Беларускія летапісы

летапісы, якія складаліся на землях Беларусі за часам фэадалізму From Wikipedia, the free encyclopedia

Remove ads

Белару́скія ле́тапісылетапісы, якія складаліся на землях Беларусі за часам фэадалізму на старажытнарускай, старабеларускай і польскай мовах.

У 16—18 стагодзьдзях пераважна называліся хронікамі. Падзяляюцца на дзяржаўныя і мясцовыя. Іх вытокі ў мясцовых паданьнях і справавой пісьменнасьці, у звычаях летапісаньня і прозы Русі. Узьнікненьне зьвязана з надзённым грамадзкім жыцьцё беларускага народу. Адлюстроўвалі падзеі мінуўшчыны, захоўвалі пра іх памяць для наступных пакаленьняў і мелі публіцыстычную значнасьць ва ўтварэньні грамадзкай думкі і гістарычнай сьвядомасьці. Спалучалі асаблівасьці гістарычных запісаў і сьвецкіх апавяданьняў[1].

Remove ads

Летапісаньне

Пачалі складацца ў 12—14 стагодзьдзях, аднак раньнія тэксты не зьберагліся. Першым быў Полацкі летапіс. Запісы таксама вялі ў Пінску (канец 13 ст.) і Слуцку (15 ст.). Ва ўрыўках іншых летапісных зводаў дайшоў Смаленскі летапіс 14 — пачатку 15 стагодзьдзя. Да 15 стагодзьдзя летапісы былі мясцовымі. Асяродкам летапісаньня ў 15 ст. у складзе Вялікага Княства Літоўскага быў Смаленск, дзе ў канцы 15 ст. перапісалі летапіс Аўрамкі і Радзівілаўскі летапіс. Каля 1500 году на падставе летапісу Аўрамкі склалі звод, які трапіў у Супрасьль, дзе папоўніўся запісамі па гісторыі Валыні канца 15 ст., апавяданьнем пра Аршанскую бітву і «Пахвалой гетману Канстанціну Астроскаму»[1].

У 15—16 стагодзьдзях пад уплывам задзіночаньня беларускай народнасьці і дзяржаўнага адзінства земляў Беларусі ўзьніклі агульнадзяржаўныя беларуска-літоўскія летапісы, якія складаліся на старабеларускай мове пераважна беларускімі летапісцамі. З агульнадзяржаўнага гледжаньня падаваліся падзеі ў «Летапісцы вялікіх князёў літоўскіх» — першай спробе гісторыі Беларусі і Літвы. Разам зь летапісам Фоція ён лёг у аснову Беларуска-літоўскага летапісу 1446 году, складзенага каля 1430-х гадоў у Смаленску падчас найвышэйшай магутнасьці ВКЛ і пазьней дапоўненага запісамі да 1446 году. У гэтых летапісах адлюстроўвалі і абгрунтоўвалі імкненьні і погляды грамадзкіх сілаў, якія падтрымлівалі вялікакняскую ўладу ў змаганьні з фэадальнай раздробленасьцю за дзяржаўнае адзінства і магутнасьць. У 15 ст. асаблівасьцю летапісаў стала спалучэньне пагадовага выкладу з апавяданьнем пра мінуўшчыну, кароткіх паведамленьняў з аповесьцямі, даведак пра падзеі зь іх жывым, мастацкім апісаньнем. Асобныя аповесьці па пэўным часе дапаўнялі і злучалі ў летапісы, якія складалі бяз творчай перапрацоўкі. Пад уплывам сьвецкай справавой пісьменнасьці выпрацавалі сьціслы і выразны стыль летапісаньня[1].

У 16 стагодзьдзі ў беларуска-літоўскіх летапісах узмацніўся агульнадзяржаўны патрыятызм, а гісторыя Вялікага Княства Літоўскага стала падавацца ў якасьці асобнай і самакаштоўнай зьявы замест працягу гісторыі Русі. У летапісы пачалі ўлучаць вусна-паэтычныя паданьні, мастацкі вымысел і прыгожае пісьменства. У 1520-я гады стварылі «Хроніку Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага», якую распаўсюдзілі ў складзе 2-га аднайменнага зводу. У ёй літаратурна перапрацавалі паданьне пра паходжаньне літоўскіх князёў і шляхты ад старажытнарымскай знаці. Важнай ступеняй у разьвіцьці гістарычнай прозы старажытнай пары стала Хроніка Быхаўца (2-я чвэрць 16 ст.) — самы поўных звод агульнадзяржаўных летапісаў. У ім выразна выявілася прыгожае пісьменства пра гісторыю, што садзейнічала пераходу ад летапісу да гісторыка-мастацкага пісьменства. Сьвецкія, сярэднявечныя, безыменныя і паўслужбовыя беларуска-літоўскія летапісы скдалалі ў асяродзьдзі фэадалаў, таму падзеі ў іх адлюстраваныя ў сьвятле рыцарскага мысьленьня і дзяржаўных зацікаўленасьцяў. Галоўная постаць летапісу — дзейны вялікі князь літоўскі, абаронца дзяржавы, храбры ваяр і мудры валадар, справы і ўчынкі якога выяўлялі грамадзкія патрэбы. Агульнадзяржаўныя беларуска-літоўскія летапісы заняпалі 2-й палове 16 ст. у выніку страты Вялікім Княствам Літоўскім дзяржаўнай незалежнасьці пасьля Люблінскай вуніі. Аднак гэтыя летапісы працягвалі яшчэ доўга бытаваць у Беларусі, давалі зьмест для збораў мастацкага пісьменства, уплывалі на разьвіцьцё старабеларускай прозы часоў барока, літоўскай і польскай гістарыяграфіі[1].

У 17 стагодзьдзі адбылася мастацкая дэмакратызацыя гісторыка-дакумэнтальнай прозы Беларусі. Узьніклі дзёньнікі (дыярыюшы), мясцовыя летапісы і хранографы, зьвязаныя зь літаратурнымі традыцыямі летапісаў папярэдняга часу. Летапісцы сталі глыбей цікавіцца побытам і звычаямі народу. Падзеі пачалі апісваць больш разгорнута і падрабязна праз асабістае пачуцьцёвае ўспрыманьне творцы. Найбольшымі мясцовымі летапісамі Беларусі 17—18 стагодзьдзяў былі Баркулабаўскі летапіс і Магілёўская хроніка, якая нагадвае гістарычны дзёньнік гораду. У якасьці гістарычнага дакумэнту Віцебскі летапіс напісалі па-польску. Уласьцівай зьявай часоў барока былі ўспаміны — дзёньнікі (дыярыюшы), якія ўзьніклі ў выніку павышэньня цікавасьці да асабістага лёсу ў старабеларускай літаратуры і глыбейшага разуменьня каштоўнасьці асабістага жыцьця. У якасьці найбольш вядомых прыкладаў былі «Дзёньнік» Фёдара Еўлашоўскага, дыярыюшы Самуіла і Б. Маскевічаў, Станіслава Незабітоўскага, Крыштапа Завішы і Марціна Матушэвіча. Рост чытацкай цікавасьці да гераічнай мінуўшыны замежжа задавальнялі хранографы і перакладныя летапісы. Папулярнасьцю карысталіся польскія летапісы Марціна Бельскага, Мацея Стрыйкоўскага і Аляксандра Гваньіні ў перакладзе на старабеларускую мову. Яна склалі аснову хранографа «Вялікая хроніка». У хранографах выкарыстоўвалі летапісы і перакладныя аповесьці, таму ў іх спалучаецца гістарыяграфічнае апісаньне мінуўшчыны з пачуцьцёва-вобразным. Яны сталі пачаткам гістарычнай прозы старабеларускай літаратуры[1].

Remove ads

Дасьледаваньне

Беларускія летапісы служаць крыніцай вывучэньня мінуўшчыны беларускага народу ў якасьці зьявы эўрапейскай гістарыяграфіі, помнікаў беларускай літаратуры, беларускай літаратурнай мовы і грамадзкай думкі часоў фэадалізму. У 1823—1824 гадах Ігнат Даніловіч упершыню абнародаваў Беларуска-літоўскі летапіс 1446 году паводле Супрасьльскага сьпісу і навуковыя артыкулы пра адкрыцьцё. У Расейскай імпэрыі беларускія летапісы вывучалі Станіслаў Смолька, Ф. Сушыцкі, Іван Ціхаміраў, Аляксей Шахматаў і Ян Якубоўскі. Дасьледаваньні праводзілі беларускія навукоўцы Мікола Ўлашчык і Вячаслаў Чамярыцкі, а таксама летувіскі дасьледнік Мечыслаў Ючас. Захавалася каля 50 сьпісаў беларускіх летапісаў, большасьць якіх захоўваецца ў Расеі — Маскве і Санкт-Пецярбургу. Выдадзеныя ў «Поўным зборы рускіх летапісаў» (т. 17, 1917; т. 32, 1975 і т. 35, 1980)[1].

На тэрыторыі незалежнай Беларусі дасьледваньне беларуска-літоўскіх летапісаў атрымала новы імпульс, дасьледуюцца ня толькі летапісы, але і гарадзкія хронікі часоў Вялікага Княства Літоўскага. Сярод іншага, у 1997 годзе МГА «Беларускі Кнігазбор» выдала асобную кнігу, прысьвечаную беларускім летапісам і хронікам[2], у 2000 годзе Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт выдае вучэбны дапаможнік «Беларуска-літоўскія летапісы і польскія хронікі[3]», у 2010 беларускім часопісам ARCHE была падрыхтавана да друку манаграфія, прысьвечаная летапісам і хронікам Беларусі[4].

Remove ads

Крыніцы

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads