Мяккая беларусізацыя

From Wikipedia, the free encyclopedia

Remove ads

Мяккая беларусізацыя — элемент унутранай палітыкі Рэспублікі Беларусь з канца 2000-х і на працягу ўсіх 2010-х гадоў (часткова працягваецца ў цяперашні час), накіраваны на паступовае пашырэнне прысутнасці беларускай мовы, развіццё нацыянальнай культуры і частковую дэрусіфікацыю.

Перадгісторыя

Расійска-беларускі мовазнавец Антон Сомін адзначаў, што ў перыяд знаходжання беларускіх зямель у складзе Расійскай імперыі ў гарадах гаварылі на польскай, рускай і ідышы. Беларуская заставалася мовай сельскага насельніцтва, якое аж да 1970-х гадоў з’яўлялася большасцю. Яна была прадстаўленая шэрагам народных гаворак. На іх аснове ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя сфармавана сучасная літаратурная беларуская мова. Мясцовыя жыхары пераходзілі на рускую толькі для таго, каб пабудаваць кар’еру[1].

У перыяд палітыкі беларусізацыі 1920-х гадоў пашырылася выкарыстанне мовы ў грамадска-палітычнай і культурнай сферах. З 1930-х сітуацыя паступова стала мяняцца. На гэта паўплывалі і рэпрэсіі супраць беларускамоўных «нацдэмаў», і выгада ад выкарыстання рускай для вучобы і працы. Пасля гэтая тэндэнцыя пагаршалася. У 1960-х гадах вывучэнне беларускай мовы ў школе зрабілі факультатыўным, па жаданні бацькоў. Да 1980-х гадоў яна маргіналізавалася, стала ўспрымацца як «мова калгаснікаў». Але ў канцы дзесяцігоддзя адбылося «другое беларускае адраджэнне» на антысавецкай і антыкамуністычнай хвалі[1].

У першыя гады незалежнасці беларуская з’яўлялася адзінай дзяржаўнай мовай, выклікаючы тым самым незадаволенасць у значнай часткі рускамоўнага насельніцтва. Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў тым ліку як прыхільнік вяртання рускай у грамадскую сферу. Па выніку рэферэндуму 1995 года ў краіне ўсталяваны дзве дзяржаўныя мовы[1].

Remove ads

У грамадстве

Як заявіў расійска-беларускі мовазнавец Антон Сомін, у 2010-х адбыўся ўсплёск цікавасці да мовы. Спецыяліст нават назваў гэты перыяд «трэцім беларускім адраджэннем». Адзначана, што папулярнасць беларускай сярод гарадской моладзі павялічылася, сталі карыстацца попытам моўныя курсы[1]. Сярод такіх — курсы Мова нанова Кацярыны Кібальчыч «Мова цi кава» 2013—2014 гадоў[2], а таксама «Мова нанова»[3], якія пры падтрымцы кампаніі «Velcom» мелі сваю анлайн-трасляцыю і адбываліся ў розных беларускіх гарадах, а таксама за мяжой[4].

Ключавым у «мяккай беларусізацыі» стала максімальна добраахвотнае пашырэнне практыкі і выкарыстання мовы, падтрымка, развіццё і распаўсюджванне беларускай культуры, захаванне і прасоўванне гісторыка-культурнай спадчыны, у тым ліку і праз пабудову культурнай палітыкі ў фармаце мяккай сілы[5]. Першапачаткова з’ява зарадзілася як грамадскі працэс у межах грамадзянскай ініцыятывы «Будзьма беларусамі!» у 2008 годзе. У студзені 2011 да яе далучылася «Арт Сядзіба», а пазней — кампанія Symbal.by з шэрагам мерапрыемстваў па папулярызацыі беларускай мовы і культуры, у тым ліку з маштабнымі «Днямі вышыванкі», першую канцэпцыю і фармат якога ў 2014 распрацаваў грамадскі актывіст і культурны менеджар Мікіта Броўка[6].

Важным этапам мяккай беларусізацыі была акцыя «#беларускаястужка — пазнач сябе беларусам!»[7], калі ў Мінску і іншых гарадах Беларусі[8] актывісты раздалі болей за 10 кіламетраў стужкі з беларускім арнаментам. Яна ператварылася ў адзін з сімвалаў беларускасці, а таксама ў альтэрнатыву георгіеўскай стужцы[9].

Пасля анексіі Крыма Расіяй і вайны на Данбасе падключылася і палітычнае кіраўніцтва краіны[10]. Менавіта гэтыя падзеі прывялі да дадатковага ўсведамлення каштоўнасці існавання Беларусі як незалежнай краіны і разумення важнасці ўзаемасувязі паміж дзяржавай і мовай[1].

У маркетынгу сталі часцей звяртацца да выкарыстання беларускай мовы і аперыравання да гісторыі, традыцый і культуры[11][12]. Так, напрыклад, на беларускамоўную рэкламу перайшлі Renault, Tefal, Adidas[11].

У 2013 годзе адразу тры банкі (Тэхнабанк, Белінвестбанк, БелВЭБ) выпусцілі карпаратыўныя календары на беларускай мове на тэматыку культуры і гісторыі. Апошні з 2012 года цалкам перайшоў на беларускую мову ў назвах крэдытаў, што знайшло водгук у кліентаў. Тым часам Gallina Blanca стала выкарыстоўваць слоган «З першай лыжкі», а кампанія Ford за пару гадоў да гэтага правяла акцыю «Добры Форд» для аўтамабілістаў: тры тыдні па буднях яны разыгрывалі 35 літраў бясплатнага бензіну сярод тых, хто правільна і па-беларуску адказваў на пытанні адной з радыёстанцый[11].

Брэнд «Аліварыя» у 2015 годзе правёў серыю мерапрыемстваў да юбілею мэра Мінска канца ХІХ стагоддзя Яна Караля Чапскага. Кампанія velcom правяла серыю адкрытых урокаў беларускай літаратуры, падчас якіх настаўнікамі станавіліся беларускія пісьменнікі, спартсмены і іншыя прадстаўнікі беларускамоўнай грамадскасці. У 2016 годзе брэнд «Бульбашъ» запусціў рэкламную кампанію «Цмокі на новы лад». Кампанія прапаноўвала для бараў кактэйлі, створаныя па матывах вобразаў герояў беларускага фальклору — цмокаў. Кампанія «Онега» падрыхтавала рэкламу з беларускай музыкай і агучкай на беларускай мове[12].

У выніку дзясяткі буйных кампаній пачалі выкарыстоўваць нацыянальныя матывы на сваёй прадукцыі і ў рэкламе. Сярод іх Modum, «Беларуснафта», «А-100» ды іншыя[13].

Remove ads

Дзяржаўны ўзровень

Першая хваля «мяккай беларусізацыі» ва ўрадавых колах пачалася яшчэ ў 2009—2010 гадах, на фоне напружаных адносін з Расіяй. Адным з галоўных яе ініцыятараў ва ўладзе стаў Павел Латушка, прызначаны ў чэрвені 2009 года міністрам культуры. Ён назваў беларускую мову прыярытэтнай і пераклаў на яе міністэрскае справаводства. У гэты ж час прыняты Закон «Аб найменні геаграфічных аб’ектаў» ад 16 кастрычніка 2010 года. На падставе дакументу назвы сталі даваць выключна на беларускай мове, а на рускай — паказваць метадам транслітарацыі. Пасля выбараў 2010 года «мяккая беларусізацыя» была затарможаная аж да 2014 года[2], калі прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка зрабіў прамову на Дзень Незалежнасці па-беларуску[заўв 1][15][16]. Ёсць некалькі тлумачэнняў такой змене. Сам кіраўнік дзяржавы сказаў, што гэта папярэджанне для тых, хто «замахваецца на адзінства нацыі». Як лічыў дэпутат Аляксандр Ярашэвіч, прамова была спробай дыстанцыявацца ад Расіі ў сувязі з падзеямі ва Украіне. Таксама дадзены ўчынак тлумачыцца як спроба ўзмацніць нацыянальную ідэнтычнасць Беларусі праз заігрыванне з нацыяналістычна арыентаванымі апазіцыйнымі рухамі[15][16][17][18].

У 2015 у гэты працэс уключыўся БРСМ, які з'яўляецца галоўным правадніком дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў Беларусі. Арганізацыя пачала папулярызаваць беларускі народны арнамент у выглядзе стужак, якія раней раздавалі грамадскія актывісты[19]. У траўні 2016 БРСМ паказаў свой варыянт «вышымаек», які таксама сталі важным сімвалам мяккай беларусізацыі[20].

Назіраўся зрух у стаўленні да гістарычных беларускіх сімвалаў і падзей, вакол якіх меліся вострыя рознагалоссі паміж істэблішментам і апазіцыяй, асабліва да бела-чырвона-белага сцяга[16] і святкавання абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (Дзень Волі)[21]. Два ўсталяваныя ў 2010-х помнікі — Тадэвушу Касцюшку і князю Альгерду — таксама разглядаюцца як элемент узмацнення беларускай ідэнтычнасці, у тым ліку супрацьстаяння «рускаму свету»[16]. Іншым наглядным прыкладам стала змяненне тапанімікі на вуліцах Беларусі. З сярэдзіны 2010-х у Мінску зніклі паказальнікі на рускай мове. Акрамя таго, надпісы пачалі дубляваць беларускай лацінкай[22].

У 2016 года беларускі ўрад уключыў «Дзень вышыванкі» у план мерапрыемстваў, прымеркаваных да Году культуры[23]. З гэтага часу свята пачало адзначацца ў Мінску і іншых гарадах на дзяржаўным узроўні[24][25][26].

У 2018 стужкамі з арнаментам быў візуальна афармлены і Дзень Перамогі як альтэрнатвы георгіеўскім стужкам[27].

У дакуменце «Дактрына інфармацыйнай бяспекі Рэспублікі Беларусь» ад 2019 года гаворыцца: «Беларуская мова разам з канстытуцыйна замацаваным у дзяржаве двухмоўем спрыяе ўмацаванню нацыянальнай самасвядомасці беларускага грамадства, фармаванню яго духоўнасці. Пашырэнню сацыяльных функцый і камунікатыўных магчымасцяў беларускай мовы, яе поўнае і ўсебаковае развіццё разам з іншымі элементамі нацыянальнай культуры выступаюць гарантам гуманітарнай бяспекі дзяржавы»[28][16].

Remove ads

Рэакцыя ў Расіі

Падобныя крокі выклікалі крытыку з боку расійскіх дзеячаў. Сам Лукашэнка на гэты конт заявіў: «Агідна слухаць некаторыя расійскія партызанскія «языкі», што ў нас тут ледзь не мяккая беларусізацыя ідзе, што ў нас нешта іншае адбываецца. Вось, што мы кудысьці амаль разварочваемся»[29]. Расійскія крытыкі разглядалі гэтыя змены як адмову Мінска ад падтрымкі інтэграцыйнай стратэгіі Беларусі і Расіі[30]. У той жа час беларускія афіцыйныя асобы ўнікліва паказвалі, што «мяккая беларусізацыя» не азначае ні дыстанцыявання ад Масквы, ні пэўнага павароту да Захаду[16].

Remove ads

Пасля 2020 года

Пасля пратэстаў 2020 года склалася спрэчная сітуацыя. Так, напрыклад, Беларускі ПЭН-цэнтр апублікаваў артыкул аб тэндэнцыі ўзмацнення русіфікацыі ў пачатку 2020-х[31]. Аналагічныя высновы выказваліся і ў іншых даследаваннях[32]. Аднак, на думку анлайн-выдання «Палітрынг», палітыка «мяккай беларусізацыі» працягвалася. Чарговым прыкладам стала рашэнне Беларускай чыгункі ажыццяўляць трансляцыю аб’яў на ўсіх станцыях і прыпынках выключна на беларускай мове з 1 красавіка 2021 года[2].

З іншага боку, у грамадстве адзначалася некаторае павелічэнне папулярнасці беларускай. Акадэмія адукацыі паведамляла, што «сярод моладзі родная мова становіцца ўсё больш папулярнай», так як яна лічыцца «маркерам інтэлігентнасці»[33][34][35].

Як заявіў Лукашэнка ў 2022 годзе, трэба, каб беларускую мову ведаў кожны жыхар краіны, бо яна з’яўляецца адметнай рысай беларускага народу. Дададзена, што неабходна яе падцягваць да ўзроўню рускай, якую і так ведаюць лепш, і «няма тут нічога антырасійскага». Паводле прэзідэнта, гаворка абсалютна не ідзе пра «мяккую беларусізацыю»[36].

У 2024 годзе кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Дзмітрый Крутой паведаміў, што ў краіне расце попыт на навучанне на беларускай мове. Ва ўрадавых колах абмяркоўвалася магчымасць абвяшчэння будучага 2025 года Годам беларускай мовы[37]. У апазіцыі сітуацыю ацанілі інакш. Як пісалі ў Белсат, школьная адукацыя становіцца ўсё больш рускамоўнай, беларускамоўныя класы і школы, якія ў асноўным у вёсках, зачыняюцца, а ў тыя, што яшчэ ёсць, бацькі баяцца аддаваць дзяцей, каб не патрапіць пад пераслед[38].

Remove ads

Гл. таксама

Заўвагі

  1. Упершыню прамову на беларускай мове на Дзень незалежнасці ён вымавіў у 2002 годзе падчас першых трэнняў з Масквой[14].

Крыніцы

Літаратура

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads