Шацілавічы

горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia

Шацілавічы
Remove ads

Шаці́лавічы[2] (з 1961 году — Сьветлаго́рск[a])  — места ў Беларусі, на рацэ Бярэзіне. Адміністрацыйны цэнтар Шацілавіцкага раёну Гомельскай вобласьці. Плошча 25 км². Насельніцтва на 2018 год — 67 453 чалавекі[1]. Знаходзіцца за 110 км на захад ад Гомелю; чыгуначная станцыя Сьветлагорск-на-Бярэзіне на лініі ЖлобінКаленкавічы, вузел аўтамабільных дарог на Бабруйск, Жлобін, Гомель, Каленкавічы. Рачная прыстань.

Хуткія факты

Шацілавічы — старажытная вёска гістарычнай Рэчыччыны (Панізоўя). Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся драўляны касьцёл Сьвятога Крыжа, помнік архітэктуры XIX ст., зруйнаваны савецкімі ўладамі.

Remove ads

Назва

Гістарычная назва паселішча — Шацілавічы[3][4][5], якую пазьней дзеля спрашчэньня перарабілі ў Шацілкі[6]. Існуе меркаваньне, што форма Шацілкі зьяўляецца размоўным скаротам ад Шацілавічаў[7] і не адпавядае мясцовай тапанімічнай традыцыі[8].

Тапонім Шацілавічы мае патранамічнае паходжаньне ад прозьвішча Шаціла[9]. Тым часам прозьвішча, імаверна, паходзіць ад беларускага слова «шаць» — добрае, прыгожае месца, у слоўніку расейскай мовы Ўладзімера Даля — «гара сярэдняй велічыні». Таксама адзначалася старажытнае германскае імя Шацела (Scazelo), пазьнейшае Шэцэль (Schätzel)[10].

29 ліпеня 1961 году савецкія ўлады перайменавалі Шацілкі ў Сьветлагорск[11]. Новую афіцыйную назву зьвязваюць з пабудовай электрастанцыі (цяпер — цеплаэлектрацэнтраль), якая выпрацоўвае сьвятло, што з сымбалічнай вяршыні (гары) асьвятляе краіну. Назва «Сьветлагорск» не зьяўляецца ўнікальнай: места з такой жа назвай існуе ў Калінінградзкай вобласьці Расеі, аднайменныя пасёлкі — у Краснаярскім краі, Ніжагародзкай і Чалябінскай абласьцях Расеі.

У канцы 1980-х гадоў актывісты гістарычна-культурнай суполкі «Поўня» распачалі ў мясцовым друку кампанію за вяртаньне месту гістарычнай назвы Шацілавічы, але савецкія ўлады адкінулі гэтую прапанову[12]. У наш час прапануецца вярнуць месту традыцыйную гістарычную назву Шацілавічы (Шацілкі) у якасьці афіцыйнай[13].

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае

15 ліпеня 1560 году вялікі князь Жыгімонт Аўгуст выдаў прывілей на маёнтак Шацілінскі Востраў[14] (польск. Ostrow Szatylinski), які па папярэднім ўладальніку Рамане Шаціле перадаваўся зямяніну Ждану Манкевічу за выкананьне вайсковай службы[15]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў вёска ўвайшла ў Рэчыцкі павет Менскага ваяводзтва.

Thumb
Прывілей Жыгімонта Аўгуста на Шацілінскі Востраў

25 лютага 1576 году Ждан Манкевіч ўпамінаецца ў лісьце караля і вялікага князя Стэфана Баторыя пра тое, што шляхта Рэчыцкага павету мае несьці службу ў замку Чачэрску, і не прыцягвацца да іншых павіннасьцяў[16].

Паводле археалягічных зьвестак, у канцы XVI — XVII стагодзьдзях паселішча пашырылася за межы Шацілінскага Вострава, і разьмяшчалася ўздоўж Горвальскага тракту. У 1634 годзе шляхціч Пётар Сулятыцкі падараваў езуітам пляц, якія збудавалі тут каля 1650 году драўляны касьцёл, утрымлівалі місіянэрскі пункт[3] (раней заснаваньне касьцёла датавалі 1638 годам[17], але гэта не пацьвердзілася[18]). У 1639 годзе сяло Шацілавічы ўпамінаецца ў вопісе Парыцкага двара Бабруйскага староства, у гэтым час тут было 17 сялянскіх двароў (у вопіс ня ўносіліся шляхецкія двары)[19]. У вопісе 1684 году ў Шацілавічах існаваў шляхецкі двор Манкевічаў і 3 сялянскія двары[20].

У 1744 годзе ў сьпісе каталіцкіх парафіяў значацца Шацілкі, у Карпілавіцкай парафіі Бабруйскага дэканату Віленскай дыяцэзіі[21]. У 1766 годзе ў Шацілавічах упамінаецца мытны страж, які адносіўся да Глускай галоўнай мытнай каморы[22].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Шацілавічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Парыцкай воласьці Бабруйскага павету Менскай губэрні (у 1795—1796 гадох называлася Менскім намесьніцтвам). У 1795 годзе ўпамінаюцца вёска і ваколіца Шацілкі, у якіх разам было 30 двароў[23]. У 1800 годзе ў Шацілавічах 20 шляхецкіх і 3 сялянскія двары. Праваслаўны прыход адносіўся да царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла ў вёсцы Чыркавічах (1879 год)[24]. У 1890 годзе ў Шацілавічах было 49 двароў, працавала прыстань[25]. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, тут было 62 двары, дзейнічаў касьцёл, працавалі кузьня і крупаршука. Побач існавала аднайменная гаспадарчая сядзіба.

У пачатку XX стагодзьдзя існавалі аднайменныя ваколіца (70 двароў) і маёнтак (1 двор). На 1908 год — вёска (70 двароў) і фальварак. У 1915 годзе побач з Шацілавічамі прайшла чыгунка, пачала працаваць чыгуначная станцыя Шацілкі[26]. У 1916 годзе ў Шацілавічах упамінаецца аднаклясная народная вучэльня[27]. Паводле перапісу 1917 году, на чыгуначнай станцыі Шацілках было 13 двароў.

Remove ads

Найноўшы час

Thumb
Чыгуначная станцыя, да 1941 г.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Шацілавічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР[28], з 27 лютага 1919 году — у Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы. У час савецка-польскай вайны 1919—1921 гадоў з 6 сакавіка да 9 ліпеня 1920 году мястэчка займалі польскія войскі[29].

З 31 ліпеня 1920 году Шацілавічы зноў у адноўленай БССР, дзе яны 20 жніўня 1924 году сталі цэнтрам сельсавету (да 1960 году) ў новаўтвораным Парыцкім раёне[30], які ўваходзіў у Бабруйскую акругу (існавала да 26 ліпеня 1930 году), а потым: ад 20 лютага 1938 году — у Палескай, з 20 красавіка 1944 году — у Бабруйскай, з 8 студзеня 1954 году — у Гомельскай вобласьці. Чыгуначную станцыю Шацілкі ўлучылі ў Чыркавіцкі сельсавет Парыцкага раёну. На 1926 год у Шацілавічах працавалі 2 воўначоскі, паравы млын, крупарушка. У 1920-я — 1930-я гады мястэчка было адным з цэнтраў лесасплаву на рацэ Бярэзіне. У 1929—1932 гадох на базе кузьні ўтварылася суднабудаўнічая арцель, потым пераўтвораная ў вэрф (цяпер — завод зборнага жалезабэтону). На 1930 год у Шацілавічах было 155 двароў. 27 верасьня 1938 году статус паселішча панізілі да вёскі.

У Другую сусьветную вайну з 7 жніўня 1941 да 27 лістапада 1943 году Шацілавічы знаходзіліся пад нямецкай акупацыяй. У час вайны на суднавэрфе і чыгуначнай станцыі дзейнічалі савецкія падпольныя групы.

У 1954—1958 гадох у Шацілавічах збудавалі Васілевіцкую ДРЭС[b] (цяпер — Сьветлагорская ЦЭЦ). 30 сьнежня 1956 году Шацілавічы атрымалі афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу[31], з 9 чэрвеня 1960 году — цэнтар Парыцкага раёну. 29 ліпеня 1961 году савецкія ўлады перайменавалі Шацілавічы (на той час — афіцыйна Шацілкі) у Сьветлагорск і надалі ім статус гораду раённага падпарадкаваньня, Парыцкі раён перайменавалі ў Сьветлагорскі[32]. З 7 сакавіка 1963 да 4 студзеня 2002 году Шацілавічы мелі афіцыйны статус гораду абласнога падпарадкаваньня.

Геаграфія

Знаходзіцца на раўніне Гомельскага Палесься, за 110 км на захад ад Гомля (адлегласьць да Гомля аўтамабільнымі шляхамі — 113 км (праз Рэчыцу)[33]), за 220 км ад Менску.

Стаіць на рацэ Бярэзіне (прытока ракі Дняпра). На поўнач, за ракой знаходзіцца выспа Востры Рог і краявіды заказьнік «Выдрыца», на ўсход — азёры Глухое і Дзеравянка.

Клімат мерна кантынэнтальны, сярэдняя тэмпэратура паветра студзеня — −6,6 ºС, ліпеня — 18,4 ºС, сярэдняя колькасьць ападкаў — 602 мм у год.

Насельніцтва

Дэмаграфія

  • ХIХ стагодзьдзе: 1897 год — 406 чал.
  • ХХ стагодзьдзе: 1908 год — 680 чал. у ваколіцы Шацілках і 33 чал. у маёнтку Шацілках; 1917 год — 685 чал. у ваколіцы Шацілках, 6 чал. у маёнтку Шацілках і 66 чал. на чыгуначнай станцыі Шацілках[23]; 1930 год — 734 чал.[34]; 1953 год — 2170 чал.[35]; 1956 год — 2280 чал. у вёсцы Шацілках, 685 чал. у пасёлку Васілевіцкай ДРЭС, 290 чал. у пасёлку 2-й Парыцкай МТС; 1959 год — 5772 чал. (2737 муж. і 3035 жан.)[36]; 1961 год — 11,5 тыс. чал.[37]; 1970 год — 40,3 тыс. чал.; 1973 год — 48,7 тыс. чал.[23]; 1975 год — 55 тыс. чал.[38]; 1993 год — 74 тыс. чал.; 1 студзеня 2000 году — 73,3 тыс. чал.[39]
  • ХХI стагодзьдзе: 2001 год — 73,4 тыс. чал.; 2004 год — 71,7 тыс. чал.[40]; 2006 год — 70,2 тыс. чал.; 2008 год — 69,5 тыс. чал.; 1 студзеня 2009 году — 69,3 тыс. чал.; 2009 год — 69 995 чал.[41] (перапіс); 2016 год — 69 011 чал.[42]; 2017 год — 68 550 чал.[43]; 2018 год — 67 453 чал.[1]

Рэлігія

Дзейнічаюць 2 праваслаўныя царквы, касьцёл, новаапостальская царква.

Адукацыя

У Шацілавічах працуюць 11 агульнаадукацыйных школ, гімназія (былая школа № 7), міжшкольны навучальна-вытворчы камбінат; вечаровая сярэдняя школа. Дзейнічаюць цэнтар карэкцыйнага разьвіцьця; дом дзіцячай і юнацкай творчасьці, цэнтар пазашкольнай працы, міжшкольны экалягічны цэнтар; 3 дзіцяча-юнацкія спартовыя школы (1 зь іх — алімпійскага рэзэрву); дзіцячая музычная школа, дзіцячая школа мастацтваў. Ёсьць аўтамабільная школа. Працуюць 2 прафэсійна-тэхнічныя навучальныя ўстановы; індустрыяльны каледж.

Культура

У Шацілавічах дзейнічаюць 8 бібілятэка, дом культуры, музэй гісторыі места, мастацкая галерэя імя Г. Пранішнікава. У месьце ўтварыліся рок-гурты Органы сну (1996 год) і Relikt (2001 год).

Мас-мэдыя

Выдаюцца газэты «Ранак-плюс», «Сьветлагорскія навіны», «Светлогорский бизнес».

Спорт

У Шацілавічах ёсьць дзьве спартовыя школы (ДЮСШ1, ДЮСШ «Алімп»). ДЮСШ1 мае наступныя аддзелы: грэцка-рымскае барацьбы, тхэквандо, боксу, баскетболу, плаваньня. ДЮСШ «Алімп» спэцыялізуецца на лёгкай атлетыцы.

У месьце ёсьць наступныя спартовыя збудаваньні і пляцоўкі: стадыёны (3), лёгкаатлетычны манэж (1), спартовыя залі (49), плавальныя басэйны (1), міні-басэйны ў дзіцячых садох (10), іншыя залі і пляцоўкі (школьныя спартовыя залі і г. д.) (202).

Забудова

Чыгунка, аўтамагістралі і лясныя масівы падзяляюць Шацілавічы на 3 плянавальныя раёны: паўночны і паўднёвы, забудаваныя шматпавярховымі дамамі, і заходні з забудовай сядзібнага тыпу. У цэнтры 2—3- і 5—9-павярховыя будынкі. Яго галоўнай вышыннай дамінантай зьяўляецца 16-павярховы жылы дом. Існуюць 7 мікрараёнаў.

Эканоміка

Thumb
Прамысловы краявід Шацілавічаў

Сярод прамысловых прадпрыемстваў — вытворчае аб’яднаньне «Хімвалакно», Шацілавіцкі цэлюлёзна-кардонны камбінат (ЦКК), цеплаэлектрацэнтраль, завод жалезабэтонных вырабаў і канструкцыяў, завод жалезабэтонных вырабаў будаўнічага трэсту, завод зборнага жалезабэтону, управа буравых работ, фабрыка мастацкіх вырабаў, друкарня, хлебазавод.

Транспарт

Вузел аўтамабільных дарог на Бабруйск, Жлобін, Гомель, Каленкавічы. Чыгуначная станцыя на лініі Жлобін — Каленкавічы, ёсьць аўтобусная станцыя. Праз Шацілавічы праходзіць чыгуначная магістраль Санкт-Пецярбург — Кішынёў.

Працуе аўтобусны парк № 5, аўтобусы якога ходзяць па 17 мескіх маршрутах, а таксама маршрутныя і легкавыя таксі.

У месьце — грузавая прыстань (Бабруйскага рачнога порта) на рацэ Бярэзіне.

Турыстычная інфармацыя

Інфраструктура

Thumb
Камень з крыжом, музэй Шацілавічаў

У Шацілавічах працуюць музэй гісторыі места, дом рамёстваў (дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), карцінная галерэя «Традыцыя» імя Германа Пранішнікава.

Помнікі: помнік-звон воінам, якія загінулі пры вызваленьні Шацілавічаў ад нацысцкіх акупантаў (усталяваны ў 2005 годзе на месцы ранейшага помніка); Алея герояў — помнікі воінам, якія атрымалі званьні Герояў пры вызваленьні раёну ад нацысцкіх акупантаў; помнік землякам, якія загінулі ў розных войнах — на гарадзкой набярэжнай; помнік Раману Шацілу — заснавальніку і першапасяленцу Шацілавічаў (усталяваны ў 2006 годзе).

Славутасьці

На ўсходняй ускраіне Шацілавічаў захавалася тэрыторыя былога баярскага (шляхецкага) двара «Шацілінскі востраў» (XIII — канец XVIII стагодзьдзя).

  • Чыгуначная станцыя (пачатак XX ст.)

Страчаная спадчына

  • Касьцёл Сьвятога Крыжа (1818). Знаходзіўся насупраць старых могілак, якія і цяпер існуюць на Горвальскім тракце.

Галерэя

Месты-сябры

Больш інфармацыі Пералік местаў-сяброў Шацілавічаў ...

Асобы

Раман Шаціла — першы жыхар Шацілавічаў, вядомы паводле пісьмовай крыніцы (1560 год), меў у карыстаньні маёнтак Шацілінскі Востраў. У 2006 годзе ў цэнтры Шацілавічаў паставілі помнік, правобразам якога зьяўляецца Р. Шаціла. Скульптура ўвасабляе ў сябе заснавальнікаў і першапасяленцаў Шацілавічаў (першы ў Беларусі помнік заснавальнікам паселішча).

Ураджэнцы

  • Алег Астроўскі — неаднаразовы чэмпіён сьвету па радыёспорце, заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь (Шацілавічы)
  • Дзьмітры Банькоўскі — 2-разовы чэмпіён сьвету па веславаньні на байдарках і каноэ (1990, 1991 гады, байдарка-чацьвёрка, 10 км), майстар спорту СССР міжнароднай клясы
  • Генадзь Блізьнюк — 4-разовы чэмпіён (2003, 2006—2008) і двойчы ўладальнік Кубка (2002, 2006) Беларусі па футболе, майстар спорту міжнароднай клясы Рэспублікі Беларусь
  • Аляксандра Борціч(be) — выканаўца роляў у мастацкіх фільмах (Масква)[44]
  • Аляксандар Гронскі(be) — гісторык, кандыдат гістарычных навук
  • Дзьмітры Жукоўскі — 2-разовы ўладальнік Кубка сьвету па веславаньні на байдарках і каноэ 1997 году (каноэ-чацьвёрка 200, 500 м), майстар спорту СССР міжнароднай клясы
  • Надзея Кірычэнка(ru) — 2-разовая срэбраная прызэрка чэмпіянатаў сьвету па веславаньні на байдарках і каноэ (1975, 1979 — байдарка-чацьвёрка 500 м), 4-разовая чэмпіёнка СССР (1975 — байдарка-адзіночка ў эстафэце 4×500 м, 1975, 1978, 1979 — байдарка-чацьвёрка 500 м), майстар спорту СССР міжнароднай клясы (м. Растоў-на-Доне, Расея)
  • Валянціна Ліпская — чэмпіёнка СССР па мотацыклетным спорце 1956 году (іпадром), заслужаны трэнэр Расеі
  • Уладзімер Мерынаў(ru) — 3-разовы чэмпіён сьвету па веславаньні на байдарках і каноэ (1989 г. — 500, 1000 м, 1997 г. — 200 м), майстар спорту СССР міжнароднай клясы
  • Уладзімер Патупчык — сябар Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь
  • Віктар Раманцоў — публіцыст, краязнаўца (Шацілавічы)
  • Тацяна Рынейская — фотамадэль, уладальніца тытула «Міс фота» конкурсу «Міс Беларусь-2008»
  • Алег Ціханаў(ru)музычны прадусар
  • Ігар Хулуп — чэмпіён СССР па веславаньні на байдарках і каноэ 1989 году, майстар спорту СССР міжнароднай клясы (Шацілавічы)
  • Ганна Шавяленка — абсалютная чэмпіёнка сьвету па хуткаснай радыётэлеграфіі (2009), майстар спорту (Шацілавічы)
  • Міхаіл Шыкаў(be) — дызайнэр, аўтар навучальных дапаможнікаў па дызайне

Жыхары

Заўвагі

  1. Зьнішчэньне традыцыйнай гістарычнай тапанімікі — адзін з захадаў палітыкі гвалтоўнай русіфікацыі і дэнацыяналізацыі беларусаў
  2. Назва ад радовішча торфу каля места Васілевічаў

Крыніцы

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads