Культура Беларусі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Культура Беларусі сфарміравалася на працягу тысячагадовага развіцця пад уплывам цэлага шэрага розных фактараў. Яны ўключаюць фізічнае асяроддзе; этнаграфічны фон беларусаў (узаемадзеяння славянскіх плямён з балтыйскімі); паганства першых пасяленцаў і спрадвечных жыхароў гэтай тэрыторыі; візантыйскае хрысціянства як сувязное звяно з праваслаўнай рэлігіяй і яе пісьмовай традыцыяй; адсутнасць натуральных меж краіны; сцёк рэк як да Чорнага, так і да Балтыйскага мора; разнастайнасць рэлігій на гэтых землях.
Remove ads
Гісторыя
Ранні заходні ўплыў на беларускую культуру праявіўся ў прывілеях на магдэбургскае права, якія падавалі муніцыпальнае самакіраванне і абапіраліся на законы нямецкіх гарадоў. Гэтыя прывілеі ў XIV—XV стагоддзях атрымаў з рук вялікіх князёў і каралёў рад гарадоў, напрыклад Бярэсце, Горадна, Слуцк, Менск.
У 1517—1519 гадах Францыск Скарына (каля 1490—1552) пераклаў Біблію на мясцовую (старабеларускую) мову.
З XIV па XVII стагоддзе, у час Адраджэння і Рэфармацыі, ідэі гуманізму з Заходняй Еўропы траплялі на Беларусь як дзякуючы гандлёвым зносінам, так і праз навучанне дзяцей дваран і мяшчан у заходніх ўніверсітэтах. Рэфармацыя і контррэфармацыя таксама ўнеслі вялікі ўклад у росквіт палемічных твораў, а таксама ў распаўсюджанне друкарань і школ.
У XVII—XVIII стагоддзях, калі спачатку Польшча, а пазней Расійская імперыя пачалі ўцягваць беларускія землі ў сваю сферу ўплыву, ахопліваючы мясцовую шляхту сваім культурна-палітычным уплывам, «беларуская» культура ў грамадскай свядомасці паступова стала звязвацца ў першую чаргу з ўсім сялянскім, з фальклорам, нацыянальным адзеннем, этнічнымі звычаямі, з народным хрысціянствам. Гэта суправаджалася апалячваннем шляхты і выцясненнем беларускай мовы з адукацыі і справаводства на карысць польскай мовы. З канца XVII стагоддзя беларуская мова вельмі рэдка ўжывалася афіцыйна. Аднак, ад XVII—XVIII стст. захаваўся рад ананімных твораў, у якіх адлюстравана станаўленне новай літаратурнай нормы беларускай мовы[1].
Развіццё беларускай літаратуры, распаўсюджванне ідэі нацыянальнага адзінства беларусаў знайшлі адлюстраванне ў літаратурных творах Янкі Купалы (1882—1942) і Якуба Коласа (1882—1956). Творы гэтых паэтаў, разам з некалькімі іншымі выдатнымі пісьменнікамі, сталі класікай сучаснай беларускай літаратуры.
Remove ads
Сучасныя культурныя традыцыі і сацыяльныя тэндэнцыі

Сучасныя беларусы страцілі многія свае былыя лакальныя этнаграфічныя асаблівасці і традыцыйныя рысы матэрыяльнай і духоўнай культуры (акрамя мовы і рэлігіі), што тлумачыцца працэсамі ўрбанізацыі, інтэнсіфікацыі ўнутрыкраінных кантактаў (па прычыне развіцця сродкаў сувязі і інфраструктуры), увядзеннем стандартаў пачатковай адукацыі, узнікненнем агульнанацыянальнай прэсы і г.д.
Працэс інтэнсіўнай культурнай гамагенізацыі беларусаў пачаўся ў часы Расійскай Імперыі пасля таго, як у 1861 г. было скасавана прыгоннае права (хоць і да таго пэўная частка сялян была вольнай) і сяляне атрымалі права атрымаць зямлю ва ўласнасць, чым былі створаны ўмовы для развіцця капіталістычных адносін і стварэння новых сацыяльных груп (буржуазіі, рабочых, інтэлігенцыі). З другой паловы XIX ст. атрымліваюць больш шырокае распаўсюджанне характэрныя для Расійскай Імперыі і Еўропы ў цэлым культурныя з’явы і новаўвядзенні, але пераважна сярод гарадскога насельніцтва. У 1902 г. у Расійскай Імперыі ўзнікла першая палітычная партыя беларусаў (Беларуская рэвалюцыйная грамада), а пасля яшчэ і іншыя партыі.
Працэс заняпаду Расійскай Імперыі ў ходзе Першай сусветнай вайны (1914—1918) адкрыў мажлівасць для беларусаў атрымаць рэальныя формы палітычнай суб’ектнасці (аўтаномія, самастойная дзяржава ці федэрацыйны саюз з іншай дзяржавай). Лютаўская рэвалюцыя (1917) скасавала падзел грамадства на саслоўі і ўраўняла грамадзян у правах (уключаючы жанчын). 18 снежня 1917 г. быў уведзены грамадзянскі (свецкі) шлюб. Дзяржаўнасць Беларусі ў 1918—1920 гг. аб’яўлялася пяць разоў[2]. Канкурэнцыя ў 1917—1921 гг. розных беларускіх дзяржаўных праектаў і палітычных груповак (пры адсутнасці кампраміса і салідарнасці[3]), памножаная на неспрыяльныя геапалітычныя абставіны, у выніку прывяла да падзелу ў 1921—1939 гг. этнічнай тэрыторыі беларусаў паміж Польшчай і СССР па Рыжскім мірным дагаворы (1921)[4], што не спрыяла далейшай культурнай гамагенізацыі і выразна ўсведамлялася беларусамі як рассечанасць народа[5].
Тым не менш, у 1920 г. беларусы атрымалі сваю палітычную суб’ектнасць у форме БССР (1920—1991) як складовай часткі СССР. Нягледзячы на ўстанаўленне ў СССР аўтарытарнага аднапартыйнага рэжыму і пачатак сацыялістычных пераўтварэнняў, у 1920-ыя гг. БССР захавала пэўную самастойнасць у развіцці нацыянальнай культуры, адукацыі, навукі і эканомікі[6]. Умовы для развіцця ўласнай культуры і дзяржаўны статус беларускай мовы ў БССР прывялі да таго, што менавіта БССР са сталіцай у Мінску (у адрозненне ад Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы) пачала ўспрымацца беларусамі як дом для беларусаў[7].
У 1920-ыя гг. былі адкрыты Беларускі дзяржаўны тэатр (1920); Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1921); Інстытут беларускай культуры (1922), пераўтвораны ў 1928 г. у Акадэмію навук БССР; створаны нацыянальная сістэма адукацыі (якая павысіла пісьменнасць насельніцтва ва ўзросце 9-49 гадоў з 40,7 % у 1926 г. да 80,9 % у 1939 г.[8]), літаратурныя і мастацкія аб’яднанні, кінастудыя «Савецкая Беларусь» (1928); пабудаваны мінскі тэатр оперы і балета (1938); узрасла колькасць спартыўных арганізацый і клубаў (напрыклад, у 1927 г. заснаваны мінскі футбольны клуб «Дынама»); беларуская мова выкладалася ў навучальных установах[9]. Гэта дало якасны штуршок развіццю беларускай культуры і друку. Рэалізоўвалася палітыка «карэнізацыі» (беларусізацыі) і пабудовы свецкага грамадства[10]. З 1920-ых гг. узнікаюць новыя свецкія святы і абрады (акцябрыны, чырвонае вяселле, Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі і г.д.), якія замянілі царкоўныя святы і царкоўны шлюб[8].
- Навуковая камісія Інбелкульту, 1922 г.
- Члены Беларускага літаратурна-мастацкага згуртавання «Узвышша», 1928 г.
- Дом-камуна ў Гомелі, 1931 г.
Устанаўленне ў 1929—1988 гг. у СССР жорсткай таталітарнай сістэмы, манаполіі камуністычнай ідэалогіі, сацыялістычнага тыпу эканомікі і ізаляцыя ад іншых краін свету крайне адмоўна адбіліся на развіцці беларускага грамадства[11][12]. Індустрыялізацыя прамысловасці не ліквідавала тэхналагічнага адставання ад сусветнага ўзроўню і праблему дэфіцыту тавараў, аднак былі створаны і перадавыя высокатэхналагічныя прадпрыемствы (пераважна — ваенна-прамысловага профілю)[11]. Прымусовая калектывізацыя і ліквідацыя прыватнай уласнасці на зямлю, прадпрыемствы і сродкі вытворчасці прыводзілі да змены шматвекавой свядомасці чалавека як ўласніка і гаспадара, да дэматывацыі працы[13]. Сталінскія рэпрэсіі, пік якіх прышоўся на 1937—1938 гг., асабліва моцна ўдарылі па нацыянальнай эліце (чыноўніцтву, інтэлігенцыі, афіцэрству)[13].
Татальная ідэалагізацыя грамадскага жыцця ў СССР абумовіла далейшае звужэнне бытавання беларускага традыцыйнага мастацтва і фальклору[13]. Адбывалася рэвізія зместу беларускай нацыянальнай культуры пад лозунгам «новай» сацыялістычнай культуры, у якой нацыянальнае павінна было выконваць толькі функцыі формы, а не зместу[13]. Уладамі СССР свядома з 1933 г. дэфармаваўся правапіс беларускай літаратурнай мовы, каб наблізіць яе да рускай мовы; у тэрміналогіі з’явіліся ідэалагізаваныя новаўтварэнні і канцылярызмы[13]. А сама сфера ўжывання беларускай мовы з 1930-х гг. памяншалася, асабліва ў гарадах, на карысць рускай мовы, якая з 1960-х гг. пачала дамінаваць у гарадах[14].
У Заходняй Беларусі (1921—1939), дзе былі захаваны капіталістычныя адносіны, становішча беларусаў і беларускай культуры было дыскрымінацыйным[13]. З пачаткам Другой сусветнай вайны (1939—1945) Заходняя Беларусь увайшла ў 1939 г. у склад БССР, што было актам уз’яднання этнічнай тэрыторыі беларусаў пад адным дзяржаўным кіраваннем, але савецкай уладай Віленскі край быў перададзены ў 1940 г. Літве, а Беласточчына ў 1945 г. — Польшчы[15]. 26 чэрвеня 1945 г. БССР стала адной з краін-заснавальніц ААН і фармальна яе членам.

У 1957 г. быў ўдакладнены і зменены ў лепшы бок правапіс беларускай мовы, які выправіў адыёзныя рысы правапісу ад 1933 г. Менавіта ў 1960—1990 гг. Беларусь (БССР) перайшла ў разрад індустрыяльна развітых краін[16]: на гэтыя 30 год прыпадае бум індустрыялізацыі і як вынік — бум урбанізацыі (у 1975 г. працэнт гарадскога насельніцтва БССР перавысіў 50 % і была дасягнута амаль суцэльная пісьменнасць насельніцтва)[16]. Гарады БССР імкліва развіваліся па перадавым савецкім стандартам урбаністыкі, узрастала якасць жыцця гараджан — у канцы 1970-х гг. узнікла грамадства спажывання[17]. Калі ў 1959 г. у Мінску жыло 506 тыс., то ў 1989 г. ужо 1,58 млн чал.[18] Для БССР 1960—1990 гг. сталі і перыядам росквіту афіцыйнай беларускай культуры і навукі, а таксама — стварэння нешматлікіх нелегальных і нефармальных культурных суполак («На Паддашку», «Майстроўня» і інш.), якія ідэалагічна адхілялі сацыялізм[19]. Напрыклад, паводле твораў выдатнага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча здымаліся кінастужкі на «Беларусьфільме» і ставіліся оперы. З 1952 г. СССР стаў удзельнікам Алімпійскіх гульняў, а ў БССР дзяржаўную падтрымку і папулярнасць атрымалі амаль усе алімпійскія віды спорту, асабліва лёгкая і цяжкая атлетыка, футбол, гандбол, фехтаванне, кулявая стральба, гімнастыка, біятлон і інш.[20][21] У БССР у 1974 г. 61 % спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй былі беларусамі[22], а ў 1989 г. доля беларусаў сярод студэнтаў БССР была 70,7 %[23]. З 1960—1970-х гг. грамадства СССР ужо не было такім цалкам закрытым і жорсткім, як раней (у часы Іосіфа Сталіна): існавалі пэўныя мажлівасці кароткатэрміновага выязду за мяжу, знаёмства з сусветнай літаратурай (у тым ліку літаратурай Захада), пракат замежных кінафільмаў, інфармаванасць аб рэаліях жыцця за мяжой (часам большая, чым інфармаванасць жыхароў краін Захаду аб рэаліях жыцця ў СССР і іншых краінах) і г.д.[24] Выказваюцца думкі, што ў СССР у 1970-ыя гг. узнік сярэдні клас, хоць ён быў пазбаўлены права на прыватную ўласнасць і свабодную прэсу[24].

У 1950—1990 гг. савецкая ўлада рабіла шмат намаганняў, каб наблізіць умовы і стандарты духоўна-культурнага і матэрыяльнага жыцця на вёсцы да гарадскіх: у сельскім быце прывычнымі сталі дамы з цэглы, электрычнасць, газ, вадаправод, каналізацыя, цэнтральнае ацяпленне, масава будаваліся дамы культуры і кінатэатры, цэнтры бытавога абслугоўвання і медпункты. У сельскай мясцовасці масава пачалі насіць адзенне, зробленае на фабрыках СССР. У вёсцы прысядзібная гаспадарка была невялікай, а такія прадукты як хлеб, кандытарскія вырабы, кансервацыя, вострыя прыправы і напоі сельскія жыхары пакупалі выключна ў дзяржаўных магазінах. У 1989 г. у вёсках жыло толькі 3,5 % насельніцтва БССР[25]. Народная мастацкая самадзейнасць арганізоўвалася адміністрацыяй дзяржаўных устаноў і прадпрыемстваў (у 1987 г. у ёй было задзейнічана звыш 1 млн чал.[26]). Рэдкасцю сталі народныя мастакі і складальнікі песень, што кампенсавалася развіццём поп-культуры з 1960-х гг.
- Універмаг «Беларусь», адкрыты ў Мінску ў 1978 г. Фота 2005 г.
- Святкаванне Каляд суполкай «Талака», фота 1989 г.
- Святкаванне Дня Перамогі ў Мінску, фота 9 мая 2006 г.
- Беларуская сям'я на фоне самага вялікага ў свеце самазвала «БелАЗ-75710» у г. Жодзіна. Фота 2015 г.
Сучаснасць


Пасля выхаду ў 1991 г. Беларусі са складу СССР і атрымання незалежнасці Рэспублікай Беларусь, што моцна і пазітыўна ўплывае на свядомасць беларусаў, беларуская мова захавала статус дзяржаўнай, а рэспубліка пачала лагодную рэвізію сацыялістычнага мінулага, аднаўленне шматпартыйнасці, развіццё культурнага плюралізму і працэс прыватызацыі, арыентуючы знешнюю палітыку на краіны СНД, у першую чаргу — на Расію. Адкрыўся свабодны ўезд і выезд з краіны. Грамадства стала адкрытым пераняццю многіх агульнаеўрапейскіх традыцый вядзення бізнеса, баўлення вольнага часу (святы, спорт, турызм і інш.), стандартаў адукацыі, пашырэнню ўжытку замежных моў (англійскай, нямецкай), развіццю інфармацыйнай прасторы (у тым ліку Інтэрнэта) і г.д. Афіцыйныя ўлады імкнуцца захаваць для насельніцтва лепшыя сацыяльныя стандарты, складзеныя ў савецкія часы (бясплатныя публічныя бібліятэкі, адукацыя, медыцына, дэкрэтны адпачынак і інш.), а таксама надаюць вялікую ўвагу арганізацыі і правядзенню дзяржаўных свят (Дзень Перамогі, Дзень Рэспублікі, Дзень беларускага пісьменства і інш.), фестывалю «Дажынкі», фестывалю беларускай паэзіі і песні ў Маладзечне, фестывалю «Славянскі базар у Віцебску» і развіццю спорту за кошт рэспубліканскага бюджэту.
Юрыдычна ў сучаснай Беларусі існуе права прыватнай уласнасці на зямлю (на ўчасткі памерам не болей за 1 га), але фактычна абароту і рынка зямлі няма, а некаторыя катэгорыі зямельных участкаў забаронена пераводзіць у прыватную ўласнасць увогуле[27]. Дагэтуль абсалютная большасць зямлі знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці, таму не сфармавана катэгорыя прыватных зямельных уласнікаў[27]. Не сфармавана і значная доля прыватных уласнікаў ўвогуле: дзяржаўны сектар з’яўляецца дамінуючым у эканоміцы Беларусі і складаў у 2011 г. (паводле дадзеных ЕБРР) каля 70 %: гэты сектар ахоплівае як стратэгічныя галіны эканомікі (энергетыка, сыравінныя матэрыялы і прамысловыя прадпрыемствы), так і значную частку вытворчасці тавараў паўсядзённага попыту і сферы паслуг[28][29].
Паводле вынікаў рэферэндуму 1995 г. другой дзяржаўнай мовай у Беларусі стала руская мова, якой карыстаецца пераважная большасць насельніцтва. Гэта выклікае занепакоенасць у многіх прадстаўнікоў інтэлігенцыі і творчай эліты адносна верагоднасці непапраўнай страты ва ўжытку беларускай мовы, сфера выкарыстання якой і так невялікая. Тым не менш, у цяперашні час менавіта гарады Беларусі (у тым ліку — Мінск) з’яўляюцца галоўнымі асяродкамі беларускамоўнай культуры[30][31].
Многія рысы традыцыйных абрадаў (у скарочаным або пераасэнсаваным выглядзе) набылі новае жыццё і ў сучаснай культуры беларусаў, у тым ліку — у гульнявой форме[32]. Напрыклад, у сучасную цырымонію рэгістрацыі шлюбу ўвайшлі некаторыя элементы традыцыйнага вяселля: «выкуп» нявесты, абгортванне рук маладых ручніком, абсыпанне маладых зернем і г.д.[33] Традыцыйныя рамёствы звычайна выкарыстоўваюцца толькі для вырабу нацыянальных сувеніраў.
- Выява зубра на банкноце ў 100 беларускіх рублёў (узору 1992 г.)
- Легкаатлетка Юлія Несцярэнка на Летніх Алімпійскіх гульнях (2004) у Афінах (беларуская паштовая марка)
Падзеі 2020—2021 гадоў сталі наймацнейшым ударам па беларускай культуры, якія паставілі яе на мяжу выжывання. Былі ліквідаваны Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр, Таварыства беларускай мовы. Са складанасцямі пачалі сутыкацца беларускамоўныя выдавецтвы «Кнігазбор» і «Янушкевіч», у якіх некалькі месяцаў былі арыштаваныя рахункі. Са школьнай праграмы былі выключаны творы лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святланы Алексіевіч, якая была вымушана з’ехаць з краіны. Беларускія пісьменнікі (А. Бахарэвіч, У. Някляеў і інш.) вымушаны друкаваць свае творы па-за межамі Беларусі.
Remove ads
Гл. таксама
Зноскі
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads