Мікола Купрэеў
беларускі пісьменьнік, паэт From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Міко́ла Сымо́навіч (Сямёнавіч) Купрэ́еў (25 траўня 1937, вёска Ямнае(ru), Рагачоўскі раён Гомельскай вобласьці — 19 верасьня 2004, вёска Лясная, Баранавіцкі раён Берасьцейскай вобласьці) — беларускі паэт, пісьменьнік.
Remove ads
Жыцьцяпіс
Нарадзіўся ў вёсцы Ямнае (цяпер Рагачоўскі раён Гомельскай вобласьці) у сям’і настаўніка. У 1943 року нацысты арыштавалі ягонага бацьку і забілі маці[1]. У 1947 року Мікола з бацькам пераехалі на Берасьцейшчыну, у вёску Пескі Бярозаўскага раёну, а ў 1953 — у вёску Міхнавічы Івацэвіцкага раёну. Выхоўваўся мачыхай.
Мікола Купрэеў скончыў Івацэвіцкую сярэднюю школу (1957), факультэт беларускай і расейскай мовы і літаратуры Берасьцейскага пэдагагічнага інстытуту (1962).
Працаваў у Чудзінскай і Малькавіцкай сярэдніх школах Ганцавіцкага раёну, у школах Івацэвіцкага і Ляхавіцкага раёнаў, у рэдакцыі ляхавіцкай раённай газэты «Будаўнік камунізму». Адным з вучняў Купрэева ў Чудзінскай школе падчас яго працы на пасадзе завуча і настаўніка літаратуры быў Алесь Каско, а ў Сташанах — Мікола Антаноўскі й Анатоль Шушко[2].
У 1988 Мікола Купрэеў не без дапамогі Міколы Антаноўскага, рэдактара пружанскай «раёнкі», пераехаў у вёску Папялёва Пружанскага раёну, выкладаў у базавай школе гісторыю. Тут выйшаў на пэнсію з прычыны хваробы.
Чалец Саюзу беларускіх пісьменьнікаў (1994). У 1996 року зборнік вершаў «Правінцыйныя фантазіі» быў вылучаны на атрыманьне Дзяржаўнае прэміі імя Янкі Купалы і адзінагалосна падтрыманы на галасаваньні. Аднак у самы апошні момант перамога Міколы Купрэева была скасаваная за іранічную згадку Лукашэнкі ў вершы «Сустрэча з К. Крапівой у 1993 годзе»[3]. Прэмія тады не дасталася нікому, а паэт замест гэтага атрымаў прэмію Саюзу пісьменьнікаў імя Аркадзя Куляшова і аднапакаёвую кватэру ў Пружанах[4].
Пасьля выданьня аповесьцяў «Дзіцячыя гульні пасьля вайны» (1995) і «На вуліцы Карла Маркса з паэтам» (1997), якія вызначаліся надзвычайнай шчырасьцю ў адносінах да сябе і сваіх родных, бацька адмаўляўся пускаць Міколу ў родную хату падчас ягоных візытаў на радзіму. Мікола Купрэеў вымушаны быў ночыць у кацельнях, дзе працаваў ягоны школьны сябра[4].
Апошнія рокі жыцьця правёў у Пружанах, пэрыядычна лекуючыся ў тубдыспансэры ў Вярховічах (Камянецкі раён). Памёр у доме састарэлых у вёсцы Лясная Баранавіцкага раёну[1]. Пахаваны ў Міхнавічах (прадмесьце Івацэвічаў). На ягоным надмагільлі выбітыя словы ўласнага вершу «О, я многа хацеў вам сказаць…».
Remove ads
Творчасьць
На празаічны, як шэрае грубае палатно, фон рука паэта, адукаванага філёляга, знарок нязграбна і абыякава або пасьпешліва шпурляе яскравыя мазкі мэтафар ці асацыятыўных параўнаньняў. Так азартны прадавец рассыпае брыльянты на чорным моршчаным бархаце, каб зьдзівіць і ашаламіць пакупніц. Спантаннасьць выяўленьня абвостраных пачуцьцяў чалавека, які чамусьці перанатужыў сваю эмацыянальнасьць, і яна ўжо не вяртаецца да колішніх нармальных дыяпазонаў, — характэрны калярыт лірыкі Купрэева. Ён сутыкае на сьцежках быцьця паэзію і прозу, красу і брыдоту, цнатлівасьць і бруд. Прытым гэтыя сутыкненьні часам такія рызыкоўныя, што ў душы зьяўляюцца дысануючыя рэакцыі, якія пагашаюць адна другую, пакідаючы адчуваньне зьбянтэжанасьці і патрэбу ў ахоўных рэакцыях: густ хоча пратэставаць супраць бесцырымонных выпрабаваньняў. |
Уладзімер Калесьнік, Зь літаратуразнаўчай працы «Берасцейскае вогнішча»[5]. |
Пісаць пачаў яшчэ ў школе, найперш вершы на беларускай мове. Аднак друкавацца пачаў падчас вучобы ў інстытуце (1957—1962). Ягоныя першыя абразкі былі апублікаваныя ў 1958 року ў «Советской Отчизне» (цяпер часопіс «Нёман»). Прозу Мікола, у адрозьненьне ад вершаў, пісаў па-расейску, за што, як прызнаваўся пазьней, было вельмі сорамна[2]. Рукапіс аповесьці «Бродят на рассвете юные», напісанае ў студэнцкія часы, аўтар пасьля зьнішчыў, нягледзячы на тое, што яна атрымала ў цэлым станоўчыя водгукі Янкі Брыля і Барыса Бур’яна. Машынапісны тэкст аповесьці захоўваецца ў Ганцавіцкім краязнаўчым музэі[2].
Першая кніга паэзіі «Непазьбежнасьць» (1967), складзеная з балядаў і элегіяў, вызначаецца лірычнай, ціхай інтанацыяй. Вершы вызначаюцца казачнасьцю, выкарыстаньнем фальклёрных матываў і стыляў. Пасьля выхаду зборніку «Непазьбежнасьць» у Міколы Купрэева пачалася зацяжная творчая дэпрэсія, зьвязаная зь неўладкаванасьцю ўласнага побыту, расчараванасьцю ў паэтычнай працы, вялікай плыняй крытыкі, якая абрынулася на першую ягоную кнігу[5]. У сямідзясятыя рокі Мікола Купрэеў амаль нічога не пісаў.
Актыўна ўключыўся ў літаратурны працэс напрыканцы 1980-х. Перакладзеныя на расейскую мову ягоныя вершы былі апублікаваныя ў часопісе «Нёман», пасьля чаго ягоныя творы сталі часьцей трапляць у пэрыядычны друк. У 1995 року выйшаў ягоны другі зборнік паэзіі «Правінцыйныя фантазіі». У ім перададзеная цесная сувязь чалавека з радзімай, зь ейнай гісторыяй. Паэт пастаянна зьвяртаецца да вобраза дарогі, героі ягоных вершаў — вечныя вандроўнікі.
Літаратуразнаўцы заўважалі, што ягонай паэзіі ўласьцівыя «арыгінальнасьць раскаванай свабоднай формы, шчырае трапяткое пачуцьцё, нестандартныя вобразы, глыбіня падтэксту і ў той самы час — прастата выказваньня»[4]. Творчасьць аўтара адзначаная асаблівай любоўю да вэрлібру, балядаў, элегіяў, прытчаў.
Пісаў таксама і прозу. Падчас жыцьця ў Пружанах напісаў аповесьці «Дзіцячыя гульні пасьля вайны» (1995), «Імгненьне сьветлае» (1996), «На вуліцы Карла Маркса з Паэтам» (1997), «Палеская элегія» (1998), «Рэчкаю плывём, плывём…» (1999), «Пастух у космасе» (2002), «Лісты з млына» (2004)[5].
Два розныя як па стылі, так і па манэры аналізу дасьледнікі літаратуры Ўладзімер Саламаха і Сяргей Грышкевіч, аналізуючы розныя творы пісьменьніка (першы — «На вуліцы Карла Маркса з Паэтам», другі — «Лісты з млына»), сыходзяцца ў агульнай выснове: лірычная проза Купрэева шчырая і праўдзівая, гуманістычная і чалавечная ў сваёй аснове.
![]() |
І тут я зноў думаю пра тое, пра што ўжо неаднойчы пісаў у некаторых сваіх артыкулах: як жа мы, людзі, прывыклі ўсе нашы горшыя, па-чалавечы невытлумачальныя ўчынкі апраўдваць фактарам часу, рэжымам, грамадзкім ладам. Пры гэтым забываем, што толькі сапраўдныя людзі застаюцца людзьмі ў любых сітуацыях. Думаю, твор выклікае на такі роздум. | ![]() |
—Уладзімер Саламаха, З артыкула «Пра што раскажа вучням», кніга крытыкі «Сусвет дабрыні»[5] |
![]() |
У беларускай прозе апошніх гадоў рэдка калі сустрэнеш падобную шчырасьць, без штучнага схематызму ў дыялёгах, ненатуральных паводзін, сэрыяльнай тэатральнасьці, навамодных сэксуальных выкрунтасаў… Аказваецца, пра каханьне можна пісаць так, каб быць сучасным ва ўсе часы. Каб табе верылі, як уласна перажытаму. Хоць і не прапушчанаму цераз млын запозьнена спасьцігнутай ісьціны, ужо непатрэбнай у сівой сталасьці гадоў. | ![]() |
—Сяргей Грышкевіч, З артыкула «Адвечныя лісты з млына…», газэта «Заря»[5] |
Вершы Міколы Купрэева перакладаў на расейскую мову і публікаваў у Маскве беларускі паэт і перакладнік Валеры Грышкавец[5]. Аповесьць «Імгненьне сьветлае» перакладзеная таксама на баўгарскую мову.
Remove ads
Бібліяграфія
- «Непазьбежнасьць» (зборнік вершаў, 1967)
- «Правінцыйныя фантазіі» (зборнік вершаў, 1995)
- «Дзіцячыя гульні пасьля вайны» (аповесьць-успамін, 1995)
- «Імгненьне сьветлае» (аповесьць, 1996)
- «На вуліцы Карла Маркса з Паэтам» (аповесьць, 1997)
- «Палеская элегія» (кніга прозы, 2007)
- «Я хацеў вам сказаць…» (2008)
Прэміі
- Літаратурная прэмія імя Аркадзя Куляшова (1996, за зборнік «Правінцыйныя фантазіі»)
- Берасьцейская мядовая літаратурная прэмія (2002, за аповесьць «Пастух у космасе»)
- Літаратурная прэмія імя Ўладзімера Калесьніка Берасьцейскага абласнога выканаўчага камітэту (2007, за кнігу «Палеская элегія»)[6]
Ушанаваньне памяці
- У 2006 року на доме ў Пружанах, дзе жыў паэт, была адкрытая мэмарыяльная дошка.
Крыніцы і заўвагі
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads