Міхась Зарэцкі
беларускі празаік, драматург, перакладчык, крытык From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Міха́сь Зарэ́цкі (сапраўднае імя Міхаі́л Яўхі́мавіч Касянко́ў; 20 лістапада 1901, в. Высокі Гарадзец, Сеньненскі павет, Магілёўская губэрня, цяпер Талачынскі раён Віцебскай вобласьці — 29 кастрычніка 1937, Менск, НКУС) — беларускі празаік, драматург, перакладчык, крытык.
Remove ads
Біяграфія

Нарадзіўся 20 лістапада 1901 году ў вёсцы Высокі Гарадзец Сеньненскага павету Магілёўскай губэрні (цяпер Талачынскі раён Віцебскай вобласьці) у сям’і вясковага дзяка Яўхіма Ануфрыевіча і яго жонкі Пелагеі Лявонцьеўны. Міхась быў другім дзіцем пасьля Івана, усьлед за ім нарадзіліся Мікалай і Ліза. Бацькі адыгралі вялікую ролю ў фармаваньні эстэтычных густаў будучага пісьменьніка. Бацька любіў музыку і сьпевы, кіраваў царкоўным хорам, сам спрабаваў пісаць музыку. Артыстычным талентам валодала і маці. Яна таксама любіла сьпяваць, вызначалася працавітасьцю і глыбокай душэўнасьцю. Ужо ў дзяцінстве Міхась умеў іграць на многіх музычных інструмэнтах[2].
Дзяцінства прайшло ў вёсцы Зарэчча пад Шкловам — адсюль псэўданім. З 10-гадовага ўзросту вучыўся ў Аршанскай духоўнай вучэльні і Магілёўскай духоўнай сэмінарыі[3][4][5][6] (у 1917 годзе праз рэвалюцыйныя падзеі[7] пакінуў сэмінарыю пасьля 2 гадоў вучобы). Працаваў перапісчыкам у паўвайсковай часьці. Пасьля вяртаньня ў родную вёску працаваў царкоўным вартаўніком[7].
Зь лютага 1919 настаўнічаў у пачатковай школе[7] на Магілёўшчыне, потым прызначаны загадчыкам Шклоўскага валаснога аддзелу народнай асьветы. У 1920 годзе ўдзельнічаў у ІІ Усерасейскім зьезьдзе саюзу Работнікаў Асьветы, быў абраны кандыдатам у чальцы ЦК гэтага саюзу[7].
У 1920—1927 палітпрацаўнік Чырвонай Арміі[8]. У Віцебску пад кіраўніцтвам Міхася Зарэцкага была створана беларуская трупа, якая складалася з вайсковых беларусаў і працавала, галоўным чынам, у вайсковых клюбах сярод гарнізоннага войску[9]. З 1924 сябра літаратурнага аб’яднаньня «Маладняк», уваходзіў у Цэнтральнае Бюро арганізацыі. У 1926—1927 рэдагаваў часопіс «Маладняк». У 1927 стаў адным з ініцыятараў утварэньня новага літаратурнага аб’яднаньня «Полымя». Выхад з «Маладняку» сьведчыў пра значныя ўнутраныя зрухі ў сьветаадчуваньні пісьменьніка, пра пэўныя зьмены яго мастацкай, эстэтычнай арыентацыі[10].
У жніўні — кастрычніку 1927 у складзе дэлегацыі беларускіх літаратараў наведаў Латвію, Чэхаславаччыну, Нямеччыну, Францыю. У наступным годзе ў складзе беларускай пісьменьніцкай дэлегацыі, куды ўваходзілі Янка Купала, Якуб Колас, Міхась Чарот, ён наведаў Харкаў і прысутнічаў на ўрачыстасьцях, прысьвечаных памяці Тараса Шаўчэнкі[10].
Адзін з ініцыятараў тэатральнай дыскусіі ў лістападзе 1928 (артыкулы «Два экзамэны (Да пытаньня аб тэатральнай крытыцы)», «Чым пагражае нам Белдзяржкіно? (Да крытыкі тэматычнага пляна)»). Выступленьні М. Зарэцкага ў друку былі расцэненыя як праявы нацыянал-дэмакратызму. Разам з А. Александровічам і А. Дударом ён заявіў пра выхад з БДУ (публікацыя ў «Савецкай Беларусі» 4.12.1928)[11][12]. У 1929 выключаны з ВКП(б)[13]. Чалец СП БССР (з 1934). Да лістапада 1936 працаваў загадчыкам аддзелу літаратуры і мастацтва БелАН. Арыштаваны 3 лістапада 1936 у Менску па адрасе: вул. Абутковая, д. 23, кв. 3. 3 чэрвеня 1937 году Галоўная ўправа ў справах літаратуры і выдавецтваў Беларускай ССР (Галоўліт БССР) выдала Загад № 33 «Сьпіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі зь бібліятэк грамадзкага карыстаньня, навучальных установаў і кнігагандлю». Паводле Загаду, «усе кнігі» Міхася Зарэцкага прадугледжвалася «спальваць»[14]. 28 кастрычніка 1937 году асуджаны пазасудовым органам НКУС як «актыўны ўдзельнік нацыянал-фашысцкай тэрарыстычнай арганізацыі» да вышэйшай меры пакараньня з канфіскацыяй маёмасьці[15].
Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 7 сьнежня 1957. Асабовая справа К. № 11069-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Remove ads
Сям’я
Малодшы брат пісьменьніка, Мікалай Касянкоў, таксама быў рэпрэсаваны ў 1937 годзе, прысуджаны да расстрэлу, аднак пазьней расстрэл замянілі 10 гадамі адбыцьця пакараньня ў папраўча-працоўных лягерах. Загінуў у 1941 годзе[16].
Быў жанаты, гадаваў дваіх дзяцей (сын Слава, дачка Радаміра). Жонка пісьменьніка Марыя Іванаўна спачатку была асуджаная на 7 гадоў знаходжаньня ў папраўча-працоўных лягерах і на 5 гадоў паражэньня ў правах. Была рэабілітаваная ў 1941 годзе. Малалетнія дзеці засталіся самі, а пазьней былі перададзеныя ў Менскі дзіцячы прыёмнік, адкуль былі накіраваныя ў дзіцячы дом «Боркі» Калінінскай вобласьці[17]. Вызваліўшыся пасьля першага арышту, Марыя Іванаўна забрала дзяцей. Падчас нямецкай акупацыі і яна, і яе старэйшы сын Вячаслаў, у той час падлетак, «працавалі ў нейкай нямецкай канторы». Марыя Іванаўна і Вячаслаў атрымалі пасьля вайны па дзесяцігадовым тэрміне. Пасьля другога тэрміну зьняволеньня Марыя вярнулася ў вёску Цну, якую 8 красавіка 2004 году далучылі да Менску[18].
Remove ads
Творчасьць

Літаратурная дзейнасьць Зарэцкага пачалася ў 1921 годзе, хоць ён, паводле ўласных прызнаньняў, не зьбіраўся быць пісьменьнікам. Як узгадвае сам Зарэцкі, аднойчы яму прысьніўся яркі і незвычайны сон, уражаньне ад якога не пакідала яго на працягу цэлага месяца. Зарэцкаму захацелася занатаваць гэтае ўражаньне, і ён стаў пісаць. Пісаў доўга і вельмі старанна абдумваў кожную фразу, кожнае слова. Скончылася тым, што старанна перапісанае апавяданьне ён даслаў у рэдакцыю газэты «Рабочий», аднак, сумняваўся, што яго надрукуюць[19].
Сьцьвярджаецца, што яго літаратурным дэбютам было апавяданьне «У Саўках», зьмешчанае на старонках «Савецкай Беларусі» 29 сьнежня 1922 году. Але, дэбют трэба аднесьці на больш раньні час, паколькі ў гэтай жа газэце 6 студзеня быў надрукаваны матэрыял пад назвай «Ці ж так?», 3 лютага — «Спатканьне», 13 кастрычніка — «Сёньня» («Малюнкі жыцьця»), 22 лістапада — апавяданьне «Цішка Бабыль» і толькі 29 сьнежня — «У Саўках»[19].
Свой шлях у літаратуру Міхась Зарэцкі пачынаў з «малой прозы» і на працягу ўсёй творчай дзейнасьці ахвотна зьвяртаўся да гэтай ёмістай жанравай формы. У сфэру пісьменьніцкай увагі траплялі перш за ўсё падзеі рэвалюцыйнай рэчаіснасьці, жыцьцё працоўнага чалавека на пераломе гісторыі, клясавыя сутыкненьні, драматызм барацьбы новага і старога, духоўны рост чалавека, які спазнаў радасьці перамогі над неспрыяльнымі абставінамі і над самім сабой[20]. Абсягі яго творчых інтарэсаў з самага пачатку былі даволі шырокімі, разнастайнымі. Гэтаму спрыяў і жыцьцёвы вопыт, набыты маладым пісьменьнікам за час працяглай службы ў Чырвонай арміі. У апавяданьнях пісьменьнік часта зьвяртаўся да новых, мала распрацаваных тагачаснай беларускай літаратурай пластоў сацыяльнай рэчаіснасьці і праяваў духоўнага жыцьця чалавека[21]. Зарэцкага як мастака не магла не прыцягваць сучасная яму рэчаіснасьць, жыцьцё і праца людзей, побач зь якімі ён жыў, клопаты і турботы, якія добра ведаў. Аб гэтым сьведчаць апавяданьні «Бель» (1924), «На маладое» (1924), «Дзіўная» (1925), «Сьмерць» (1926) і інш.[22].
Прыжыцьцёвыя выданьні
У 30-я гг. Зарэцкі ўжо рэдка зьвяртаўся да малой жанравай формы. У нешматлікіх творах ужо значна менш мастацкай навізны, праблемнасьці, сьмелага вырашэньня тэмы, што мела месца ў ранейшыя гады. Праца над апавяданьнямі стала адначасова і сур’ёзнай школай падрыхтоўкі пісьменьніка да напісаньня буйных твораў. Лягічным працягам інтэнсіўных пошукаў пісьменьніка ў галіне жанравай формы стала аповесьць «Голы зьвер» (1926). Аповесьць займае даволі прыкметнае месца ў творчасьці Міхася Зарэцкага. Гэта зьмястоўны, вострапраблемны твор, у цэнтры якога герой адмоўнага пляну. Вартасьць аповесьці ў тым, што надзённае пытаньне сучаснага яму жыцьця Зарэцкі пераводзіў у шырокі плян, бо суадносіны інтарэсаў асобы і грамадзтва застаюцца актуальнымі сёньня і будуць актуальнымі заўтра[23].
У канцы 20-х гг. Міхась Зарэцкі зьвярнуўся да драматычнай жанравай формы, паколькі пачаў адчуваць яе зьмястоўнасьць, ляканічнасьць, эстэтычную сілу і багатыя выяўленчыя магчымасьці. Яго першыя п’есы — «Віхор на балоце» (1928) і «Белыя ружы» (1928—1929). Асноўны канфлікт п’есы «Віхор на балоце» — барацьба новых людзей супраць мяшчанства. Аб’ектамі выкрыцьця ў ёй сталі бездухоўнасьць, душэўная чэрствасьць і мяшчанства[24].
У канцы 1920-х — пач. 1930-хх гг. у творах пісьменьніка прыкметна паглыбілася заклапочанасьць далейшым лёсам рэвалюцыі, пэрспэктывай практычнага ўвасабленьня яе ідэалаў. Заклапочанасьць перарастала ў сапраўдную грамадзянскую трывогу мастака-гуманіста за будучыню роднага краю, будучыню народу. У гэты пэрыяд адбываюцца значныя зрухі ў сьветапоглядзе пісьменьніка, у яго стаўленьні да многіх вострых праблемаў тагачаснага грамадзтва, палітычнага, культурнага жыцьця. Сутнасьць зрухаў — у рашучым павароце пісьменьніка да нацыянальнай праблематыкі[25].
Многія рукапісы М. Зарэцкага загінулі, у прыватнасьці, гістарычная драма «Рагнеда» (1929), працяг рамана «Крывічы».
У 1965 годзе Мікола Гарулёў пераклаў на расейскую мову раман «Вязьмо» (перавыданьне перакладу ў 1978). Раман «Сьцежкі-дарожкі» на расейскай мове друкаваўся ў скарочаным выглядзе на старонках газэты «Рабочий» у 1927 годзе, а новы поўны пераклад выйшаў у 1971 годзе. У 1980 годзе выдавецтва «Мастацкая літаратура» выпусьціла ў перакладзе на расейскую мову выбраныя апавяданьні[26].
Пераклаў на беларускую мову раман «Цэмэнт» Ф. Гладкова (1930), «Прыгоды бравага салдата Швэйка ў часе сусьветнай вайны» Я. Гашака (ч. 1, 1931). Выступаў і як крытык.
Пачынальнік рамантычнага кірунку ў беларускай савецкай прозе, пісьменьнік-наватар, Міхась Зарэцкі ўзбагаціў беларускую літаратуру новымі ідэямі, вобразамі, прыкметна-пашырыў жанрава-стылёвыя, выяўленчыя магчымасьці літаратуры[27].
Remove ads
Бібліяграфія
|
Пераклады
Пераклады зь іншых моваў
|
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads