Пражытковы мінімум
найменшыя выдаткі на набыцьцё тавараў і паслугаў для задавальненьня асноўных патрэбаў чалавека From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Пражытковы мінімум[1] — найменшыя выдаткі на набыцьцё спажывецкіх тавараў і паслугаў для задавальненьня асноўных фізыялягічных і грамадзка-культурных патрэбаў чалавека.
Распрацоўваецца ў сярэднім на душу насельніцтва і на аднаго чальца сям'і рознага складу. Натуральна-рэчавая будова ўтвараецца на аснове набору тавараў і паслугаў, што задавальняюць функцыянальныя патрэбы на пэўным адрэзку часу ва ўмовах канкрэтнай краіны. Улучае асноўныя крыніцы выдаткаў: харчаваньне, адзеньне, бялізну і абутак, лекі, прадметы гігіены і санітарыі, мэблю, прадметы гаспадарчага і культурна-побытавага прызначэньня, культурна-асьветныя мерапрыемствы і адпачынак, побытавыя паслугі, перавозкі і сувязь, а таксама ўтрыманьне дзіцяці ў дашкольнай установе. Служыць нарматывам для разьліку: зьмяненьня роўню жыцьця насельніцтва, забесьпячэньня найменш абароненых слаёў насельніцтва, мінімальнага заробку, пэнсіі, стыпэндыі і іншай маёмаснай дапамогі насельніцтву[2], як то алімэнты і дапамога сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей і і даглядаюць інвалідаў[3].
Remove ads
Беларусь
Згодна з Законам ад 9 студзеня 1992 году бюджэт пражытковага мінімуму зацьвярджаў урад Беларусі. Падлік ажыцьцяўлялі з улікам прапановаў прафсаюзаў і аб'яднаньняў. Яго памер пераглядалі штоквартал з улікам росту спажывецкіх цэнаў, а яго склад — кожныя 5 гадоў з улікам зьмяненьня ў нормах спажываньня. Цягам тыдня ад зацьвярджэньня яго будову і грашовую велічыню абнародавалі ў дзяржаўным друку[2].
6 студзеня 1999 году прэзыдэнт Беларусі А. Лукашэнка падпісаў Закон «Аб пражытковым мінімуме ў Рэспубліцы Беларусь». Згодна з 3-м артыкулам Закону найменшы набор харчовых вырабаў для пражытковага мінімуму вызначалі на падставе нормаў спажываньня, якія распрацоўвала Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі сумесна зь Міністэрствам аховы здароўя Беларусі і навуковымі ўстановамі. Нехарчовыя тавары і паслугі ўлучалі ў пражытковы мінімум як вызначаную долю ад кошту найменшага набору харчаваньня. Такую долю вызначалі на падставе статыстыкі пра абсяг нехарчовага спажываньня малазабясьпечанымі грамадзянамі. Паводле 4-га артыкула, Урад Беларусі зацьвярджаў Палажэньне аб разьліку бюджэту пражытковага мінімуму (БПМ), а Мінпрацы Беларусі — яго памер у цэнах апошняга месяца кожнага квартала. У 6-м артыкуле прадугледжвалася выкарыстаньне БПМ у якасьці меркі прызнаньня грамадзянаў малазабясьпечанымі, што давала права на дзяржаўную маёмасную дапамогу[4].
4 верасьня 2014 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 865, якой зацьвердзіў Палажэньне аб парадку разьліку бюджэту пражытковага мінімуму (БПМ). Кошт нехарчовых тавараў і паслугаў вызначылі ў 77 % ад найменшага набору харчаваньня. Адпаведную нехарчовую долю падлічылі на падставе зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі пра выдаткі малазабясьпечаных хатніх гаспадарак за 2009—2013 гады. У разьліку ўлічылі выдаткі на: адзеньне, абутак і тканіну, мэблю, побытавыя прадметы, асабістыя паслугі і прадметы асабістага карыстаньня, жыльлёва-камунальныя паслугі, ахову здароўя, паслугі адукацыі, грамадзкага транспарту і сувязі. Штоквартальны разьлік БПМ перадалі Мінпрацы ад ўраду. Яго разьлічвалі для 6 групаў насельніцтва: працаздольных дарослых, пэнсіянэраў і студэнтаў, а таксама дзяцей да 3-х гадоў, ад 3-х да 6 гадоў і ад 6 да 18 гадоў. У якасьці БПМ у сярэднім на душу насельніцтва прынялі сярэднедушавы БМП сям'і з 4-х чалавек, якая складалася з мужа, жонкі, сына 13 гадоў і дачкі 7 гадоў[5].
9 лістапада 2021 году ўрад Беларусі ўхваліў Пастанову № 637, якой узьняў нехарчовую долю ў БПМ да 83 % ад кошту харчаваньня. У склад найменшага набору харчаваньня ўваходзілі 42 вырабы. Сярод іх для дарослых і дзяцей прызначалася па 41 вырабе. Гэтак у набор для дарослага мужчыны ўлучылі 1,3 кг маргарыну, а для дзіцяці — 2,2 кг манных крупаў. Агульным быў сьпіс 40 харчовых вырабаў, у які ўваходзілі: жытні і пшанічны хлеб, пшанічная мука і макарона, рыс, аўсяныя, грачаныя, прасяныя і груцавыя крупы, бабовыя і бульба, капуста, морква, буракі, зеляніна, агуркі, таматы і іншая агародніна, агароднінныя кансэрвы, алей і масла, малако і кісламалочныя вырабы, сьмятана, сыр і тварог, яйкі, каўбаса, ялавічына, сьвініна і мясныя субпрадукты, мяса птушкі, сьвежамарожаная рыба і салёны селядзец, садавіна і садавінавыя сокі, цукар і сушаная садавіна, гарбата і соль[6].
Remove ads
Крыніцы
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads