Рудзенск
гарадскі пасёлак у Пухавіцкім раёне Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Ру́дзенск[3] (трансліт.: Rudziensk, руск.: Руденск) — гарадскі пасёлак у Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. Месціцца за 22 км на паўночны захад ад Мар’інай Горкі, за 41 км ад Мінска, чыгуначная станцыя Рудзенск на лініі Мінск — Гомель. Праходзіць аўтамабільная дарога Р69 Смалявічы — Шацк.
Remove ads
Назва
На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім звязаны з беларускім словам руда[4][5].
Тапонім мог пайсці ад незахаванай назвы рэчкі тыпу Рудня (вядомыя ў басейне Дняпра)[крыніца?]. Лінгвіст Уладзімір Тапароў такія назвы звязваў з літоўскім rudas 'руды'[6].
Гісторыя
Ранняя гісторыя
У канцы XVIII стагоддзя былі двор Рудзенск і аднайменная вёска (цяпер вёска Рудзенск 2) у Менскім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Двор, альбо фальварак Рудзенск месціўся ў паўднёва-заходняй частцы цяперашняга Рудзенска, цяпер тэрыторыю займае школа-інтэрнат. Двор належаў да маёнтка Варонічы[7], уласнасць Янішэўскіх[8].
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года тэрыторыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Ігуменскім павеце Мінскай губерні. У XIX стагоддзі фальварак належаў Шышкам, у каталіцкай парафіі Блонь. Пасля 1861 года ў Цітвянскай воласці Ігуменскага павета. Каля 1877 года фальварак быў куплены ўраднікам Губіным[9]. Сустракаецца назва фальварка Рудзенец (ці Рудзянец, руск.: Руденец)[10]. У 1889 годзе тытулярны саветнік Іван Фёдаравіч Губін, праваслаўны, валодаў фальваркам і меў 544 дзесяціны землі[10]. Як згадваў краязнавец Аляксандр Ельскі, Губін аднавіў занядбаную невялікую сядзібу, а таксама заклаў фруктовы сад, паспрыяў адкрыццю паштовага аддзялення пры чыгуначнай станцыі. Фальварак меў добры даход за кошт арэнды і права прапінацыі (вырабу і продажу алкаголю)[10].
У 1873 годзе была адкрыта чыгуначная станцыя на Лібава-Роменскай чыгунцы, вакол якой у далейшым вырастае пасёлак. Паводле перапісу 1897 года на чыгуначнай станцыі быў буфет, таксама было аднайменнае ўрочышча каля станцыі, дзе былі лаўка і піцейны дом. У пачатку XX стагоддзя з чыгуначнай станцыі штогод адпраўлялася каля 1 млн пудоў грузаў, пераважна дровы, піламатэрыялы, будаўнічы лес.
У Першую сусветную вайну прыфрантавая тэрыторыя, адбылося хваляванне салдат Заходняга фронту, у першай палове жніўня 1915 года адбыўся яўрэйскі пагром, учыненымі навабранцамі расійскага войска, да якіх далучыліся чыгуначныя служачыя. У лістападзе 1917 года тэрыторыя была пад кантролем бальшавікоў.
Найноўшы час
З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).
З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. З 1918 года працавала школа, якая за савецкім часам мела статус школы 1-й ступені, у 1922 годзе займалася каля 30 вучняў. 12 лютага 1935 годзе быў утвораны Рудзенскі раён з цэнтрам у Рудзенску. 6 ліпеня 1935 года раён перайменаваны ў Смілавіцкі, 11 лютага 1938 года атрымаў ранейшую назву.
У пачатку 1930-х гадоў былі паравы і вадзяны млын, кузня. 27 верасня 1938 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Рудзенску прысвоены статус гарадскога пасёлка.
У Другую сусветную вайну з 30 чэрвеня 1941 года да 4 ліпеня 1944 года пад акупацыяй Германіі. У канцы жніўня нямецкай адміністрацыяй арганізавана яўрэйскае гета, месцілася на Дукорскай вуліцы[11]. У лістападзе[11] 1941 года было забіта каля 300 (370[12]) яўрэяў з гета, яны былі расстраляныя на захад ад чыгункі. У Рудзенскім раёне дзейнічала савецкае падполле і партызанская брыгада «Беларусь».
20 студзеня 1960 года Рудзенскі раён быў скасаваны, Рудзенск увайшоў у склад Пухавіцкага раёна.
29 чэрвеня 2010 года Савет Міністраў прыняў пастанову № 976 «Аб дзяржаўнай праграме будаўніцтва буйных жылых раёнаў для жыхароў Мінска ў гарадах-спадарожніках і вынасу (пераносу) са сталіцы ў населеныя пункты рэспублікі некаторых вытворчых аб’ектаў», паводле якой гарадскі пасёлак прэтэндэнт на статус горада-спадарожніка горада Мінска[13].
Remove ads
Насельніцтва
- 1908 год[14]:
- маёнтак — 1 двор, 3 жыхары
- чыгуначная станцыя – 32 двары, 174 жыхары
- 1917 год[15]:
- 1959 год — 5761 жыхар
- 1995 год — 3,7 тыс. чал.[16]
- 2000 год — 2,8 тыс. чал.
- 2002 год — 3,0 тыс. чал.
- 2006 год — 2,9 тыс. чал.
- 2009 год — 2806 жыхароў
- 2011 год — 2 748 чал.
- 2016 год — 2 725 чал.[17]
- 2017 год — 2 714 чал.[18]
- 2019 год — 2723 жыхары[19]
Інфраструктура

У гарадскім пасёлку дзейнічае Рудзенская сярэдняя школа і дзіцячы сад[20], бібліятэка імя Міхася Чарота. Ёсць бальніца, аптэка.
Рэлігія

Дзейнічае касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла, праваслаўная царква прападобнай Еўфрасінні Полацкай, Царква Благадаць хрысціян веры евангельскай, царква евангельскіх хрысціян баптыстаў. Да 1920-х гадоў дзейнічала сінагога.
Эканоміка
Ёсць прадпрыемствы харчовай прамысловасці, дзейнічае ААТ «Рудзенск». Праз тэрыторыю гарадскога пасёлка праходзіць Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі Мінск — Гомель, месціцца станцыя Рудзенск.
Спорт
У Рудзенску быў зарэгістраваны беларускі футбольны клуб «Рудзенск». У сезоне 2012 клуб меў істотныя фінансавыя праблемы, у выніку чаго вылецеў з Першай лігі і спыніў існаванне.
Славутасці

- Чыгуначная станцыя і службовыя пабудовы (кан. XIX — пач. XX стст.)
- Мемарыялы:
- Брацкая магіла (1941—1944 гады)
- Помнік расстраляным савецкім грамадзянам падчас Другой сусветнай вайны
- Мемарыял на месцы расстрэлу яўрэяў у 1941 годзе
- Памятныя дошкі:
- На доме культуры ў гонар беларускага паэта Міхася Чарота
- Валун у гонар заснавання горада
- У гонар савецкіх партызан Рудзенскага раёна на чыгуначным вакзале
- У гонар воіна-інтэрнацыяналіста Леаніда Ісакавіча Бярковіча[21]
- У гонар Героя Савецкага Саюза Міхаіла Зялёнкіна на вуліцы Чкалава[22]
- На Рудзенскай школе ў гонар Міхаіла Зялёнкіна
- На Рудзенскай школе ў гонар беларускага паэта Генадзь Кляўко
- Валун у гонар 110-годдзя з дня народзінаў навукоўца-лесавода Івана Юркевіча
Страчаная спадчына
- Сядзіба (XIX ст.?). Цяпер тэрыторыю займае Рудзенская спецыяльная школа-інтэрнат
- Сінагога. Месцілася на сучаснай вуліцы Розы Люксембург. З 1935 года ў будынку быў дом культуры[23]
- Капліца на могілках (разбурана ў савецкі час)
- Помнік Леніну (1947). Дэмантаваны. Скульптура захоўваецца на тэрыторыі гаспадарчага двара былога саўгаса «Рудзенскі» (цяпер — гаспадарка належыць «Мінскметрабуд»[24]
Remove ads
Вядомыя асобы
- Міхась Чарот (1896—1937) — беларускі пісьменнік.
- Таіса Бондар (1945—2005)— беларуская пісьменніца, перакладчыца.
- Валерый Дайнэка (нар. 1951) — вакаліст і аранжыроўшчык, удзельнік ансамбля «Песняры».
- Міхаіл Зялёнкін (1920—1991)— беларускі мастак, удзельнік Другой сусветнай вайны.
- Іван Кудзелька (1891—1938) — дзеяч камуністычнай партыі.
- Яўген Паўловіч (нар. 1940) — беларускі артыст балета, педагог.
- Андрэй Праневіч (нар. 1983) — беларускі фехтавальшчык, паралімпійскі чэмпіён (2016).
- Авель Фрыд (1893—1949)— савецкі вайсковец, ваенны лекар тэрапеўт, генерал-маёр.
- Галіна Юркова-Данелія (нар. 1944)— кінарэжысёрка, актрыса.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads