Ляўкі (Віцебская вобласьць)
вёска ў Аршанскім раёне Віцебскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Ляўкі́[2] — вёска ў Аршанскім раёне Віцебскай вобласьці, знаходзіцца за 25 кілямэтраў ад Воршы, за 2 кілямэтры ад Копысю. Месьціцца на левым беразе Дняпра. Ляўкі ўваходзяць у склад Зубаўскага сельсавету.

Remove ads
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Згадваецца ў 1669 годзе як вёска ў складзе маёнтку Копысь у Аршанскім павеце Вялікага Княства Літоўскага. Уладаньне Радзівілаў[3][4].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
Маёнтак Копысь канфіскаваны ў ваяводы віленскага Князя Кароля Радзівілла пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай і анэксіі Віцебскага ваяводзтва 1772 году[5]. Вёска Ляўкі з 2 жніўня 1773 году ў Аршанскім павеце Аршанскай правінцыі, з 22 сакавіка 1777 году да 31 сьнежня 1996 году ў Копыскім павеце, у Аршанскім павеце да аднаўленьня Копыскага павету 22 ліпеня 1802 году. Пасьля лівідацыі Копыскага павету 26 сьнежня 1861 году Ляўкі ў складзе Любініцкай воласьці Горацкага павету[6]
У 1782 годзе цэнтар аднайменнага маёнтку, што належыў М. М. Кантакузіну. У 1799—1800 гадах ва ўладаньні сапраўднага стацкага саветніка Кацара М. І.: сядзіба, млын на 1 кола, вінакурня з вытворчасьцю 2 тыс. вёдзер, карчма[7].
У сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя сяляне адносіліся да прыходу царквы Ўзьнясеньня Гасподняга ў Копысі [8].
Вера Александраўна Чачкова ў 1873 годзе выкупіла маёнтак Ляўкі зь вёскай Сьмётанка: 2799,5 дзесяцін зямлі пад лесам, 173 дзесяцін ральлі, 30 дзесяцін сенакосу й заводы: дражджавы, кафляны й два крупадзёрныя[9]
У красавіку 1905 году амаль адначасова сяляне вёсак Сьмётанка й Ляўкі Горацкага, Вусьце й Бабінічы Аршанскага паветаў спынілі працу ў маёнтках і прадʼявілі уладальнікам свае патрабаваньні. Многія ўдзельнікі забастоўкі былі арыштаваны. Аднак сяляне не адмовіліся ад сваіх патрабаваньняў. Калі ў пачатку чэрвеня 1905 году земскі начальнік выклікаў на суд 18 сялян зь вёсак Ляўкі й Сьмётанка, якія прыцягваліся да адказнасьці, да яго прыйшлі ўсе сяляне гэтых вёсак. Уладальнікі вымушаны былі пайсьці на саступкі[10].
У 1910 годзе сялянскай грамадзе належала 224 дзесяцін зямлі, сяляне вёскі складалі Ляўкоўскае сялянскае таварыства. Маёнтак Ляўкі меў 750 дзесяцін зямлі й належыў Л. Н. Чачкову. Вёска й маёнтак адносіліся да прыходу царквы Ўзьнясеньня Гасподняга ў Копысі[11].
Найноўшы час
Remove ads
Насельніцтва
- XVIII стагодзьдзе: 1782 год — 36 двароў, 131 мужчына і 118 жанчын; 1799 год — 37 двароў, 108 мужчын, 118 жанчын[7];
 - XIX стагодзьдзе: 1857 год. Вёска Ляўкі — 94 чалавека, фальварак Ляўкі — 39 чалавек[8];
 - XX стагодзьдзе: 1910 год. Вёска Ляўкі — 39 гаспадарак, 130 мужчын, 111 жанчын; маёнтак — 61 мужчына, 40 жанчын[11]; 1999 год — 148 чалавек;
 - XXI стагодзьдзе: 2010 год — 122 чалавекі;
 
Remove ads
Славутасьці
Комплекс археалягічных помнікаў жалезнага веку й сярэднявечча.
- Гарадзішча. За 1,5 км на паўднёвы захад ад вёскі. Пляцоўка чатырохвугольная, вышынёй 20 м, памерам 40×30 м. З трох бакоў захаваўся вал вышынёй да 1 м. З паўднёвага боку прасочваецца роў глыбінёй да 1 м. Дасьледаваў у 1969 г. Г. В. Штыхаў. Раскапана плошча 12 м². Культурны пласт 0,4 м. Знойдзены ляпны посуд 6—8 стагодзьдзяў культуры тыпу верхняга пласта Банцараўшчыны й ганчарная кераміка 13—14 стагодзьдзяў.
 - Селішча—1 эпохі Полацкага княства. За 100 м на поўдзень ад вёскі. Плошчай каля 0,6 га. Выявіў у 1985 годзе Аляксандар Шынкевіч. Знойдзена ганчарная кераміка. Раскопкі не праводзіліся. Селішча разворваецца.
 - Селішча—2 эпохі Полацкага княства. На паўнёва-захадней ўскраіне вёскі, каля дарогі на Копысь. Выявіў у 1985 годзе Аляксандар Шынкевіч. Часткова разбурана карʼерам. Культурны пласт у агаленьні карʼера 0,4 м, насычаны вугольлем. На глыбыне 0,2—0,4 м ад дзённай паверхні знойдзена кераміка. Раскопкі неправодзіліся.
 - Курганны могільнік. За 1,2 км на поўдзень ад вёскі, у лесе. Шэсьць насыпаў сфэрычнай формы вышынёй 1,5—3 м, дыямэтрам 6—8 м, адзін курган аддалены ад астатніх на 200 м на захад. Выявіў у 1988 годзе Э. Э. Навагонскі[12].
 
У Ляўках знаходзіцца другая філія музэю Янкі Купалы.
- Ва ўрочышчы Ляўкі ў лесе, за 0,5 м ад вёскі. У 1935—41 гадах на лецішчы жыў і працаваў народны паэт Беларусі Янка Купала. Лірычныя вершы «Алеся»[13], «Вечарынка», «Госьці», «Лён», «Сонцу», «Сосны», «Сыны» і інш., напісаныя паэтам у гэты пэрыяд, складаюць адну зь лепшых старонак яго творчасьці — «Ляўкоўскі цыкл»[14]. У пачатку вайны (3 ліпеня 1941 г.) лецішча агарэла. 4 жніўня 1945 году была прынята Пастанова СНК БССР і ЦК КПБ «Аб увекавечаньні памяці народнага паэта Беларусі Янкі Купалы», у якой прадугледжвалася адбудова лецішча й стварэньне там філіі Літаратурнага музэя Янкі Купалы. Гістарычна-літаратурная частка экспазыцыі шырока адлюстроўвае жыцьцё й дзейнасьць Янкі Купалы ў 1920—30-я гадах і разьмяшчаецца ў будынках будынку канторы Копыскага лясьніцтва, а на лецішчы паэта — мэмарыяльная экспазыцыя. Спачатку музэй быў прадстаўлены невялікім мэблевым пакоем у будынку канторы, дзе жыў паэт летам 1935 у сям'і лясьнічага Мікалая Шыманскага[15]. У 1962—77 гадах філія Літаратурнага музэя Янкі Купалы працавала на грамадзкіх пачатках. У 1977 годзе экспазыцыя значна пашырана, а ў 1982 годзе да 100-годзьдзя з дня нараджэньня Янкі Купалы створана новая (агульная пл. — 292 м²). У яе склад уключана лецішча паэта, адноўленае па фотаздымках і ўспамінах аднавяскоўцаў (макет мастакоў Янкі Раманоўскага й Феафіла Анісовіча): аднапавярховы будынак памерамі 11,5×12,5 м. 3 1978 году філія музэя ўваходзіць у Купалаўскі мэмарыяльны запаведнік «Ляўкі»[16]. У 2015 годзе створана новая літаратурна-дакумэнтальная экспазыцыя[17].
 - Купалаўскі мэмарыяльны запаведнік «Ляўкі». Заснаваны ў 1978 годзе ў Аршанскім раёне з цэнтрам ва ўрочышчы Ляўкі. Разьмешчаны на левым беразе Дняпра. Агульная плошча 19 га. На тэрыторыі запаведніка знаходзяцца будынак былой канторы Копыскага лясьніцтва, у якім разьмешчаны філія Літаратурнага музэя Янкі Купалы «Ляўкі»; участак лесу; будынак лецішча паэта адноўлены ў 1981 па макеце мастакоў Янкі Раманоўскага й Феафіла Анісовіча; домік шафёра; гараж, у якім экспануецца легкавы аўтамабіль Янкі Купалы «Шэўрале», падараваны яму ўрадам БССР у 1935; дом-гасьцініца, лазьня, лядоўня, гаспаспадарчыя пабудовы; зона масавых гуляньняў. Агульная плошча пабудоў 492 м². 3 1980 году штогод у дзень нараджэньня паэта (7 ліпеня) тут арганізуюцца сьвяты паэзіі, творчыя сустрэчы, школьныя ранішнікі. Запаведнік уключаны ў турысцкія маршруты[18][19].
 - У 1962 годзе на ўшанаваньне памяці паэта на будынку філіі музэя ўстаноўлена мэмарыяльная дошка.
 - Помнік Янку Купалу ў мэмарыяльным запаведніку «Ляўкі» створаны на аснове кампазыцыі «Восень паэта». Устаноўлены ў 1982 годзе да 100-годзьдзя з дня нараджэньня паэта. На гранітнай глыбе-пастамэнце вышынёй 0,4 м — нізкая лаўка, на якой скульптурная фігура паэта вышынёй 2,7 м. Скульптар Анатоль Анікейчык; архітэктары Юры Градаў, Леанід Левін[20].
 
Remove ads
Асобы
- Радзіма мастака Кіма Шастоўскага (*2 кастрычніка 1935 — †13 ліпеня 2016), выкладчыка Менскага мастацкага вучылішча.
 
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads
