Карла Спампані
(1750—1783) архітэктар From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Ка́рла Спампа́ні (італ.: Carlo Spampani; 1750, Рым (?) — 2 сакавіка 1783) — архітэктар барока, прадстаўнік паладыянскай школы.
Remove ads
Біяграфія
Нарадзіўся ў Італіі, меркавана, у Рыме. Лічыцца, што вучыўся ў Акадэміі Святога Лукі ў Рыме. Пад уплывам мастака Францішка Смуглевіча ў 1770 перасяліўся ў Вялікае Княства Літоўскае. Першапачаткова працаваў з заказамі езуітаў (да скасавання ордэна ў 1773), выкладаў архітэктуру ў Віленскай акадэміі. Удзельнічаў у пабудове акадэмічных будынкаў, астранамічнай абсерваторыі[1].
Пасля служыў у войску, у 1774 атрымаў ранг харужага булавы польнай літоўскай, з 1779 капітан[1].
Для Паўла Ксаверыя Бжастоўскага пабудаваў палац у Паўлаве, з канца 1770-х гг. выконваў заказы Караля Радзівіла Пане Каханку (аўстэрыя, перабудова палаца ў Альбе і інш.). У 1779—1783 прыдворны архітэктар Юзафа Радзівіла, пабудаваў для яго драўляны палац у Радзівілімонтах пад Клецкам. Для Дамініка Пшаздзецкага пабудаваў палац у Заслаўі, завяршыў будоўлю касцёла. Для Адама Хмары пабудаваў палац у Сёмкаве. Для Тадэвуша Коцела пабудаваў двор і лямус у Беніцы каля Маладзечна. Кіраваў дэкараваннем палаца ў Шчорсах для Іахіма Храптовіча. Удзельнічаў у пабудове палаца Ігната Мараўскага ў Беліцы каля Менска. Па заказе Юстыніяна Шчыта будаваў палац у Юстыніянаве, двары ў Добрамыслях і Таболках. Для Пятра Твароўскага пабудаваў двор у Велясніцы пад Пінскам. У Вільні кіраваў рамонтам капліцы Святога Казіміра пры кафедральным касцёле. Для Юзафа Паца склаў праект двароў у Мытах і Ражанцы каля Ліды[1]. Для Альбрэхта Радзівіла пабудаваў драўляны палац у Анопалі[2].
Памёр ад сухотаў. Пахаваны ў драўлянай царкве базыльянскага манастыра ў Цапры пад Клецкам[1].
Remove ads
Творчасць
Быў адным з піянераў класіцызму ў ВКЛ, будаваў пераважна мураваныя і драўляныя палацы, займаўся іх дэкараваннем.

- Шчорсаўскі палацава-паркавы ансамбль, 1770—1776[3] (разам з Я. Габрыелем і Джузэпэ Сака).
- Асобныя крылы езуіцкага калегіума і прыбудовы да абсерваторыі Віленскага ўніверсітэта, 1773.
- Праект палаца ў Паўлаве пад Вільняй, 1775.
- Палац у Сёмкаве, 1775/6-1780.
- Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс (у 1778—1779)[3]
- Палац Пшаздзецкага ў Заслаўі, 1778—1782[3].
- Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Заслаўі (?).
- Радзівілімонтаўскі палац[3], 1778—1783.
- Абнаўленне капліцы Святога Казіміра ў Віленскім кафедральным саборы, 1782 (абнаўленне).
- Сядзіба і лямус у Беніцы пад Маладзечнам[3].
- мост і капліца ў в. Кухцічы[3].
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads