Унігаўка

From Wikipedia, the free encyclopedia

Remove ads

Унігаўка (Унегаўка) — даўняя вёска альбо хутар, пазьней засьценак і фальварак, за савецкім часам ізноў жа хутар пад свай спрадвечнай назвай, потым калгасны пасёлак Чырвонае Поле ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласьці. У складзе Буркоўскага сельсавету.

Гісторыя

Карона Каралеўства Польскага

Thumb
Герб Карыбут князёў Вішнявецкіх.

Найранейшую на сёньня згадку пра wieś Unihowka сустракаем у тарыфе падымнага падатку Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва Каралеўства Польскага 1734 года, складзеным на падставе папярэдняй люстрацыі.Паселішча належала да часткі Брагінскага маёнтку, якую трымаў у заставе яшчэ ад серадзкага ваяводы пана Яна Канецпольскага пан Аляксандар Антоні Бандынэлі, падкаморы дорпацкі[1]. Але ў 1733 годзе А. Бандынэлі пакінуў сьвет жывых, а князь Міхал Сэрвацы Вішнявецкі ці не ўпершыню падпісаўся, акрамя іншага, «графам на Брагіне»[2]; такім чынам, большасьць ранейшых заставаў, што да брагінскіх добраў, была спыненая.

Thumb
Герб Равіч паноў Ракіцкіх.

У 1754 годзе з 8 двароў (×6 — прыкладна 48 жыхароў) хутара Унігаўкі Брагінскага маёнтку «do grodu» (Оўруцкага замку) выплачваліся 1 злоты і 6 грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 4 злотых, 24 грошы[3]. У тым жа годзе маёнтак быў куплены ў княгіні Эльжбэты Вішнявецкай Міхалавай Замойскай панам войскім ашмянскім Францам Антоніем Ракіцкім.

Thumb
Хутар Унігаўка ў эксплікацыі да мапы Брагінскага графства 1783 г.

Паводле перапісаў габрэйскага насельніцтва 1765, 1778 і 1784 гадоў. у Унігаўцы, называнай і хутарам, і вёскай, налічвалася адпаведна 4, 8 і 3 гаспадары — плацельшчыкі пагалоўшчыны, якія належалі да Брагінскага кагалу[4].

Хутар Унігаўка згаданы ў эксплікацыі да мапы Брагінскага графства, датаванай 27 днём жніўня 1783 году.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

Thumb
Унігаўка на мапе-дзесяцівярстоўцы Ф. Шубэрта 1826-1840 гг.
Thumb
Онеговка (!) на мапе Менскай губэрні А. К. Фіцінгофа. 1846 г.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Унігаўка ў складзе Рэчыцкай акругі апынулася ў межах Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 г. у складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 г. Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[5].

З крыніцы, заснаванай на матэрыялах рэвізіі 1795 году, даведваемся, што хутары Унегаўка, Бандары, Рыжкаў, Пажаркі, вёскі Вялікі Лес, Шкураты і інш., якія належалі Людвіку і Алаізію Ракіцкім, «по праву заставному» былі ў валоданьні рэчыцкага лоўчага пана Андрэя Солтана[6]. Пасэсія, аформленая 24 чэрвеня 1794 г., сканчалася 27 чэрвеня 1797 г. і каштавала А. Солтану 30 500 польскіх злотых. Хутар Унегаўка меў тады 5 двароў з 17 падданымі мужчынскага і 19 жаночага полу, якія мелі прозьвішчы Сідарэнкі, Міханчукі і Майсеенкі[7].

Thumb
Засьценак Унігаўка на мапе Ф. Ф. Шубэрта 1850 г. з наступнымі ўдакладненьнямі.

У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 44 асобы мужчынскага і 48 жаночага полу з засьценку Унігаўка былі парафіянамі Астраглядаўскага касьцёлу Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, а 57 жыхароў абодвух полаў зь вёскі Унегаўка зьяўляліся прыхаджанамі Мікуліцкай Богаяўленскай царквы[8].

Thumb
Онеговка на мапе І. Стрэльбіцкага 1871 г.[a]

У парэформавы пэрыяд паселішча адміністрацыйна належала да Мікуліцкай воласьці. На пачатак 1870 году таксама маецца зьвестка пра засьценак Унігаўка на землях Мікуліцкага маёнтку графа Ракіцкага, у якім жылі 33 гаспадары зь ліку былых аднадворцаў, парафіянаў Астраглядаўскага касьцёлу, прыпісаныя да воласьці[9]. Згодна зь ведамасьцю Мікуліцкай Богаяўленскай царквы 1875 году, сярод праваслаўных прыхаджанаў зь вёскі Унегаўка ў 6 дварах жылі 24 мужчыны і 23 жанчыны дваранскага паходжаньня, а ў 9 дварах 36 асобаў мужчынскага і 34 жаночага полу зь ліку сялянаў-уласьнікаў[10]. Жыхароў-каталікоў у тым жа 1875 годзе ўлады пачалі актыўна высяляць.

У даведніку на 1909 год адсутныя зьвесткі пра засьценак[b] і вёску Унегаўка[c], а паведамляецца толькі пра аднадворны фальварак з 5 жыхарамі[11].

Найноўшы час

Thumb
Унігаўка на аўстрыйскай мапе часоў Першай сусьветнай вайны.
Thumb
Хутар Унегаўка на савецкай мапе 1924-26 гг.

9 лютага 1918 г., яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Унегаўка ў складзе Мікуліцкай воласьці, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай акругі (староства) з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка – у Мазыры. Ад 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападзкага[12].

1 студзеня 1919 г., згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР. У тым жа 1919 годзе на землях колішняга фальварку Унігаўка была створана першая ў Мікуліцкай воласьці Рэчыцкага павету Гомельскай губэрні сельскагаспадарчая камуна «Праца» на чале з Савулам Дабрынскім. Але ў пачатку вясны 1921 г. яна была зьнішчаная бандай атамана Івана Галака, маёмасьць разрабаваная альбо спаленая, 49 камунараў і іхны кіраўнік расстраляныя[13].

Ад 8 сьнежня 1926 году хутар Унігаўка — у складзе Мікуліцкага сельсавету Брагінскага раёну Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 году Гомельскай акругі БССР. У 1930 годзе тут арганізаваны калгас «Чырвонае Поле», назва якога дастасаваная і да новага паселішча; працавала кузьня[14]. З 20 лютага 1938 году Чырвонае Поле — у Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.

Thumb
Чырвонае Поле на мапе 2001 г.

Напярэдадні вайны ў Чырвоным Полі было 14 двароў і 98 жыхароў. У траўні 1943 году акупанты цалкам спалілі пасёлак і загубілі 3 чалавек[15].

З 8 студзеня 1954 году Чырвонае Поле — у межах Гомельскай вобласьці. Паводле перапісу 1959 году тут налічвалася 122 жыхары. У складзе калгасу «Чырвоны Кастрычнік» з цэнтрам у сяле Мікулічы.

Remove ads

Насельніцтва

  • 2004 год — 10 гаспадарак, 25 жыхароў
  • 2006 год — 10 гаспадарак, 24 чалавекі, зь якіх 6 ва ўзросьце да 16 гадоў, 5 — у працаздольным і 13 — старэйшым за працаздольны ўзрост
  • На 2021 год — 3 жыхары[16]

Заўвагі

  1. Дапоўненая вэрсія перавыдадзена ў 1915 г.
  2. Яго жыхары, імаверна, перасяліліся ў аколіцы Бардакі і Лісьцьвін, у якіх менавіта ў гэты час значна павялічылася колькасьць двароў і людзей; або і яшчэ куды.
  3. Гэты выпадак без канкрэтных крыніцаў, нават і ў агульных рысах, невытлумачальны.

Крыніцы

Літаратура

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads