горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Ве́тка — места ў Беларусі, на рацэ Сажы. Адміністрацыйны цэнтар Веткаўскага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 8505 чалавек[2]. Знаходзіцца за 22 км на паўночны захад ад места Гомля і чыгуначнай станцыі Гомель-Пасажырскі (лінія Жлобін — Церахоўка). Аўтамабільныя дарогі на Гомель, Добруш, Чачэрск; рачная прыстань.
Ветка лац. Vietka | |||||
Краязнаўчы музэй | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1685 | ||||
Горад з: | 1935 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Гомельская | ||||
Раён: | Веткаўскі | ||||
Плошча: |
| ||||
Вышыня: | 125 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва: | 8505 чал. (2018)[2] | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 2330 | ||||
Паштовы індэкс: | 247131 | ||||
СААТА: | 3208501000 | ||||
Нумарны знак: | 3 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 52°33′33″ пн. ш. 31°10′51″ у. д. | ||||
± Ветка | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Ветка — даўняе мястэчка гістарычнай Рэчыччыны (Панізоўя), колішні цэнтар расейскіх старавераў у Вялікім Княстве Літоўскім.
Тапонім Ветка ўтварыўся, відаць, ад імя невялікай выспы на рацэ Сажы. Назву зьвязваюць з асновай вець, якую можна супаставіць зь беларускім словам паветка[3].
Выяўленыя археолягамі селішча 3-й чвэрці 1-га тысячагодзьдзя н. э. (на могілках), паселішча позьняга сярэднявечча (3 км на поўнач ад Веткі, ува ўрочышчы Цялячым) і селішча (2 км на паўночны захад ад ад сучаснага места, на першай надабалонаванй тэрасе ракі Сажа, ува ўрочышчы Селішчы) сьведчаць пра засяленьне гэтай мясцовасьці ў глыбокай старажытнасьці. Першы пісьмовы ўпамін пра Ветку датуецца 1685 годам[4] (паводле іншых зьвестак, у 1682 годзе[5]), калі тут, на землях Халецкіх, зьявілася слабада. Яе жыхарамі былі стараверы з Маскоўскай дзяржавы, якія ратаваліся ад інквізыцыі, учыненай Маскоўскім патрыярхатам. Перасяленцы атрымалі грамату караля і вялікага князя, якая гарантавала ім рэлігійную незалежнасьць і падатковыя палёгкі.
У 1695 годзе ў Ветцы асьвяцілі першую на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага стараверскую царкву Покрыва Багародзіцы, пачалі будавацца стараверскія манастыры. У канцы XVII — XVIII стагодзьдзях сфармаваліся мясцовыя асаблівасьці іканапісу і афармленьня рукапіснай кнігі, склалася самабытная школа разьбярства. У гэты час Ветка стала буйным гандлёвым і рамесным цэнтрам[4]. У 1733 годзе тут разьмясьцілася рэзыдэнцыя япіскапа Эпіфанія, што спрыяла яе аўтарытэту сярод расейскіх старавераў.
У 1735 годзе карныя расейскія войскі перайшлі граніцу Вялікага Княства Літоўскага і зруйнавалі Ветку разам з навакольнымі слабодамі, каля 14 тысячаў чалавек прымусова вывезьлі ў Сыбір[4]. У 1758 годзе аднавілі сваю дзейнасьць Пакроўская царква і стараверскі манастыр. У 1764 годзе расейскія карныя войскі зноў зьнішчылі Ветку і 15 навакольных слабодаў (вывезьлі ў Сыбір да 20 тыс. старавераў), у выніку гэтага «другога выгнаньня» паселішча назаўсёды страціла сваё значэньне як цэнтар расколу[4], аднак захавала ў стараверстве гістарычны і культурны аўтарытэт. У 2-й палове XVIII стагодзьдзя Ветка ператварылася ў гандлёва-прамысловае мястэчка.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Ветка апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, з 1784 году ў Беліцкім павеце Магілёўскай губэрні (з 1852 году ў Гомельскім павеце). У 1834—1840 гадох тут збудавалі Спаскую царкву. Асноўная частка зямель знаходзілася ў валоданьні адстаўнога генэрал-маёра В. Шлейфэра, пазьней — Станевічаў. Да 1840 году ў Ветцы працавала суконная фабрыка купца Алазарава. У 1860 годзе з прыстані адыйшло 36 суднаў з рознымі таварамі і 69 лясных плытоў. Было разгружана 47 суднаў. 3 поўдня прыбывалі збожжа, соль і іншыя тавары, а ў Хэрсонскі порт кіраваліся розныя пароды драўніны, канаты, якары. Актыўна дзеялі прыстань і пераправа цераз Сож. На местачковай вэрфі, заснаванай у 1840 годзе, будавалі рачныя караблі (бярлінцы). Штогод праводзіліся 2 кірмашы (Сырны і Спасаўскі). У Ветцы праводзіўся продаж Крымскай солі, якая дастаўлялася Дняпром і Сажом і давала вялікія прыбыткі. 3 1853 году працавалі 2 майстэрні апрацоўкі скуры. Узоры апрацаванай тут скуры экспанаваліся ў Магілёўскім губэрнскім музэі. У 1864—1874 гадох працавалі 3 крупарушкі, у 1870—1880 гадох — 6 невялікіх канатных прадпрыемстваў. 11 траўня 1865 году пажар зьнішчыў 98 двароў.
У 1868 годзе ў Ветцы адкрылася расейская жаночая народная вучэльня, у 1874 годзе — мужчынская народная вучэльня. На 1880 год у мястэчку было 994 драўляных і 11 мураваных будынкаў, 4 мураваныя і 120 драўляных крамаў, 6 ветракоў, канатны і скураны заводы; заможныя купцы мелі ўласныя параходы. На 1885 год — 11 мураваных і 994 драўляныя будынкі. Паводле вынікаў перапісу 1897 году — 1169 жылых будынкаў, царква, капліца, стараверскі і юдэйскія малітоўныя дамы, мужчынская і жаночая народныя вучэльні, прыёмны пакой, паштова-тэлеграфная кантора, аптэка, 2 прыстані, хлебазапасны магазын, 8 млыноў, 12 кузьняў, 2 цагельныя і 6 канатных заводаў, 3 гарбарныя майстэрні, 5 крупарушак, 245 крамаў, у тым ліку кнігарня, бібліятэка, 5 корчмаў. Побач быў аднайменны фальварак з цагельняй. 3 1908 году дзеяла пазыкова-ашчадная каса. На 1909 год — 15 мураваных і 1752 драўляныя (зь іх 980 жылых) будынкаў, 2327 дзесяціны зямлі, школа, вінная крама, млын, хлебазапасны магазын, мэдычны прыёмны пакой, праваслаўная і стараверская цэрквы, юдэйскі малітоўны дом. У 1910 годзе адкрылася лякарня на 15 ложкаў.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Ветку занялі войскі Нямецкай імпэрыі[6].
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Ветка абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1926 годзе Ветку вярнулі БССР, дзе яна стала цэнтрам раёну. 20 траўня 1931 году пачала выходзіць раённая газэта. У гэты час у мястэчку працавалі вінзавод, торфараспрацоўчая і трыкатажная арцелі, цагельня, абутковая, кравецкая, шавецкая, канатная, дрэваапрацоўчая майстэрні, машынна-трактарная станцыя (з 1934 году), крухмала-патачны завод, маслазавод, нафтавы млын. У 1931 годзе ў Ветцы заснавалі ткацкую арцель, у 1938 годзе — панчошна-трыкатажную фабрыку. 15 ліпеня 1935 году паселішча атрымала статус места. У Другую сусьветную вайну з 18 жніўня 1941 да 28 верасьня 1943 году Ветка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
У 1978 годзе ў Ветцы заснавалі музэй народнай творчасьці, які адкрыўся для наведвальнікаў у лістападзе 1987 году. Да верасьня 2009 году ў Ветцы працавала ААТ «Веткаўская ткацкая фабрыка», потым яго далучылі да ААТ «Рэчыцкі тэкстыль» у якасьці вытворчага цэху[7]. Да лютага 2012 году ў месьце працавала КУП «Веткаўскі малочны завод», далучанае пазьней да Рагачоўскага малчнакансэрвавага камбінату[8].
Рэльеф раўнінна-ўзгоркавы, на ўсходняй ускраіне рака Сож (прыток ракі Дняпра), на поўначы мяжуе зь лесам.
У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і радыяцыйнага забруджаньня тут праводзілася дэзактывацыя, частку жыхароў перасялілі ў чыстыя месцы.
У Ветцы працуюць 2 сярэдняя і музычная школы, 4 дашкольныя ўстановы.
Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць лякарня і паліклініка.
Дзеюць дом культуры, 4 бібліятэкі, клюб.
Паводле генэральнага пляну Веткі, распрацаванага ў 1974 годзе, цэнтар места забудоўваецца 2—5-павярховымі дамамі. Пераважае 1-павярховая індывідуальная забудова сядзібнага тыпу, адметная багатым разьбяным ўпрыгожваньнем фасадаў. Уздоўж Сажа ўтварылася паркавая зона.
Плян складаецца з 4 паралельных паміж сабой вуліцаў мэрыдыянальнай арыентацыі, уздоўж ракі Сажа і яе абалоны, злучаных завулкамі. Другую частку забудовы складаюць 5 вуліцаў шыротнай арыентацыі, злучаных завулкамі. На ўсход ад цэнтральнага пляцу месьцяцца кароткія мэрыдыянальныя вуліцы. Грамадзкі цэнтар — пляц, дзе разьмяшчаюцца адміністрацыйныя і гандлёвыя будынкі.
Афіцыйная назва | Гістарычная назва |
Леніна вуліца | Спаская вуліца |
Першамайская вуліца | Манастырская вуліца |
Пралетарская вуліца | Сярэдняя вуліца[18] |
Прадпрыемствы лёгкай, харчовай прамысловасьці, вытворчасьці будаўнічых матэрыялаў.
Пералік прамысловых прадпрыемстваў Веткі |
---|
|
Дзее Веткаўскі музэй народнай творчасьці, дзе захоўваюцца ўнікальныя старадрукі XVI—XVIII стагодзьдзяў, рукапісы пачатку XVI — пачатку XX стагодзьдзяў, абразы XVII — пачатку XX стагодзьдзяў, узоры разьбы па дрэве, шыцьцё золатам, пэрлінамі, мастацкае ткацтва, народныя строі і інш.
Ветка — цэнтар мастацкага рамяства (разьбярства па дрэве)[20].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.