Ў

кірылічная літара From Wikipedia, the free encyclopedia

Ў
Remove ads

Ў, ў (у нескладо́вае ці у каро́ткая; курсіў: Ў ў) — 22-я літара беларускага кірылічнага альфабэту, якая адсутнічае ў іншых кірылічных славянскіх альфабэтах, хоць літара ёсьць і ва ўкраінскай мовазнаўчай літаратуры[1], а таксама ўжываецца ў некалькіх мовах народнасьцяў былога СССР, для якіх савецкімі мовазнаўцамі былі распрацаваныя варыянты кірылічнай азбукі (узбэцкая, дунганская, асэтынская, эскімоская мовы).

Хуткія факты Беларускі альфабэт:, Іншая назва ...

Гук [w] уяўляе сабой звонкі паўгалосны гук (анг. voiced labiovelar semivowel)[a].

Remove ads

Гісторыя

Лічыцца, што падставай зьяўленьня гуку [ў] на месцы этымалягічнага [в] (кроў, праўда) была наяўнасьць у старабеларускіх дыялектах губна-губнога [ў] супраць губна-зубнога [в] у расейцаў і палякаў, а прычынаю — заняпад [ъ], [ь][2][3]. Дакладна невядома, калі адбыўся дадзены пераход, але ўжо ў грамаце 1229 году пісалася: оутвєрдять; уздоумалъ; оу ризє; оу роусе; оустоко (усток); оу смольнєскь; оузяти; наоуспять і г. д.[4][5]

Даўней [у] пісалася амаль так, як і прынята ў сучаснай беларускай мове — пасьля зычных — у складовае: будучи дей у мене (Акты, 1600 г.), а пасьля галосных в замест у нескладовага: добре в парсуну познавши (Акты, 1569 г.); злого вмыслу (Акты, 1569 г.)[6].

Thumb
Прыклад ужываньня літары ў у «Русалцы Днестровай»
Thumb
Ф. Багушэвіч, «Немец» — гук [ў] пазначаны літарай ŭ

Выгляд знаку ў паходзіць ад зьяднаньня іжыцы з гакам (Іереѵ̆ская власть, пучина Егеѵ̆ская і да т. п.), што выкарыстоўвалася ў некаторых старабеларускіх выданьнях XVI — пачатку XVII стагодзьдзя. Пазьней гэты знак ужываўся ў румынскай кірыліцы, адкуль яе ў 1837 годзе запазычылі складальнікі зборкі ўкраінскай паэзіі «Русалка днѣстровая». У прадмове аўтары, між іншым, пісалі[7]:"…мы прынялі сэрбскае џ… і валоскае ў…". У гэтай кнізе ў выкарыстоўвалі, у асноўным, на месцы этымалягічнага [л], там, дзе гэты гук ужо ператварыўся ў гук [ў] ва ўкраінскай мове[b].

Упершыню ў сучаснай беларускай мове асобная літара для гука [ў] зьявілася ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя ў беларускай лацінцы ў розных варынтах — ú, курсіўнае u, u з гачыкам (ǔ), w̆, ŭ. У вершаванай брашуры Яна Чачота «Da milych mužyczkoú», якая была выдадзеная ў 1846 годзе, літара выглядала як u з рыскай — ú. У Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча выкарыстоўваецца курсіўнае u (у адрозьненьне ад звыклага u для галоснага гука [u], напрыклад: jon umieu). Звычайная u на месцы нескладовай зьмешчаная ў выданьнях Кастуся Каліноўскага 1862—1863 гадоў. Сустраканыя таксама варыянты u з гачыкам (ǔ)[8]. W з гакам () выкарыстоўваў Браніслаў Эпімах-Шыпіла (1889). У 1897 выдаецца першы том «Люду беларускага» этнографа Міхала Федароўскага; ва ўсім шматтомніку багата запісаў, запісаных Федароўскім беларускай лацінкай. У гэтых запісах у пазыцыі пасьля галосных гук [ў] (у нескладовае) перадаецца як (напрыклад: kazau̯; pierapau̯zła; jak u̯ziau̯ by u̯ ruku; uhledzieu̯), у той час як ŭ выкарыстоўвалася для вельмі кароткага (і ў шпаркай мове выпадаючага) [у] (напрыклад, pakazŭwaj; padwiazŭwaje; panakruczŭwała, dziakŭwać Bohu).

Доўгі час лічылася, што свой сучасны выгляд — ŭ — літара набыла ў кракаўскім выданьні «Dudka Białaruskaja» 1891 году Францішка Багушэвіча[8]. Цяпер вядома, аднак, што этнограф і выдавец Аляксандар Рыпінскі ўпершыню ўжыў літару ŭ у беларускіх тэкстах кнігаў, выдадзеных у Лёндане ў 1853-54 гг.[9][10]

У беларускую кірыліцу літара ў трапляе таксама ў сярэдзіне 19 стагодзьдзя. У 1852 годзе Уладзімер Даль у сваім артыкуле 'О наречиях русского языка' атаясамлівае смаленскую гаворку зь беларускай мовай і, заўважаючы пераход 'в' і 'л' пасьля галосных у 'ў', прапануе пісаць над 'у' дужку ('кратку'), як у літары 'й'. У 1870 годзе выкарыстоўваць камбінацыю у з гакам як адпаведнік лацінкавай ŭ для беларускай мовы прапанаваў расейскі дасьледчык фальклёру Пётар Бяссонаў[8] (ён таксама выкарыстоўвае ў у кнізе «Белорусские песни», выданьня 1871, напрыклад: я чуў, шоўкову хустку, скарбу жаловаў, а нашаму пану ўсё повялося). У 1874 этнограф Павал Шэйн выдае кнігу «Белорусские народные песни», у якой аўтарскі тэкст на расейскай мове, але перадача аўтэнтычных тэкстаў беларускіх песень па-беларуску. Тут пасьлядоўна ўжываецца літара ў, напрыклад: не даў, слаўны, жоўтымъ зярномъ, а ўзяў вутку, заўтра раненька, нясуць намъ бутэлькі поўненькі. Ужываецца «ў» і ў «Смаленскім этнаграфічным зборніку» В. Н. Дабравольскага, выдадзеным у 1891 у Санкт-Пецярбургу: мужикъ параіў, пра то ня вѣдаў, даўжок, узяў, яны ня ўси. Сярод раньніх выпадкаў ужываньня кірылічнай літары ў — апублікаваная ў Санкт-Пецярбургу ў 1895 годзе брашура зь вершам — A.J. (Александр Ельский) «Сынокъ! Расказъ зъ праўдзиваго здарэньня… 1895 року». Ёсьць літара ў і ў пасьмяротным выданьні Янкі Лучыны «Вязанка» (1903). Да 1907 году ў пачало ўжывацца ў беларускай кірыліцы больш-менш пасьлядоўна.

У першай трэці XX стагодзьдзя, у сувязі з правядзеньнем палітыкі беларусізацыі ў БССР, вакол правапісу беларускай мовы вяліся працяглыя нарады, сярод іншых, ставілася пытаньне наконт мэтазгоднасьці пазначэньня ці не пазначэньня на пісьме літары ў. Супраць пазначэньня скарачэньня на пісьме літары выказваўся, у прыватнасьці, Язэп Лёсік. У выніку правапісная камісія 1926 году пастанавіла: не пазначаць у пісаньні пазыцыйнага чаргаваньня і/й (даволі й гэтага → даволі і гэтага), але пазначаць чаргаваньне у/ў (за выняткам пазычаных словаў ды ўласных найменьняў)[11]. Гэтыя пастановы ў 1933 годзе былі ўнесеныя ў новы правапіс, г. зв. «наркамаўку».

Remove ads

Ужываньне

Пасьля галосных літара у заўсёды пераходзіць у літару ў: хлеб увесь — хлеб зьелі ўвесь; улез у хату — увайшлі ў хату. Літара ў можа знаходзіцца ў пачатку, у сярэдзіне і ў канцы слова: праўда, даў, воўк, поўны, доўга, ішоў, быў, на ўлоньні. Гук [ў] пішацца і вымаўляецца замест гуку [в] пасьля галосных перад зычнымі: галава — галоўка. У адпаведных выпадках гук [ў] пераходзіць таксама ў гук [л]: казала — казаў; падобныя пераходы адзначаюцца і на ўзроўні праславянскай этымалёгіі (напрыклад, пр.-слав. *вьлкъ > воўк). Літара ў не ўтварае самастойнага складу, таму і завецца — у нескладовае (або у кароткае).

Літара ў этымалягічна зьяўляецца пасьля галосных пры чаргаваньні:

  • у з ў;
  • в з ў;
  • л з ў.

Чаргаваньне у з ў

Чаргаваньне у з ў адбываецца (за выключэньнем некаторых выпадкаў):

  • на пачатку слова, незалежна ад яго паходжаньня: ва ўнівэрсытэце, сонца ўзімку, ледзьве ўчуў;
  • у сярэдзіне слова, незалежна ад яго паходжаньня: клоўн, каўчук, аўдыякасэта, па-ўдарнаму;
  • пасьля злучка ці двукосься: паўночна-ўсходні, пачуў «будзь ласкавы» ўпершыню, па-ўкраінску.
  • літараю ў, у клясычным правапісе беларускай мовы, калі-некалі пазначаюць гук [ў] у іншамоўных запазычаньнях[12]: тўітэр, Франсўа.

Чаргаваньне не адбываецца ў клясычным і акадэмічным правапісах беларускай мовы[13][14][c]:

  • пасьля знакаў прыпынку;
  • на пачатку слова, пачынаючага сказ;
у акадэмічным правапісе сьпіс выключэньняў дапаўняецца наступнымі выпадкамі[14]:
  • на пачатку ўласных імёнаў і назваў: кніга Уладзімера, ва Узбекістане;
  • на канцы нязьменных запазычаных слоў: ноу-хау, шоу, фрау;
  • у запазычаных словах, якія канчаюцца на -ум, -ус, і вытворных ад іх: прэзідыум, кансіліум, соус, страусіны.

Чаргаваньне в з ў

Чаргаваньне адбываецца ў большасьці славянскіх і неславянскіх словаў: лаўка, кроў, маўр, Аўрора.

Чаргаваньне л з ў

Чаргаваньне адбываецца ў большасьці славянскіх словаў і некаторых неславянскіх словах: воўк, моўчкі, паўмэтры.

Remove ads

Распаўсюджаньне ў іншых кірылічных азбуках

Ў прысутнічае таксама ў некаторых неславенскіх кірылічных альфабэтах.

  • Выкарыстоўваецца ў дунганскай азбуцы, уведзенай у 1953 годзе.
  • Выкарыстоўваецца ў азбуцы эскімосаў.
  • Выкарыстоўваецца ў ніўскай азбуцы, уведзенай у канцы 1970-х гадоў.
  • Раней ужывалася ва ўзбэцкай азбуцы, дзе пазначала гук [o][15]; у сучаснай узбэцкай лацінцы ёй адпавядае знак o‘.
  • Да лацінізацыі 1923 году ўжывалася для запісу асэтынскіх пісьмаў (так званая «шэгрэнаўская азбука») — у прыватнасьці, у першай асэтынскай газэце «Ірон газэт» (1906).
  • У 1961—1964 гадах (у Карачаева-Чаркесіі да 1970-х) выкарыстоўвалася ў карачаева-балкарскай азбуцы.
  • У 1989 годзе спрабавалі ўвесьці знак ў у татарская азбука.

Помнік

Thumb
Помнік літары «Ў»

У верасьні 2003 году падчас дзясятых сьвяткаваньняў «Дня беларускага пісьменства» полацкія гарадзкія ўлады ўстанавілі ў найстарэйшым месьце Беларусі помнік у гонар гэтай літары[16]. Першапачатковая ідэя помніка належыць беларускаму каліґрафу прафэсару Паўлу Семчанку, які шмат гадоў вывучае мастацкія шрыфты.

Беларуская раскладка клявіятуры

Стандартная раскладка беларускай клявіятуры мае выгляд[17]:

Thumb
Літара Ў на кампутарнай клявіятуры

Спосаб перадачы ў сеціве ў ЗША

Больш інфармацыі Спосаб перадачы, Памер ...

У HTML вялікая літара Ў запісваецца Ў(Ў), маленькая ў — ў(ў).

Remove ads

Заўвагі

  1. Прыкладам у ангельскай мове для пазначэньня гуку [ў] служыць літара w, у польскай мовеł.
  2. На сёньня, ва ўкраінскай мове выражаецца знакам в у словах бачив[ў], вов[ў]к і г.д.
  3. Чаргаваньне можа наўмысна парушацца, напрыклад, у вершах для захаваньня рыфмы, пры інтанацыйным адасабленьні.

Крыніцы

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads