Малішаў (Хвойніцкі раён)
былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Ма́лішаў[1] — былая вёска ў Хвойніцкім раёне Гомельскай вобласьці. Цяпер у складзе места Хвойнікі.
Remove ads
Гісторыя
Карона Каралеўства Польскага

Паводле пісьмовых крыніцаў, Малішаў вядомы ад 1600 году як сяло ў Астраглядаўскім маёнтку паноў Харлінскіх, месьціўся ў Кіеўскім ваяводзтве Каралеўства Польскага[a]. 26 чэрвеня т. г. sioło Maleszow адпісанае Шчасным Харлінскім сыну Мікалаю. 12 чэрвеня 1618 году пан Мікалай Харлінскі паклікаў у суд панства Гальшку з Гулевічаў і Міхала Лозкаў за тое, што іх падданыя з маёнтку Загальле адабралі валоў у яго падданых з Паселічаў, Карчовага, Малішава, Хвойнікаў і інш., ды ўвялі іх да добраў Рожава. 7 чэрвеня 1623 года ўдава Гальшка Харлінская судзілася з панамі Станіславам, Юрыем і іншымі Харлінскімі, родзічамі мужа Мікалая, за гвалтоўны наезд на замак і вёску Астраглядавічы, мястэчка Новы Харленж (Хвойнікі), вёскі Хвойнікі, Стралічаў, Паселічы, Малішаў (яшчэ названыя 18 паселішчаў, акрамя "іnszych wsiów i przysiołków")[4].

У 1627 г. пані Гальшка (Гэлена) Харлінская склала тэстамэнт, паводле якога добра Астраглядавічы пераходзілі да ваяводзіча смаленскага Мікалая Абрагамовіча (Абрамовіча)[5], жанатага зь яе дачкой Евай. У 1628 годзе з двух дымоў вёскі Малешаў пана М. Абрагамовіча выплачвалася па тры злотых[6]. У дакумэнтах 1631 г. Малішаў згаданы ў пераліку паселішчаў Астраглядаўскага маёнтку, часткі якога Шчасны (малодшы) і Самуэль Харлінскія ўрэшце згадзіліся саступіць за плату пану М. Абрамовічу і пану Лукашу Мадлішэўскаму, мужу ўдавы пані Гальшкі Харлінскай[7].

Магчыма, жыхары вёскі былі ў ліку тых 77 дымоў (×6 — каля 462 чалавек) Хвойніцкага (раней Астраглядаўскага) маёнтку князя Канстанціна Яна Шуйскага, якія паводле зьвестак на восень 1686 году з-за гвалту як ад казакоў, так і ад жаўнераў урадавых войскаў, адыйшлі ў больш спакойныя мясьціны[8]. У інвэнтары 1698 г. маёнтку князя Дамініка Шуйскага, харунжага берасьцейскага, Малішаў, а таксама Гарошкаў, Карчовае ды неіснуючыя сёньня Мікалаеўка і Клешчаўка пазначаныя як запусьцелыя (wsi puste)[9]. Няма ніякіх зьвестак пра вёску ў рэвізіі 1716 г. і ў інвэнтары 1721 г., калі ад пасэсара ксяндза-біскупа Юзафата Парышэвіча, пробашча астраглядаўскага, абцяжараныя даўгамі добры Хвойнікі перайшлі да князя Мікалая Шуйскага, старэйшага сына папярэдняга дзедзіча.
Адсутнічае інфармацыя ў тарыфах падымнага падатку Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва 1734 і 1754 гадоў. Тады Хвойнікамі валодалі малодшы сын князь Ігнацы Шуйскі, потым яго ўдава княгіня Людвіка (з роду Збароўскіх) з новым мужам панам Юзафам Быстрым, старостам ліноўскім.
У габрэйскім перапісе 1784 г. нарэшце засьведчана пражываньне ў Малішаве пяці głow żydowskich, што належалі да Хвойніцкага кагалу[10].
Пад уладай Расейскай імпэрыі

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) вёска Малішаў апынулася ў межах Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 г. у складзе ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 г. Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[11]. Паводле рэвізіі 1795 году тут было 15 двароў, у якіх жылі людзі прыгоннага стану, 44 мужчыны і 50 жанчын. Прозьвішчы – Дрозд, Каток, Бандарэнка, Шматко, Турчын, Канопчанка, Баран, Ліцьвінка. Побач, акрамя таго, у 10 дварах пражывалі 41 мужчына і 42 жанчыны зь ліку людзей, пакуль што (за выключэньнем безьзямельнай шляхты Цішкевічаў), асабіста вольных. Прозьвішчы – Зубко (Зубок), Тышкоўскі (Цішкоўскі), ізноў жа Турчын, Тышкевіч (Цішкевіч), Сітнік[12]. У наступным 1796 годзе Малішаў згаданы сярод уладаньняў пана Людвіка[c] Прозара, якія былі перайшлі «в казну», але потым «по высочайшему повелению» вернутыя Луізе Прозаравай, спадчыннай іх уладальніцы[13].

2 лютага 1807 году фальварак Паселічы зь вёскамі Паселічы і Малішаў аддадзены ў пажыцьцёвую арэнду пані Караліне Крушэўскай за штогадовую выплату 9 800 польскіх злотых пры ўмове, што ў выпадку сьмерці пані Людвікі Прозар тая арэнда будзе спынена[14]. Паводле інвэнтару 1844 г., Малішаў – у складзе маёнтку Хвойнікі пана Ўладыслава Прозара. У сьпісе незацьверджанай у правох расейскага дваранства шляхты названыя сямействы Мікалая, сына Сымона, Базыля, сына Рыгора, Яна, сына Уладыслава, Яна, сына Казімера, Цішкевічаў (агулам 38 чалавек), жыхароў Малішава[15]. З кліравой ведамасьці Пакроўскай царквы ў Хвойніках за 1847 год вынікае, што за 2 вярсты[d] ў 5 і 2/4 двара[e] вёскі Малешаў жылі 22 асобы мужчынскага і 28 асобаў жаночага полу зь ліку яе прыхаджанаў[16].
У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 51 жыхар абодвух полаў зь вёскі Малішаў быў прыхаджанінам Хвойніцкай Сьвята-Пакроўскай царквы, а 57 малішаўскіх мужчын і 58 жанчын зьўляліся парафіянамі Астраглядаўскага касьцёлу Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі[17].
У парэформавы пэрыяд Малішаў адміністрацыйна належаў да Хвойніцкай воласьці. Кліравая ведамасьць за 1869 год падае зьвестку пра тутэйшых 71 мужчыну і 69 жанчын з 17 і 3/4 двара, якія былі прыхаджанамі царквы ў Хвойніках[18]. На пачатак 1870 года тут налічвалася 102 мужчынскія душы сялян-уласьнікаў, прыпісаных да Малішаўскага сельскага таварыства, трое аднадворцаў (Цішкевічы), прыпісаных да воласьці[19]. Згодна зь ведамасьцю Пакроўскай царквы на 1875 год, яе прыхаджанамі былі 77 асобаў мужчынскага і 82 асобы жаночага полу з 20 двароў вёскі Малішаў[20].
Згодна зь перапісам 1897 года, тут было 69 двароў і 454 жыхары[2]. На 1909 год у Малішаве — 88 двароў з 610 жыхарамі[21].
Найноўшы час
9 лютага 1918 г., яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Малішаў у складзе Хвойніцкай воласьці, аднак, апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка – у Мазыры. Ад 18 траўня тут дзейнічала "варта Украінскай Дзяржавы" гэтмана Паўла Скарападзкага[22].
1 студзеня 1919 г., згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Хвойніцкая воласьць увайшла ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі была далучаная да РСФСР. Згодна з дакумэнтам «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», у Малішаве працавалі дзьве школы першай ступені (г. зн. пачатковыя): у адной, агульнай, на 8 сьнежня 1920 г. і на 15 красавіка 1921 г., адпаведна, – 61 і 109 вучняў, у другой, польскай, – 21 і 25 вучняў[23].

Пасьля другога ўзбуйненьня БССР, ад 8 сьнежня 1926 да 30 сьнежня 1927 году вёска – цэнтр Малішаўскага сельсавету Хойніцкага раёну Рэчыцкай, ад 9 чэрвеня 1927 году Гомельскай акругі БССР. 30 сьнежня 1927 году сельсавет скасаваны, а тэрыторыя далучана да Валоцкага сельсавету. У 1930 годзе арганізаваны калгас «Красный Рассветовец», працавалі вятрак і кузьня. З 20 лютага 1938 году Малішаў — у Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры. У 1939 годзе ў вёску пераселеныя жыхары пасёлку "Новый Путь". 71 жыхар Малішава загінуў на франтах Вялікай Айчыннай вайны.
З 8 студзеня 1954 года Малішаў — у складзе Гомельскай вобласьці. Паводле перапісу 1959 году ў вёсцы было 936 жыхароў. Малішаў — у складзе Хвойніцкага пассавету і калгасу імя М. І. Калініна з цэнтрам у вёсцы Валокі), працавалі клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, адзьдзяленьне сувязі[2].
Remove ads
Насельніцтва
- 1999 год — 475 чалавек
- 2009 год — 370 чалавек
Вуліцы і завулкі
- Малішаўская вуліца з аднайменным завулкам
- Прыазёрная вуліца
- Сасновая вуліца з завулкам
- Шасэйная вуліца з завулкам
- Зялёны завулак
Асобы
- Аляксандар Зелянкоўскі (1921 — 1997) — заснавальнік і першы дырэктар Хвойніцкага раённага краязнаўчага музэя[25].
Заўвагі
- С. В. Марцэлеў атаясаміў хвойніцкі Малішаў зь вёскай, якую кароль Казімер падараваў пану Алёхну Дылю яшчэ ў XV ст., геаграфічна зьмясьціўшы яго ў Менскім ваяводзтве, калі тое не існавала[2]. Неадэкватнасьць сьцьвярджэньня робіцца відавочнай, дзеля чаго дастаткова зьвярнуцца да самой крыніцы[3].
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads