Гісторыя Заслаўя

From Wikipedia, the free encyclopedia

Гісторыя Заслаўя
Remove ads

Заслаўе (часам насіла дадатковае азначэньне — Заслаўе Літоўскае[1]) — места гістарычнай Меншчыны, колішняя сталіца графства (раней — сталіца ўдзельнага княства), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся руіны замка, былы кальвінскі збор у стылі рэнэсансу і касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі ў стылі віленскага барока, помнікі архітэктуры XVI—XVIII стагодзьдзяў. Дзее гістарычна-культурны запаведнік.

Thumb
Панарама Заслаўя. Л. Баратынскі, 1859 год
Remove ads

Раньнія часы

Згодна з археалягічнымі зьвесткамі, у X ст. на правым беразе Сьвіслачы існавала неўмацаванае паселішча, населенае пераважна крывічамі. Каля 985 году за 1 км ад яго ўзьнікла гарадзішча «Замэчак». На мяжы XI—XII стагодзьдзяў на тэрыторыі правабярэжнага паселішча ўзьвялі дзядзінец, па чым насельнікі пакінулі «Замэчак»[2].

Летапіснае паданьне прыпісвае заснаваньне Заслаўя ў 985—986 гадох князю кіеўскаму Ўладзімеру Сьвятаславічу, які перадаў горад сваёй жонцы Рагнедзе Рагвалодаўне і сыну Ізяславу[a]. Пад 1127 годам упершныю ўпамінаецца Ізяслаўскае княства ў зьвязку з нападам князя кіеўскага Мсьціслава Ўладзімеравіча на Полацкую зямлю[3].

Remove ads

Вялікае Княства Літоўскае

У канцы XIII ст. Заслаўе далучылася да Вялікага Княства Літоўскага, дзе стала вялікакняскім местам[4]. У 1345 годзе вялікі князь Кейстут перадаў яго свайму малодшаму брату Яўнуту Гедымінавічу, нашчадкі якога зваліся князямі Заслаўскімі (Жэслаўскімі). У Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх (канец XIV ст.) Заслаўе значыцца сярод «літоўскіх» замкаў. За часамі фэўдальнай вайны (1432—1439) у 1434 годзе[4] Сьвідрыгайла захапіў і спаліў места, а ягоных жыхароў узяў у палон.

У 1539 годзе Заслаўе перайшло ў валоданьне Глябовічаў. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў места ўвайшло ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва. У другой палове XVI ст. тут пры кальвінскім зборы працавалі школа і друкарня, у якой Сымон Будны надрукаваў Біблію ў 1574 годзе. У пачатку XVII ст. кальвінскі збор пераасьвяцілі ў касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла. У 1625 годзе ў Заслаўі збудавалі касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі, таксама дзеяла царква. З XVІІ ст. места стала сталіцай графства, якое аб’ядноўвала 4 староствы.

З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1655 годзе маскоўскія захопнікі спалілі Заслаўе, цалкам зруйнавалі мураваныя замкавыя брамы і палац. У 1678 годзе паселішча перайшло да Сапегаў. У 1684 годзе (паводле іншых зьвестак, яшчэ ў 1676 годзе) К. Сапега і ягоная жонка Крыстына заснавалі тут дамініканскі кляштар. Паводле інвэнтару, на 1698 год у месьце было 89 дымоў (апроч, відаць, касьцельнай юрыдыкі), 4 вуліцы і Рынак[4].

У 1753 годзе Заслаўе перайшло ў валоданьне падканцлера Антонія Празьдзецкага. У 1772 годзе кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў месту прывілей на правядзеньне 4 кірмашоў штогод, а таксама штотыднёвых таргоў. У другой палове XVIII ст. працавалі цагельня і суконная фабрыка.

Remove ads

Пад уладай Расейскай імпэрыі

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Заслаўе апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стала цэнтрам воласьці Менскага павету. Статус паселішча панізілі да мястэчка. У 1850-я гады існаваў аднайменны маёнтак Прушынскіх.

За ўдзел у нацыянальна-вызвольным паўстаньні (1863—1864) расейскія ўлады канфіскавалі Заслаўе ў ягоных гаспадароў Прушынскіх. У 1873 годзе празь мястэчка прайшла Лібава-Роменская чыгунка, адкрылася станцыя Ізяслаў. На 1904 год працавалі 2 школы, лякарня на 10 ложкаў, аптэка, пошта; дзейнічалі 2 царквы і касьцёл. 15 красавіка 1906 году расейская паліцыя выкрыла ў Заслаўі падпольную школу, у якой Антаніна Войзбун навучала польскай мове 25 дзяцей у веку 8—17 гадоў. Настаўніцу пакаралі штрафам у 50 рублёў з магчымасьцю замены на 15 дзён арышту[5]. У лістападзе 1917 году ў Заслаўі ўтварыўся Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, які ўсталяваў савецкую ўладу.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Заслаўе занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Заслаўе абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары мястэчка і воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР, накіроўвалі ў Народны Сакратарыят скаргі на дзеяньні нямецкіх войскаў[6]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Заслаўе ўвайшло ў склад Беларускай ССР, у Менскі павет («падраён») Менскага раёну[7]. У 1919—1920 гадох мястэчка было пад часовай польскай адміністрацыяй як цэнтар гміны ў Менскім павеце Менскай акругі Грамадзянскай ўправы Ўсходніх земляў. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Заслаўе засталося ў БССР, дзе ў 1924 годзе стала цэнтрам раёну. У Другую сусьветную вайну з 28 чэрвеня 1941 да 4 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

У 1959 годзе Заслаўе атрымала афіцыйны статус гарадзкога пасёлку, у Менскім раёне. У 1985 годзе — статус места. 26 студзеня 1987 году места вывелі з складу Менскага раёну і аднесьлі да афіцыйнай катэгорыі гарадоў абласнога падпарадкаваньня[8]. 1 студзеня 2007 году Заслаўе зноў улучылі ў склад Менскага раёну як адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку, а фінансавы аддзел места далучылі да фінансавага аддзелу Менскага райвыканкаму[9][10]. У 2014 годзе да Дня беларускага пісьменства ў месьце паставілі помнік князю Ізяславу[11].

Remove ads

Галерэя

Заўвагі

  1. ПСРЛ. Т. 1. — М., 1962. С. 131.

Крыніцы

Loading content...

Літаратура

Loading content...
Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads