Жарабковічы
аграгарадок у Ляхавіцкім раёне Брэсцкай вобласці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Жарабко́вічы[1] (трансліт.: Žarabkovičy, руск.: Жеребковичи) — аграгарадок у Ляхавіцкім раёне Брэсцкай вобласці, на рацэ Шавялёўцы. Адміністрацыйны цэнтр Жарабковіцкага сельсавета. Месціцца за 18 км на паўночны ўсход ад Ляхавічаў, чыгуначная станцыя на лініі Асіповічы I — Русіно, праз аграгарадок праходзіць аўтамабільная дарога Р103 Клецк—Ляхавічы.
Remove ads
Назва
Паходзіць напэўна ад мянушкі Жарабок (Жеребокъ) і вытворнага ад яе патроніма — імя па бацьку, пазней прозвішча.
Цяпер болей вядомы версіі з народнай этымалогіі, адна выводзіць назву ад дзеяслова «жарабіць», які на мясцовай гаворцы значыць «выпас быдла», другая — ад коней, якіх тут быццам гадавалі для княжацкіх патрэб, калі паселішча належала Радзівілам. Назва аднак вядома з часоў, калі цяперашняй мясцовай гаворкі пэўна яшчэ не было і да 14-гадовага перыяду належнасці паселішча Барбары Радзівіл, пра развітую конегадоўлю тут таксама няма звестак.
Remove ads
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Напісанне ў першым упамінанні старабеларускай мовай — Жеребковичи[2]. Вядомы прынамсі з 1440—1447 года ў Клецкай воласці, нададзеныя нейкаму Рыгору Пятрышчу (або Пятрышчу Рыгоравічу). Тады ж тры «чалавекі» — Васіль, сын яго Андрэй і Хадот, «у Жеребковичох» нададзены і нейкаму Пішчыку. Перад тым Рыгору Пятрышчу з Клецкай воласці былі нададзены шэсць «чалавек» бортнікаў — Дзямід, два Дабарэвічы, Палаўчын, Клімец і Трунец. Неўзабаве Пятрышча з братам таксама з Клецкай воласці атрымаў яшчэ Мірашава «месца» (напэўна, былы маёнтак нейкага Міраша), Левановічы і Цыцкавічы (напэўна, «чалавекі» з сем’ямі)[3].
Да 1450-х гадоў Жарабковічы і Ляхавічы (напэўна, Старыя), належалі ўжо валынскаму баярыну Дзяніску Мукасеевічу, які памяняў іх з панам Іванам Іллінічам на яго замак Вельгар з «местам» і некалькімі «прыселкамі» ў Луцкім павеце[4]. Потым Жарабковіцкі маёнтак перайшоў як спадчына да пана Юрыя Іллініча. У 1525 годзе канцлер Альбрэхт Гаштольд аспрэчыў правы Іллініча на ўваходы ў пушчу Лесішча, якая паводле слоў Гаштольда належала да яго Ляхавіцкага маёнтка, у тым жа годзе ён нават забраў Жабрабковіцкі маёнтак у Іллініча. Загадам караля Жыгімонта Старога маёнтак вернуты, а Гаштольд абавязаны кампенсаваць шкоды[5].
Неўзабаве Юрый Іллініч памёр, пры падзеле яго спадчыны ў 1527 годзе Жарабковічы атрымаў сярэдні сын Станіслаў і далучыў як «дварэц» да свайго Мірскага маёнтка. Правы Станіслава на Жарабковічы пацвердзіў гаспадар. Пасля смерці Станіслава ў 1531 годзе маёнтак перайшоў да старэйшага брата Яна, які ў 1532 годзе прадаў Жарабковічы разам з маёнткам Малкава Альбрэхту Гаштольду за 1500 коп літоўскіх грошаў[5].
У 1537 годзе з дазволу бацькі Станіслаў Гаштольд запісаў Ляхавіцкі маёнтак з «дваром» Жарабковічы як вена сваёй жонцы Барбары Радзівіл. Пасля смерці Станіслава ў 1542 годзе род Гаштольдаў згас і іх асноўныя ўладанні як вымарачныя перайшлі на вялікага князя, гэта значыць дзяржаве[2]. Вяноўныя ж маёнткі засталіся Барбары, якая ў 1547 годзе ўзяла шлюб з каралём Жыгімонтам Аўгустам[6].
Пасля смерці Барбары ў 1551 годзе яе маёнткі перайшлі ў асабістае ўладанне Жыгімонта Аўгуста. Кароль аддаваў Ляхавіцкае староства ў дзяржанне за пазыкі, першым дзяржаўцам быў Рыгор Валовіч (згадваецца ў снежні 1556). Ад 8 мая 1561 года[7] за пазыку 3000 коп грошаў дзяржаву з дварамі Ляхавічы, Старыя Ляхавічы і Жарабковічы атрымаў Іван Солтан. Пры Солтане ў Ляхавіцкіх ўладаннях гаспадарскім рэвізорам Андрэем Ільгоўскім праведзена валочная памера, матэрыялы цяпер захоўваюцца ў ЦДГАУК[8]. Цягам ліпеня 1566 — снежня 1567 года, нягледзячы на супраціўленне Солтана, дзяржава яму была заменена, а Ляхавіцкая нададзена за службу «до двух животовъ» Уладзіміру Забалоцкаму і яго жонцы з правам на 6000 коп грошаў. У канцы 1569 — пачатку 1570 года загадам гаспадара Дзмітрам Сапегам і Вацлавам Шушынскім праведзена рэвізія, матэрыялы цяпер захоўваюцца ў НГАБ[9]. Ужо ў 1569—1571 гадах кароль забраў Ляхавіцкую воласць і ў Забалоцкага, каб абмяняць «замак Ляхавічы, двор Жарабковічы ў Навагародскім павеце, места Батокі, двор Крэцінку, 50 валок ў воласці Палангенскай у зямлі Жамойцкай» з віленскім кашталянам Янам Хадкевічам на яго «дзедзічныя маёнткі Свіслач, двор Грынкі, Янава, Валкаўшчызна» і Абчоўскую пушчу ў Ваўкавыскім павеце[6][10][11]. Пасля 1567 года ў Новагародскім павеце Новагародскага ваяводства[2].
Пасля смерці ў 1621 годзе Яна Караля Хадкевіча, у маі 1623 годзе яго ўладанні падзелены паміж спадчыннікамі — Ляхавіцкі маёнтак атрымала дачка Ганна Схаластыка, жонка Яна Станіслава Сапегі, пасля яе смерці ў 1625 годзе ўласнасць перайшла да Сапегаў. Пасля смерці Ежы Феліцыяна Сапегі ў 1750 годзе, спадчыннікі спрабавалі выплаціць пазыкі і захаваць маёнтак, але ўрэшце ў 1760 годзе прадалі польнаму гетману Міхалу Юзафу Масальскаму. У рэестры названы самі Ляхавічы і фальваркі Старыя Ляхавічы, Ажэвічы, Жарабковічы, Зубялевічы, Голдавічы, Мыслабаж, Літва і Вадзяжым. У 1775 годзе, праз стратэгічнае становішча Ляхавічаў, маёнтак цалкам перайшоў да дзяржавы, але ў 1790 годзе рашэнне скасавана і ўладанні вернуты Масальскім. Ад 1791 года, паводле новага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення, аказаліся ў Случарэцкім павеце Новагародскага ваяводства[6].
Расійская імперыя

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Расійскай імперыі, у Нясвіжскім павеце Мінскага намесніцтва. У 1793 годзе Ляхавіцкае графства перайшло ва ўладанне графаў Касакоўскіх. У складзе графства між іншых былі фальварак Жарабковічы (уключаў вёскі Зарытава, Падлессе Жарабковіцкае) і фальварак Гулічы (уключаў саму вёску Жарабковічы). Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) і адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы Паўла I (1796) у Слуцкім павеце Мінскай губерні[6].
Пасля 1861 года ў Ляхавіцкай воласці Слуцкага павета. У 1876 годзе фальваркам Жарабковічы валодаў граф рыма-каталіцкага веравызнання Станіслаў Станіславаў Касакоўскі, валодаў пасля пераходу спадчыны з 1873 года[12].
Найноўшы час
У Першую сусветную вайну вёска ў прыфрантавой паласе, у лютым—снежні 1918 года пад акупацыяй войскаў Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары Ляхавіцкай воласці атрымлівалі пасведчанні Народнага Сакратарыята Беларусі[13]. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. З чэрвеня 1919 года пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ). У другой палове ліпеня 1920 года тэрыторыя занята Чырвонай Арміяй, з другой паловы верасня — у кастрычніку зноў пад уладай Польшчы.
Пад уладай Польшчы
Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 года ў складзе Ляхавіцкай гміны Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства Польшчы[6]. У беларускай гістарыяграфіі землі вядомы як Заходняя Беларусь. У вёсцы дзейнічала польская школа. У 1926 годзе ў вёсцы закладзены гурткі Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) і Таварыства беларускай школы (ТБШ), адкрыта беларуская бібліятэка[14]. У жарабковіцкі гурток БСРГ уваходзілі 42 сябры, старшынёй быў Дзмітрый Сільвестравіч Казаноўскі, сакратаром — Андрэй Емяльянавіч Глобаж, касірам — Фёдар Емяльянавіч Ждановіч[15]. Жарабковіцкі гурток ТБШ аб’ядноўваў 12 чалавек, адначасова ўсе яны былі сябрамі БСРГ. Старшынёй гуртка быў Міхаіл Паўлавіч Новік, сакратаром — Сцяпан Паўлавіч Казаноўскі, касірам — Іван Андрэевіч Казаноўскі[16]. У 1926 годзе сяляне падалі дэкларацыю аб пераўтварэнні польскай школы ў беларускую[17], у выніку ўлады дазволілі выкладаць беларускую мову як прадмет, аднак на пасаду выкладчыка быў прызначаны асаднік[16]. Урокі беларускай мовы супадалі з урокамі закону божага, а дзеці часцей наведвалі ўрокі беларускай мовы, праз што яе выкладанне пазней забаранілі[18]. Некаторыя жыхары Жарабковічаў выступалі як артысты-аматары ў тэатральных пастаноўках, якія ладзіла ТБШ[16]. У 1928 годзе ў вёсцы была створана ячэйка Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ), старшынёй якой стаў былы сябра гуртка БСРГ Андрэй Емяльянавіч Глобаж[18]. Таксама ў 1928 годзе навучэнцы Клецкай гімназіі Аляксей і Мікалай Грамакі стварылі ў вёсцы арганізацыю Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі (КСМЗБ)[19]. У 1930-х гадах у вёсцы дзейнічала кааперацыйнае таварыства «Змаганне»[20].
У 1930 годзе ў дзень выбараў у сейм сябры КПЗБ і КСМЗБ арганізавалі ў вёсцы мітынг, на якім заклікалі галасаваць за левых кандыдатаў[21]. У 1933 годзе на год зняволення за «спеў камуністычных песень» былі асуджаны сяляне: Аляксей Раманюк, Міхась Зянюк, Міхась Войтуль, Аляксей Таранда, Міхась Яруць, Марыя Каляда і Вольга Ждановіч[22][23]. У красавіку 1935 года ў сяброў КПЗБ і КСМЗБ вёскі Жарабковічы прайшлі масавыя вобыскі паліцыяй, праз дзень пасля допытаў у пастарунку і збіцця памёр камсамолец Анатоль Сяргеевіч Леваш, на ягоным пахаванні адбыўся масавы стыхійны мітынг[24]. У 1935 годзе ў ветраку Праневічаў у Жарабковічах была створана падпольная друкарня КПЗБ[20].
БССР і незалежная Беларусь
17 верасня 1939 года Жарабковічы заняты Чырвонай Арміяй[25]. 14 кастрычніка сялянскім камітэтам былі арыштаваны асаднікі Баляслаў Пік і Юзаф Прушынскі, пасля перадачы народнай міліцыі іх самасудна расстралялі[26]. З 12 лістапада — у складзе Беларускай ССР. Ад 15 студзеня 1940 года — у Ляхавіцкім раёне Баранавіцкай вобласці, ад 12 кастрычніка 1940 года — цэнтр Жарабковіцкага сельсавета. У 1940 годзе створаны калгас імя Сталіна, які аб’ядноўваў 98 гаспадарак з 727 га ворыва[6].
У часе Другой сусветнай вайны з чэрвеня 1941 да пачатку ліпеня 1944 года пад нямецкай акупацыяй[6]. 5 ліпеня 1944 года заняты Чырвонай Арміяй (падраздзяленнямі 65-га асобнага танкавага палка і 54-й гвардзейскай стралковай дывізіі).
У 1948 годзе адноўлены калгас імя Сталіна, які аб’ядноўваў 35 гаспадарак, у снежні 1950 года да яго далучаны шэсць дробных навакольных калгасаў. Ад 8 студзеня 1954 года Жарабковічы ў складзе Брэсцкай вобласці, ад 16 ліпеня 1954 — у Падлескім сельсавеце. Калгас імя Сталіна 3 лістапада 1961 года перайменаваны ў «Беларусь». Падлескі сельсавет 3 ліпеня 1972 года зноў перайменаваны ў Жарабковіцкі сельсавет[27][6].
Remove ads
Інфраструктура

Станам на 2007 год планіровачна вёска складалася з трох просталінейных, паралельных, мерыдыяльных вуліц, да якіх з захаду далучаецца блізкая да шыротнай арыентацыі вуліца. Забудова пераважна драўляная, сядзібнага тыпу[28]. Станам на 2020 год у паселішчы 7 вуліц — Кастрычніцкая, Лугавая, Мінская, Пушкіна, Садовая, Савецкая, Спакойная[29].
Станам на 1940 года ў вёсцы дзейнічалі пачатковая школа, клуб, медпункт, крама, тэлефон[6].
У 1970 годзе — цэнтр калгаса «Беларусь»[6].
Станам на 2007 год у Жарабковічах размяшчаліся выканкам сельсавета, філіял «Беларусбанк», дзіцячы сад, 2 крамы, аддзяленне «Белпошта», фельчарска-акушэрскі пункт, сярэдняя школа імя Міхаіла Мінкевіча[6], бібліятэка, Дом культуры, комплексны прыёмны пункт[28].
- Дом Культуры
На базе Дома культуры праходзяць асноўныя культурныя мерапрыемствы вёскі — канцэрты, дыскатэкі, творчыя выступленні і вечары. Таксама дзейнічае шэраг гурткоў, у тым ліку беларускай народнай песні, народнага танцу, тэатральны, развіцця дзіцячай творчасці і іншыя. Размешчана сталая экспазіцыя прадметаў народна-побытавай культуры — ручнікоў, сельскагаспадарчых і побытавых прылад, іншых рэчаў. Частка мерапрыемстваў, пераважна дзіцячых, адбываецца ў будынках мясцовай школы і дзіцячага саду.
Насельніцтва
- 1847 год — у вёсцы 37 двароў, 277 жыхароў, 27 валок; у фальварку (разам з Зарытавым і Падлессем) 58 двароў, 521 жыхар, 37,5 валок[6]
- 1897 год — у вёсцы 72 двары, 532 жыхары; у маёнтку 2 будынкі, 31 жыхар[6]
- 1909 год — у вёсцы 108 двароў, 652 жыхары; у маёнтку 6 жыхароў[6]
- 1921 год — у вёсцы 119 двароў, 619 жыхароў; у фальварку 3 дамы, 30 жыхароў[6]
- 1940 год — у вёсцы 127 двароў, 681 жыхар, у былым фальварку 88 жыхароў[6]
- 1959 год — 519 жыхароў[6]
- 1970 год — 617 жыхароў[6]
- 2002 год — 238 двароў, 670 жыхароў[6]
- 2005 год — 237 двароў, 620 жыхароў[6]
- 2014 год — 250 двароў, 681 жыхар
- 2019 год — 532 жыхары[30]
Remove ads
Вядомыя асобы
- Аляксей Сільвестравіч Арэшка (нар. 1923) — дзеяч беларускай эміграцыі, хімік.
- Аляксей Ігнатавіч Мікуліч (1934—2021) — беларускі антраполаг.
- Генадзь Мікалаевіч Праневіч (1950—2017) — беларускі літаратурны крытык, паэт, публіцыст, грамадскі дзеяч.
- Анатоль Іванавіч Станкевіч (1937—1999) — беларускі паэт.
Мемарыялы
- У цэнтры Жарабковічаў пахаваны 14 воінаў Чырвонай (пазней Савецкай) арміі, загінулых ў 1941 і 1944 гадах, у 1957 годзе на магіле ўстаноўлены помнік — скульптура салдата[6].
- На могілках пахаваны 14 вяскоўцаў, расстраляных акупантамі летам 1941 года, у 1965 годзе на магіле ўстаноўлены абеліск[6], які ў 2010-х гадах дэмантавалі, паставіўшы замест яго сучасны магільны камень.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads