Александрыйскі маяк

адно зь сямі цудаў сьвету From Wikipedia, the free encyclopedia

Александрыйскі маяк
Remove ads

Александры́йскі, або Фа́раскі мая́к (па-старажытнагрэцку: ὁ Φάρος τῆς Ἀλεξανδρείας, сучаснай кайнэ [ho pʰá.ros teːs a.lek.sandréːaːs]) — маяк на высьпе Фарас (цяпер мыс у межах места Александрыі, Эгіпет), адно зь сямі цудаў антычнага сьвету. Збудаваны за часам Пталемэя II Філядэльфуса (280—247 да Н. Хр.)[1]. На працягу свайго існаваньня зьяўляўся адным з найвышэйшых чалавечых збудаваньняў сьвету (пасьля пірамідаў Хеопса і Хефрэна).

Хуткія факты Іншыя назвы, Тып ...

Дзякуючы сваёй вышыні (к. 100 м) і сыстэме вагнёў маяк гарантаваў маракам бясьпечнае плаваньне ў вялікую гавань Александрыі. Акрамя таго, ён быў назіральным пунктам для сачэньня за пагрозай з боку мора.

У пэрыяд між 956 і 1323 рокамі па Н. Хр. маяк быў тройчы пашкоджаны землятрусамі. У 1480 роду ягоныя парэшткі былі канчаткова разабраныя дзеля пабудовы Кайтбэйскай цытадэлі.

У 1994 року францускія археолягі выявілі парэшткі маяку на дне ўсходняга Александрыйскага заліву.

Remove ads

Збудаваньне

Пасьля заваяваньня Эгіпту ў 332 да Н. Хр. Аляксандар Вялікі вырашыў заснаваць там новую сталіцу, названую ў ягоны гонар Александрыяй. Ён памёр каля 323 року да Н. Хр., і будаўніцтва працягнуў першы Пталемэй, які абвясьціў сябе каралём Эгіпту.

У 290 року да Н. Хр. Пталемэй загадаў пабудаваць маяк на высьпе Фарас, якая ляжала на заходнім краі дэльты Нілу, за 7 стадыяў (1290 м) ад Александрыі. Будаўніцтва цягнулася 20 гадоў і завяршылася за ягоным сынам Пталемэем II Філядэльфусам.

Архітэктарам гэтага шэдэўру інжынэрнага і архітэктурнага мастацтва лічыцца Састрат Кнідзкі. Кошт будаўніцтва склаў аграмадную суму 800 талентаў срэбрам (больш як 23 тоны срэбра)[a] — дзясятую частку ўсёй скарбніцы Пталемэя I пры ягоным уваходзе на сталец. У выніку Александрыйскі маяк стаў першаю ў сьвеце пабудоваю падобнага тыпу і найвышэйшай антычнай пабудовай у сьвеце пасьля пірамідаў Гізы.

У парушэньне каралеўскага загаду Састрат Кнідзкі на падмурку маяку зьмясьціў сваё імя, прыкрыўшы яго слоем тынкоўкі, на якой выразаў імя Пталемэя Сатэра.

Вежа была збудаваная збольшага з цэльных вапняковых блёкаў. Сыстэма сыгнальных вагнёў на маяку зьявілася толькі ў I стагодзьдзі да Н. Хр.

Remove ads

Апісаньне

Праўдападобныя апісаньні маяку сустракаюцца ў арабскіх крыніцах. Хоць пасьля землятрусаў ягоны выгляд зьмяняўся, аднак розныя аўтары апісваюць ягоныя памеры з адрозьненьнем ня больш як на 15%: вышыня 103—118 м, квадратны падмурак 30×30 м[2].

Найпаўнейшае апісаньне маяку падае арабскі вандроўнік Абу Хагаг Юсэф Ібн Махамэд аль-Баляві аль-Андалюсі, які быў у Александрыі ў 1166 року[3]. Унутраная брама была мураванай, накрытай дахам, шырынёю 7 шыбраў (189 см), адзначалася, што ў яе адначасна маглі праехаць два вершнікі. Вінтавая лесьвіца па гадзіньнікавай стрэлцы вяла да чатырох паверхаў з 18, 14 і 17 пакоямі на другім, трэцім і чацьвертым паверхах адпаведна. Ніжняя частка ўяўляла зь сябе чатырохгранную прызму 60-мэтровай вышыні з квадратнаю асноваю, даўжыня боку якой склада 45 ба (30 м). Сярэдняя васьмігранная прызма вежа, аблямаваная белым мармурам, была 24 ба шырынёй (16,4 м) і 40 мэтраў вышынёй. Трэцяя, верхняя частка маяка, была збудаваная ў форме цыліндрычнай калянады дыямэтрам 12,73 ба (8,7 м)[4].

На вільчыку маяку знаходзілася люстэрка, якое ўдзень адлюстроўвала сонечнае сьвятло, а ўночы запальваўся вагонь. Сьвятло было заўважнае на адлегласьці да 60 км (паводле іншых зьвестак — да 100 км). Захаваліся выбітыя александрыйскай мынцай рымскія манэты, дзе на кожным з чатырох кутоў будынку паказаныя статуі Трытона, а на вяршыні — статуя Пасэйдона або Зэўса[5].

У 1326 і 1349 роках Александрыю праяжджаў мараканскі падарожнік Ібн Батута, які бачыў Александрыйскі маяк пасьля разбурэньняў землятрусу 1303 року. Ён ацаніў памеры бакоў вежы ў 140 шыбраў (30,8 м) кожны. У 1349 року Ібн Батута застаў маяк у такім жахлівым стане, што «нават ня здолеў увайсьці ўнутар»[6].

Remove ads

Выкарыстаньне

Маяк служыў ня толькі правадніком для мараплаўцаў, але й фартэцыяй-фарпостам Александрыі, і пунктам назіраньня, паколькі зь ягонай вершаліны сачылі за варожым флётам. На вежы разьмяшчаліся тэхнічныя прылады: флюгеры, гадзіньнікі, астранамічныя ды іншыя прыборы.

Разбурэньне

У 796 і 951 роках маяк быў часткова пашкоджаны землятрусамі. Ад землятрусу 956 року абрынулася верхняя частка маяку вышынёй ня менш за 20 м, замест якой паставілі купал у мусульманскім стылі.

У 1303 року адбыўся найбольш разбуральны землятрус, пасьля якога здарыўся яшчэ адзін у 1323 року. Рэшткі маяку ў 1480 року былі разабраныя на загад эгіпецкага султана Кайтбэя дзеля збудаваньня фартэцыі.

Remove ads

Археалягічныя дасьледаваньні

Маяк быў выяўлены ў 1968 року марскімі археолягамі пад кіраўніцтвам Гонар Фрост. Яна пацьвердзіла існаваньне руінаў, якія належалі маяку. Аднак празь недахоп спэцыялізаваных археолягаў і знаходжаньне маяку ў вайсковай зоне дасьледаваньне не было завершанае[7].

У 1994 року францускія археолягі на чале з Жан-Івам Ампраэрам паўторна адкрылі руіны маяку на дне ўсходняга Александрыйскага заліву і зрабілі падводныя здымкі. Самымі значнымі знаходкамі Ампраэра былі гранітныя 49—60-тонныя блёкі, разьбітыя на кавалкі; 30 сьфінксаў, 5 абэліскаў і калёнаў з скульптурамі часоў Рамсэса II (1279—1213 да Н. Хр.). Да канца 1995 року каманда Ампраэра каталягізавала больш за 3300 знаходак. Трыццаць шэсьць гранітных блёкаў ды іншыя эмпраеравы знаходкі былі адрэстаўраваныя і выстаўленыя ў александрыйскіх музэях[8].

Remove ads

Спадчына

Грэцкае слова «фарас» (грэц. Φάρος) стала коранем слова «маяк» у гішпанскай, італьянскай, каталянскай, партугальскай, румынскай і францускай мовах. У беларускую, маскальскую, сэрбскую ды турэцкую яно ўвайшло ў значэньні аўтамабільнай фары.

У культуры

Thumb
Абусырскі Фарас, старажытны пахавальны помнік, створаны паводле падабенства з Александрыйскім

Фараскі маяк застаецца сымбалем Александрыі і аднайменнай мугафазы. Стылізаваная выява маяка зьмешчаная на сьцягу і гербе мугафазы ды шматлікіх установаў Александрыі, у тым ліку Александрыйскага ўнівэрсытэту.

У архітэктуры

  • У Абусыры за 48 км на паўднёвы захад ад Александрыі знаходзіцца добра захаваная магільня, якая лічыцца паменшанай копіяй Александрыйскага маяку. Вядомая пад рознымі назвамі Абусырскі Фарас, Абусырская пахавальня ды Арабская вежа. Трохярусная вежа прыкладна 20 м вышынёй з квадратнай асновай, васьмікутнай сярэдняй часткай і цыліндрычнай верхняй. Час пабудовы датаваны кіраваньнем Пталемэя II (285—246 да Н. Хр.), то бок прыкладна ў адзін час з Александрыйскім маяком.
  • Архітэктура мінарэтаў шматлікіх раньніх ісламскіх мячэтаў мае падабенства з трохярусным дызайнам Фараскага маяку, што сьведчыць пра ягоны значны ўплыў на архітэктуру[9].
  • Масонскі дзяржаўны мэмарыял Джорджа Вашынгтона ў Александрыі (Вірджынія, ЗША) створаны па ўзоры старажытнага маяка[10].

У літаратуры

  • Юліюс Цэзар у сваіх «Грамадзянскіх войнах» (частка III, 111—112) апісвае Фарас і ягонае стратэгічнае значэньне. Атрыманьне кантролю над маяком дапамагло яму падпарадкаваць войскі Пталемэя XIII (48 да Н. Хр.).
  • Рымска-жыдоўскі гісторык Ёзэф Флявіюс (37 — к. 100 н. э.), даючы геаграфічны агляд Эгіпту ў кнізе «Юдэйская вайна», апісвае і Александрыйскі маяк.
  • Чжао Рукуа (1170—1228), кітайскі мытнік паўднёвага партовага места Цюаньчжоў за часам Сунскай дынастыі, апісаў маяк у «Заўвагах пра замежнае людзтва»[11].
  • Ібн Батута быў на маяку ў 1326, калі «адзін зь ягоных бакоў быў у руінах», аднак здолеў увайсьці і апісаў месца для сядзеньня варты ды мноства іншых пакояў. Вярнуўшыся сюды ў 1349 року, ён «высьветліў, што маяк у настолькі разбураным стане, што ў яго немагчыма ўвасьці або далезьці да дзьвярэй»[6].
  • У навукова-фантастычнай навэле Робэрта Сыльвэрбэрга «Плаваньне ў Бізантый» (1985) жыхары далёкай будучыні ўзнаўляюць старажытныя месты, сярод якіх і Александрыя; некалькі падзеяў у творы адбываюцца на адбудаваным Фарасе.

У відэагульнях

  • У стратэгічных гульнях сэрыі «Цывілізацыя» маяк зьяўляецца адным з Цудаў сьвету, які можна пабудаваць дзеля паляпшэньня перамяшчэньня караблёў.
  • Маяк можа быць збудаваны як помнік у местабудаўнічых стратэгічных гульнях «Pharaoh: Cleopatra» (2000)[12][13][14] і «Children of the Nile» (2004)[15][16].
  • У стратэгічнай гульні 2013 року «Total War: Rome II» маяк зьяўляецца адным з цудаў, які дае невялікае паляпшэньне аддзелу, які займае Александрыю[17][18].
  • Маяк прадстаўлены ў прыгодніцкай відэагульні «Assassin’s Creed Origins» 2017 року, дзеяньне якой адбываецца ў Старажытным Эгіпце эпохі Пталемэяў (48 да Н. Хр.).
  • Маяк можна збудаваць у сымулятары жыцьця SimCity 3000[19].
Remove ads

Заўвагі

  1. Дзеля параўнаньня, кошт будаўніцтва Партэнону склаў ня меней за 469 талентаў.

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads