, дзве карчмы. Да нашага часу захаваліся толькі некалькі гаспадарчых пабудоў, ад палаца засталіся толькі руіны.

У 1939 годзе Ішчална ўвайшла ў БССР, з 12 кастрычніка 1940 года ў складзе Гардзеевіцкага сельсавета Жалудоцкага раёна17 красавіка 1962 года ў Шчучынскім раёне). Статус паселішча панізілі да вёскі. Станам на 1940 год існавалі фальварак (18 дамоў) і колішні маёнтак (28 пабудоў). У 1965 годзе вёска перададзена са скасаванага Вялікабаярскага сельсавета ў Шчучынскі сельсавет[3], у 1965—1966 гадах — у складзе Шчучынскага сельсавета[4], з 1966 года вёска ў Мажэйкаўскім сельсавеце. На 1995 год у вёсцы было 38 двароў, на 1 студзеня 2001 года — 76.

Remove ads

Насельніцтва

  • XIX стагоддзе: 1863 — 38 чал.; 1866 — 319 чал.[5]; 1897 — 118 чал.[6]
  • XX стагоддзе: 1921 — 60 чал. у вёсцы Ішчална і 140 чал. у фальварку Ішчална; 1939 — 423 чал.; 1940 — 65 чал. у фальварку Ішчална і 87 чал. у колішнім маёнтку Ішчална; 1995 — 90 чал.
  • XXI стагоддзе: 1 студзеня 2001 — 76 чал.[7]

Славутасці

  • Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (1758). З паўднёвага боку Траецкага касцёла знаходзіцца сонечны гадзіннік.
  • Ішчальнянскі парк закладзены ў 19 ст. Спалучаў пейзажны і рэгулярны стылі. Пейзажны парк займаў жывапісную ўзгорыстую тэрыторыю. У аснову кампазіцыі быў пакладзевы прынцып далёкіх перспектыў; уздоўж паўднёвай мяжы парку размяшчаліся вадаёмы. 3 паўночнага боку перад сядзібным домам (не збярогся) разбіты рэгулярны парк — 4 прамавугольныя тэрасы (80X30—35 м), акружаныя лінейнымі пасадкамі ліпы. Да парку далучаўся сад. Пераважаюць мясцовыя пароды дрэў — 12 відаў экзотаў, у т. л. ліпа гібрыдная, гардавіна, каштан горкі, бэз венгерскі, карагана, глог аднаслупковы (дае самасеў), парасткавыя экземпляры таполі шэрай, вялікая курціва птушанца сірыйскага і інш. Парк збярогся часткова, асталіся сажалкі, тэрасы.

Страчаная спадчына

  • Сядзібна-паркавы комплекс Ласковічаў (XVIII ст.)
  • Могілкавая капліца. Тут былі пахаваныя Аляксандра з Алендскіх[d], жонка Роха Брахоцкага (1819-68), Аліна з Мінейкаў[d] Брахоцкая (памерла ў 1911 г. ва ўзросце 76 гадоў), Катажына з Балінскіх Брахоцкая (памерла ў 1929 г. ва ўзросце 63 гадоў), Уладзіслава, жонка Аляксандра Брахоцкага (1857 — 22.02.1932 у М. Мажэйкаве), Сафія з граф. Маглоў (Mohlow) Брахоцкая (памерла 3 чэрвеня 1903 г. ва ўзросце 42 гадоў). Капліца была разбурана, а цынкавыя труны разбітыя[8].
Remove ads

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).. Сустракаецца таксама варыянт Ішча́лна
  2. Валерый Шаблюк. Ішчална // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. Мн. : БелЭн, 1996. — 527 с. 10 000 экз. ISBN 985-11-0041-2. С. 511.
  3. Рашэнне выканкома Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 23 ліпеня 1965 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1965, № 25 (1105).
  4. Рашэнні выканкома Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 1 жніўня, 3 і 20 снежня 1966 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1967, № 1 (1159).
  5. Iszczołna // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy (польск.). — Warszawa, 1882. S. 308.
  6. Іна Соркіна. Мястэчкі Лідскага ўезда ў XIX — пачатку ХХ ст. // Ліда і Лідчына: да 685-годдзя з дня заснавання горада: матэрыялы рэспуб. навук.-практ. канф., (Ліда, 3 кастр. 2008 г.) / рэдкал.: Худык А. П. (гал. рэд.). — Ліда, 2008.
  7. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Шчучынскага раёна. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2001.
Remove ads

Літаратура

Спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads