Берасьценава
вёска ў Аршанскім раёне Віцебскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Берасьце́нава[2] — вёска ў Аршанскім раёне Віцебскай вобласьці. Знаходзіцца за 6 кілямэтраў на ўсход ад Воршы. Месьціцца на правым беразе Дняпра, за 2 кілямэтры ніжэй ад месца ўпаданьня ў яго Крапівенкі. Берасьценава ўваходзіць у склад Андрэеўшчынскага сельсавету.

Remove ads
Назва
Тапонім Берасьценава паходзіць ад слова бераст, якое азначае від дрэва з роду вяз (або ільм, вяз, бераст).[3] Значэньне суадносіцца хутчэй за ўсё зь бераставым паркам, які ўзьнік у сярэдзіне XIX ст. Таксама магчыма, што назоў месца мог паходзіць ад слова берасьцень — гарлач, берасьцяньнік — абгорнутая бяростай гліняная пасудзіна, альбо птушка берасьцянка, альбо човен берасьцянка.
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Берасьценава ў складзе Аршанскага павету Віцебскага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага вядома як сяло Кудаева ў XVIII стагодзьдзі — уласнасьць Сапегаў у межах Дубровенскага графства, маёнтак Дуброўна.[4]
Пад уладай Расейскай імпэрыі
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай 28 траўня 1772 году Берасьценава ў складзе Расейскай імпэрыі, у Аршанскім павеце Магілёўскай губэрні. 9 кастрычніка 1772 году ўтворана Аршанская правінцыя. З 22 сакавіка 1777 году да 10 студзеня 1778 году ў складзе Аршанскага павету Магілёўскай губэрні (Магілёўскае намесьніцтва, 10 студзеня 1778 — 12 сьнежня 1796). З 1 сьнежня 1796 па 27 лютага 1802 году Аршанскі павет Беларускай губэрні. З 27 лютага 1802 г. Магілёўская губэрня, Аршанскі павет, Высокаўская воласьць[5]. Сяло й вёска адлюстраваны на пляне генэральнага межаваньня Аршанскага павету канца XVII ст. З 1787—1792 году ўласнасьць князя Ксавэрыя Любамірскага. У 1820 годзе князь Канстанцін Любамірскі атрымаў у спадчыну Межава (Канстанцінава) й 14 фальваркаў плошчай 40 000 дзесяцін. Графіня Кацярына Марыя Любамірская[a] ў 1872 годзе атрымала ў спадчыну маёнтак Кудаева (Берасьценава) — 9980 дзесяцін зямлі, дзягцярны завод, млын й маёнтак Горбава — 6784 дзесяцін зямлі.[6]
У 1910 годзе маёнтак Берасьценава (Кудаева) належаў Альфрэду Вільгельмавічу фон Валю[b] — 1040 дзесяцін зямлі.[7]

- Берасьценеўскі косьцеабпальны і клеяварны завод
Санкт-Пецярбургскае «Акцыянэрнае таварыства косьцеабпальных заводаў».[c] Дзейнічаў у 1885–1914 гадах. Завод заснавалі Альфрэд фон Валь, Гаральд Готліб Эрнэст фон Валь[d] і Александар фон Штрык.[8][9]
Вырабляў касьцяную муку на ўгнаеньне й на корм жывёле (1884–95), штучныя ўгнаеньні, сталярны клей, касьцяны вугаль, касьцявое сала, сернакіслы аміяк, мыла, гліцэрын (1913). У 1890–93 гадах дзейнічалі 2 паравыя машыны (18-28 к. с.) і 2 паравыя катлы, з 1903 году – паравыя рухавікі (60 к. с.). У 1895 працавалі 24 рабочыя, выраблена прадукцыі на 28,5 тыс. руб. У 1905 працавала 50 чал., на паліва затрачана 2700 руб. У 1908 годзе завод не дзейнічаў.[10] На выстаўцы ў Магілёве ў 1896 годзе прадукцыя завода ўзнагароджана Вялікім срэбраным мэдалём.[11][12][13]

- Берасьценеўскі завод сухой перагонкі драўніны
Акцыянэрнае таварыства «Шэрынг».[e] Дзейнічаў у 1900-14 гадах. Вырабляў воцатны парашок, драўняны і мэтылевы сьпірт, фармалін, воцатную кіслату, воцатнакіслы натар, драўняны вугаль, смалу, драўняны воцат, ацэтон. У 1900 працавалі 160 рабочых, у 1902 — 82 рабочыя, у 1905 і 1908 — 90 рабочых; выраблялася прадукцыі на 150-300 тыс. руб. у год. У 1910 працавала 100 рабочых, выраблена прадукцыі на 200 тыс. руб. У 1914 годзе ў Выдрыцы й Берасьценаве працавала пастаянных 150 і часовых 3,000 рабочых, 9 паравых рухавікоў (100 к. с.) і выраблена прадукцыі на 800 тыс. руб.[11][12][13]
Найноўшы час
З 14 верасьня 1917 году Магілёўская губэрня ў Заходняй вобласьці Расейскай рэспублікі. Уваходзіла ў склад Беларускай Народнай Рэспублікі, абвешчанай 25 сакавіка 1918, з 1 студзеня 1919 году ў ССРБ, з 27 лютага ў РСФСР. З 11 ліпеня 1919 году Аршанскі павет у Віцебскай губэрні. З сакавіка 1924 году ў БССР і з 17 ліпеня Кудаеўскі сельсавет, Аршанскі раён, Аршанская акруга, з 26 ліпеня 1930 году, Аршанскі раён, БССР. З 15 студзеня 1938 году Аршанскі раён, Віцебская вобласьць. Пасьля нацыяналізацыі маёнтка ў 1918 годзе ўтворана камуна «Берасьценава», якая пазьней пераўтворана ў саўгас «Берасьценава».
Пад нямецкай акупацыяй зь сярэдзіны ліпеня 1941 да 26 чэрвеня 1944 году. З кастрычніка 1943 году ў зоне баявых дзеяньняў. У 1944 годзе ў Берасьценаве ўтварылі калгас «імя Кірава», які ў 1950 годзе далучылі да калгаса «імя Чапаева» з цэнтрам у Міцькаўшчыне.[14][15] Дзіцячы дом № 14 дзейнічаў у сядзібе да 1955 году.[16] Аграфірма «Штотц Агро-Сэрвіс Міцькаўшчына» запрацавала ў 2003 годзе на зямлі плошчай 3000 га.
Remove ads
Насельніцтва
Славутасьці
- Стаянка грэнскай культуры 8-га тыс. да н. э. памерам 200 на 70 мэтраў за 500 мэтраў на захад ад вёскі, на першай надпоймавай тэрасе, за 200 мэтраў ад ракі Дняпро. Выявіў у 1984 годзе й дасьледаваў у 1987—88 гг. У. П. Ксяндзоў. Культурны пласт да 0,5 мэтра. Знойдзена 2286 экзэмпляраў крамянёвых прылад і адыходаў іх вытворчасьці.[18][19][20]
- Сядзібна-паркавы ансамбль Берасьценава. Архітэктурны стыль нэаклясыцызм (XIX стагодзьдзе).
- Флігель
- Сядзіба
- Парк
- Алея парку
Remove ads
Заўвагі
- Кацярына Марыя Любамірская (4 красавіка 1854, Санкт-Пецярбург — 18 жніўня 1937, Парыж; па-польску: Katarzyna Maria ks. Lubomirska z Lubomierza h. Drużyna) дачка князя Зыгмунта Марыя Марыяна Любамірскага(08.12.1822 — 28.9.1863; па-польску: Zygmunt Maria Marian ks. Lubomirski z Lubomierza h. Drużyna), унучка князя Канстантіна Станіслава Любамірскага(18.11.1786 — 25.4.1870, Варшава; па-польску: Konstanty Stanislaw Xawery Lubomirski), праўнучка князя Францішка Ксаверыя Любамірскага (1747—1819, Дуброўна; па-польску: Franciszek Ksawery Lubomirski). У 1887 году шлюб з Братыславам Барташэўскім (1860 — ?; па-польску: Bratysław Bartoszewski)
- Альфрэд Амадэус Александар фон Валь (8 лістапада 1845, маёнтак Кяргула (па-эстонску: Kärgula mõis), Вырумаа, Эстонія — 30 ліпеня 1925, Дрэздэн, Нямеччына) — выхадзец зь інфлянцкіх немцаў барон гербу Валь (па-нямецку: Alfred Amadeus Alexander von Wahl (8.11.1845, Kerjel (Kärgula), Võrumaa, Estland — 30.07.1925, Dresden, Deutschland)
- Харальд Готліб Эрнст фон Валь (*14 жніўня 1848, Тарту, Тартумаа, Эстонія — †12 студзеня 1915, Рыга, Латвія) — выхадзец зь інфлянцкіх немцаў барон гербу Валь (па-нямецку: Harald Gottlieb Ernst von Wahl (*14.08.1848, Dorpat (Tartu), Tartumaa, Estland — †12.01.1915, Riga, Latvia)
- Расейскае Акцыянэрнае таварыства «Шэрынг» — заснавана ў 1905 годзе, асноўны капітал 1,200,000 руб. і запасны капітал 32,400 руб. Фірме належалі хімічная фабрыка ў Маскве і заводы сухой перагонкі драўніны ў Выдрыцы й Берасьценаве. Заводам кіраваў доктар Вальтэр Цэйс.
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads