Баева
вёска ў Дубровенскім раёне Віцебскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Ба́ева[2] — вёска ў Беларусі, на рацэ Мярэі. Уваходзіць у склад Зарубскага сельсавету Дубровенскага раёну Віцебскай вобласьці.
Баева — даўняе мястэчка гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны).
Remove ads
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Баева ў складзе Аршанскага павету Віцебскага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага вядома з XVI стагодзьдзя: упершыню ўпамінаецца ў 1560 годзе — паводле інвэнтару Баева належала Аршанскаму замку сярод уладаньняў князя Яна Глябовіча[3].
Волость замку Рошского. Село именем Баево. Люди куничные.(л. 18)Старец того села именем Селивон Ермолинич, Максим Гриневич, Корнило Степанов, Максим Сузин, Мойсейка Невый, Сава Исакович, Огапон Губа, Мартин Евлашович, Потап Иванович, Наум Грипцович, Богдан Трухонович, Андрей Игнатович, Иван Игнатович, Митко Кузмич, Федор Богданов, Ивашко Олексеев, Степан Ловчанин, Ондрос Сузинов.
Всихъ того села дымов 18, служба 1, чинить всего грошей (л. 18 об.) личбы литовское коп 5, гр. 2, пен. 4. При том селе в пущи на землях их дерево бортное, которое с третее части они сами ходять, а две части меду на замок дають, за ведомостью врядничою; того дерева порожнего 100, а зо пчолами сосны 3. Другое дерево бортное: на пашнях боярских и мещанских ку замку его королевское милости зо пчолами того дерева 25, а порожних бортей 100. Бортник того дерева, которий тое дерево заведаеть, именем Конон Кузмич, дом 1, служба.[4]
У пачатку 1562 году атрады Івана IV Жахлівага спустошылі ваколіцы Воршы й Дуброўны. Па заканчэньні Інфлянцкай вайны (1558—1570) 30 ліпеня 1574 году Баева ўпамінае староста аршанскі Ф. С. Кміта ў лісьце з Воршы да Мікалая Радзівіла, ваяводы віленскага[a]:
У воласьці: Расасна — шасьцісот чалавек няма, Любавічы — ста васьмідзесяці чалавек няма, Бабіна, Заозерца, Дзевіна, Пашына, Баева — усіх тых сёл, государ, няма…
У XVIII стагодзьдзі ў валоданьні Сапегаў, маёнтак Дуброўна ў межах Дубровенскага графства[6].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай 28 траўня 1772 году Баева апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Аршанскім павеце Магілёўскай губэрні. З 9 кастрычніка 1772 году ў складзе Аршанскай правінцыі, з 22 сакавіка 1777 году да 10 студзеня 1778 году ў складзе Аршанскага павету Магілёўскай губэрні (Магілёўскае намесьніцтва, 10 студзеня 1778 — 12 сьнежня 1796 году). З 12 сьнежня 1796 па 27 лютага 1802 году ў Аршанскім павеце Беларускай губэрні. З 27 лютага 1802 году Баева ў Аршанскім павеце Магілёўскай губэрні.
На 1783 году мястэчка Баева — уладаньне князя Аляксандра Сапегі[7]. З 1792 году ў валоданьні Любамірскіх.
26 сьнежня 1861 году, калі мястэчка Горкі перавялі ў стан павятовага гораду й утварылі з частак Аршанскага, Магілёўскага й скасаванага Копыскага паветаў Горацкі павет, Баева — цэнтар Баеўскай воласьці Горацкага павету[8][9]. У 1869 годзе адкрылася расейская народная вучэльня. На 1886 год у Баеве былі 2 праваслаўныя царквы, габрэйская школа, школа, вадзяны млын, 7 крамаў, багадзельня[10].
У 1910 годзе сяляне валодалі 450 дзесяцінамі зямлі. Фальварку Баева, уласнасьць князя Яўгена Любамірскага[11][b], належала 324 дзесяцін зямлі. Местачкоўцы ўваходзілі ў Баеўскае сялянскае таварыства[12]. З 14 верасьня 1917 году Магілёўская губэрня ў Заходняй вобласьці Расейскай рэспублікі.
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Баева абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яно ўвайшло ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. З красавіка 1919 году Баева — мястэчка ў Гомельскай губэрні, зь ліпеня 1922 году валасны цэнтар у Смаленскай губэрні РСФСР. У лютым 1923 году, калі Баеўскую воласьць скасавалі, мястэчка ўвайшло ў склад Ляднянскай воласьці Горацкага павету Смаленскай губэрні. У сакавіку 1924 году Баева вярнулі БССР, з жніўня 1924 году цэнтар сельсавету ў Ляднянскім раёне й 26 ліпеня 1930 году ў Дубровенскім раёне Аршанскай акругі. з 20 лютага 1931 году цэнтар сельсавету Дубровенскага раёну, з 20 лютага 1938 году ў Віцебскай вобласьці[13][14].

У Другую сусьветную вайну за час нямецкай акупацыі зь сярэдзіны ліпеня 1941 да 30 верасьня 1943 году, загінулі 110 жыхароў, вёску спалілі.
Remove ads
Насельніцтва
Дэмаграфія
- XVIII стагодзьдзе: 1792 год — 78 дамоў, у тым ліку 17 габрэйскіх
- XIX стагодзьдзе: 1857 год — 326 чал., зь іх 230 праваслаўных, 96 юдэяў;[15] 1886 год — 40 дамоў, 250 праваслаўных;[10] 1897 год — 906 чал. (441 муж. і 465 жан.), зь іх 401 праваслаўных, 505 юдэяў[16]
- XX стагодзьдзе: 1910 год — у праваслаўных 64 дома, 218 мужчын, 215 жанчын; у юдэяў 75 дамоў, 285 мужчын, 360 жанчын; у фальварку 1 дом, 3 мужчыны, 2 жанчыны;[12] 1999 год — 278 чалавек
- XXI стагодзьдзе: 2010 год — 144 чалавекі
Інфраструктура
У Баеве працуюць базавая школа, Дом культуры, бібліятэка, пошта.
Remove ads
Турыстычная інфармацыя
Славутасьці
- Собалеўскі манетны скарб. Скарб ухаваны ў сярэдзіне IX ст., не раней за 856—857 гады. Зьберагаецца ў Нацыянальным музэі гісторыі і культуры Беларусі. Знойдзены ў 1936 годзе ў ваколіцах вёскі Баева. Складаўся з 138 цэлых і 168 фрагмэнтаў куфіцкіх дырхемаў Арабскага халіфата. Дынастыя Умаядаў (705—750 гг.), Дынастыя Абасідаў (750—861 гг.).[17]
- Братэрская магіла 1943—1944 гг. — пахавана 700 вайскоўцаў
Страчаная спадчына
- Царква Ўшэсьця Гасподняга. У XVIII стагодзьдзе парафія Беларускай грэка-каталіцкай царквы (БГКЦ)[6][15][18]. У XIX стагодзьдзі да царквы былі прыпісаныя вёскі: Ірвяніца, Коршыкава, Лапыроўшчына. У другой палове XIX стагодзьдзя збудавалі новую царкву з дрэва на каменным падмурку[19][10].
Асобы
- Мікола Гарулёў (1919—1980) — беларускі паэт, пісьменьнік, драматург, перакладнік, сцэнарыст
- Самуіл Эйдлін (1914—1989) — габрэйскі паэт, пісьменьнік
Заўвагі
- Эпісталярная спадчына Ф. С. Кміты-Чарнабыльскага: Ліст 16. Писан у в Оршы, июня 30 дня, року 1574. «До Миколая Радзивилла, Воеводы Виленского»[5]
- Яўген Адольф Любамірскі (17.06.1825, Дуброўна — 15.09.1911, Крушына, Сылескае ваяводзтва, Польшча; па-польску: Eugeniusz Adolf ks. Lubomirski z Lubomierza h. Drużyna) сын князя Яўгена Любамірскага(13.09.1789 — 1834; па-польску: Eugeniusz ks. Lubomirski z Lubomierza h. Drużyna), унук князя Францішка Ксавэрыя Любамірскага (1747—1819, Дуброўна; па-польску: Franciszek Ksawery Lubomirski). Першы шлюб (04.05.1850, Варшава) з дачкой Канстанціна Любамірскага Крыстынай Любамірскай (28.11.1825 — 06.11.1851; па-польску: Krystyna ks. Lubomirska z Lubomierza h. Drużyna). Другі шлюб (05.06.1859, Варшава) з графіняй Ружай Замойскай (29.07.1836 — 12.10.1915 Вільня; па-польску: Róża hr. Zamoyska z Zamościa h. Jelita)
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads