Іказьнь (вёска)
вёска ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Іка́зьнь[1] — вёска ў Беларусі, на беразе возера Іказьні. Уваходзіць у склад Цяцеркаўскага сельсавету Браслаўскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 295 чалавек. Знаходзіцца за 15 км на ўсход ад Браслава, за 31 км ад чыгуначнай станцыі Мёры, на аўтамабільнай дарозе Браслаў — Мёры.
Іказьнь — даўняе мястэчка гістарычнай Браслаўшчыны (частка Віленшчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага.
Remove ads
Назва
Варыянты напісаньня назвы паселішча ў гістарычных крыніцах: Икажно, Кажня, Ыкажна, Иказно[2].
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Першы пісьмовы ўпамін пра Іказьнь датуецца 1499 годам, калі навакольныя землі набыў сакратар вялікай княгіні Алены Іван Сапега. 25 сакавіка 1504 году вялікі князь Аляксандар дазволіў яму заснаваць у маёнтку замак, мястэчка і назваць апошняе «паводле свайго меркаваньня».
У пачатку XVI стагодзьдзя ў Іказьні збудавалі царкву, якую неўзабаве пераабсталявалі пад кальвінскі збор. У 1515 годзе мястэчка спалілі маскоўскія захопнікі, аднак Іказьненскі замак вытрымаў аблогу. У Інфлянцкую вайну ў 1561 годзе яны зноў спрабавалі здабыць замак. Польскі гісторык А. Гваньіні ў «Хроніцы Эўрапейскай Сарматыі» (2-я палова XVI стагодзьдзя) адзначаў, што «Іказьнь — замак мураваны і места драўлянае… ад Браслава за 2 мілі ляжыць».

6 чэрвеня 1593 году ўладальнік Іказьні Леў Сапега фундаваў тут касьцёл Цела і Крыві Хрыста, пры якім адкрыліся школа і шпіталь. У 1627 годзе Ян Сапега ўнёс фундуш на царкву. На 1628 год у мястэчку было 5 дамоў пры Рынку і 80 вулічных; сярод насельнікаў 5 шаўцоў, 4 млынары, купец, кравец, рэзьнік.
У час вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай ў 1654 годзе Іказьненскі замак занялі маскоўскія, а ў 1655 годзе — швэдзкія войскі. Паводле падымнага рэестру 1690 году, у іказьненскіх уладаньнях ваяводы віленскага К. Я. Сапегі налічвалася 240 дымоў. У Вялікую Паўночную вайну Іказьнь моцна пацярпела ад ваенных дзеяньняў паміж прыхільнікамі Станіслава Ляшчынскага і Аўгуста Моцнага (страты ацэньваліся ў 50 тыс. флярынаў). На 1781 год у парафіяльнай школе было 14 вучняў, на 1782 год — 12.
Пад уладай Расейскай імпэрыі

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Іказьнь апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Дзісенскім павеце Менскай, пазьней Віленскай губэрні. У 1800 годзе Іказьнь перайшла ў валоданьне старосты браслаўскага I. Бужынскага. У гэты час тут было 50 двароў, касьцёл, царква, плябаніі каталіцкая і вуніяцкая, карчма, млын, папскі двор.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Іказьнь занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Іказьнь абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР[3]. У 1919 годзе Іказьнь была адным з цэнтраў сялянскага паўстаньня на Дзісенскім павеце супраць бальшавіцкай улады («мяцеж зялёных»). Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Перабродзкай гміне Браслаўскага павету. На 1931 год у Іказьні было 96 двароў, пачатковая школа, млын, дзеяў гурток Беларускага Інстытуту гаспадаркі і культуры.
У 1939 годзе Іказьнь увайшла ў БССР, дзе ў 1940 годзе стала цэнтрам сельсавету Браслаўскага раёну. Статус паселішча панізілі да вёскі. На 1971 год у Іказьні было 88 двароў[4], на 1994 год — 128[2], на 1997 год — 134. У 2000-я гады вёска атрымала афіцыйны статус «аграгарадку».
Remove ads
Насельніцтва
Дэмаграфія
- XVII стагодзьдзе: 1628 год — каля 600 чал.
- XVIII стагодзьдзе: 1800 год — 163 чал.
- XIX стагодзьдзе: 1879 год — 541 чал. (270 муж. і 271 жан.)[5]
- XX стагодзьдзе: 1931 год — 480 чал.; 1971 год — 268 чал.; 1994 год — 328 чал.; 1997 год — 325 чал.[6]; 1999 год — 329 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2005 год — 305 чал.[7]; 2010 год — 295 чал.
Інфраструктура
У Іказьні працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, бібліятэка, дом культуры.
Турыстычная інфармацыя
Славутасьці
- Замчышча (пачатак XVI стагодзьдзя; руіны замка Яна Сапегі)
- Касьцёл Божага Цела (1912)
- Царква Сьвятога Мікалая (1905; мураўёўка)
Страчаная спадчына
- Касьцёл Божага Цела (1593)
- Царква Сьвятога Мікалая (1500)
Галерэя
- Краявіды Іказьні
- Касьцёл, інтэр'ер
- Возера з боку вёскі
Асобы
- Флор Манцэвіч (1890—1941) — беларускі пэдагог і грамадзкі дзяяч
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads