Гісторыя Шацілавічаў
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Шаці́лавічы або Шаці́лкі — старажытная вёска гістарычнай Рэчыччыны (Панізоўя). Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся драўляны касьцёл Сьвятога Крыжа, помнік архітэктуры XIX ст., зруйнаваны савецкімі ўладамі.

Дапісьмовая гісторыя

Паводле археалягічных раскопак, паселішча на месцы сучаснага гораду існавала з VI—VII ст. З XIII стагодзьдзя, згодна з археалягічнымі зьвесткамі, паселішча існуе непарыўна[1]. У VIII—X стагодзьдзях гэтая мясцовасьць знаходзілася ў землях плямён дрыгавічоў, у якіх склалася Тураўскае княства (вядомае з 980 году). У XII стагодзьдзі Тураўская зямля была падзелена на ўдзелы, і ў ніжняй плыні ракі Бярэзіны ўзьнікла Сьвіслацкае княства. У сярэдзіне XIV стагодзьдзя яно ўвайшло ў Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае.
Remove ads
Вялікае Княства Літоўскае
Паводле пісьмовых крыніцаў, населены пункт вядомы з 15 ліпеня 1560 году як вёска ў Вялікім Княстве Літоўскім, у якой быў маёнтак Шацілінскі Востраў[2]. Як сьведчыць прывілей вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта ІІ Аўгуста, выдадзены ў Варшаве, маёнтак (па-польску: Ostrow Szatylinski, Востраў Шатылінскі) пасьля папярэдняга ўладальніка Рамана Шацілы перадаваўся зямяніну Ждану Манкевічу за выкананьне вайсковай службы[3]. У 1566 годзе паселішча ўвайшло ў створаны Рэчыцкі павет Менскага ваяводзтва.
З 1 ліпеня 1569 году ў выніку аб’яднаньня ВКЛ і Польскага каралеўства — у Рэчы Паспалітай. 25 лютага 1576 году Ждан Манкевіч згадваецца ў лісьце караля і вялікага князя Стэфана Баторыя пра тое, што шляхта Рэчыцкага павету павінна несьці службу ў замку г. Чачэрску, і не прыцягвацца да іншых павіннасьцяў[4].
У 1634 годзе шляхціч Пётар Сулятыцкі падараваў дзялянку зямлі езуітам, якія збудавалі тут каля 1650 году драўляны касьцёл, утрымлівалі місіянэрскі пункт[5]. У 1639 годзе сяло Шацілавічы — у так званым Парыцкім двары Бабруйскага староства Рэчыцкага павету, мае 17 сялянскіх двароў (у вопіс ня ўносіліся шляхецкія двары)[6]. У вопісе 1684 году ў Шацілавічах шляхецкі двор Манкевічаў і 3 сялянскія двары[7].

У 1744 годзе ў сьпісе каталіцкіх парафіяў значацца Шацілкі, у Карпілавіцкай парафіі Бабруйскага дэканату Віленскай дыяцэзіі[8]. У 1766 годзе ў Шацілавічах упамінаецца мытны страж, які адносіўся да Глускай галоўнай мытнай каморы[9].
Remove ads
Пад уладай Расейскай імпэрыі
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Парыцкай воласьці Бабруйскага павету Менскай губэрні (у 1795—1796 гг. называлася Менскім намесьніцтвам). У 1795 годзе ўпамінаюцца вёска і ваколіца Шацілкі, у якіх разам было 30 двароў[10]. У 1800 годзе ў Шацілавічах было 20 шляхецкіх і 3 сялянскія двары, дарослае насельніцтва складала 88 мужчын і 102 жанчыны. Праваслаўны прыход адносіўся да Сьвята-Петра-Паўлаўскага храма ў вёсцы Чыркавічы (1879)[11]. У 1890 годзе — 49 двароў, прыстань[12].
У пачатку XX ст. Шацілавічы вядомыя як ваколіца (680 жыхароў, 70 двароў) і маёнтак (33 жыхары, 1 двор). У 1915 годзе побач праведзена чыгунка і ўтворана станцыя Шацілкі[13]. У 1916 годзе ў Шацілавічах ўпамінаецца аднаклясная народная вучэльня[14]. Паводле перапісу 1917 году, у ваколіцы Шацілках 685 жыхароў, у маёнтку — 6, на чыгуначнай станцыі — 66 жыхароў, 13 двароў.
Найноўшы час

З 25 сакавіка 1918 году Шацілавічы — у абвешчанай Беларускай Народнай Рэспубліцы; з 1 студзеня 1919 году — у Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы, з 27 лютага 1919 году — у Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы. Падчас савецка-польскай вайны 1919—1921 гадоў занятыя польскімі войскамі з 6 сакавіка па 9 ліпеня 1920 году[15]. З 31 ліпеня 1920 году — зноў у адноўленай БССР, якая ўваходзіла з 30 сьнежня 1922 да 26 сьнежня 1991 году ў СССР, з 19 верасьня 1991 году — Рэспубліка Беларусь.
У 1921 годзе Менская губэрня была скасавана, а яе паветы (у тым ліку Бабруйскі) сталі ўваходзіць непасрэдна ў БССР. 20 жніўня 1924 году воласьці (у тым ліку Парыцкая) і паветы скасаваны. З гэтага дня мястэчка Шацілавічы — цэнтар сельскага Савету (да 1960 году) ва ўтвораным Парыцкім раёне[16], які ўваходзіў у Бабруйскую акругу (існавала да 26 ліпеня 1930 году), а затым: ад 20 лютага 1938 году — у Палескай, з 20 красавіка 1944 году — у Бабруйскай, з 8 студзеня 1954 году — у Гомельскай вобласьці. Чыгуначная станцыя Шацілкі была ўключана ў Чыркавіцкі сельсавет Парыцкага раёну.
У 1924 годзе ў Шацілавічах адкрылася пачатковая школа з габрэйскай мовай навучаньня (65 вучняў, цяпер — школа № 2). У 1926 годзе дзейнічалі 2 ваўначоскі, паравы млын, крупарушка. У 1920-я — 1930-я гады Шацілавічы — адзін з цэнтраў лесасплаву на р. Бярэзіне. У 1929—1932 гадох на базе кузьні створана суднабудаўнічая арцель, якая затым пераўтворана ў верф (цяпер — завод зборнага жалезабэтону). 27 верасьня 1938 году мястэчкі як тып населеных пунктаў былі скасаваныя, і м. Шацілавічы аднесена да вёсак. У час Вялікай Айчыннай вайны Шацілавічы пакінуты савецкімі войскамі 7 жніўня 1941 году, акупаваны нямецкімі войскамі да 27 лістапада 1943 году, на суднаверфе і чыгуначнай станцыі дзейнічалі антыфашысцкія падпольныя групы.
У 1954—1958 гадох у Шацілавічах пабудавана Васілевіцкая ДРЭС[a] (цяпер — Сьветлагорская ЦЭЦ). 30 сьнежня 1956 году вёска Шацілавічы пераўтворана ў гарадзкі пасёлак[17], з 9 чэрвеня 1960 году — цэнтар Парыцкага раёну. 29 ліпеня 1961 году гар. п. Шацілавічы пераўтвораны ў горад Сьветлагорск, а Парыцкі раён перайменаваны ў Сьветлагорскі[18]. З 7 сакавіка 1963 па 4 студзеня 2002 году горад меў абласное падпарадкаваньне.
Remove ads
Галерэя
- Шацілавічы на старых здымках
- Касьцёл, 1918 г.
- Аднаўленьне чыгуначнага моста, 1919 г.
- Касьцёл, 23.04.1920 г.
- Аднаўленьне чыгуначнага моста, 1921 г.
Заўвагі
- Назва па радовішчы торфу каля г. Васілевічы Рэчыцкага раёну
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads