Клод Французская

From Wikipedia, the free encyclopedia

Клод Французская
Remove ads

Клод Французская (фр.: Claude de France, брэт.: Klaoda Bro-C'hall; 13 кастрычніка 1499 года, Рамарантэн-Лантэнэ — 20 ліпеня 1524, Блуа) — дачка французскага караля Людовіка XII, герцагіня Брэтані пасля смерці маці; першая жонка французскага караля Францыска I.

Хуткія факты Клод Французская, Герцагіня Брэтані ...
Remove ads

Раннія гады

Клод нарадзілася 13 кастрычніка 1499 года ў Рамарантэн-Лантэнэ[7] у сям’і караля Людовіка XII і яго другой жонкі Ганны Брэтонскай; была старэйшым дзіцем і старэйшай дачкой з дваіх дзяцей пары. Дзяўчынка была названа ў гонар Святога Клода, да магілы якога Ганна здзейсніла паломніцтва ў надзеі нарадзіць жывое дзіця: у двух шлюбах у каралевы Ганны было прынамсі чатырнаццаць цяжарнасцей, пры гэтым толькі двое дзяцей перажылі маленства — Клод і яе малодшая сястра Рэнэ, якая нарадзілася ў 1510 годзе[8].

Прынцэса выхоўвалася ў строгасці, як і яе набожная маці[8]. Паколькі яе маці не мела жывых сыноў, Клод стала спадчынніцай герцагства Брэтонскага. Паводле салічнага закона ні Клод, ні яе сястра не маглі атрымаць у спадчыну французскую карону, паколькі яна магла адысці толькі спадчынніку па мужчынскай лініі. Разам з тым, каралева Ганна, якая не жадала пакінуць дачку без брэтонскай спадчыны, пры дапамозе кардынала Амбуаза вырашыла аддзяліць Брэтань ад французскай кароны. Кардынал пачаў спрэчку з П’ерам дэ Раан-Жы, маршалам Жы, які горача падтрымліваў ідэю шлюбу паміж прынцэсай і герцагам Валуа, спадчыннікам французскай кароны, якая такім чынам захоўвала саюз Брэтані і Францыі[9].

10 жніўня 1501 года ў Ліёне быў падпісаны шлюбны дагавор паміж двухгадовай Клод і будучым імператарам Карлам V; падпісантамі выступілі Франсуа Бузлейдэн (архібіскуп Безансона), Гіём дэ Крой[en], Нікалас дэ Рутэр і П’ер Леземан, усе паслы Філіпа I Габсбурга, бацькі Карла. Часткай дагавора было абумоўлена атрыманне Брэтані ў спадчыну маладым прынцам, а таксама станаўленне яго наступным у лініі атрымання ў спадчыну тронаў Кастыліі, Арагона і Аўстрыі і бургундскіх уладанняў. У дадатак, дагавор у Блуа ад 1504 года[en] даваў Клод немалы пасаг, верагодна, на выпадак смерці Людовіка XII пры адсутнасць у яго спадчыннікаў мужчынскага полу: акрамя Брэтані, Клод атрымлівала герцагствы Мілан і Бургундыю, графствы Блуа і Асці[заўв 1] і тэрыторыі Генуэзскай рэспублікі, акупаваныя Францыяй[10]. Такім чынам, прычыны будучага суперніцтва Карла V I Францыска I былі вызначаны яшчэ да таго, як яны сталі манархамі.

У 1505 годзе, быўшы сур’ёзна хворым, асцерагаючыся за сваё жыццё і не жадаючы пагражаць будучаму валадаранню свайго адзінага спадчынніка, Людовік XII разарваў заручыны дачкі і Карла V на карысць герцага Валуа. Акрамя таго, раней Луіза Савойская атрымала ад караля тайнае абяцанне, што Клод выйдзе замуж за яе сына[11]. Такім чынам, план маршала Жы, супраць якога выступала каралева Ганна, апынуўся ўхвалены самім каралём. Ганна скарысталася ўсім сваім уплывам, каб парламент у Парыжы асудзіў маршала за здраду[12].

Remove ads

Шлюб і дзеці

9 студзеня 1514 года памерла каралева Ганна і Клод стала герцагіняй Брэтані; яшчэ праз чатыры месяцы, 18 мая, у Сен-Жэрмен-ан-Ле Клод выйшла замуж за свайго кузена Францыска. Гэтым саюзам Брэтань замацоўвалася за французскай каронай у выпадку, калі трэці шлюб караля Людовіка XII з англійскай прынцэсай Марыяй, заключаны 9 кастрычніка 1514 года, не прынясе доўгачаканага спадчынніка. Як б там ні было, шлюб апынуўся нядоўгім і бяздзетным: Людовік XII памёр меней, чым праз тры месяцы пасля вяселля, паводле агульнага меркавання з-за старанняў у спальні[13]. Францыск і Клод сталі каралём і каралевай; гэта быў трэці выпадак у гісторыі, калі герцагіня Брэтані станавілася каралевай Францыі[заўв 2].

Thumb
Клод сярод сваіх дочак (Шарлоты, Мадлен, Маргарыты), сястры Рэнэ (ці памерлай дачкі Луізы) і другой жонкі Францыска Элеаноры Аўстрыйскай. Livre d’heures de Catherine de Medicis, 1550

год

За дзевяць гадоў шлюбу Клод нарадзіла Францыску семярых дзяцей:

  • Луіза (19 жніўня 1515 — 21 верасня 1518) — неўзабаве пасля нараджэнне прынцэсу заручылі з Карлам I Іспанскім, але памерла трохі старэй за тры гады.
  • Шарлота (23 кастрычніка 1516 — 8 верасня 1524) — пасля смерці старэйшай сястры прынцэса была заручана з Карлам I Іспанскім, але памерла ва ўзросце трохі старэй за восем гадоў ад дакарай.
  • Францыск (28 лютага 1518 — 10 жніўня 1536) — дафін Францыі, герцаг Брэтані; неўзабаве пасля нараджэння дафін быў заручаны з чатырохгадовай англійскай прынцэсай Марыяй Цюдар, дачкой Генрыха VIII і Кацярыны Арагонскай, але праз пару гадоў іх заручыны былі скасаваны па палітычных матывах; Францыск памёр нежанатым і бяздзетным ва ўзросце васямнаццаці гадоў па незразумелых прычынах[заўв 3].
  • Генрых (31 саакавіка 1519 — 10 ліпеня 1559) —— кароль Францыі; быў жанаты з Кацярынай Медычы, дачкой герцага Урбінскага і Мадлен дэ ла Тур-д'Авернь, ад якой меў дзесецярых дзяцей; другая дачка Генрыха і Кацярыны была названа ў гонар Клод. Акрамя законных дзяцей у Генрыха было двое незаконнанароджаных сыноў і легітымізаваная дачка. Памёр Генрых ад наступстваў траўмы, атрыманай на турніры ў гонар вяселля старэйшай дачкі і заключэння Ката-Камбрэзійскага міру[16].
  • Мадлен (10 жніўня 1520 — 7 ліпеня 1537) — была замужам за каралём Шатландыі Якавам V. Незадоўга да або неўзабаве пасля вяселля ў прынцэсы, якая мела слабое здароўе, былі дыягнаставаны сухоты; менеш чым праз два месяцы пасля прыбыцця ў Шатландыю, і не дажыўшы трохі больш за месяц да свайго сямнаццацігоддзя, Мадлен памерла, не пакінуўшы пасля сябе спадчыннікаў.
  • Карл (22 студзеня 1522 — 9 верасня 1545) — герцаг Арлеанскі, Ангулемскі і Бурбон; незадоўга да смерці прынца ад чумы[17] была дасягнута дамоўленасць пра заручыны паміж ім і Ганнай Габсбург, дачкой імператара Фердынанда I і Ганны Ягелонкі.
  • Маргарыта (5 чэрвеня 1523 — 14 верасня 1574) — была замужам за герцагам Савоі Эмануілам Філібертам; Маргарыта выйшла замуж толькі ва ўзросце 36 гадоў і ў шлюбе нарадзілася толькі адно дзіця — Карл Эмануіл I.
Remove ads

Каралева Францыі

Thumb
Меркаваны партрэт Клод Французскай, маст. Корнель дэ Ліён; Пушкінскі музей

Пры двары, ужо быўшы каралевай, Клод заставалася ў цені сваёй свякрухі Луізы Савойскай і залвіцы Маргарыты Ангулемскай. Фактычна, Клод ніколі не кіравала сваім герцагствам; у 1515 годзе яна перадала мужу ў вечнае карыстанне кіраўніцтва сваіх дамініёнаў. У адрозненне ад малодшай сястры, Клод не праяўляла цікавасці да матчынай спадчыны, таксама як яна не цікавілася палітыкай; каралева аддала перавагу прысвяціць сябе рэлігіі, апынуўшыся пад уплывам, як лічаць некаторыя гісторыкі, духоўніка[en] яе свякрухі[8].

Пасля таго, як Францыск стаў каралём, да двара Клод далучылася Ганна Балейн. Мяркуецца, што Ганна была перакладчыцай Клод на сустрэчах з англійскімі гасцямі. У канцы 1521 года Ганна вярнулася ў Англію, дзе пазней стала каралевай-кансортам. Іншай знакамітай фрэйлінай Клод была Дыяна дэ Пуацье, якая пасля стала палюбоўніцай яе сына Генрыха II[18].

Клод была каранавана ў абацтве Сен-Дэні 10 мая 1517 года кардыналам Філіпам дэ Люксембургам[en], які «памазаў ёй грудзі і лоб»[19]. Амаль усе дзевяць гадоў шлюбу Клод правяла ў бясконцых цяжарнасцях. У яе мужа было мноства палюбоўніц, але ўсе яны былі параўнальна стрыманыя. Ва ўласнай сям’і Клод увяла строгі маральны кодэкс, ігнараваць які вырашаліся нешматлікія[18]. Брантом пісаў пра Клод:

Павінен сказаць, мадам Клод Французская была вельмі добрай і вельмі міласэрнай, была мілая з усімі і ніколі не выказвала незадавальненні ні пры двары, ні ў яе дамініёнах. Яе глыбока кахаў кароль Людовік і каралева Ганна, бацька і маці, і яна заўсёды была добрай дачкой для іх; пасля таго, як кароль прыняў міравую герцага Міланскага, ён назваў і абвясціў Клод у парыжскім парламенце герцагіняй двух найпрыгажэйшых герцагстваў хрысціянскага свету, Мілана і Брэтані, аднаго ад бацькі і іншага ад маці. Што за спадчынніца! Калі дазволіце. Абое герцагствы далучыліся ў імя ўсяго добрага да нашага цудоўнага каралеўства.[20]

Пешка шматлікіх дынастычных манеўраў, Клод была невысокага росту і пакутавала на скаліёз, які зрабіў яе спіну гарбаватай, у той час як яе муж быў «вялікі і атлетычны». Множныя паслядоўныя цяжарнасці зрабілі яе цела пухлым, што стала прычынай насмешак пры двары. Замежныя паслы адзначалі яе «поўнасць», кульгавасць, касавокасць, якое закранула яе левае вока, яе невялікі памер і пачварнасць, але і прызнавалі за ёй добрай якасці[21]. Аднак, пры двары пасля смерці бацькоў Клод не любілі. Брантом пісаў, што Францыск «заразіў Клод сіфілісам, што несумнеўна скараціла яе дні. А мадам рэгентка [Луіза Савойская] увесь час здзекавалася над ёй…»[20] Францыск жа тым часам знаходзіўся пад уплывам сваёй усюдыіснай фаварыткі Франсуазы дэ Фуа.

Remove ads

Смерць

Thumb
Магіла Францыска і Клод у абацтве Сен-Дэні

Клод памерла 20 ліпеня 1524 года ў шато Блуа ва ўзросце 24 гадоў. Прычына яе смерці стала прычынай спрэчкі паміж гісторыкамі: у той час, як некаторыя сцвярджалі, што Клод памерла ў родах ці з-за выкідка[заўв 4]; іншыя лічылі, што яна памерла ад знясілення з-за шматлікіх цяжарнасцей[8] ці перанесеных касцявых сухот (як і яе маці); і нарэшце, некаторыя лічылі, што Клод памерла ад сіфілісу, якім яе заразіў муж[24]. Клод была пахавана ў абацтве Сен-Дэні[8].

Пасля смерці Клод герцагства Брэтань атрымаў у спадчыну спачатку яе старэйшы сын, дафін Францыск (апекуном стаў удавец Клод), а пасля яго смерці іншы сын — дафін Генрых, які пасля смерці бацькі стаў каралём[25]. Праз некалькі гадоў пасля смерці Клод Францыск ажаніўся ў другі раз: яго выбранніцай стала Элеанора Аўстрыйская, сястра імператара Карла V.

Remove ads

Спадчына

Малітоўнік каралевы Клод

Thumb
Старонка з малітоўніка Клод

Малітоўнік Клод Французскай[en] — малюсенькі, упрыгожаны каштоўнасцямі рукапісны малітоўнік, зроблены для Клод прыблізна ў год яе каранацыі. Яе герб з’яўляецца на трох розных лістах. Кніга багата ілюстравана: граніцы кожнага ліста ўпрыгожаны 132 сцэнамі з жыцця Хрыста, Дзевы Марыі і іншых святых. Гэты малітоўнік і часаслоў Клод былі распісаны майстрам, які пасля працы над гэтымі кнігамі атрымаў мянушку майстар Клод Французскай. Малітоўнік быў падораны бібліятэцы і музею Моргана ў 2008 годзе ўдавой Аляксандра Поля Розенберга ў памяць пра нябожчыка[26].

Рэнклод

Імем Клод названы гатунак сліў — «рэнклод», літаральна які азначае каралева Клод[27].

Remove ads

У культуры

«Добрая каралева Клод» з’яўляецца ў рамане Робін Максвел[en] Мадмуазель Балейн (2007)[28].

Клод з’яўляецца ў трох эпізодах першага сезона брытанска-ірландска-канадскага гістарычнага тэлесерыяла «Цюдары»; роля каралевы выканала Габрыэла Райт[en][29].

Заўвагі

  1. Графства Асці быў часткай пасагу Валянціны Вісконці (бабкі Людовіка XII), калі яна выйшла замуж за Людовіка Арлеанскага ў 1389 годзе. Клод, як старэйшае выжылае дзіця бацькі, была не толькі законнай спадчынніцай Асці, але і Міланскага герцагства, паколькі ў шлюбным дагаворы Валянціны было абумоўлена, што пры адсутнасць спадчыннікаў мужчынскага полу яна атрымае дамініёны Вісконці.
  2. Абодва папярэднія выпадкі былі звязаны з маці Клод, двойчы каранаванай Ганнай Брэтонскай — каралевай па другім і трэцім шлюбам.
  3. Неўзабаве пасля смерці дафіна папаўзлі чуткі, што ён быў атручаны ўласным сакратаром Себасцьяна дэ Монтэкуколі[en][14]. Себасцьяна даставілі на суд Кацярыны Медычы, якая абвінаваціла яго ў забойстве дафіна, праплочаным Карлам V. Пад катаваннямі Монтэкуколі прызнаўся ва ўсім. Аднак незразумела, ці сапраўды спадчыннік быў атручаны, ці ён сканаў ад натуральных прычын, напрыклад ад сухотаў[15].
  4. Некаторыя гісторыкі лічаць, што ў Клод і Францыска было восьмае дзіця, сын Філіп, які памёр у 1525 годзе, чыё нараджэнне стала прычынай смерці яго маці[22][23]. Аднак, іншыя гісторыкі аспрэчваюць яго існаванне.
Remove ads

Крыніцы

Літаратура

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads