Пятрусь Броўка

беларускі пісьменнік, перакладчык (1905—1980) From Wikipedia, the free encyclopedia

Пятрусь Броўка
Remove ads

Пятру́сь Бро́ўка, поўнае імя Пё́тр Усці́навіч Бро́ўка (12 (25) чэрвеня 1905, Пуцілкавічы, Мінская губерня24 сакавіка 1980(1980-03-24)[1], Мінск) — беларускі празаік , паэт і перакладчык; старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў БССР (1948—67). Акадэмік АН БССР (1966, член-карэспандэнт з 1953)[2].

Хуткія факты Пятрусь Броўка, Асабістыя звесткі ...
Remove ads

Біяграфічныя звесткі

Сям’я і дзяцінства

Нарадзіўся ў беднай сялянскай сям’і (9 дзяцей і 2,5 дзесяціны зямлі). Бацька, Усцін Адамавіч, рабіў куфры, шафы і толькі гэтым прырабляў на пражытак сям’і. Маці, Алена Сцяпанаўна, была занята хатняй працай, клопатамі пра дзяцей (у час нямецкай акупацыі вывезена ў Асвенцім, дзе і загінула, ёй прысвечана паэма «Голас сэрца» (1960)). Пятрусь пасвіў гусей, потым авечак і пазней кароў, вадзіў коней на начлег. У 9-гадовым узросце, літаральна па складах, па просьбе сялянак, пісаў лiсты іх мужам на франты Першай сусветнай вайны. Вучыўся П. Броўка спачатку ў школе па хатах. У Лепелі скончыў царкоўна-прыходскую школу і вучыўся ў Лепельскім вышэйшым пачатковым вучылішчы, але на поўнае навучанне ў сям’і не хапіла сродкаў.

Яшчэ ў дарэвалюцыйны час пазнаёміўся з вершамі Я. Купалы, апавяданнямі Я. Коласа, упадабаў паэзію М. Някрасава. З 1918 у 13-гадовым узросце пачаў працаваць перапісчыкам у Вяліка-Долецкім валасным камісарыяце (савецкай грамадскай установе), потым справаводам валвыканкома, рахункаводам у саўгасе. Пачаў дасылаць допісы ў газеты. Пісаў у барысаўскую павятовую газету «Бядняк», у газеты «Беларуская вёска», «Савецкая Беларусь», «Звязда». Ахвотна ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці вясковай моладзі, стаў селькорам.

У 1919 перажыў польскую акупацыю. У 1923 быў выкліканы на 1-ы з’езд селькораў Беларусі, але не паехаў, бо не было сродкаў на дарогу. У 1923 быў выбраны сакратаром камсамольскай арганізацыі ў роднай вёсцы, у 1924 — старшынёй Маладолецкага сельсавета.

Юнацтва

У 1925 быў накіраваны на працу ў Полацкі акруговы камітэт ЛКСМБ. У 1927—1928 працаваў адказным сакратаром акруговай газеты «Чырвоная Полаччына» (Полацк), адначасова з 1927 кіраўнік мясцовага філіялу «Маладняка». У Полацку наведваў вячэрнюю школу для дарослых. У 1928 паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ, якое скончыў у 1931. Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1934). Удзел у «Маладняку» шмат даў П. Броўку, ён захапляўся творамі А. Пушкіна, М. Някрасава, М. Лермантава, Т. Шаўчэнкі, сваёй надзённасцю прыцягвала яго паэзія Дз. Беднага. Папераменна захапляўся то С. А. Ясеніным, то У. У. Маякоўскім, пасля, нягледзячы на іх рознасць, палюбіў абодвух, знаходзіў у кожнага геніяльнае.

У 1934 П. Броўка ажаніўся з Аленай Міхайлаўнай Рыдзеўскай, у 1936 у іх нарадзіўся сын Юрка. У 1940 прызначаны галоўным рэдактарам часопіса «Полымя». Член ВКП(б) з 1940.

Вялікая Айчынная вайна і пасляваенны час

Thumb
Мікалай Тарасікаў. «Экслібрыс П. Броўкі».

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны добраахвотна пайшоў у Чырвоную Армію. У 1941—1942 быў інструктарам-літаратарам франтавой газеты «За Савецкую Беларусь» на Бранскім і Заходнім франтах, супрацоўнічаў з партызанскім друкам. З 1943 — адказны сакратар праўлення СП БССР, а з 1945 у другі раз прызначаны галоўным рэдактарам часопіса «Полымя».

У 1948 абраны старшынёй праўлення СП БССР (да 1967). Член ЦК КПБ (1952—80). У 1959 дэлегатам ад БССР удзельнічаў у рабоце XIV сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. У маі 1966 г. падчас з’езду СП БССР рэзка нападаў на пісьменнікаў А. Сіняўскага і Ю. Даніэля, асуджаных у лютым 1966 г. на працяглыя тэрміны зняволення[3]. У 1967—1980 — галоўны рэдактар БелСЭ (цяпер яе пераемніца «Беларуская Энцыклапедыя» носіць імя П. Броўкі). Выбіраўся дэпутатам ВС СССР (1956—1980) і БССР (1947—1955), сакратаром праўлення СП СССР.

Remove ads

Творчасць

Дэбютаваў вершамі ў 1926 у газеце «Чырвоная Полаччына» і ў альманаху «Наддзвінне» ў 1926 («Ой, не шапчы мая бярозка!» і інш.). Паэтычны талент П. Броўкі дасягнуў вяршыні ў 1960—1970-я. Аўтар кніг паэзіі «Гады як шторм» (1930), «Прамова фактамі» (1930), «Цэхавыя будні» (1931), «Паэзія» (1932), «Так пачыналася маладосць» (1934), «Прыход героя» (1935), «Вясна радзімы» (1937), «Кацярына» (1938, паэма), «Вершы і паэмы» (1940), «Шляхамі баравымі» (1940), «Насустрач сонцу» (1943, Масква), «У роднай хаце» (1946), «Вершы і паэмы» (1946), «Сонечнымі днямі» (1950), «Цвёрдымі крокамі» (1954), «Пахне чабор» (1959), «Далёка ад дому» (1960), «Па сакрэту» (1961, сатыра і гумар), «А дні ідуць…» (1961), «Маладым сябрам» (1961, для дзяцей), «Высокія хвалі» (1962), «Наш музей» (1962, паэма для дзяцей), «Вершы і паэмы» (1966), «Заўсёды з Леніным» (1967, паэма), «Між чырвоных рабін» (1969), «Калі ласка» (1972), «Ты — мая пчолка» (1972), «Лясы наддзвінскія» (1973, паэма), «І ўдзень і ўночы» (1974), «Што сэрца праспявала» (1979), «Маладосць і сталасць» (1980), «Савецкі чалавек» (1982), «Мая Радзіма» (1985).

Аўтар аповесцей «Каландры» (1931, экранізавана ў 1934), «Донька-Даніэль» (1982, для дзяцей), нарысаў «Ураджай» (з П. Глебкам, 1933), «Месяц у Чэхаславакіі» (1952), рамана «Калі зліваюцца рэкі» (1957), зборніка апавяданняў «Разам з камісарам» (1974).

Выступаў і як перакладчык на беларускую мову твораў Т. Шаўчэнкі, У. Маякоўскага, П. Тычыны, М. Бажана, А. Твардоўскага, М. Ісакоўскага, А. Пракоф'ева  (руск.), У. Бранеўскага, Дж. Байрана[2], А. Кутатэлі, Ю. Яноўскага і іншых аўтараў.

Напісаў лібрэта опер «Міхась Падгорны» (1940, пастаўлена ў 1939), «Алеся» («Дзяўчына з Палесся», з Я. Рамановічам, пастаўлена ў 1944, урыўкі апублікаваны ў 1947)[2].

Творы П. Броўкі перакладзены на многія мовы народаў СССР і іншыя[2], у т.л. на азербайджанскую, англійскую, армянскую, балгарскую, башкірскую, венгерскую, грузінскую, іспанскую, казахскую, калмыцкую, каракалпакскую, кітайскую, кіргізскую, латышскую, літоўскую, малдаўскую, мангольскую, нямецкую, рускую, серба-харвацкую, таджыкскую, туркменскую, украінскую, чэшскую, чувашскую, французскую і эстонскую.

Remove ads

Узнагароды

Ацэнкі

Thumb
Міхась Лісоўскі. Шарж на Петруся Броўку.

Літаратар Альгерд Бахарэвіч адзначае, што Броўка, які ў маладосці, быў ледзьве не авангардыстам і патрабаваў «новай музыкі», у сталым узросце нават шпацыруючы па Празе думаў пераважна пра тое, «як тут хадзіў калісьці Ленін»[4].

Вядомыя радкі Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна пра Петруся Броўку:

"

Пятрусь Броўка піша лоўка,
Піша лоўка і даўно.
Але ўсё, што ён напіша
Альбо – дрэнь, альбо – гаўно.

"

З іншага боку, сам жа Барадулін пазней казаў, што большая частка крытыкі ў адрас Броўкі была несправядлівая. Ён таксама, як і астатнія, стараўся падладзіцца пад існы ў СССР лад, пісаў ідэалагічныя творы. Але сапраўдны Броўка выражаўся ў сваіх лірычных вершах.

Remove ads

Ушанаванне памяці

Thumb
Мемарыяльная дошка Петрусю Броўку на доме па вул. Карла Маркса, 30 у Мінску.
  • Ганаровы грамадзянін Мінска (1980).
  • У Мінску (вул. К. Маркса, 30) створаны літаратурны музей Петруся Броўкі.
  • На доме, дзе ён апошні час жыў, і ў вёсцы Пуцілкавічы ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі, у БелЭн і Вялікадолецкай сярэдняй школе Ушацкага раёна адкрыты мемарыяльныя пакоі, у Пуцілкавічах — хата-музей, каля якой устаноўлена стэла памяці маці паэта.
  • Імя П. Броўкі прысвоена выдавецтву «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя», калгасу «Новае жыццё» і Вялікадолецкай школе; яго імем названы вуліцы ў Мінску, Віцебску, Полацку, Гомелі, Бешанковічах, Ушачах.
  • Для студэнтаў філалагічнага факультэта БДУ ўстаноўлена стыпендыя імя Петруся Броўкі.
Remove ads

Бібліяграфія

  • Выбраныя творы (выд.: 1934, 1945, 1947, 1948, 1951)
  • Збор твораў у 2-х т. (выд.: 1957, 1969)
  • Збор твораў у 4-х т. (1965—1966)
  • Збор твораў у 7-і т. (1975—1978)
  • Збор твораў у 9-і т. (1987—1992)
  • Крыніца з-пад Вушачы: (вершы і паэмы) / Пятрусь Броўка; Уклад. Р. Барадулін. — Мн.: Маст. літ., 2003. — 266 с.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads