Холмеч

вёска ў Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia

Холмеч
Remove ads

Хо́лмеч[1] — вёска ў Беларусі, на правым беразе Дняпра. Цэнтар сельсавету Рэчыцкага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 1169 чалавек. Знаходзіцца за 29 км на паўднёвы ўсход ад места і чыгуначнай станцыі Рэчыцы (лінія Гомель — Каленкавічы), за 2 км на ўсход ад шашы Р32 (Лоеў — Рэчыца).

Хуткія факты

Холмеч — даўняе сяло Калодчычы ў Рэчыцкай воласьці, пазьней мястэчка Калодчычы альбо Холміч гістарычнай Рэчыччыны (Панізоўя), памежны замак Вялікага Княства Літоўскага.

Remove ads

Назва

Сваё пачатковае найменьне мястэчка, напэўна, запазычыла ў сяла Калочын, а ранейшых Калодчычаў. Прычым, сяло тое ў XVI ст. і разьмяшчацца магло ніжэй па Дняпру, паблізу сучаснага Холмеча. Зьмена назвы адбылася пасьля 1583 году[a]. А перанос (і адраджэньне) сяла, магчыма, — адно з наступстваў ліхалецьця, выкліканага «хмяльніччынай» і далейшымі падзеямі.

Гісторыя

За 1 км ад вёскі ў урочышчы Дубовіца, дзе калісьці існаваў аднаймённы фальварак, археолягі выявілі курганны могільнік X — XII стст. Яшчэ ў XIX ст. ён налічваў 113 насыпаў, зь якіх захаваліся рэшткі дзесяці[3].

Вялікае Княства Літоўскае

Thumb
Фрагмэнт мапы Беларускія землі ў канцы XVI ст. ВГАБ.
Thumb
Герб Адравонж паноў Стужынскіх.
Thumb
Урывак з прывілею караля Стэфана Баторыя 1583 г.
Thumb
Мястэчка Холмеч на мапе ВКЛ 1613 г.

Найраней, паводле Вялікага гістарычнага атлясу Беларусі, сяло Калодчычы названае ў крыніцы 1511 году[4]. У рэестры межаў Любецкай воласьці 1527 году зазначана, што палова Калодчычаў на Дняпры належала ўладальніку Любеча Альбрэхту (Альбэрту) Гаштольду, а другая палова — князю Івану Сенскаму[5]. З судовага дакумэнту ад 29 студзеня 1541 году вынікае, што сяло Калодчычы, якое спрадвеку знаходзілася ў складзе Рэчыцкай воласьці (ня Любецкай[b]) было падаравана каралём Жыгімонтам Старым князю Івану Сенскаму. Пасьля яго сьмерці «старец и вси люди волости Речицкое» пачалі патрабаваць вяртаньня Калодчычаў. Але манарх, разгледзеўшы найперш прысуд у гэтай справе нябожчыка Канстанціна Астроскага († 1530), троцкага кашталяна, а потым нябожчыка Альбрэхта Гаштольда († 1539), віленскага ваяводы,

рачыл тые люди, выслугу князя Иванову Сеньског(о) прысудити жоне и детемъ его и зоставити на томъ, што жъ мают(ь) имъ служыти и дани, и вси доходы давати яко колодчичане, такъ новосельцы и орътюховичы, а з волост(ь)ю Речыцкою не мають они жадныхъ подачокъ давати ани поплатовъ платити, подле листа-данины его м(и)л(о)сти.

Яшчэ была праблема прыналежнасьці земляў «за Днепромъ, на ймя Кисловичы и Тименъцы», якімі карысталіся людзі калодчыцкія. Урэшце і яны, з падачы князя Дзьмітра Відыніцкага, другога мужа ўдавы па князю І. Сенскаму Фенны Палазоўны, але з волі караля, засталіся за дзецьмі нябожчыка[8].

8-м жніўня 1583 году датаваны прывілей караля Стэфана Баторыя пану Касперу Стужынскаму, войскаму кіеўскаму, на арганізацыю торгу і двух кірмашоў на год на Сьвятога Міхайлу і на Грамніцы (Стрэчаньне) ў ягоным «ыйменью... Колачычахъ, в повете Речыцъкомъ лежачомъ, на татарскомъ шляху», дзе ён «замокъ и местечко ново забудовал»[9].

Пад новай ужо назвай Холміч/Холмеч мястэчка пазначана на мапе Вялікага Княства Літоўскага 1613 году. Вядома, аднак, што на ёй адлюстраваныя пераважна тыя паселішчы, што названыя ў іншых крыніцах да канца XVI ст. і раней[10].

Thumb
Герб Багорыя роду Валовічаў.

Прынамсі, з XVII ст. Холмеч знаходзіўся ў валоданьні паноў Валовічаў. У нямецкай хроніцы «Тэатар Эўропы» апісана, як войска наказнога гетмана Міхайлы Крычэўскага, напярэдадні бітвы пад Лоевам 1649 году, захапіла Холмеч. Тутэйшыя жыхары, змовіўшыся з казакамі, зрабілі выгляд, нібы ім трэба выгнаць быдла на пашу, адчынілі браму і ўдарылі ў званы. Па гэтаму сігналу казакі ўварваліся ў мястэчка. Залога ў 100 жаўнераў ротмістра Сакалоўскага была тады амаль уся перабітая[11].

Станам на 1666 год, у гетманства Івана Брухавецкага, Холмеч (Холміца) значыўся ў ліку мястэчкаў, прыпісаных да Чарнігаўскага казацкага палка[12]. Зразумела, што пасьля Андрусаўскага замірэньня 1667 году ўсё павярнулася на ранейшыя колы.

Thumb
Гайдамацкія рабункі ў Холмечы. 1750 г.

Праз сто гадоў зьявіліся сьведчаньні пра наведваньне ваколіцаў Холмеча гайдамакамі. Адно зь іх — у паказаньньнях 4 верасьня 1750 году ў Нежынскім палкавым судзе Піліпа Кліменкі, які разам зь іншымі гайдамакамі браў удзел у нападах на мястэчкі Брагін і Хо(л)мічы, пасьля чаго быў схоплены на тэрыторыі названага палка[13]. Пра згаданыя рабаўніцтвы паведамляў 8 верасьня і пан Францішак Ракіцкі, ротмістар ашмянскі, зазначыўшы, што Холмеч належаў пану Дамініку Валовічу, рэфэрэндару вялікаму літоўскаму[c][15]. Але 27 сьнежня 1750 году Дамінік Марцін памёр, не пакінуўшы нашчадкаў. Напэўна, Холмецкія добры менавіта тады і перайшлі да яго брата Юрыя, жанатага з Эльжбэтай Важынскай, зь якой меў сыноў Станіслава, Вінцэнта, Бэнэдыкта, Францішка Ксавэрыя, дачок Зофію Тэрэзу і Ганну. Холмеч дастаўся сынам пасьля спачыну бацькі 28 сьнежня 1768 году[16].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

Thumb
м. Холмічы, в. Калодчына, Артукі, ф. Дубовіца на схематычным пляне Рэчыцкага павету. Каля 1800 г.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Холмеч — у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[17]. На 1795 год у мястэчку быў 31 двор, 2 царквы[18]. У «Камеральном описании... Речицкой округи», датаваным 29 студзеня 1796 году, засьведчана, што мястэчка Холмеч з фальваркам Дубовіцай, вёскі Артукі, Калочын і інш. належалі панам Віцэнцію, Станіславу, Бэнэдыкту і Ксавэрыю, сынам Юрыя, Валовічам[19]. З шляхецкай рэвізіі 1795 году, аднак, вынікае, што з усіх названых паноў Валовічаў у Холмечы жыў толькі шамбялян Ксавэры з жонкай Тэкляй і аднагадовым сынам Ігнацыем[20]. І ў мэтрычных запісах Багародзіцкай і Праабражэнскай цэркваў у Холмечы аднаасобным уладальнікам называны пан Валовіч альбо пан шамбялян Ксавэры Валовіч[21]. На мяжы XVIII—XIX стагодзьдзяў тут штогод зьбіралася 4 кірмашы[22].

Апошнія згадкі пра Багародзіцкую і Праабражэнскую цэрквы сустрэтыя ў кнігах 1810 году, пасьля чаго іх будынкі зьнішчыў пажар. Ужо з наступнага году запісы вяліся ў кнігах Пакроўскай царквы, перанесенай да Холмечу зь сяла Вятхінь[18].

Паводле рэвізіі 1811 году, пані шамбялянава Тэкля Валовіч у мястэчку Холмічы і ў прылеглых вёсках валодала 1820 душамі «мужеска пола». Сын Ігнацы вучыўся тады ў Віленскім унівэрсытэце[23]. На 1816 год уласьнікам Холмецкіх добраў зьяўляўся Ігнацы, сын Ксавэрыя, Валовіч[24]. Астатні раз знаходжаньне яго ў такой якасьці засьведчана мэтрычнымі запісамі Пакроўскай царквы 1831 году[d][25]. З 1832 году ўладальнікам маёнтку названы граф Міхал Ракіцкі[26].

У 1855 годзе граф Ракіцкі валодаў у Холмечы і ваколіцах 6204 дзесяцінамі зямлі, броварам і 2 корчмамі[18]. На 1859 год у мястэчку было 127 двароў[27].

Thumb
Герб Равіч шляхты Ракіцкіх.
Thumb
У мястэчку

У парэформавы пэрыяд мястэчка Холмеч стала цэнтрам аднайменнай воласьці. У сувязі з вызвольным паўстаньнем 1863—1864 гадоў расейскія ўлады ўзмацнілі ціск на каталіцызм. У Холмечы яны адабралі будынак касьцёлу і перарабілі яго на Аляксандранеўскую царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўсай царквы). У 1864 годзе дзеля выхаваньня тутэйшых дзяцей, а разам і іхных бацькоў у духу вернасьці расейскай манархіі, у мястэчку была адкрылася расейская народная вучэльня. Дзеялі прыстань і паромная пераправа цераз раку Дняпро. На 1885 год — 95 двароў, 2 крамы. З 1888 году працавала паштова-тэлеграфная кантора. Паводле вынікаў перапісу 1897 году — 284 двары, 2 царквы, капліца, 3 юдэйскія малітоўныя дамы, народная вучэльня, паштовая станцыя, прыстань, хлебазапасны магазын, 60 крамаў, 3 гандлёвыя рады, 2 заезныя дамы, 3 харчэўні, карчма. Побач існавала сядзіба Холмеч (яна ж Дубовіца); меліся пільня (паравы рухавік, 18 працоўных) і аптэка[18]. На 1909 год у мястэчку налічвалася 167 двароў з 913 жыхарамі[e]. У суседнім маёнтку Дубовіца — 1 двор і 20 жыхароў[28].

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Холмеч занялі войскі Нямецкай імпэрыі[29].

Найноўшы час

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскай мірнай дамовы з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Холмеч у складзе Рэчыцкага павету, аднак, апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзеяла «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[30].

1 студзеня 1919 году, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

У 1926 годзе Холмеч вярнулі БССР, дзе яна стала цэнтрам сельсавету. У 1930 годзе ў вёсцы працавалі пачатковая школа, хата-чытальня, лякарня, аддзел спажывецкай каапэрацыі, сельскагаспадарчае крэдытнае таварыства, паравы млын і цагельня. На 1930 год тут было 293 двары.

На 2003 год у Холмечы было 502 двары, на 2004 год — 500.

Remove ads

Насельніцтва

Дэмаграфія

  • XIX стагодзьдзе: 1858 год — 962 чал.[18]; 1880 год — 700 чал.[31]; 1897 год — 2304 чал.[18]
  • XX стагодзьдзе: 1959 год — 641 чал.[18]; 1999 год — 1212 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2003 год — 1263 чал.[32]; 2004 год — 1232 чал.[33]; 2010 год — 1169 чал.

Інфраструктура

У Холмечы працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, лякарня, дом культуры, бібліятэка, пошта.

Забудова

Плян Холмеча складаецца з 3 простых, паралельных паміж сабой вуліцаў, блізкіх да шыротнай арыентацыі; іх перасякаюць 2 кароткія вуліцы. Забудова пераважна драўляная сядзібнага тыпу. У 1987—1991 гадох збудавалі 348 цагляных дамоў, катэджнага тыпу, у якіх разьмясьціліся перасяленцы з забруджаных радыяцыяй месцаў па катастрофе на Чарнобыльскай АЭС.

Турыстычная інфармацыя

Славутасьці

  • Шпіталь (пачатак XX ст.)

Страчаная спадчына

  • Капліца
  • Касьцёл
  • Царква

Асобы

  • Салямон Міхлін (1908—1990) — савецкі матэматык

Заўвагі

  1. Ці не пры зьмене ўладальніка? Каспер Стужынскі памёр недзе пасьля 1592 г.[2]
  2. І. В. Кандрацьеў інакш інтэрпрэтаваў зьмест дакумэнту: «Przynależność administracyjna wsi Kołodczyce zmieniła się 29 stycznia 1541 roku, gdy przeszła z powiatu lubeckiego do powiatu rzeczyckiego...»[6]. Ці не на падставе таго, што пэўны час палову Калодчычаў трымаў Альбрэхт Гаштольд? Але гэты ўраднік быў адным з двух, абапіраючыся на прысуды якіх, кароль упэўнена захаваў сяло за нашчадкамі Івана Сенскага. Любечане ж пасьля сьмерці А. Гаштольда ні на што прэтэндаваць і не падумалі. Тут І. В. Кандрацьеў яшчэ больш, чым раней, аддаліўся ад гістарычных рэаліяў, пар.:[7]
  3. Марцін Матушэвіч, акрамя іншага, заўважыў пра пана рэфэрэндара: быў нагэтулькі аблытаны даўгамі, што ўсяляк ухіляўся ад вайсковых попісаў, хоць і зьяўляўся каралеўскім палкоўнікам; каб не давялося ўтрымліваць тую годнасьць уласным коштам[14].
  4. Дзіўна, але ў тых кнігах пана Ігнацыя ўпарта запісвалі ня сынам Ксавэрыя, а — Савелевым.
  5. Уражвае разыходжаньне, што да колькасьці двароў і жыхароў, у параўнаньні зь перапісам 1897 г.
Remove ads

Крыніцы

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads