Беларусы ў Смаленскай вобласці

From Wikipedia, the free encyclopedia

Remove ads

Беларусы ў Смаленскай вобласці з’яўляюцца адной з нацыянальных меншасцяў.

Гісторыя

Гісторыя Смаленшчыны цесна пераплецена з гісторыяй Расіі і Беларусі. Доўгі час (XVI—XIX стст.) тэрыторыя сучаснай Смаленскай вобласці фактычна дзялілася на «вялікарускую частку» на ўсходзе, дзе пераважала рускае насельніцтва і размяшчаліся гарады Вязьма, Дарагабуж, Гжацк (цяпер – Гагарын), а таксама заходнюю – «беларускую» з гарадамі Рудня, Красны, Веліж, Парэчча (цяпер – Дзямідаў) і Смаленск. Захад доўгі час знаходзіўся ў складзе Вялікага Княства Літоўскага, меў цесныя эканамічныя, культурныя сувязі з сучаснымі беларускімі тэрыторыямі. Усё гэта прывяло да таго, што жыхары дадзенай часткі Смаленшчыны па мове і ладзе жыцця былі вельмі падобныя да суседзяў-беларусаў і ў значнай ступені імі і з’яўляліся.

Паводле звестак этнаграфічных даследаванняў сярэдзіны XIX стагоддзя, крыху больш за палову смалян (каля 54%) адносілася да беларускага этнасу. На працягу ХІХ стагоддзя адбываліся значныя змены ў сістэме рассялення, эканоміцы, сістэме адукацыі і культуры на Смаленшчыне. Многія жыхары сельскай мясцовасці пераязджалі ў гарады, губляючы сувязь з традыцыйнай культурай, у смаленскіх школах у той перыяд часу вялося навучанне на рускай мове. У сувязі з гэтым значная частка гарадскіх і нават сельскіх жыхароў рэгіёну «абрусела», і ў выніку, па дадзеных першага Усерасійскага перапісу насельніцтва 1897 года, доля беларусаў склала ўсяго толькі 6,6% ад насельніцтва Смаленскай губерні.

Колькасць беларусаў у краі склала больш за 110 тысяч чалавек, прычым максімальная колькасць беларусаў была ў заходняй частцы, пераважна ў Краснінскім павеце.

У гады грамадзянскай вайны ў Расіі ў Смаленску была абвешчана ССРБ, і горад, хоць і нядоўга, з’яўляўся сталіцай Савецкай Беларусі. Аднак пазней Смаленскі рэгіён быў перададзены РСФСР.

У Смаленскай губерні, паводле даных перапісу 1920 года, з 2 083 465 жыхароў беларусаў налічвалася 50 470 (2,62 %). Яны былі другой, пасля рускіх, этнічнай групай рэгіёну[1] (паводле некаторых даных, іх колькасць магла быць больш[2]). Народ пераважна пражываў у Смаленскім, Рослаўльскім і Ельнінскім паветах[3]. Але ёсць і іншыя ацэнкі. Так, паводле афіцыйных даных губернскага кіраўніцтва, на 1926 год у краі пражывала 20 000 беларусаў, у тым ліку 15 000 на вёсцы. Раней мясцовымі ўладамі называліся лічбы ў 50 000—84 000[4]. Прафесар Смаленскага дзяржаўнага ўніверсітэта Кацярына Клятнова, выступаючы 2 ліпеня 1923 года на міжведамаснай губернскай нарадзе камісій па пытанні беларусаў, заявіла, што доля беларускага сельскага насельніцтва ва ўсёй Смаленскай губерні за выключэннем Гжацкага, Сычоўскага і часткі Вяземскага паветаў складае каля 90 %[5]. Паводле даследаванняў пачатку XX стагоддзя (Я. Ф. Карскага, М. В. Доўнар-Запольскага, У. М. Дабравольскага), у сельскіх жыхароў рэгіёну пераважалі беларускія элементы, у тым ліку ў лексіцы[2].

Хоць край і знаходзіўся ў складзе Савецкай Расіі, у 1920-я гады тут адбываецца актывізацыя грамадскага жыцця і распаўсюджванне беларускай культуры. У 1925 годзе ў Смаленску быў арганізаваны Савет па асвеце беларусаў. Першачарговымі задачамі ў рабоце савета з’яўляліся стварэнне этнаграфічнай карты Смаленскай губерні і арганізацыя беларускіх школ у заходніх раёнах вобласці. Для арганізацыі працы беларускіх школ быў праведзены ўлік і перападрыхтоўка настаўнікаў-беларусаў, у шэрагу школ было ажыццёўлена ўвядзенне ў навучальную праграму прадмета «Беларусазнаўства».

У сярэдзіне 1920-х гадоў у вобласці налічвалася каля 40 беларускіх школ, а да сярэдзіны 1930-х гадоў — ужо каля 100, у якіх навучалася больш за 10 тысяч школьнікаў. У Рудні быў адкрыты беларускі педагагічны тэхнікум, а ў Смаленску пры працоўным факультэце дзяржаўнага ўніверсітэта функцыянавала беларускае аддзяленне. Да канца 1930-х гадоў уздым беларускай нацыянальнай культуры фактычна быў скончаны, зачыненыя апошнія беларускія школы, гублялася цікавасць з боку дзяржавы да развіцця нацыянальных культурных аўтаномій.

Remove ads

Колькасць

  • 1959 г.: 9506 чал. (0,83 %)[6]
  • 1989 г.: 22384 чал. (1,94 %)[7]
  • 2002 г.: 16231 чал. (1,55 %)[8]
  • 2010 г.: 12012 чал. (1,22 %)[9][10]
  • 2020 г.: 5311 чал. (0,60 %)[11]

Зноскі

Літаратура

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads