Тураў
горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Ту́раў — места ў Беларусі, на рацэ Прыпяці. Уваходзіць у склад Жыткавіцкага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 2765 чалавек[3]. Знаходзіцца за 25 км на паўночны захад ад места і чыгуначнай станцыі Жыткавічаў. Аўтамабільныя дарогі на Давыд-Гарадок, Жыткавічы, Лельчыцы. Рачная прыстань.
Тураў — найстарэйшы горад дрыгавічоў і сталіца адной зь першых дзяржаваў на беларускай этнічнай тэрыторыі. Колішняя катэдра Тураўскага біскупства Літоўскай мітраполіі. Места гістарычнай Піншчыны (частка Берасьцейшчыны, на захадзе Палесься), колішняя сталіца графства і старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага[4]. Да нашага часу тут захавалася Замчышча, помнік археалёгіі XII ст., а таксама драўляная царква Ўсіх Сьвятых, помнік архітэктуры XIX ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася мураваная абарончая вежа, помнік архітэктуры XIII ст., зруйнаваны расейскімі ўладамі.
Remove ads
Назва
У наш час існуе два найбольш вядомыя тлумачэньні паходжаньня тапоніму Тураў. Першае зьвязвае назву паселішча зь імем вараскага князя Тура (паўночнагерманскім імём ÞóriR[5]), які лічыцца ягоным заснавальнікам[6] і ўпамінаецца ў «Аповесьці мінулых часоў» пад 980 годам. Зрэшты, гэта адзіная летапісная згадка пра «заморскага» Тура (Туры) як заснавальніка і першага ўладара гораду[7]. У 1880 годзе япіскап менскі і тураўскі Яўгені ў «Нарысе гісторыі Турава», прыкладзеным да выданьня твораў Кірылы Тураўскага, пісаў, што ў народнай гаворцы «які-небудзь Турдаў, Турбенд і інш. мог называцца і проста Тур[8]». Таксама ён зазначыў, што існаваньне імя Тур у пэўных сфэрах усходнеславянскага грамадзтва пацьвярджаецца, відаць, назвай царквы Турава бажніца ў старажытным Кіеве, якая ўпамінаецца ў летапісе пад 1146 годам[8].
Другое папулярнае тлумачэньне найменьня Тураў узыходзіць да назвы дзікага быка тура. Так, этнограф Павал Шпілеўскі лічыў, што летапіснае сьцьверджаньне пра нейкага заморскага Тура (Туры) як заснавальніка і першага гаспадара Турава — даніна народнай легендзе[7]. Сваю думку дасьледнік даводзіў наступным чынам: «па-першае, мы сустракаем масу назваў сёлаў, вёсак, рэк, палёў, урочышчаў і г. д. з коранем „тур“ на ўсёй прасторы славянскіх пасяленьняў, і выводзіць гэтыя назвы не ад славянскага, а ад вараскага кораня — неверагодна; па-другое, у землях дрыгавічоў было мноства тураў, на якіх палявалі кіеўскія князі, напр., Уладзімер Манамах…»[9].
Як адзначаюць А. Крывіцкі і М. Саскевіч, назву «тур» фіксуюць старажытныя пісьмовыя помнікі (напрыклад, буй-тур Усевалада ў «Слове аб палку Ігаравым»), у паўднёвых і заходніх славян захаваліся ўтварэньні ад гэтае назвы сярод найменьняў жывёл, расьлінаў, у тапаніміцы, у асобных песьнях, былінах і інш. Тым ня менш, дасьледнікі лічаць гэтую гіпотэзу «занадта спрошчанай і гістарычнай слаба матываванай»[9].
Аляксандар Крывіцкі і Мікалай Саскевіч выводзяць назву паселішча ад зарослай цяпер пратокі ад Прыпяці ў в. Пагост, разьмешчанай непадалёк ад утоку ў Прыпяць ракі Сьцьвіга. Дасьледнікі адзначаюць, што паводле ўспамінаў старэйшых жыхароў памянёнай вёскі, яшчэ ў даваенныя часы Тур была досыць шырокай і дастаткова глыбокай пратокай, якая была часткаю гаспадарскае воднае сыстэмы Пагоста: пратока была важнаю прыстаньню на Прыпяці і Сьцьвізе адначасна, асабліва пры сплаве лесу. Старажытная пратока Тур мела асаблівае значэньне для падтрыманьня комплексу жыльлёвых, гаспадарчых, абарончых, абрадавых і іншых групаў збудаваньняў тагачасных насельнікаў Турава праз разгалінаваную водную сыстэму. На думку дасьледнікаў, такое гідранімічнае паходжаньне назвы зьяўляецца «больш блізкім да рэальных падзеяў таго часу» і родніць Тураў з паўночным Полацкам[10].
Існуюць таксама і менш вядомыя тлумачэньні найменьня Тураў. Некаторыя выводзяць гэтую назву ад слова «тура́» (тур) — 'вежа', іншыя мяркуюць, што на месцы, дзе ўзьнік Тураў, у язычніцкай старажытнасьці было капішча — месца пакланеньня нейкаму паважанаму ідалу-заступніку Туру[11]. Аднак наяўнасьць асобнага славянскага божышча пад гэтаю назваю А. Прохараў лічыць «не зусім абгрунтаванаю»[12].
Таксама існуе і іншая мясцовая легенда пра паходжаньне Турава: у часе набегаў нейкіх «туркаў» адзін зь іх, перабіраючыся па тонкім лёдзе на кані недзе там, дзе потым паўстаў Тураў, праваліўся пад лёд і ўтапіўся (паводле іншай вэрсіі — толькі згубіў сваю багатую шапку), аднак, на думку А. Крывіцкага і М. Саскевіча, гэта адвольны народны жарт, пабудаваны на сугуччы найменьня «Тур» і слова «турак»[13].
Remove ads
Гісторыя
Тураўскае княства

Першы пісьмовы ўпамін пра Тураў зьмяшчаецца ў «Аповесьці мінулых часоў» і датуецца 980 годам: «бе бо Рогволод перешел из заморья имяше волость свою Полотьске, а Тур Турове, от него же Туровици прозвашаяся»[a].
Старажытны горад узьнік на сутоках рэк Язды і Струменя, прытокаў Прыпяці, якая ў сваю чаргу ўпадае ў Дняпро, а ён — у Чорнае мора. Гэты рачны шлях здаўна быў вядомы вікінгам, якія актыўна карысталіся ім для гандлю з Канстантынопалем.
Першым вядомым тураўскім князем быў Сьвятаполк, сын кіеўскага князя Ўладзімера, пад чыёй уладай знаходзілася Русь, у тым ліку і Тураўскае княства. Сьвятаполк заняў тураўскі сталец у 988 годзе. Неўзабаве ў 1005 годзе ўтварылася Тураўскае біскупства.
XII—XIII стагодзьдзі — час росквіту Турава. Горад меў магутную лінію ўмацаваньняў. У той час тут было каля 40 (паводле паданьняў — 75—80) цэркваў і манастыроў. Сярод іх былі прынамсі, дзьве саборныя цэрквы: Прачыстай Багародзіцы і Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла. Існавалі прынамсі, два, а магчыма, што тры манастыры: Мікольскі мужчынскі, жаночы сьвятой вялікамучаніцы Варвары, япіскапскі Барысаглебскі (першы ўпамін у сярэдзіне ХІІ ст.). Магчымае, але малаімавернае існаваньне саборнай царквы Сьвятой Соф’і[14]. У канцы XIII ст. у Тураве збудавалі мураваную абарончую вежу (разабраная ў XIX ст.). У гэтыя часы ў горадзе жыў вядомы асьветнік Кірыла Тураўскі. У 1158 годзе Тураў вытрымаў дзесяцітыднёвую аблогу паўднёварускіх князёў і такім чынам атрымаў незалежнасьць ад Кіева[15], а ў 1160 годзе — трохтыднёвую аблогу валынскіх князёў. Узімку 1241 году горад поўнасьцю зруйнавалі мангола-татары. Менавіта тады, як сьведчыць паданьне, быў закіданы немаўлятамі славуты калодзеж Тура, па чым на працягу сямі гадоў зь яго струменіла жаночае малако.
Пэрыяд дабрабыту скончыўся ў выніку некалькіх фэўдальных канфліктаў, а па тым як рачны гандлёвы шлях страціў сваю актуальнасьць (Эўропа і Бізантыя былі зьвязаныя ў абыход Кіева) Тураў страціў асноўную сваю прывабнасьць.
Тураўскае княства ў пэрыяд фэўдальнай раздробленасьці падзялілася на некалькі ўдзельных княстваў — Тураўскае, Пінскае, Слуцкае, Клецкае і іншыя — і страціла сваё значэньне. У гэты час хутка рос Пінск, які апярэджваў у сваім гаспадарчым разьвіцьці Тураў.
Вялікае Княства Літоўскае

У XII—XIV стагодзьдзях пачалося аб’яднаньне абшараў колішніх Полацкага, Тураўска-Пінскага і Смаленскага княстваў вакол Наваградку. Далучэньне Турава да Вялікага Княства Літоўскага адбылося ў 1320-я гады. У першай траціне XIV ст. спынілася старажытная дынастыя тураўскіх князёў, у выніку чаго места перайшло да вялікіх князёў літоўскіх (у 1430 годзе — у валоданьні вялікага князя Сьвідрыгайлы Альгердавіча). З XV ст. Тураў знаходзіўся ў складзе Троцкага ваяводзтва і належаў князям Глінскім.
З канца XV ст. крымскія татары неаднойчы ўчынялі рабаўнічыя набегі на тэрыторыю сучаснай Беларусі. У 1497 годзе яны забілі непадалёку ад Мазыру мітрапаліта кіеўскага і ўсяе Русі Макарыя. У час вайны 1500—1503 гадоў з Маскоўскай дзяржавай Іван III неаднаразова інструктаваў Менглі-Гірэя, каб крымскія загоны накіроўваліся ў бок Слуцку, Турава, Пінску з мэтай аслабіць усходнія межы Вялікага Княства Літоўскага. Карыстаючыся тым, што асноўныя сілы Вялікага Княства ваявалі ў гэты час з Масквой, крымчакі неаднаразова спусташалі літоўскія землі. Увосень 1502 году яны перайшлі Прыпяць і пачалі рабаваць ваколіцы Турава і Пінску. Славуты слуцкі князь Сямён Алелькавіч перахапіў крымчакоў за 6 міль ад Бабруйску і ўшчэнт разьбіў іх, вызваліўшы вялікі палон.
У 1507 годзе фэўдалы, якія шукалі хаўрусу з Масквой і нярэдка адкрыта пераходзілі на бок Маскоўскай дзяржавы, узьнялі паўстаньне пад кіраўніцтвам Міхала Глінскага. Аднак у 1508 годзе паўстаньне пацярпела паразу. Па тым, як М. Глінскі зьбег у Маскоўскае княства, Тураў перайшоў да Канстантына Астроскага, які заняўся ягоным узнаўленьнем. У 1521 годзе места паўторна разбурылі татары, і Астроскія мусілі яшчэ раз будаваць на Замкавай гары ўмацаваны замак — апошні, рэшткі якога захаваліся да XIX ст. і апісваліся вядомым падарожнікам Паўлам Шпілеўскім. Астроскія кіравалі Туравам больш за стагодзьдзе (з 1508 да 1621 году), пакуль яго не аддалі ў якасьці выкупу за княжну з роду Сапегаў.
У выніку адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гадоў Тураў увайшоў у склад Пінскага павету Берасьцейскага ваяводзтва. У гэты час места складалася з асноўнай часткі і двух прадмесьцяў — Заяцэльля і Запясочча.

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) маскоўскія захопнікі некалькі разоў спусташалі Тураў. Масква ажыцьцяўляла свае даўнія пляны захапіць Літву і распачала крывавую вайну, якая забрала больш за палову насельніцтва Вялікага Княства. У ліпені 1654 году казакі, наляцеўшы на вёскі і мястэчкі Тураўшчыны, «сялян мучылі, насьмерць забівалі, маёмасьць іх усю забіралі, іншыя вёскі агнём палілі…» Пазьней сюды прыходзіў казацкі полк нейкага Грышкі Чорнага. Казакі зьяўляліся тут і разам з маскоўскімі ратнікамі. У верасьні 1654 году на Тураўскую і Сьмядынскую (ніжэй плыньню Прыпяці) воласьці напала маскоўскае войска. Паводле заявы тураўскага падстаросты Хведара Ляўковіча, чужынцы «ня толькі ў дамах сялянскіх што змаглі адшукаць забралі, але, сялян у лясах знаходзячы, некаторых насьмерць пазамучвалі…» 24 верасьня яны «да апошняй халупы» спалілі вёскі Верасьніцу, Букчу, Глінную, Храпін, Колкі, і спустошылі дзясяткі іншых. Забіралі ўсё да драбніцы. У Астражанцы і Сьмядыні замардавалі нават папоў, у Гліннай сьвятога айца расстралялі, а недамучаных людзей жывых засыпалі зямлёй. Целы мерцьвякоў выкідвалі з дамавінаў. Урэшце, пагаспадарыўшы ў апусьцелым Тураве, захопнікі пакінулі яго, а мяшчанам, якія паразьбягаліся, ды ўсёй воласьці сказалі вяртацца ў места, запэўніўшы, што чапаць іх ня будуць. Аднак 30 кастрычніка, калі людзі вярнуліся, на іх накінулася варожае войска. Хапалі ўсё ў хатах, рынкавых каморах, а найбольш — «вымучвалі» ў жыхароў грошы. Некалькі чалавек пры гэтым забілі. Вялізны статак кароў (за 6 тысячаў) быў адагнаны ва Ўкраіну[16]. Неўзабаве войска Вялікага Княства Літоўскага пад камандаю Януша Радзівіла вызваліла Тураў. Па выгнаньні маскоўскіх захопнікаў у Тураве засталося толькі 111 дымоў, тады як у 1648 годзе іх было 401[17].
У XVIII ст. Тураўскі маёнтак зваўся графствам, хоць ягоныя ўладальнікі не былі графамі. Паводле зьвестак за 1790 год, у Тураве было 497 дымоў[17].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Тураў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі. Часткай Тураўскага маёнтку ў гэты час валодаў граф, маршалак Галоўнага Літоўскага трыбуналу Іван Салагуб. Другую частку, якая належала дзяржаве, расейскія ўлады перадалі як узнагароду за шчырую службу генэралу Селябіну. У Тураве ў той час налічвалася каля пяцісот будынкаў, было сем цэркваў і сынагога. У 1793 годзе ангельская акцыянэрная кампанія Піта і Форстэра купіла ў Салагуба лясныя ўгодзьдзі і пачала па-драпежніцку секчы лес і адпраўляць яго Прыпяцьцю, Дняпром і Бугам за мяжу. Пра злачынства даведаліся ў Пецярбургу, і ў 1800 годзе выйшаў спэцыяльны ўказ імпэратара Паўла I, які прадпісаў ліквідаваць дамову і ўзяць маёнтак у дзяржаўны скарб.

Згодна з імянным царскім указам ад 6 верасьня 1795 году ў краі пачала працаваць паштовая сувязь. Паштовая дарога прайшла ад Мазыру да Давыд-Гарадку праз Жыткавічы (8 коней, 4 паштальёны), Тураў (тое самае) і далей празь Ленін (тое самае).
Новыя беды і разбурэньні прынесла краю расейска-француская вайна. Ваенныя спусташэньні абязьлюджвалі цэлыя мясцовасьці. У 1812—1817 гадох насельніцтва Турава з прычыны голаду зьменшылася амаль на тры чвэрці. У 1834 годзе мястэчка пацярпела ад пажару, у якім згарэла 5 цэркваў. Паўстаньне Кастуся Каліноўскага не ахапіла край, хоць хвалі яго, глухія зьвесткі пра змагароў за лепшую долю супраць іншаземных прыгнятальнікаў даходзілі і сюды. Паводле ўспамінаў мясцовых жыхароў, у тутэйшых непраходных лясах і балотах хаваліся рэшткі разьбітага ў 1864 годзе войска паўстанцаў. У 1865 годзе ў Тураве выявілі старажытнае эвангельле.
Напісаную каля 1857 году і выдадзеную ў 1867 годзе кнігу пра гісторыю Тураўскай япархіі народжаны на Піншчыне архімандрыт Урадавага сыноду Расейскай імпэрыі Анатолі (Станкевіч)(uk)[18] пачынаў наступнымі словамі[19]: «Якім бедным ня быў бы выгляд цяперашняга Турава, але ўсё-ткі памяць пра Тураў, як калыску праваслаўя ў Літве, сьвятая для ўсякага руса-ліцьвіна» (рас. «Как ни беден вид теперешнего Турова, но все-таки память о Турове, как колыбели православия в Литве, священна для всякого руссо-литвина»)[b].
На 1886 год у Тураве было 370 двароў, дзеялі 3 царквы, капліца, сынагога і 3 юдэйскія малітоўныя дамы. На 1892 год у мястэчку было каля 500 дамоў. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Тураве было 667 двароў, дзеялі 4 царквы, касьцёл, капліца і сынагога, працавалі пошта, фатаграфія, прыстань, цагельня, 2 хлебазапасныя магазыны, 50 крамаў і 4 карчмы, штогод праводзіўся 2 кірмашы. У аднайменным фальварку працаваў паравы млын. На 1909 год — 675 двароў.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Тураў занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Тураў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[21].
У сьнежні 1918 — жніўні 1919 году — Тураў кантралявалі савецкія войскі, з жніўня 1919 да 15 ліпеня 1920 году — польскія войскі. 18 ліпеня 1920 году ў месьце канчаткова замацаваліся саветы. На 1924 год тут было 856 двароў.
У 1924—1962 гадох Тураў быў цэнтрам раёну (з 1939 году — у складзе Мазырскай вобласьці). У 1926 годзе ў мястэчку жыло 5393 чалавекі (на тысячу жыхароў — 55 рамесьнікаў). Да 1939 году насельніцтва мястэчка ў выніку войнаў, масавых рэпрэсіяў павялічылася толькі на 46 чалавек. Згодна з указам Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР ад 27 верасьня 1938 году, Тураў атрымаў афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу.
У Другую сусьветную вайну ўлетку 1941 году яго захапілі войскі Трэцяга Райху, а ўжо ў кастрычніку пачало сваю дзейнасьць савецкае падпольле. 5 ліпеня 1944 году ў места ўвайшлі савецкія войскі. У 1962 годзе Тураўскі раён ліквідавалі, а само мястэчка ўвайшло ў склад Жыткавіцкага раёну.
3 жніўня 2004 году Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь надаў Тураву статус места. У верасьні таго ж году ў Тураве прайшлі Дні беларускага пісьменства. У наш час у Тураве ствараецца турыстычная інфраструктура, у 2008 годзе тут збудавалі новы гатэль. Адзінае прамысловае прадпрыемства, якое працуе на сёньня — кансэрвавы завод, што выпускае кансэрваваную гародніну і сокі. З 2011 году пачалося будаваньне малочнага заводу[22].
- Тураў на старых здымках
- Прыпяць, да 1918 г.
- Прыпяць, да 1918 г.
- Царква Ўсіх Сьвятых. І. Сербаў, 1912 г.
- Царква Ўсіх Сьвятых. І. Сербаў, 1912 г.
- Царква Сьвятога Ільлі. І. Сербаў, 1912 г.
- Царква Сьвятога Ільлі. І. Сербаў, 1912 г.
- Сынагога, да 1918 г.
- Замчышча, 1938 г.
Remove ads
Геаграфія
Паблізу Турава ёсьць азёры Аблуква, Галава, Плішчын, працякаюць рэкі Глушыца, Перадоль, Струмень, Язда.
Насельніцтва
Дэмаграфія

- XIII стагодзьдзе: 1200-я гады — каля 6 тыс. чал.
- XVII стагодзьдзе: 1648 год — 401 чал.; 1649 год — 3 тыс. чал.; 1667 год — 111 чал.
- XVIII стагодзьдзе: 1793 год — 500 чал.
- XIX стагодзьдзе: 1858 год — 2030 чал.[23]; 1866 год — 2662 чал.; 1892 год — да 2900 чал.[24]; 1897 год — 4297 чал.[23]
- XX стагодзьдзе: 1909 год — 6435 чал.; 1923 год — 6217 чал.; 1924 год — 5264 чал.; 1926 год — 5393 чал.; 1933 год — 4,5 тыс. чал.[25]; 1939 год — 5439 чал.; 2000 год — 3,5 тыс. чал.[26]
- XXI стагодзьдзе: 2002 год — 3,2 тыс. чал.[27] 2003 год — 3,2 тыс. чал.; 2004 год — 3,2 тыс. чал.[28]; 2006 год — 3,1 тыс. чал.[29]; 2008 год — 3100 чал.; 2009 год — 2967 чал.[30] (перапіс); 2010 год — 2,9 тыс. чал.; 2011 год — 2846 чал.; 2016 год — 2795 чал.[31]; 2017 год — 2770 чал.[32]; 2018 год — 2765 чал.[3]
Адукацыя
У Тураве працуюць 2 сярэднія і музычная школы, дашкольная ўстанова.
Мэдыцына
Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляе местачковая лякарня.
Культура
Дзеюць 2 дамы культуры, 3 бібліятэкі.
Мас-мэдыя
Выдаецца газэта «Вольныя навіны».
Remove ads
Эканоміка
4 студзеня 2010 году заснавалі «Тураўскі малочны камбінат», які пачаў выпуск італьянскіх сыроў 13 траўня 2013 году і стаў градаўтваральным прадпрыемствам для Турава і Жыткавіцкага раёну. У 2017 годзе яго доля ў прамысловай вытворчасьці Жыткавіцкага раёну склала 75 %[33].
Турыстычная інфармацыя

Інфраструктура
Дзеюць Тураўскі краязнаўчы музэй і Тураўскі музэй прыроды.
Славутасьці

- Замчышча, дзе знаходзяцца рэшткі помніка дойлідзтва XII ст. — Тураўскай царквы, падмуркі якой выявіў М. Каргер у час археалягічных раскопак у 1962—1963 гадох. Сьцены царквы, складзеныя з плінфы, захаваліся на ўзроўні 0,3—0,5 м. /ны даюць паставу меркаваць пра яе архітэктуру: 6-слуповы 3-апсыдны аб’ём, апсыды ўпрыгожваюцца роўнымі пілястрамі, падлога — з паліваных плітак. Слупы ў сечыве крыжовыя, у паўднёва-заходняй частцы — круглая вежа зь вітымі ўсходамі.
- Крыжы каменныя. Два зь іх, паводле легенды, прыплылі супраць плыні Прыпяці, трэці — «вырас зь Зямлі». Гэты крыж «расьце» на Барысаглебскіх могілках па дарозе на Давыд-Гарадок, два іншыя знаходзяцца ў Цэркве Ўсіх Сьвятых, збудаванай яшчэ ў 1810 годзе.
- Могілкі: Барысаглебскія; юдэйскія
- Помнік Кірылу Тураўскаму
- Царква Ўсіх Сьвятых (1810)
Страчаная спадчына
- Вежа (2-я палова XIII ст., зруйнаваная ў 1830 годзе) — фартыфікацыя Тураўскага замка, якая адносілася да тыпу валынскіх вежаў. Знаходзілася на дзядзінцы Замчышча (Замкавая гара). Узьведзеная ў з цэглы на вапнавай рашчыне, мела круглую форму. Унутраны дыямэтар — каля 11 м, падзялялася на некалькі баявых ярусаў
- Гасьціны двор (XVIII ст., зруйнаваны ў XIX ст.). Стаяў на Рынку паблізу замка. Гэта быў прастакутны 2-павярховы будынак замкнёнай кампазыцыі з унутраным дваром і двухсхільным дахам. Ягоны памер — 43х21 м. На кожным паверсе знаходзілася 36 крам і 12 складзкіх памяшканьняў
- Помнік Аляксандру II. У 1870-я гады на Красным пляцы расейскія ўлады паставілі помнік цару-«вызваліцелю» Аляксандру II ў гонар вызваленьня сялянаў ад прыгоннай залежнасьці. У 1918 годзе рэвалюцыйна настроеныя месьцічы з падбухторваньня бальшавікоў разбурылі яго.
- Сынагога Вялікая (XIX ст.)
- Царква Сьвятога Кірылы (1802)
- Царква Сьвятога Міхала Арханёла
- Царква Сьвятога Прарока Ільлі (1850)
- Царква Сьвятога Спаса (1801)
- Царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла
У Тураве зацьвердзілася першая япіскапская катэдра ў Літве з часоў князя кіеўскага Ўладзімера. Места было цэнтрам праваслаўя ў Літве. У XVI ст. на Тураўшчыне налічвалася каля 80 цэркваў і два саборы. Практычна ўсе яны былі згубленыя ў час шматлікіх войнаў.
Remove ads
Асобы
- Канстантын Астроскі (1460—1530) — палітычны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага
- Кірыла Тураўскі (~1130 — ~1182) — праваслаўны царкоўны дзяяч, багаслоў, пісьменьнік XII стагодзьдзя
- Аляксандар Шыфман (1907—1993) — беларускі і расейскі літаратуразнаўца
Заўвагі
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads