From Wikipedia, the free encyclopedia
Узбуйненне БССР — павелічэнне плошчы Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў 1924 (Першае ўзбуйненне БССР) і 1926 (Другое ўзбуйненне БССР) гадах.
Пасля Рыжскага дагавору этнічна беларускія землі былі падзеленыя на тры часткі — заходнюю ў складзе Польшчы, усходнюю ў складзе Савецкай Расіі (перададзены у склад РСФСР яшчэ ў снежні 1919 года), і частку былой Менскай губерні ў складзе ўласна БССР (6 паветаў — Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Мазырскі, часткова Менскі і Слуцкі).
У 1920-я гады тэрыторыя БССР два разы ўзбуйнялася за кошт усходніх этнічна беларускіх зямель.
У снежні 1923 года палітбюро ЦК РКП(б) пагадзілася з прапановай ЦБ КП(б)Б аб далучэнні да БССР «роднасных ёй у бытавых, этнаграфічных і гаспадарча-эканамічных адносінах» тэрыторыі, а менавіта Горацкі і Мсціслаўскі паветы Смаленскай губерні, Віцебскую губерню цалкам і Гомельскую губерню цалкам за выключэннем чатырох паветаў былой Чарнігаўскай губерні. Аднак хутка спецыяльная камісія ЦВК СССР перагледзела рашэнне палітбюро. У выніку па-за межамі БССР пакідаліся Веліжскі, Невельскі, Себежскі паветы Віцебскай губерні, Гомельскі і Рэчыцкі паветы Гомельскай губерні і большая частка Мсціслаўскага павета Смаленскай губерні. Такім чынам, рашэнне аб узбуйненні было прынята ў Маскве і ў сакавіку 1924 года яно было прынята ЦВК СССР. У склад БССР былі перададзены:
Рашэнне фармальна зацвердзіў VI надзвычайны з’езд саветаў БССР. Тэрыторыя БССР у выніку першага ўзбуйнення павялічылася да 110 584 км², а насельніцтва — да 4,2 млн чалавек. 70,4 % насельніцтва БССР складалі беларусы. Аднак Гомельскі і Рэчыцкі паветы заставаліся па-за межамі БССР.
Пасля дзяржаўнага перавароту ў Польшчы ў 1926 годзе і пагаршэння адносін з СССР саюзнае кіраўніцтва вырашыла другім узбуйненнем БССР актывізаваць беларускі нацыянальны рух у Заходняй Беларусі і паменшыць падтрымку польскіх улад насельніцтвам. Менавіта таму ініцыятарам другога узбуйнення БССР быў НКЗС СССР, які 8 верасня 1926 года прыняў пастанову аб неабходнасці настойваць у палітбюро ЦК УКП(б), каб Гомельскі і Рэчыцкі паветы былі далучаны да БССР. Створаная камісія на чале з Я. Пэтэрсам знайшла на Гомельшчыне ў значнай ступені русіфікаванае насельніцтва. Аднак ЦК КП(б)Б здолеў пераканаць ЦК УКП(б) аб неабходнасці далучэння Гомельшчыны да БССР. 4 снежня 1926 года на аб’яднаным пленуме Гомельскага губернскага і гарадскога камітэтаў КП(б)Б выступіў сакратар ЦК УКП(б) Мікалай Швернік, які праінфармаваў аб пастанове палітбюро далучыць Гомельскі і Рэчыцкі паветы да БССР. Такім чынам, адбылося другое узбуйненне БССР. У выніку другога узбуйнення тэрыторыя БССР павялічылася на 15 727 км², а насельніцтва — на 649 тыс. чалавек.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.