Жыве Беларусь!
патрыятычны заклік, скіраваны на кансалідацыю народу Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Жыве́ Белару́сь! — патрыятычны заклік, скіраваны на абуджэньне нацыянальна-грамадзянскіх пачуцьцяў, кансалідацыю народу Беларусі ў абарону свабоды, незалежнасьці сваёй краіны, роднай мовы, усёй нацыянальнай культуры[1]. Шырокае ўжываньне гэтага выразу-фразэалягізму ў розныя часы стала магчымым дзякуючы яго зьместу — зычаньню росквіту сваёй зямлі, сваёй дзяржаве[2]. Разглядаецца як нацыянальны дэвіз[3] — адзін зь беларускіх нацыянальных сымбаляў разам з гербам Пагоняй і бел-чырвона-белым сьцягам[4] — у якім у максымальна ляпідарнай форме фармулюецца беларуская нацыянальная ідэя[5][6].


Remove ads
Гісторыя
Беларускі нацыянальна-вызвольны рух

Вытокі беларускага патрыятычнага закліку-дэвізу звычайна прымяркоўваюць да паўстанцкага руху 1863—1864 гадоў і дзейнасьці яго кіраўніка Кастуся Каліноўскага: сябры віленскай рэвалюцыйнай арганізацыі карысталіся паролем «Люблю Беларусь. — Так узаемна»[1]. Тым часам яшчэ ў 1859 годзе народжаны на гістарычнай Случчыне беларускі паэт Уладзіслаў Сыракомля (Людвік Кандратовіч), які — як і яго сучасьнікі — называў Беларусь Літвой («О Радзіма Літва, о Айчына сьвятая»)[7], падкрэсьліваў у адным з сваіх вершаў: «Пра адно я толькі сьпяваю, хоць на розныя ноты: Хай жыве наша Літва! Хай жывуць ліцьвіны!»[a][9].
У сваёй сучаснай форме выраз «Жыве Беларусь!» упершыню прагучаў у вершы Янкі Купалы «Гэта крык, што жыве Беларусь», напісаным у 1905—1907 гады:
![]() |
А вось як не любіць гэта поле, і бор, |
![]() |

У самім вершы малады паэт мерна і журботна апісвае зь вялікай любоўю Беларусь і зь вялікім болем — лёс яе народу, а заканчэньне ў выглядзе аксюмарану разглядаецца як самасьцьверджаньне беларусаў і маніфэстацыя схаванай беларускай моцы: «мы — ёсьць!»[3]. Апошнія словы верша ў якасьці эпіграфу да надрукаванага ў 1908 годзе артыкулу «Вялікае сьвята „Жалейка“ Янука Купалы» ўзяў літаратурны крытык і публіцыст Уладзімер Самойла[11]. Гэта спрыяла папулярызацыі выразу, які ў розных формах замацоўваўся ў паэтычных і публіцыстычных творах беларускіх пісьменьнікаў, ідэолягаў нацыянальнага руху[1]. Сярод іншага, назву «Жыве Беларусь!» атрымаў верш Хведара Чарнышэвіча, апублікаваны ў 1912 годзе.

Покліч «Жыве Беларусь!» адразу перанялі беларускія публіцысты-адраджэнцы як знак беларускага самаўсьведамленьня: «… Плыве жывое беларускае слова, будзячы сэрцы беларусаў і паказваючы ўсім, што „Жыве Беларусь!“» (Наша Ніва, 11 лістапада 1910 году). У рэдакцыйнай нататцы «Нашай Нівы» (1911 год, № 9—10) зазначалася:
![]() |
Расьце беларускі нацыянальны рух, будзяцца да новага, уласнага жыцьця забытыя ўсімі ўбогія беларускія вёскі; будзяцца і пачынаюць пазнаваць свае нацыянальнае імя нашы мястэчкі і месты. Будзіцца аграмадны крывіцкі абшар родных гоняў, лугоў і лясоў, і ў песьнях народных песьняроў грымне, што „Жыве Беларусь!“ | ![]() |
У мадыфікаваным, разгорнутым выглядзе — «Няхай жыве вольная Беларусь» — выраз вышылі золатам на беларускіх нацыянальных бел-чырвона-белых сьцягох, пашытых паводле эскізу Клаўдзія Дуж-Душэўскага і разасланых у беларускія арганізацыі ўвесну 1917 году[12]. Лёзунг «Няхай жыве вольная Беларусь!» заняў цэнтральнае месца над прэзыдыюмам Усебеларускага зьезду 1917 году[12]. Яго шырока выкарыстоўвалі ў грамадзка-палітычным жыцьці Беларускай Народнай Рэспублікі, потым, у саветызаванай форме, у Беларускай ССР («Няхай жыве Савецкая Беларусь!» і інш.)[13][1][14]. Сярод іншага, у студзені 1918 году дэвіз «няхай жыве на вякі [вольная Беларусь]» зьявіўся ў звароце да беларускай моладзі генэрала Канстанціна Аляксееўскага[15], надрукаваным у часопісе «Чырвоны шлях» (Петраград) — першым беларускім савецкім выданьні. У рэзалюцыі зьезду Случчыны ад 14 лістапада 1920 году зазначалася:
![]() |
Хай жыве вольная, незалежная Народная Беларуская Рэспубліка ў яе этнаграфічных межах![16] | ![]() |

У пачатковай форме — «Жыве Беларусь!» — выраз упершыню загучаў як палітычны нацыянальны заклік у 1918 годзе (выступ у Кіеўскім унівэрсытэце Антона Баліцкага, якому гэта ставіў у віну Сямён Вальфсон[17]). У 1920-я гады покліч «Жыве Беларусь!» ужываўся на сходах беларускіх студэнтаў у Празе, пазьней — на грамадзкіх сходах у Парыжы, Вільні[18]. У 1925 годзе працоўныя Берасьця на мескім мітынгу скандавалі «Няхай жыве аб’яднаная Савецкая Беларусь!»[19]. Надпіс «Жыве вольная Беларусь» (лац. Vivat Albarussia Liberta) зьмясьціў на сваё карціне «Пагоня» (1927 год) беларускі мастак Язэп Драздовіч[3]. Паводле сьведчаньня жыхара вёскі Пагораў, надрукаванага ўвосень 1939 году ў газэце «Звязда», улады міжваеннай Польскай Рэспублікі склалі пратакол і арыштавалі жыхароў вёскі за покліч «Няхай жыве Беларусь і народная школа!» на сходзе, дзе тыя патрабавалі беларускай мовы навучаньня ў мясцовай школе[20].

У Другую сусьветную вайну выраз «Жыве Беларусь!» ужываўся беларусамі незалежна ад палітычных поглядаў. У 5-м разьдзеле статуту Саюзу беларускай моладзі рэглямэнтавалася: «прывітаньнем і разьвітаньнем зьяўляецца падняцьце правае рукі із словамі „Жыве Беларусь!“ — „Жыве“»[21]. У ліпені 1943 году СБМ атрымаў свой друкаваны орган — штомесячнік «Жыве Беларусь!»[22]. У верасьні 1944 году пры бэрлінскай арганізацыі «Вінэта» ўтварылася гастрольная тэатральная трупа пад назвай «Жыве Беларусь»[23]. Зь іншага боку покліч «Жыве Беларусь!» ужывалі савецкія партызаны. У фондах Віцебскага абласнога краязнаўчага музэю захоўваюцца ўлёткі з тэкстам «Партызанскага маршу»[2][b] (аўтар тэксту[c] — Пімен Панчанка[25]):

![]() |
![]() | |

Тым часам яшчэ ў лістападзе 1942 году ў Маскве адкрылася экспазыцыя пад назвай «Беларусь жыве, Беларусь змагаецца, Беларусь была і будзе савецкай»[28]. Яна працавала да жніўня 1944 году, пакуль не пераехала ў заняты Чырвонай Арміяй Менск[29]. Покліч «Беларусь жыве, Беларусь змагаецца!» неаднаразова выкарыстоўвала газэта «Савецкая Беларусь»[30][31].

Па вайне выраз «Жыве Беларусь!» стаў прыкметным, неад’емным элемэнтам палітычнага і духоўнага жыцьця Беларускай эміграцыі. Пад такой назвай выходзілі часопісы, а пазьней так зваўся пэрыёдык Беларускага вызвольнага руху (1957—1962, Ангельшчына — ЗША), бюлетэнь БЦР (1976—1986, Нямеччына — ЗША). Пашырэньню выразу «Жыве Беларусь!» у Заходняй Эўропе спрыяла дзейнасьць тэатральнай беларускай трупы такой жа назвы. У 1944—1948 гадох гэтая трупа зладзіла ў Нямеччыне сотні выступаў, як для беларусаў, так і для іншых гледачоў. Покліч «Жыве Беларусь!» стаў стандартавым для беларускіх скаўтаў пры абавязковым характары афіцыйнага скаўцкага поклічу «Напагатове!». Арганізацыі моладзі, студэнцкія і грамадзкія суполкі выдалі дзясяткі жэтонаў, плякатаў, паштовак з надпісамі «Жыве Беларусь». Арганізацыя беларуска-амэрыканскай моладзі аздобіла летнія саколкі надпісам «Жыве Беларусь»[18].

У паваеннай Беларусі дэвіз «Жыве Беларусь!»[2] працягваў афіцыйна ўжывацца ў саветызаванай форме «Няхай жыве Савецкая Беларусь!»[32], што засьведчылі плякаты дзяржаўнага выдавецтва БССР (1947 год)[33], мастакоў Мікалая Гуціева (1948 год)[34], Яфіма Тараса (1949 год)[35], Пятра Калініна (1958 год)[36], Уладзімера Васюка (1988 год, з азначэньнем «працоўная» замест «Савецкая»)[37] і Івана Ўладычыка (1989 год)[38]. Пра неафіцыйнае ўжываньне пачатковага выразу «Жыве Беларусь!» сьведчыць аднайменны верш, напісаны ў 1976 годзе змагаром з савецкай фальсыфікацыяй гісторыі Вялікага Княства Літоўскага гісторыкам і публіцыстам Міколам Ермаловічам[39].
З пачаткам працэсу дэмакратызацыі ў СССР аднаўленьне і грамадзкую легітымнасьць уласна выразу «Жыве Беларусь!» абумовіла разьвіцьцё руху Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне» і іншых грамадзкіх арганізацыяў[1]. З 1980-х гадоў лёзунг «Жыве Беларусь» актыўна загучаў у адраджэнскіх колах і на мітынгах у падтрымку незалежнасьці Беларусі[40].
Рэспубліка Беларусь
Па аднаўленьні незалежнасьці Беларусі ў 1990 годзе заклік «Жыве Беларусь!» загучаў у афіцыйных выступах, на ўрачыстых імпрэзах і зборах, у залі парлямэнту незалежнай Беларусі[41]. Тады ж зьявілася песьня «Жыве Беларусь!» (музыка — Васіль Раінчык, словы — Леанід Пранчак), якая прэтэндавала на статус дзяржаўнага гімну Беларусі[42]. У 1993 годзе пад назвай «Янка Купала. Жыве Беларусь» у дзяржаўным выдавецтве Мастацкая літаратура выйшаў зборнік твораў народнага песьняра, прысьвечаных Беларусі і яе гісторыі, куды ўвайшлі ў тым ліку прыхаваныя савецкімі ўладамі вершы і публіцыстычныя артыкулы[43]. У 1994 годзе «Жыве Беларусь» на афіцыйным канцэрце да Дня Незалежнасьці Беларусі гукалі беларускія музыкі, сярод якіх былі Аляксандар Саладуха і Іна Афанасьева. Гэты канцэрт трансьлявала Беларускае тэлебачаньне[40]. У 1995 годзе Народныя паэты Беларусі Пімен Панчанка і Максім Танк, акадэмік і віцэ-прэзыдэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Радзім Гарэцкі і іншыя беларускія творчыя і навуковыя дзеячы выступілі з прапановай прыняць у якасьці дзяржаўнага гімну Беларусі верш Алеся Ставера «Вякамі стваралі мы нашу дзяржаву», дзе апяваюцца герб Пагоня і бел-чырвона-белы сьцяг (сьцяг Айчыны) і сьцьвярджаецца нацыянальны дэвіз: «Дружней, беларусы! Гучней, беларусы! Гукайма: Жыве Беларусь!»[44].
Па ўсталяваньні аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі і аднаўленьні палітыкі русіфікацыі Беларусі (1995 год) выраз у сваёй пачатковай форме — «Жыве Беларусь!» — практычна зьнік з афіцыйнага ўжытку, аднак працягваў шырока выкарыстоўвацца ў асяродзьдзі дэмакратычнай апазыцыі. Заклік «Жыве Беларусь! Жыве вечна!» пашыраў легендарны герой беларускага руху Мірон, які рэгулярна ўздымаў нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг у цяжкадаступных (высокіх і небясьпечных) месцах[45]. У 2006 годзе супрацоўнікі сілавых структураў рэжыму Лукашэнкі пры затрыманьнях і арыштах яго апанэтаў пачалі[40] запісваць у пратаколы, што тыя «выкрыквалі антыдзяржаўны лёзунг „Жыве Беларусь!“»[6]. У 2012 годзе на 62-м Канскім кінафэстывалі адбылася прэм’ера фільму «Жыве Беларусь», у якім апавядалася пра рэаліі палітычнага рэжыму Лукашэнкі.
Разам з тым пад дэвізам «Жыве Беларусь!» у 1990—2020 гадох выходзіла «Народная газета»[46] (гэты дэвіз зьявіўся намаганьнямі яе першага галоўнага рэдактара Ёсіфа Сярэдзіча[47]) — афіцыйнае друкаванае выданьне парлямэнту Беларусі, а з 1996 году — створанага Лукашэнкам Нацыянальнага сходу. У 2002 годзе ўлады зацьвердзілі афіцыйны гімн з радком у прыпеве «Вечна жыві і квітней, Беларусь!», што ёсьць мадыфікаваным паводле структуры заклікам «Жыве Беларусь!» або «Няхай жыве Беларусь!»[2]. У 2007 годзе сьпявачка Анжаліка Агурбаш у час «Славянскага базару» ў Віцебску гукнула з сцэны «Жыве Беларусь» з пазьнейшым тлумачэньнем: «Упершыню чую, што гэта апазыцыйны лёзунг. <…> І наогул не разумею, што крымінальнага вы бачыце ў гэтай фразе? Або публіка бачыць? Я асабіста — не»[40]. Тады ж газэта «Советская Белоруссия» зазначыла, што выраз «Жыве Беларусь!» паводле сэнсу цалкам адпавядае тагачасным афіцыйным лёзунгам «За Беларусь!» і «Квітней, Беларусь!»[13].
У 2010-я гады адзначалася, што лёзунг «Жыве Беларусь!» пашырыўся сярод беларусаў розных палітычных поглядаў і зноў стаў бесьперашкодна публічна выкарыстоўвацца ў Беларусі[6][48]. Разам з тым у 2019 годзе ў мас-мэдыях асьвятлялася неадназначная сытуацыя з размоўнікам на этыкетцы першага ў сьвеце валошкавага марозіва, дзе была фраза лацінкай «Жыве Беларусь!» з зацемкай «каб атрымаць павагу» (па-ангельску: To earn respect)[49]. У продаж марозіва з гэтай фразай на пакунку паступіла 13 траўня, аднак ужо 17 траўня яно зьнікла з шмат якіх крамаў. Зьявілася інфармацыя, што прычынай сталі скаргі з структураў рэжыму Лукашэнкі на фразу «Жыве Беларусь!», тым часам паводле вытворцы, скаргаў на надпісы не паступала, а марозіва зьнікла празь нечакана высокі попыт[50]. Неўзабаве вытворца анансаваў зьмяненьне ўсіх фразаў у размоўніку на этыкетцы (у тым ліку «Жыве Беларусь!»[51]), што патлумачылі наяўнасьцю пачатковай задумы выкарыстаць агулам 30 розных надпісаў паводле колькасьці дзён бязьвізавага знаходжаньня замежнікаў у Беларусі ў час Эўрапейскіх гульняў[52].
У 2020 годзе заклік «Жыве Беларусь!» стаў адным з сымбаляў пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў, гвалту і беззаконьня[4]. Аднак яшчэ 20 жніўня 2020 году на праўладным мітынгу ў Стоўпцах мясцовы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Іван Мамайка (былы начальнік раённай міліцыі) завяршыў свой выступ заклікам: «Падтрымаем уладу. Жыве Беларусь!». Тым часам у пратаколах і сьледчых пастановах рэжыму Лукашэнкі «Жыве Беларусь!» зноў сталі азначаць як «антыдзяржаўны лёзунг»[53]. Апроч таго, сьцьвярджалася пра «цынічны зьмест», «абразьлівы сэнс» і «зьнявагу маральных каштоўнасьцяў»[3]. Гэтыя азначэньні цалкам зьняпраўдзіла экспэртыза, праведзеная ў кастрычніку 2020 году супрацоўнікамі Цэнтру дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Паводле высноваў лігвістаў, гэты выраз адлюстроўвае існасьць унутранай і замежнай палітыкі Беларусі, скіраванай на забесьпячэньне росквіту краіны і росту дабрабыту яе грамадзянаў[2]. Тым часам ужо ў лістападзе 2020 году зьвязаны з рэжымам Лукашэнкі гісторык-прапагандыст Ігар Марзалюк спрабаваў публічна дыскрэдытаваць покліч «Жыве Беларусь!», даводзячы, што гэта калька на нямецкае нацыянал-сацыялістычнае «Зыг Гайль!», і дэманструючы забароненае нацысцкае прывітаньне ў жывым этэры (пры гэтым сьцьвярджаючы, што да вайны ўжываліся толькі «Няхай жыве вольная Беларусь» ды «Няхай жыве Савецкая Беларусь»)[54]. Тым часам захаваўся відэазапіс, на якім Лукашэнка ў верасьні 1995 году сустрэў воплескамі покліч «Жыве Беларусь!» Рыгора Барадуліна, якім Народны паэт Беларусі завяршыў чытаньне вершаў на сцэне Купалаўскага тэатру[55][40].
Покліч «Жыве!» — у тым ліку як частка нацыянальнага дэвізу «Жыве Беларусь!» — стаў беларускім словам 2020 году паводле вынікаў галасаваньня, якое зладзіла Радыё Свабода[3]. У студзені 2021 году дацэнт канстытуцыйнага права Іван Пляхімовіч, аўтар двухтомнага «Камэнтару да Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь», выступіў з прапановай — замацаваць нацыянальны дэвіз «Жыве Беларусь!» у Канстытуцыі як дзяржаўны сымбаль. Гэта мае спрыяць разьвіцьцю і адзінству беларускай нацыі, умацаваньню яе духу, паказваць адметнасьць беларусаў[4].
Падчас расейскага ўварваньня ва Ўкраіну 25 сакавіка 2022 году ў Дзень Волі беларускія добраахвотнікі батальёну імя Кастуся Каліноўскага прынялі прысягу, тэкст якой заканчваўся словамі «Жыве Беларусь!»[56].
Remove ads
Фразэалёгія
Выраз «Жыве Беларусь!» належыць да ліку выклічнікавых фразэалягізмаў. Ён ужываецца ў розных сытуацыях, у тым ліку як прывітальны покліч пры сустрэчы зь сябрам, або як разьвітальны. Як заклік патрыятычнага ўздыму ўжываецца ў час вулічных дэманстрацыяў і іншых акцыяў. Таксама гэта адначасна дэвіз і лёзунг[41].
«Жыве Беларусь!» вымаўляецца зь лягічным націскам на першым кампанэнце, часам з узьняцьцем рукі. Калі выраз выкарыстоўваецца ў якасьці прывітальнага воклічу, то суразмоўца адказвае паўторам толькі першага слова: «Жыве Беларусь! — Жыве!» (што асацыюецца з паролем паўстанцаў Кастуся Каліноўскага)[41]. Такі адказ на вокліч гучыць, напрыклад, у апавяданьні Васіля Быкава «На Чорных лядах»[57]. Таксама сустракаецца адказ «Жыве вечна!»[58], які відаць, узыходзіць да артыкула генэрала Аляксееўскага[15].
Remove ads
Глядзіце таксама
Заўвагі
- Гэты ж тэкст «Партызанскага маршу» 27 верасьня 1942 году апублікавалі ў газэце «За свабодную Беларусь»[24]
- Аснова тэксту — пераклад на беларускую мову верша Аляксея Суркова(ru)
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads