Вуглы (Нараўлянскі раён)
былая вёска ў Нараўлянскім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Вуглы[1] — былая вёска ў Мухаедаўскім сельсавеце Нараўлянскага раёну Гомельскай вобласьці.
Remove ads
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Найраней вёска Вуглы згаданая ў грамаце князя Васіля Ўладзімеравіча, як меркаваў У. Б. Антановіч, невядомага зь іншых крыніцаў сына кіеўскага князя Ўладзімера Альгердавіча, які калісьці трымаў Оўруцкую воласьць, маючы свой удзел на Палесьсі. Аднак, больш пераканаўчай выглядае вэрсія, згодна зь якой, чацьвёрты сын вялікага князя літоўскага Альгерда ад першага шлюбу зь віцебскай князёўнай Марыяй атрымаў пры нараджэньні княскае імя Ўладзімер і хроснае імя Васіль, у гонар князя Ўладзімера (Васіля) Сьвятаслававіча[2]. Інакш кажучы, падараваньне царкве сьвятога Васіля Вялікага ў Оўручы зроблена самым Уладзімерам Альгердавічам[a] і не пазьней 1394 году[b][6]:
мы Василей Володымеровичъ, князь, придали есмо на церковъ Светого Великого Василъя мурованого, въ мЂсте Овручу, подъ селомъ Имухоедовскимъ, островъ Тростеницу, обрубный, и зъ оного идетъ десятъ ведеръ меду, и даватъ маютъ у Полохачове зъ земли Петниское чотыри ведръ меду, а y Вербковичахъ — ведро меду, у Гажине — ведро меду, у Павъловичахъ — полъведра меду, у Вуглохъ — ведъро меду, съ тыхъ селъ уси маютъ давати не задержуваючи настоятелемъ тое церкви на Покърову Святую въ осень…
У люстрацыі Оўруцкага замку 1552 году[c] засьведчана, што сяло Вугды (Углане) было ў валоданьні паноў Замарэнкаў[7], зямянаў мазырскіх[8].
Карона Каралеўства Польскага
9 чэрвеня 1598 году пан Мікалай Служка, староста крычаўскі, запісаў у пажыцьцёвае валоданьне сваёй жонцы пані Ганьне з дому Тхарэўскіх добры Мухаедавічы, Вуглы, Апачычы. 17 траўня 1613 году пан Крыштаф, ваявода вэндэнскі, і Аляксандар, староста рэчыцкі, Служкі ці не ўпершыню абвінавацілі пана Лукаша Сапегу і жонку яго Зофію ў незаконным узяцьці ў заставу і ўжываньні іхных дзедзічных добраў Мухаедавічаў, Вуглоў, Белага Берага, а таксама вёскі Апачычына[d], запатрабавалі ад Сапегаў адкупнога за няпраўныя дзеяньні, а разам і пакіданьня маёнтку. У судовай позве ад 1 чэрвеня 1618 году пан Аляксандар і іншыя Служкі ў чарговы раз абвінавацілі сужэнства Лукаша і Зофію з Кмітаў Чарнабыльскіх Сапегаў у гвалтоўным заняцьці добраў Мухаедавічы, Вуглы, Белы Бераг і Апачычы. 9 ліпеня т. г. Служкі запатрабавалі ад Сапегаў вяртаньня вёскі Ханеўскай, заснаваный на грунтах мухаедаўскіх, а разам самых Мухаедавічаў, Вуглоў ды іншых вышэйназваных вёсак[9].
Паводле тарыфу падымнага падатку Кіеўскага ваяводзтва, у 1628 годзе з 3 дымоў osiadłych вёскі Вуглы пана Аляксандра Служкі, менскага кашталяна, рэчыцкага старосты, і нашчадкаў нябожчыка пана Крыштафа Служкі, ваяводы вэндэнскага, выплачвалася па тры злотых[10].
Згодна зь люстрацыяй падымнага падатку Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва 1683 году, вёска Вуглы пана Юзафа Багуслава Служкі, харунжага вялікага літоўскага, мела 5 дымоў; сума выплаты не названая[11].

Канвакацыйны сойм 1764 году прызнаў ленны маёнтак Нароўля Рафала Алаізія Аскеркі, маршалка Мазырскага павету, яго дзедзічным уладаньнем. Побач зь вёскамі Галоўчыцы, Карпавічы, Мухаеды, Вуглы «y dalszemi wszystkiemi attynencyami» названы і Антонаў[13].
Расейская імпэрыя

Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Вуглы — у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году ў складзе ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[14]. У крыніцы, заснаванай на зьвестках рэвізіі 1795 году, у пераліку паселішчаў, адабраных у стражніка польнага літоўскага Яна Мікалая Аскеркі ў «казённое ведомство за клятвопреступление», г. зн. за ўдзел у вызвольным паўстаньні 1794 году названая Вуглянская рудня[e][15]. На 1797 год сяло Мухаеды, вёскі Вуглы, Буда, слабада Красноўка (Слабада) ў мэтрычнай кнізе Мухаедаўскай Крыжаўзьдзьвіжанскай царквы названыя ўладаньнем «господина Гроховского»[16]. Але ўжо ў наступным 1798 г. усе тутэйшыя падданыя запісаныя прыналежнымі да «казённого ведомства» альбо «казённого имения»[17].
У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 170 жыхароў вёскі Вуглы абодвух полаў зьяўляліся прыхаджанамі Крыжаўзьдзьвіжанскай царквы ў сяле Мухаеды[18].
Найноўшы час
9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Вуглы ў складзе Дзёрнавіцкай воласьці Рэчыцкага павету, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападзкага[19].
Remove ads
Заўвагі
- У інтэрпрэтацыі аўтара «Православной энциклопедии» расейскага гісторыка А. В. Кузьміна, падараваньне зьвязваецца зь імем князя кіеўскага (канец XIII або пачатак XIV ст.) і пуціўльскага Ўладзімера Іванавіча. Самую ж грамату выдаў нібыта яго сын пуціўльскі князь Васіль[3]. Апошні, аднак, быў сынам пуціўльскага і оўруцкага князя Андрэя, брата Ўладзімера[4]. Імя Андрэя (у якой бы ня ёсьць форме) у дакумэнце адсутнае. Таму ўдзел у справе кагосьці з князёў Рурыкавічаў, як і запіс на царкву мядовай даніны раней, чым у Кіеве зьявіўся Ўладзімер Альгердавіч, выглядае пакуль непраўдападобна. Як бы адшукалася іншая крыніца...
- Не з XVIII ст., як пісаў С. В. Марцэлеў[5]
- У. Б. Антановіч, укладальнік гэтага тому дакумэнтаў, датаваў яе 1545 годам. Але апісаньні іншых «украинных замков» — Мазырскага, Чарнобыльскага, Асьцёрскага, Віньніцкага, Чаркаскага — пазначаныя 1552 г. І для Оўруцкага гэты год цалкам прыймальны, бо Іосіф Халецкі тады заставаўся дзяржаўцам, а люстрацыя праведзена пры ім.
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads