вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Га́лкі[2]. — вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласьці. Уваходзіць у склад Новаялчанскага сельсавету.
Галкі лац. Hałki | |
Дата заснаваньня: | перад 1512 годам |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гомельская |
Раён: | Брагінскі |
Сельсавет: | Новаялчанскі |
Насельніцтва: | 46[1] чал. (2021) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2344 |
Паштовы індэкс: | 247637 |
СААТА: | 3203843009 |
Нумарны знак: | 3 |
Геаграфічныя каардынаты: | 51°34′59″ пн. ш. 30°29′52″ у. д. |
± Галкі |
Да 26 верасьня 2006 году вёска ўваходзіла ў склад Асарэвіцкага сельсавету[3].
За 36 км на паўднёвы ўсход ад Брагіна, 13 км ад чыгуначнай станцыі Ёлча (на лініі Оўруч — Чарнігаў[lower-alpha 1]), 150 км ад Гомеля, 1 км ад дзяржаўнай мяжы з Украінай.
Транспартныя сувязі па прасёлкавай, затым аўтадарозе Брагін — Камарын.
Пляноўка складаецца з крывалінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. На поўначы ўчастак адасобленай забудовы — кароткая дугападобная вуліца. Жылыя хаты драўляныя, сядзібнага тыпу.
Выяўленыя археолягамі паселішча эпохі неаліту (250 м на паўднёвы захад ад вёскі), паселішча раньняга жалезнага веку і эпохі Кіеўскай Русі (500 м на ўсход ад вёскі, ва ўрочышчы Стонча) сьведчаць пра засяленьне тутэйшых месцаў з глыбокай старажытнасьці.
«Сяло Брагінскае» Галкі ўпершыню згаданае ў Акце абмежаваньня Брагінскай воласьці, датаваным 7 сакавіка 1512 году, і прызначалася каралём Жыгімонтам Старым князю Міхаілу Васільевічу Збараскаму, родапачынальніку князёў Вішнявецкіх[lower-alpha 2][6][lower-alpha 3]:
Лета Божага тысяча пяцьсот дванаццатага месяца марца сёмага дня_За Указам Гасударскім Найясьнейшага Караля Яго Міласьці Зыгмонта, а за паданым чалабіцьцем князя Міхайла Васілевіча Збараскага, я, Іван Андрэевіч Кміцічаў, дзяржаўца трактамірскі і дымірскі, дваранін Яго Міласьці Каралеўскай, выехаўшы на імене воласьці Брагіня, каторага воласьць раней прыналежная была да Яго Міласьці Гасудара Караля Вялікага Князя Літоўскага, аглядаў я рубеж той воласьці, каторая пачынаецца з гары рэчкаю Брагінкаю ўніз да ракі Дняпра, а Дняпром угору да сяла Брагінскага Галэк[lower-alpha 4], ад таго сяла ідучы да места Брагіня ад рогу вострава Юркоўскага…
У 1514 годзе[lower-alpha 5] кароль афіцыйна падараваў князю «тую волостку Брягин з местом и с корчмами, и з мытом, и з городищом, и со всими селы, и з людми, кром тых сел, што первеи того кому у тои волости будем дали»[9]. Брагінская воласьць (і сяло Галкі) належала да Кіеўскага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага.
Напярэдадні падпісаньня акту Люблінскай уніі ўказам караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 году Кіеўскае ваяводзтва, названае княствам (разам з Брагінам і Галкамі), як раней Падляская і Валынская землі, было далучана («вернута») да Кароны Польскай[10].
У сакавіку 1574 году маёнтак Брагін быў падзелены паміж унукамі князя М. В. Збараскага князямі Аляксандрам і Міхаілам Аляксандравічамі Вішнявецкімі. «Село Галки з людми данными, данью грошовою и медовою, з дубровами, с чертежами, лесы, полми, сеножатми, гоны бобровыми и ловы пташиными» дасталося князю Міхаілу[11][lower-alpha 6].
Палову Брагінскага замку і места зь сёламі, у ліку якіх Галкі, атрымаў у спадчыну ад праваслаўных князёў дзеда і бацькі Міхайлаў Вішнявецкіх католік князь Ярэмі Міхал Вішнявецкі, будучы ваявода рускі і правадыр барацьбы з «хмяльніччынай» ў Кароне. У 1638 годзе ён заставіў сваю фартуну на чатыры гады за 65 000 злотых пану Мікалаю Лосятынскаму[16].
На 1683 год у вёсцы Галкі Брагінскіх добраў пана Канецпольскага[lower-alpha 7] было 18 дымоў (×6 — прыблізна 108 жыхароў). Пазьней частка вяскоўцаў з-за гвалту, як ад казакоў, так і ад жаўнераў урадавых войскаў, адыйшла ў іншыя, больш спакойныя мясьціны, пра што паведамлялі пад прысягай у Оўруцкім гродзкім судзе сьведкі мешчанін Юры Андрыевіч і лясьнічы Лаўрын 14 верасьня 1686 году.[17][lower-alpha 8]. 28 чэрвеня 1687 году Галкі названыя ў справе Оўруцкага гроду сярод паселішчаў часткі Брагінскага маёнтку ваяводзіча бэлзскага, каралеўскага палкоўніка Яна Аляксандра Канецпольскага, зруйнаваных працяглым (ад лістапада 1686 году да самых świątek zielonych) пастоем рэестравых казакоў запароскага палкоўніка Паўла Апостала Шчуроўскага. У 10 яго пазасталых дымах (каля 60 жыхароў) разьмясьціліся на пакорм 12 казакоў і 10 коней. Вяскоўцаў прымусілі справіць 3 вазы, кожны з хамутом, раменнай шляёй, касой, сякерай, рыдлёўкай, біклагай, мазьніцай з двума гарцамі дзёгцю; зь іх выбралі здору, солі на 45 злотых, гарэлкі, рыбы, мяса, алею, тытуню, хустаў палатна на ўладкаваньне паходных шатроў, абутку на 67 злотых; асобна пану палкоўніку Шчуроўскаму і сотніку Русановічу далі 126 злотых, 18 вёдраў легуміны, 139 вёдраў аўсу, солі на 3 злотыя[18].
Згодна з «Тарыфам падымнага падатку Оўруцкага павету 1734 г.», складзеным на падставе папярэдняй люстрацыі, вёска Галкі — у палове Брагінскага маёнтку, якую дагэтуль шмат гадоў трымаў у заставе ад паноў Канецпольскіх дорпацкі падкаморы пан Аляксандар Антоні Бандынэлі[19]. А. Бандынэлі спачыў у 1733 годзе і менавіта тады князь Міхал Сэрвацы з старэйшай галіны і апошні ў родзе Вішнявецкіх ці не ўпершыню падпісаўся як «hrabia... na Brahiniu»[20].
На 1754 год з 25 двароў (прыблізна 150 жыхароў) вёскі Галкі Брагінскага маёнтку выплачвалася «do grodu» (Оўруцкага замка) 3 злотыя, 26 з паловай грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 15 злотых і 16 грошаў[21]. У тым жа годзе маёнтак Брагін быў куплены ў княгіні Эльжбэты, дачкі Міхала Сэрвацыя, Вішнявецкай Міхалавай Замойскай за 550 000 злотых панам Францам Антоніем, сынам Мікалая, Ракіцкім.
Перапісы габрэйскага насельніцтва 1765, 1778 і 1784 гадоў засьведчылі пражываньне ў Галках адпаведна 4, 4 чалавек (głow), прыналежных да Брагінскага кагалу, і хрысьціяніна (пагалоўшчыне не падлягаў)[22][lower-alpha 9].
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе Галкі апынуліся ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году ў складзе адноўленага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году — Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[23]. З крыніцы, заснаванай на матэрыялах рэвізіі 1795 году, вядома, што вёскі Галкі, Бярозкі, Савічы, сёлы Ёлча, Грушна і іншыя былі ў заставе ў пана Ігнацыя Шышкі, а належалі ротмістру троцкаму пану Валенцію Зялёнку[24][lower-alpha 10].
Паводле энцыкляпэдыі Гарады і вёскі Беларусі ў 1811 годзе — уладаньне паноў Ракіцкіх. У 1850 годзе ў вёсцы было 14 двароў. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело] : 1857 г.» засьведчана, што 91 жыхар вёскі Галкі быў прыхаджанінам Ёлчанскай Сьвята-Міхайлаўскай царквы[25]. У парэформавы пэрыяд паселішча належала да Ёлчанскай воласьці. Згодна са зьвесткамі на 1876 і 1879 гады, Галкі заставаліся ў прыходзе Міхайлаўскай царквы[26]. На 1897 год налічвалася 35 двароў, 250 жыхароў, дзейнічала карчма. У 1909 годзе ў вёсцы 50 двароў, 234 жыхары[27].
9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Галкі ў складзе Рэчыцкага павету, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[28].
1 студзеня 1919, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.
Пасьля вяртаньня ў склад БССР, з 8 сьнежня 1926 да 30 сьнежня 1927 году вёска зьяўлялася цэнтрам Галкаўскага сельсавету Камарынскага раёну Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 году — Гомельскай акругі.
У 1929 годзе арганізаваны калгас.
З 29 лютага 1938 году Камарынскі раён увайшоў у склад Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў верасьні 1943 году акупанты спалілі 99 двароў, забілі 18 жыхароў. У баях, якія тут вялі 9-ы гвардзейскі стралковы і 7-ы гвардзейскі кавалерыйскі карпусы, загінулі 295 салдат, у іх ліку Героі Савецкага Саюзу К. Д. Грыцынін і Т. Т. Міндзігулаў, якія былі пахаваны ў брацкай магіле на паўднёва-заходняй ускраіне вёскі. Адважна змагаўся полк пад камандаваньнем А. П. Сярогіна. Многім байцам і камандзірам прысвоена званьне Героя.
З 8 студзеня 1954 году ў складзе Камарынскага раёну Гомельскай вобласьці.
25 сьнежня 1962 году Камарынскі раён скасаваны, Галкі апынуліся ў межах Брагінскага раёну. У складзе калгасу імя М. В. Фрунзэ (цэнтар — вёска Асарэвічы).
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.