Вярэнаў
мястэчка ў Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Вярэ́наў (афіцыйная назва — Воранава[3]) — мястэчка ў Беларусі, на рацэ Балатнянцы. Адміністрацыйны цэнтар Вярэнаўскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 6356 чалавек[2]. Знаходзіцца за 133 км ад Горадні, за 1 км ад чыгуначнай станцыі Воранава (лінія Ліда — Вільня). Празь мястэчка праходзіць аўтамабільная дарога М11 (Вільня — Івацэвічы).
Вярэнаў або Балотна — даўняе мястэчка гістарычнай Лідчыны (частка Віленшчыны).
Remove ads
Назва
Існуе некалькі меркаваньняў датычна паходжаньня тапоніму Вярэнаў. Паводле першай вэрсіі, ён утварыўся ад імя Вэранікі (Вярэны) Фірлей[4], жонкі Юзэфа Сцыпіёна, які заснаваў каля мястэчка Балотна маёнтак і назваў яго ў гонар жонкі — Вярэнавам. Менавіта на аснове гэтага маёнтку ўтварылася сучаснае мястэчка. Аднак мовазнаўца Вінцук Вячорка называе гэтую вэрсію фанэтычна сумнеўнай і мяркуе, назва мястэчка паходзіць ад назвы ракі Вярэнкі[5]. Тым часам тапонім Балотна ўтварыўся ад ракі Балатнянкі, якая ў наш час ператварылася ў невялікі ручай[6].
Традыцыйная гістарычная назва мястэчка — Вярэнаў (таксама сустракаліся формы Веранова[7] і Вераноў[8]). Цяперашняя афіцыйная назва — Воранава — зьявілася за часамі расейскага панаваньня, калі Вярэнаў з мэтай маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага перайменавалі ў рас. Вороново[3]. У 1929 годзе на зварот тутэйшага старасты мястэчку вярнулі гістарычную назву Вярэнаў[9], якую аднак за савецкім часам зноў зьмянілі на расейскую[10]. У 1974 годзе географ Вадзім Жучкевіч тлумачыў афіцыйную назву Воранава празь мянушку або прозьвішча кшталту Варонка, Вароніч, Варановіч і г. д.[11]
Remove ads
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Упершыню Вярэнаў упамінаецца ў XVI стагодзьдзі пад назвай Балотна (Блотна). Паміж 1501—1539 гадамі канцлер Альбрэхт Гаштольд фундаваў тут касьцёл. У 1536 годзе маёнтак Балотна быў у валоданьні намесьніка драгіцкага Я. Давойны, потым ваяводы полацкага С. Давойны. У гэты час тут знаходзіўся цэнтар каталіцкай парафіі, касьцёл меў 5 сялянскіх дымоў.
У 1591 годзе Балотна ўпамінаецца як мястэчка, уладаньне Гаштольдаў у Лідзкім павеце Віленскага ваяводзтва. На мапе Т. Макоўскага 1613 году паселішча значыцца як мястэчка. На 1690 год тут быў 61 двор, існавалі касьцёл і карчма, на 1694 год — 24 сялянскія двары, працавалі бровар і пякарня.
У пачатку XVIІІ стагодзьдзя Балотна перайшло ў валоданьне ваяводы амсьціслаўскага А. Я. Масевіча, які ў 1705 годзе збудаваў тут касьцёл Сьвятога Тадэвуша. У 1720-я гады Балотна зноў зьмяніла ўладальнікаў: імі сталі прадстаўнікі італьянскага роду Сцыпіёнаў. У гэты час Юзэф Сцыпіён заснаваў маёнтак Вярэнаў, які назваў у гонар сваёй жонкі Вэранікі зь Фірлеяў. Ад гэтага маёнтку вядзе сваю гісторыю сучаснае мястэчка. У 1735 годзе кашталян смаленскі, староста лідзкі Ян Сцыпіён адкрыў тут школу і калегіюм піяраў, дзе выкладалі матэматыку, рыторыку, філязофію (дзеяла да 1755 году, калі калегіюм перавялі ў Ліду). За Сцыпіёнамі мястэчка стала цэнтрам староства. 3 1738 году Вярэнаў стаў цэнтрам парафіяльнай акругі Радунскага каталіцкага дэканату. 3 1742 году паселішча знаходзілася ў валоданьні віленскага біскупа, з 1758 году — стольніка С. Быкоўскага. На 1767 год у мястэчку было 44 будынкі. Мяшчане мелі надзелы ад 0,25 да 0,5 га; 2 млыны. У 1769 годзе Вярэнаў перайшоў у валоданьне Дамініка Александровіча, у гэты час тут было 60 дамоў. Сяляне адбывалі паншчыну 3 дні на тыдзень, плацілі чынш у 30 злотых, давалі дзякла.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Вярэнаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Лідзкім павеце Віленскай губэрні. У 1846 годзе паселішчу пацьвердзілі статус мястэчка. 3 1849 году ў Вярэнаве дзеяла паштовая станцыя, тут было 29 камплектавых і 9 дадатковых коней. Мястэчка славілася выпечкай пернікаў, абаранкаў і інш. Непадалёк існаваў аднайменны фальварак, дзе дзеяў касьцёл і працаваў бровар. На 1863 год у Вярэнаве было 52 жылыя дамы, на 1865 год — 42 будынкі, дзеялі касьцёл, сынагога і юдэйскі малітоўны дом, працавалі 2 гарбарні, 12 крамаў, паштовая станцыя і вадзяны млын; адбываліся таргі ў нядзелі, 4 разы на год праводзіліся кірмашы. У 1884 годзе з уводам у эксплюатацыю чыгуначнай лініі Вільня — Ліда ў Вярэнаве адкрылася чыгуначная станцыя. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у мястэчку працавалі пошта, лекарскі прыёмны пакой, мануфактурная і 24 малочныя крамы, 5 кузьняў і 7 корчмаў, праводзіліся штотыднёвыя таргі; у аднайменным фальварку было 2 двары.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў верасьні 1915 году Вярэнаў занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Вярэнаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[12]. У красавіку 1919 году Вярэнаў занялі польскія войскі, у ліпені — верасьні 1920 году — мястэчка займалі бальшавікі, потым зноў палякі. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Вярэнаў апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Лідзкага павету Наваградзкага ваяводзтва. У гэты час у мястэчку быў 161 двор; у фальварку — 8 двароў; на чыгуначным прыпынку — 7 двароў.
У 1939 годзе Вярэнаў увайшоў у БССР, дзе ў 1940 годзе атрымаў афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу і стаў цэнтрам раёну. У гэты час тут працавалі 2 школы (у тым ліку няпоўная сярэдняя школа), дзіцячы сад, раённая лякарня, радзільны дом, раённая амбуляторыя, дом культуры, электрастанцыя (75 кВт), хлебапякарня, МТС, 2 лесапільныя заводы, 3 вадзяныя і 2 паравыя млыны. У Другую сусьветную вайну з 23 чэрвеня 1941 да 11 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
На 1970 год у Вярэнаве працавалі сярэдняя, музычная і спартовая школы, школа-інтэрнат, 2 дашкольныя ўстановы, лякарня, 2 бібліятэкі, дом культуры, кінатэатар, хлебакамбінат, малочны завод, камбінат побытава абслугоўваньня, раённае аб’яднаньне «Сельгастэхніка», ПТВ мэханізацыі сельскай гаспадаркі і інш. У 1986 годзе пры дапаможнай школе-інтэрнаце пачаў працаваць краязнаўча-этнаграфічны музэй, з 2004 году пры сярэдняй школе — музэй гісторыі мястэчка Вярэнава. У 1981 годзе пры доме культуры пачаў дзеяць ансамбль народнай музыкі і песьні «Лявоны», у 1995 годзе — народны вакальны ансамбль «Каляровыя сны», у 1996 годзе — народны духавы аркестар.
- Мястэчка на старых здымках
- Касьцёл, каля 1900 г.
- Касьцёл
- Рынак
- Вуліца
- Вуліца
- Сынагога
- Вуліца
- Агульны выгляд
Remove ads
Насельніцтва
Дэмаграфія

- XVIII стагодзьдзе: 1767 год — каля 300 чал.
- XIX стагодзьдзе: 1863 год — 331 чал.[13]; 1865 год — 468 чал., у тым ліку 117 каталікоў, 18 праваслаўных, 333 юдэі[14]; 1869 год — 612 чал.[15]; 1886 год — 1,1 тыс. чал.; 1897 год — 1574 чал. у мястэчку Вярэнаве, зь іх 1432 юдэі[16] і 87 чал. у фальварку Вярэнаве
- XX стагодзьдзе: 1921 год — 1232 чал. у мястэчку Вярэнаве, зь якіх паводле афіцыйнай польскай статыстыкі было 1203 палякі і 6 беларусаў, і 94 чал. у фальварку Вярэнаве (усе палякі); 1940 год — 1850 чал.; 1970 год — 3,6 тыс. чал.; 1993 год — 6,8 тыс. чал.; 1996 год — 6,5 тыс. чал.[17]
- XXI стагодзьдзе: 2004 год — 6,6 тыс. чал.; 2005 год — 6559 чал.; 2006 год — 6498 чал.; 2007 год — 6,4 тыс. чал.; 2008 год — 6,4 тыс. чал.; 2009 год — 6332 чал.[18] (перапіс); 2015 год — 6200 чал.[19]; 2016 год — 6434 чал.[20]; 2017 год — 6427 чал.[21]; 2018 год — 6356 чал.[2]
Рэлігія
У 2002 годзе ў мястэчку збудавалі новы касьцёл Божай Міласэрнасьці.
Адукацыя
У Вярэнаве працуюць сярэдняя, музычная, спартовая школы, школа-інтэрнат, 2 дашкольныя ўстановы. Дзее цэнтар пазашкольнай работы.
Мэдыцына
Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляе местачковая лякарня.
Культура
Дзеюць 2 бібліятэкі, дом культуры. Пры доме культуры — народны ансамбль народнай музыкі і песьні «Лявоны», народны вакальны ансамбль «Каляровыя сны», народны духавы аркестар.
Забудова
Вуліцы і пляцы
Афіцыйная назва | Гістарычная назва |
Канарчыка вуліца | Сьвіная вуліца |
Кастрычніцкая вуліца | Эйшыская вуліца[22] |
Савецкая вуліца | Віленская вуліца (частка) Лідзкая вуліца (частка) |
Юбілейная вуліца | Германіская вуліца (частка) Вакзальная вуліца (частка) |
Бяз назвы | Рынак пляц |
Эканоміка
Прадпрыемствы харчовай прамысловасьці. Дзее мытны пост.
Турыстычная інфармацыя
Інфраструктура
Пры Вярэнаўскай дапаможнай школе-інтэрнаце дзее краязнаўча-этнаграфічны музэй, пры сярэдняй школе — музэй гісторыі мястэчка Вярэнава, пры ПТВ №190 — музэй «Вытокі». Спыніцца можна ў гасьцініцы «Воранава»[23].
Зона адпачынку — парк у цэнтры мястэчка і вадасховішча на рацэ Жыжме.
Славутасьці
- Забудова гістарычная (канец XIX — пачатак XX ст.; фрагмэнты)
- Могілкі старыя каталіцкія
- Сынагога (пач. ХХ ст.)
- Сядзіба Сцыпіёнаў (XIX ст.)
Страчаная спадчына
- Касьцёл і кляштар піяраў (XVIІІ ст.)
Remove ads
Галерэя
- Краявіды мястэчка
- Касьцёл Божай Міласэрнасьці
- Касьцёл, інтэр’ер
- Дом сясьцёр-палятынак
- Будынак Вярэнаўскага раённага суду
- Раённы дом культуры
- Брацкія могілкі і помнік невядомаму салдату
- Вярэнаўскае возера ўвосень 2015 году
- Будынак рэдакцыі (зьнесены ў жніўні 2016)
- Сядзіба Сцыпіёнаў
- Будынак дзіцячай спартыўнай школы
- Вярэнаўская сельгастэхніка
- Царква імя Аляксандра Неўскага ў Вярэнаве
Асобы
- Сяргей Уладзімеравіч Абламейка (нар. 1956) — матэматык, акадэмік НАН Беларусі
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads