From Wikipedia, the free encyclopedia
Але́ксічы[1] (трансліт.: Alieksičy, руск.: Алексичи) — вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Алексіцкага сельсавета.
Вёска
Алексічы
|
Паселішча ці не ўпершыню згаданае ў апісанні Мазырскага замка 1552 года. У ім засведчана, што «села Олексичи а Оводовичи» належалі да Загальскай нядзелі Мазырскай воласці, выконвалі плацёжныя павіннасці ды па чарзе з іншымі нядзелямі розныя работы на карысць замку. Жыхарамі гэтых сёл былі Тацко Батурыч, Іван Гапонавіч, Несын Зеляновіч, Іван Рэвяка, Карп Дзмітрыевіч, Сянько Хількевіч, Сірош, брат яго, Яско, брат яго, Хрол Прыхожы, Іван Ліцвін, Грын Курыловіч, Мішко Багданавіч, Антон Мацоўчыч, Лукаш Прыхожы, Юрко Цімонавіч, Кандрат Хамяновіч, Ігнат, брат яго, Сянько, брат яго. «Дани з них 4 кади и ведро, тивунщины великое и малое 3 ведра, за тивунщиною 2 гроши, приставка а кузня ведро меду, за вощила 7 грошей, за 7 хлебов 3 гроши, за 2 кур грош сокольничого 2 гроши, бобровничого 15 грошей, выкоту 12 гроши, серебра 2 коп гроши, за 7 бобров 5 коп грошей, за 2 куницы 12 грошей, за пол куницы 3 гроша, воловництва пол 7 гроша, намерных 2 гроши, овса 2 ведра; а в слободе до двух лет 75 грошей, а меду пол 3 ведра, а в пустее 2 ведра меду и 40 грошей; всего: 4 кади, 7 ведер, камени 1, 9 коп и 8 грошей и пол гроша…». Акрамя таго сказана, што «село Олексичское» разам з востравам Чорнаўшчынай знаходзілася ў трыманні зямяніна Андрэя Абуха (продка паноў Абуховічаў у Мазырскім павеце)[2].
З сярэдзіны 1560-х гадоў Алексічы — у складзе Мазырскага павета Кіеўскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, пасля падпісання акта Люблінскай уніі ўлетку 1569 года — Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. 10 (20 ліпеня) 1568 года «…тые села Оводовичи и Олекшичи, в которых ест служоб[upper-alpha 1] деветнадцат и пол…» падараваныя каралём Жыгімонтам Аўгустам у якасці лену[upper-alpha 2] зямянам Філону, Паўлу, Кандрату, Сямёну, Іосіфу, Філіпу Круневічам, замест страчаных на карысць пана Філона Кміты маёнткаў у ваколіцах Чарнобыля[3][upper-alpha 3].
Пазней прывілеем караля Стэфана Баторыя ад 25 лютага 1585 года дзве часткі Вадовічаў і Алексічаў, што засталіся ад памерлых без нашчадкаў «мужсъкого рожаю»[upper-alpha 4] Кандрата і Іосіфа Круневічаў, аддадзеныя пану Давыду Есману[4].
30 жніўня 1658 года права на ленныя маёнткі Алексічы і Глінішча (лац.: bona Olexicze et Hliniszcze) было пацверджана мазырскаму харунжаму Рыгору Круневічу лістом караля Яна Казіміра[5]. Леннае права на Алексічы 18 сакавіка 1637 года ў Кіеўскім і 18 чэрвеня 1671 года ў Лідскім гродскім судзе пацвярджаў пан Казімір Аляксандр Круневіч. 4 снежня 1721 года запіс на права валодання Алексічамі і Вадовічамі ўнесены ў кнігі гродскія Кіеўскія з падачы ксяндза Войцеха Янкоўскага, міністра Оўруцкай рэзідэнцыі езуітаў[6]. С. Рыбчонак, на падставе дакументаў, сабраных у справе аб дваранстве роду Аскеркаў засведчыў, што спадчыннікам маёнткаў Алекшыцы, Вадовічы і Гарбавічы ў Мазырскім павеце стаў пан Багуслаў Аскерка. Прычым Гарбавічы ў 1738 годзе ён саступіў брату Рафалу Алаізію[7]. Паводле звестак на 1748 год ксяндза Караля Непамуцэна Арлоўскага, Алексічы былі сярод паселішчаў, частка жыхароў якіх (з ліку шляхты і яе службы) належала да Юравіцкай парафіі Оўруцкага дэканата Кіеўскай дыяцэзіі[8].
У 1782 годзе, паводле завяшчання пана Багуслава Аскеркі сынам, ленны маёнтак з вёскамі Новы Двор, Тунеўшчызна, сялом Алексічы і мястэчкам Багуславец дастаўся Фларэнціну, а пасля яго сыну Антонію[9].
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Алексічы — у межах Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе адноўленага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[10]. У 1796 годзе ў валоданні мазырскага земскага суддзі Фларыяна Аскеркі былі «сельцо Алексичи и двор, местечко Богуслав, село Борисовщина, деревня Туновщизна»[11].
У 1811 годзе маёнтак Новы Двор — уласнасць Юзафа і Антонія, сыноў Фларыяна, Аскеркаў[12]. Блізка да чэрвеня 1831 года мясцовыя праваслаўныя святары даносілі расійскім уладам, што паны Эмілій і Антоній Аскеркі ў сваіх маёнтках Вадовічы і Алексічы выконвалі паўстанцкія прыгатаванні: рыхтавалі зброю і правіянт, арганізоўвалі аддзел, які мусіў складацца з 50 чалавек. Аднак, двухразовая рэвізія, праведзеная ў Вадовічах ротмістрам фон Крузэ, нічога падазронага не выкрыла; такія самыя вынікі мела следства, праведзенае на месцы афіцэрам жандармерыі Аляксандравым[13]. На 1834 год уладальнікамі названыя Антоні і Брыгіда з Шышкаў Аскеркі. У Алексічах тады было 22 двары са 154 жыхарамі[14]. У 1840-я гады маёнткам Новы Двор завалодалі паны Вінчы. 8 чэрвеня стст. 1843 года тут у сям'і шляхціча-пасэсара Ігнацыя, сына Ігнацыя, Стравінскага, католіка, і яго законнай жонкі Аляксандры Іванавай, праваслаўнай, нарадзіўся сын Фёдар[15][upper-alpha 5]. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело] : 1857 г.» сказана, што 156 жыхароў Алексічаў абодвух полаў былі прыхаджанамі Мікалаеўскай царквы, яшчэ 6 жыхароў сяла і 10 жыхароў Новага Двара з'яўляліся парафіянамі Юравіцкага касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі[16].
У парэформенны перыяд сяло Алексічы належала да Юравіцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні. У спісе прыходаў і прычтаў па чатырох благачынных акругах (у межах Рэчыцкага павета) Мінскай епархіі на 1876 год у складзе прычту Мікалаеўскай царквы, новы драўляны будынак якой узведзены ў 1871 годзе, названыя настаяцель а. Канстанцін Сулкоўскі, в. а. штатнага псаломшчыка Ануфрый Мігай і звышштатны Васіль Мігай. Да прыходу, акрамя Алексічаў, належалі Агароднікі, частка Багуслаўца, Вадовічы, Глінішча, Каранёўка, Слабада Княжыца, Маклішча, Тунеўшчына, Ужынец, Хвойнае[17]. На 1879 год у прыходзе налічвалася 884 мужчынскага і 944 жаночага полу верных[18]. У 1886 годзе ў Алексічах 31 двор, 211 жыхароў, царква і капліца[19]. Паводле спісаў землеўладальнікаў Мінскай губерні 1876, 1889 гадоў уласніцай маёнтка Новы Двор больш як у 1700 дзесяцін угоддзяў названая пані Генрыета, дачка Калікста Вінча, Сушчынская.
Паводле перапісу 1897 года, ў Алексічах дзейнічалі царква, царкоўна-прыходская школа, хлебазапасны магазін, тры ветракі. На 1909 год у сяле было 76 двароў, 587 жыхароў, у фальварку Новы Двор 15 жыхароў[20]. У 1911 годзе ўгоддзі Новага Двора дзялілі між сабой Зянон (555 дзесяцін), Генрык (555) і Мечыслаў (556), сыны Гераніма, Сушчынскія.
9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага мірнага дагавора з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Алексічы ў складзе Юравіцкай воласці, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[21].
1 студзеня 1919 згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі Юравіцкая воласць Рэчыцкага павета ўвайшла ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі была далучаная да РСФСР.
8 снежня 1926 года Алексічы, вернутыя БССР, сталі цэнтрам сельсавета Юравіцкага, з 8 ліпеня 1931 года Хойніцкага раёна. З 20 лютага 1938 года у складзе Палескай, з 8 студзеня 1954 года ў Гомельскай вобласці.
У 1920-я гады пры землеўпарадкаванні, паводле сведчання Паўла Фёдаравіча Мележа ў лісце да сына, з сяла Алексічы былі ўтвораны тры пасёлкі: Алексічы, Дуброва і Рабец[22]. У 1931 годзе арганізаваны калгасы «Коммунар» і «Пролетарий», дзейнічалі 3 кузні і 2 ветракі.
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Алексічах быў 141 двор з 580 жыхарамі. 8 жніўня 1942 года (за адзін толькі гэты дзень) карнікі з атрадаў СС расстралялі і спалілі тут разам з хатамі і гаспадарчымі пабудовамі 294-х жыхароў, 12 чалавек угналі на прымусовыя работы ў Германію. У маі-чэрвені 1943 года група Шымана знішчыла 168 вяскоўцаў[23]. На фронце загінулі 58 жыхароў Алексічаў.
У 1959 годзе — 390 жыхароў, у складзе калгаса «Ленінскі шлях» з цэнтрам у вёсцы Глінішча. На той час існавалі пачатковая школа, клуб, бібліятэка, бальніца, аптэка, аддзяленне сувязі, крама.
15 жніўня 1974 года цэнтр сельсавета з Алексічаў перанесены ў вёску Глінішча[24].
Фёдар Ігнатавіч Стравінскі (1843—1902) — оперны бас, артыст Марыінскага тэатра ў Пецярбургу, бацька кампазітара Ігара Стравінскага.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.